Малітва падзякі свяціцеля Амвросія Медыяланскага
Цябе Бо́га хвалім, Цябе, Го́спада, вызнаём, Цябе, спрадвечнага Айца, уся зямля велічае. Табе ўсе ангелы, Табе нябёсы і ўсе сілы, Табе Херувімы і Серафімы няспынна го́ласна ўсклікаюць: святы́, святы, святы, Гаспо́дзь Бог Савао́ф, напо́ўнены неба і зямля ве́ліччу славы Тваёй.
Цябе найслаўнейшы апо́стальскі сабо́р, Цябе хвальнае мно́ства праро́каў, Цябе хваліць найсвятлейшае во́інства мучанікаў, Цябе па ўсім свеце вызнае святая Царква: Айца непрыступнага веліч, пакланяемага Твайго́ і́сціннага і Адзінаро́днага Сына і Свято́га Уцяшыцеля — Духа.
Ты — Цар славы, Хрысце. Ты — Айца вечнасны Сын. Ты дзеля спасення чалавека не пагрэ́баваў дзяво́чым уло́ннем. Ты, адо́леўшы смерці джала, адкрыў веруючым Царства Нябеснае.
Ты праваруч Бо́га сядзіш, у славе Айца, веруем, што як Суддзя Ты прыйдзеш. Таму про́сім Цябе: памажы рабам Тваім, якіх Ты пачэ́снай Крывёю выкупіў. Спадо́бі са святымі Тваімі ў вечнай славе Тваёй цараваць. Спасі, людзей Тваіх Го́спадзі, і благаславі спадчыну Тваю, кіруй ёю і ўзвяліч навекі. Ва ўсе дні будзем благаслаўляць Цябе і ўсхваляць імя Тваё навек і ў век вечны. Спадо́бі, Го́спадзі, у гэ́ты дзень без граху захавацца нам. Памілуй нас, Го́спадзі, памілуй нас. Няхай будзе міласць Твая, Го́спадзі, на нас, бо мы спадзяёмся на Цябе. На Цябе, Го́спадзі, спадзяёмся, каб не зняславіцца давеку. Амінь.
Малітва перад ядою
Во́чы ўсіх да Цябе, Го́спадзі, звяртаюцца з надзеяй, і Ты даеш ім ежу своечасо́ва, адкрываеш Ты шчо́друю руку́ Сваю і напаўняеш усё жыво́е ласкаю.
Малітва пасля яды
Дзякуем Табе, Хрысце Бо́жа наш, што Ты насыціў нас зямнымі Тваімі дабро́тамі, не пазбаў нас і нябеснага Твайго́ Царства, але як Ты прыйшо́ў да вучняў Тваіх, Спасіцелю, мір даючы ім, так прыйдзі і да нас і спасі нас.
Малітва за тых, хто ў дарозе
Го́спадзі, Іісусе Хрысце, Бо́жа наш, і́сцінны і жывы Шлях, Які пажадаў падаро́жнічаць у Егіпет з уяўным бацькам Тваім Іо́сіфам і Прачыстаю Дзеваю, Маці Тваёю, і Які падаро́жнічаў у Эмау́с з Луко́ю і Клео́паю! l цяпер, пако́рна мо́лім Цябе Найсвяцейшы Уладару, будзь спадаро́жнікам і гэ́тым рабам Тваім праз Тваю благадаць. l як рабу Твайму Тавію, пашлі Ангела, ахо́ўніка і настаўніка, каб ён ахо́ўваў іх і пазбаўляў ад усялякай небяспекі, ад бачных і нябачных во́рагаў, каб настаўляў іх на выкананне запаведзяў Тваіх, каб суправаджаў іх у міры, дабрабыце і до́брым здаро́ўі і каб прывёў іх назад цэ́лымі і спако́йнымі. l дай ім усе свае до́брыя намеры выканаць паспяхо́ва ў дагаджанне Табе і ў славу Тваю. Бо ў Тваёй уладзе мілаваць і спасаць нас, і мы ўзно́сім Табе славу, з безпачатным Тваім Айцо́м і Прасвятым, До́брым і Жыватво́рчым Тваім Духам, цяпер, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амінь.
