Слава Табе, Бо́жа. Слава Табе, Бо́жа. Слава Табе, Бо́жа.
Малітва падзякі, 1-я
Дзякую Табе, Го́спадзі Бо́жа мой, што Ты не адкінуў мяне, грэ́шнага, быць супо́льнікам святынь Тваіх спадо́біў мяне. Дзякую Табе, што мяне, недасто́йнага, прычасціцца Прачыстых Тваіх і Нябесных Даро́ў спадо́біў Ты. Але, Уладару́ Чалавекалюбны, Які за нас памёр і ўваскрэ́с, і даў нам Страшныя гэ́тыя і Жыватво́рчыя Тайны для до́брага ўздзеяння і асвячэ́ння душ і цел нашых, дай, каб яны былі і мне для ацалення душы і цела, для адгнання ўсякага праціўніка, для прасвятлення вачэ́й сэ́рца майго́, для міру душэ́ўных маіх сіл, для веры непахіснай, для любо́ві некрывадушнай, для напаўнення прамудрасцю, для выканання запаведзяў Тваіх, для памнажэ́ння Бажэ́ственнай Тваёй благадаці і Твайго́ Царства ўнаследавання, каб у асвячэ́нні Тваім імі захаваны, Тваю благадаць я по́мніў заўжды, і ўжо не для сябе жыў, а для Цябе, нашага Уладара і Дабрадзея. l каб так, адышо́ўшы з гэ́тага жыцця з надзеяй на жыццё вечнае, я дасягнуў вечнага спако́ю, дзе святкуючых го́лас несціханы і невымо́ўная асало́да сузіральнікаў невыказнага хараства аблічча Твайго́. Бо Ты — сапраўдная мэ́та жадання і невымо́ўная радасць для тых, хто любіць Цябе, Хрысце Бо́жа наш, і Цябе апявае ўсё стварэ́нне на векі.
Малітва святога Васілія Вялікага, 2-я
Уладару Хрысце Бо́жа, Цару вяко́ў і Стварыцелю ўсяго́! Дзякую Табе за ўсё до́брае, што Ты даў мне, і за прычашчэ́нне Прачыстых і Жыватво́рчых Тваіх Тайн. l малю Цябе, До́бры і Чалавекалюбны: захавай мяне пад по́крывам Тваім і ў засені крыл Тваіх; і дай мне з чыстым сумленнем, да самага апо́шняга майго́ дыхання дасто́йна прычашчацца Святынь Тваіх для адпушчэ́ння грахо́ў і для жыцця вечнага. Бо Ты — хлеб жыцця, крыніца асвячэ́ння, падацель дабра, і Табе мы славу ўзно́сім, з Айцо́м і Святым Духам, цяпер і заўсёды, і на векі вяко́ў. Амінь.
Малітва Сімяона Метафраста, 3-я
Ты, Які дабраво́льна даў на пажытак мне плоць Тваю, будучы агнём, што спальвае недасто́йных, не спалі мяне, Стварыцелю мой; а прайдзі ў члены мае, ва ўсе суставы, ва ўнутранасці, у сэ́рца. Папалі церні ўсіх маіх саграшэ́нняў. Душу ачысці, асвяці думкі. Умацуй у каленях но́гі мае. Прасвятлі пяць звычайных пачуццяў. Усяго́ мяне прыкуй да страху Твайго́. Заўжды абараняй, ахо́ўвай і засцерагай мяне ад усялякай справы і сло́ва душатленнага. Ачысці і абмый, і ўпарадкуй мяне, упрыго́ж, навучы і прасвятлі мяне. Зрабі мяне паселішчам Твайго́ Адзінага Духа, а ўжо не паселішчам граху. Каб ад мяне, як ад Твайго́ до́ма, пасля прыняцця Прычасця ўцякаў, як ад агню, усякі зло́дзей, усялякая страсць. Як малітвеннікаў за сябе я прыво́джу Табе ўсіх святых, чынаначаллі бяспло́тных, Прадцечу Твайго́, прамудрых апо́сталаў, а яшчэ́ і Тваю Незаганную Чыстую Маці. lх мальбы, прымі, міласэ́рны Хрысце мой і сы́нам святла зрабі Твайго́ слугу. Бо Ты, До́бры, — адзінае асвячэ́нне і святло́ душ нашых, і Табе належным чынам, як Бо́гу і Уладару, мы ўсе славу ўзно́сім штодзень.
Малітва 4-я
Цела Тваё Свято́е, Го́спадзі Іісусе Хрысце Бо́жа наш, няхай будзе мне для жыцця вечнага, і Кроў Твая Пачэ́сная для адпушчэ́ння грахо́ў; няхай будзе мне Прычашчэ́нне гэ́тае на радасць, здаро́ўе і весяло́сць; а ў час страшнага друго́га прышэ́сця Твайго́ спадо́бі мяне, грэ́шнага, стаць правару́ч славы Тваёй, па малітвах Прачыстае Твае Маці і ўсіх святых.
Малітва 5-я, да Прасвятой Багародзіцы
Прасвятая Уладычыца Багаро́дзіца, святло́ азмро́чанай маёй душы, надзея, ахо́ва, прытулак, уцеха, радасць мая! Дзякую Табе, што Ты спадо́біла мяне, недасто́йнага, прычаснікам быць Прачыстага цела і Пачэ́снае Крыві Сына Твайго́. Ты, Якая нарадзіла І́сціннае Святло́, прасвятлі духо́ўныя во́чы майго́ сэ́рца; Ты, Якая Крыніцу Несмяро́тнасці нарадзіла, ажыві мяне, умярцвёнага грахо́м; Ты, Міласцівага Бо́га Міласэ́рная Маці, памілуй мяне і дай мне замілаванне, і скруху ў сэ́рцы маім, і пако́ру ў думках маіх, і вяртанне з пало́ну мро́яў маіх; і спадо́бі мяне да апо́шняга дыхання неасуджана прымаць Святыню Прачыстых Тайн для ацалення душы і цела. l дай мне слёзы пакаяння і падзякі, каб я апяваў і славіў Цябе ва ўсе дні жыцця майго́, бо Ты Благаславёная і Праслаўленая на вякі. Амінь.
Цяпер адпускаеш Ты раба Твайго́, Уладару, паво́дле сло́ва Твайго́, з мірам, бо ўбачылі во́чы мае спасенне Тваё, яко́е Ты прыгатаваў перад абліччам ўсіх наро́даў — святло́ для асветы язычнікаў і славу наро́да Твайго́ Ізраіля.
Святы́ Бо́жа, Святы́ Мо́цны, Святы́ Несмяро́тны, памі́луй нас. (Тройчы)
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Прасвята́я Тро́іца, памі́луй нас; Го́спадзі, ачы́сці грахі́ на́шы; Уладару́, праба́ч беззако́нні на́шы; Святы́, наве́дай і ацалі́ не́мачы на́шы дзе́ля імя́ Твайго́.
Го́спадзі, памі́луй. (Тройчы)
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
О́йча наш, Які ёсць на нябёсах! Няха́й свяці́цца імя́ Тваё, няхай пры́йдзе Ца́рства Тваё, няха́й бу́дзе во́ля Твая́ як на не́бе, так і на зямлі́. Хлеб наш надзённы дай нам сёння; і дару́й нам даўгі́ на́шы, як і мы дару́ем даўжніка́м на́шым; і не ўвядзі́ нас у спаку́су, але збаў нас ад зло́га.
Свяшчэннік: Бо Тваё ёсць Ца́рства, і сі́ла, і сла́ва — Айца́, і Сы́на, і Свято́га Ду́ха — цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Трапар св. lаану Залатавусту, глас 8
Вуснаў тваіх благадаць, як святло́ агню, заззяўшы, сусвет асвятліла; не срэбралю́бства скарб для свету набыла яна, а вышыню пакорамудрасці нам паказала, але тваімі сло́вамі нас навучаючы, о́йча Іаане Златавусце, малі Сло́ва Хрыста Бо́га, каб спасліся душы нашы.
Слава: Кандак, глас 6
З Нябёс прыняў ты Бажэ́ственную благадаць, і сваімі вуснамі ўсіх вучыш пакланяцца ў Тро́іцы Адзінаму Бо́гу, Іаане Златавусце ўсеблажэ́нны, прападо́бны, дасто́йна хвалім цябе, бо ты настаўнік, які бажэ́ственнае нам адкрывае.
І цяпер:
Заступніца хрысціян, Беззаганная, хадайніца да Тварца незаменная, не пагарджай го́ласам малення грэ́шнікаў, але, як до́брая, паспяшы на дапамо́гу нам, што з вераю ўскліка́ем Табе: паспяшы на хадайніцтва і хутка адкажы на маленне, Багаро́дзіца, заўсёды заступаючыся за тых, хто шануе Цябе.
Альбо: Табе, найвышэ́йшай Ваяво́дзе, у го́нар перамо́гі мы, збаўленыя ад бед рабы Твае, Багаро́дзіца, падзяку ўзно́сім; Ты ж, маючы моц неперамо́жную, ад усякіх нас бед вызваляй, каб мы ўскліка́лі да Цябе: радуйся, Нявеста, Якая засталася Дзеваю.
Калі Літургія св. Васілія Вялікага:
Твой го́лас прагучаў па ўсёй зямлі, дзе прынята было́ сло́ва тваё, праз яко́е бажэ́ственным і́сцінам дасто́йна навучыў ты, сутнасць усяго́ растлумачыў ты, чалавечыя звычаі палепшыў ты. Царскае свяшчэ́нства, о́йча прападо́бны, малі Хрыста Бо́га за спасенне душ нашых.
Слава: Кандак, глас 4
З‘явіўся ты непахіснаю асно́ваю Царквы, даючы ўсім людзям невыкрадальны скарб, запячатаўшы яго́ тваім вучэ́ннем, слаўны да нябёс Васіліе прападо́бны.
І цяпер:
Заступніца хрысціян Беззаганная …
Го́спадзі, памілуй. (12 разоў)
Слава Айцу, і Сыну, і Свято́му Духу, і цяпер і заўсёды і на векі вяко́ў. Амінь.
Пачэ́снейшую за Херувімаў і непараўнальна слаўнейшую за Серафімаў, што непарушанаю нарадзіла Бо́га Сло́ва, Існую Багаро́дзіцу, Цябе велічаем.
Іменем Гаспо́днім благаславі, о́йча.
Іерэй: Малітвамі святых айцо́ў нашых, Го́спадзі Іісусе Хрысце, Бо́жа наш, памілуй нас.
Чытальнік: Амінь.