Малітва за хворага
Уладыка Уседзяржыцелю, Святы Цару, Ты караеш, але не ўмярцвляеш, падтрымліваеш тых, хто падае, і тых, хто ўпаў падымаеш, цялесныя пакуты чалавечыя ацаляеш. Мо́лімся Табе, Бо́жа наш, наведай Тваёю міласцю раба Твайго́ (імя), які пакутуе немаччу, даруй яму ўсялякае саграшэ́нне, во́льнае і міжво́льнае. Го́спадзі! Пашлі з нябёс ацаляючую сілу Тваю, дакраніся да яго́ цела, пагасі ў ім гарачку, спыні пакуты і ацалі ўсялякую ў ім немач; будзь урачо́м раба Твайго́ (імя) і падымі яго́ з ло́жа хваро́бы, з ло́жа пакуты цэ́лым і зусім здаро́вым; зрабі яго́ здо́льным дагаджаць Царкве Тваёй і выко́нваць во́лю Тваю. Бо ў Тваёй уладзе мілаваць і спасаць нас, Бо́жа наш, і мы ўзно́сім Табе славу, Айцу і Сыну і Свято́му Духу, цяпер і заўсёды і на ве́кі вяко́ў. Амінь.
Малітва за пацярпелых ад ядзернай катастрофы ў Чарнобылі
Го́спадзі, Іісусе Хрысце, Бо́жа наш! Спаглянь на ўсіх, хто пацярпеў ад ядзернай катастро́фы ў Чарно́былі, не дай ім застацца без даху над галаво́й і надзеі на будучае жыццё, дай ім мужнасць і веру ў Тваю ўсясільную дапамо́гу. Ахавай, Го́спадзі, будучыя пакаленні ад цяжкіх хваро́баў і пачварстваў, захавай дзетак, якія ва ўло́нні мацярынскім знахо́дзяцца. Усім жа невылечна хво́рым, хто ў смутку смяро́тным адыхо́дзяць са свету гэ́тага, прабачэ́нне і адпушчэ́нне грахо́ў і саграшэ́нняў дай; і Ангелаў Тваіх пашлі прыняць душы іх. Ачысці, Го́спадзі, руко́ю Тваёю зямлю, паветра і ваду ад згубных наступстваў чарно́быльскай бяды. Абарані нас малітвамі Прачыстай Уладычыцы нашай Багаро́дзіцы, святых уго́днікаў зямлі Беларускай, і ўсіх святых. Амінь.
Малітва да святога Ваніфація Міласцівага
Усесвяты Ваніфацій, міласцівы раб Міласэ́рнага Уладара! Пачуй тых, хто про́сіць цябе, апанаваных згубнай прагай алкаго́лю, і як у сваім зямным жыцці ты ніко́лі не адмаўляў у дапамо́зе тым, хто прасіў у Цябе, так і цяпер уратуй няшчасных (імёны). Некалі, багамудры о́йча, град пабіў твой вінаграднік, ты ж, узнёсшы падзяку Бо́гу, загадаў нямно́гія з ацалелых гро́нак пакласці ў тачыла і паклікаць бедных. Затым, узяўшы маладо́е віно́, ты разліў яго́ па кро́плі ва ўсе пасудзіны, якія былі ў епіскапіі, і Бог, што выко́нвае малітвы міласцівых, стварыў вялікі цуд: віно́ ў тачыле памно́жылася, і бедныя напо́ўнілі пасудзіны свае.
О, свяціцель Бо́жы! Як па тваёй малітве памно́жылася віно́ для патрэ́б царквы і на карысць бедным і ўбо́гім, так ты, блажэ́нны, паменшы яго́ цяпер там, дзе яно́ прыно́сіць шко́ду, збаў ад неадо́льнай цягі тых, хто апанаваны згубнай прагай да яго́ (імёны), ацалі іх ад цяжкай хваро́бы, вызвалі ад дыявальскай спакусы, умацуй іх, слабых, дай ім, нямо́глым, моц і сілу паспяхо́ва адо́лець гэ́тую спакусу, вярні іх да здаро́вага і цвяро́зага жыцця, накіруй на шлях працы, укладзі ў іх імкненне да цвяро́засці і духо́ўнай бадзёрасці. Памажы ім, уго́днік Бо́жы Ваніфацій, калі прага віна будзе пячы ім го́рла — знішчы іх згубнае жаданне, асвяжы іх вусны нябеснай прахало́даю, прасвятлі во́чы іх, пастаў но́гі іх на скалу веры і надзеі, каб, збавіўшыся ад сваёй душэ́ўнай страсці, якая адлучае ад Царства Нябеснага, яны ўмацаваліся ў пабо́жнасці і ўдасто́іліся неганебнага мірнага ско́ну і ў вечным святле бяско́нцага Царства Славы го́дна праслаўлялі Го́спада нашага Іісуса Хрыста з Беспачатным Яго́ Айцо́м і з Прасвятым і Жыватво́рчым Духам на векі вяко́ў. Амінь.
Малітва маці да Міласэрнага Госпада за дзяцей, якія загінулі ў мацярынскім улонні
Памяні, Чалавекалюбны Го́спадзі, душы спачылых рабо́ў Тваіх — дзетак, якія ва ўло́нні маці памерлі неспадзявана ад выпадко́вых дзеянняў або́ ад цяжкіх ро́даў, або́ ад нейкай неасцяро́жнасці, або́ свядо́ма былі загубленыя і таму не прынялі Свято́га Хрышчэ́ння.
Ахрысці іх, Го́спадзі, у мо́ры шчо́драсцей Тваіх і спасі невымо́ўнаю Тваёю благадаццю, а мне, грэ́шнай (імя), якая страціла дзіця ва ўло́нні сваім, даруй і не пазбаў Тваёй міласэ́рнасці. Амінь.
Бо́жа, будзь міласцівы да мяне, грэ́шнай.
Го́спадзі, памілуй дзетак маіх, што памерлі ва ўло́нні маім, за веру і слёзы мае, дзеля міласэ́рнасці Тваёй, Го́спадзі, не пазбаў іх Святла Твайго́ Бажэ́ственнага.
Малітва
О, Уладару, Го́спадзі Ісусе Хрысце, Сыне Бо́жы! Вялікая дабрыня Твая: дзеля нас, людзей, і дзеля нашага спасення Ты ў плоць адзеўся і быў распяты і пахаваны і Тваёю Крывёю абнавіў разбэ́шчаную прыро́ду нашую, прымі маё пакаянне ў грахах і пачуй го́лас мой: я саграшыла, Го́спадзі, перад небам і перад Табо́ю, сло́вам, справаю, душо́ю і целам і думкаю, і запаведзі Твае парушыла, не паслухалася загаду Твайго́, прагневала До́брасць Тваю, Бо́жа мой, але пако́лькі я Тваё стварэ́нне, не адчайваюся ў спасенні, але да бязмернай Тваёй Міласэ́рнасці адважваюся звярнуцца і малюся Табе: Го́спадзі! у пакаянні дай мне скрушанае сэ́рца і прымі мяне ў малітве, і дай мне думкі до́брыя, дай мне слёзы замілавання, Го́спадзі, дай мне па благадаці Тваёй пакласці до́бры пачатак. Памілуй мяне, Бо́жа, памілуй мяне, паўшую, і памяні мяне, грэ́шную рабу Тваю ў Царстве Тваім, цяпер і заўсёды і на векі вяко́ў. Амінь