Пасланне Яго Высокапраасвяшчэнства, Высокапраасвяшчэннейшага Арцемія, архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага, з нагоды свята Нараджэння Хрыстова

Бог становіцца чалавекам, каб чалавек убачыў Бога, пазнаў Бога, палюбіў Бога і праз гэта стаў бліжэй да Бога, стаў падобны да Яго.

Сын Божы стаў Сынам Чалавечым для таго, каб зрабіць сыноў чалавечых сынамі Божымі. Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў богам паводле ўспрынятай ім благадаці. Несмяротны прымае аблічча смяротнага, каб даць яму неўміручасць.

Праз уцялесненне Бога-Слова чалавек узвышаецца на новую ступень, становіцца “новым стварэннем”, якое здольна жыць не толькі сваім, але і спрадвечным Божым жыццём, жыць адным жыццём са Хрыстом. Далучэнне да гэтага Боскага жыцця і ёсць аднаўленне вобраза Божага ў чалавеку.

І менавіта таму ў Нараджэнні Хрыста адбываецца суцэльнае аднаўленне чалавечай прыроды. Не толькі ў тым адзіным Нараджэнні, якое адбылося дзе тысячы гадоў назад у Віфлееме, але і ў тым нараджэнні Хрыста, якое зноў і зноў адбываецца ў нашых душах.

Найвялікшы цуд Богаўцялеснення ў тым, што, здзейсніўшыся аднойчы ў гісторыі, яно паўтараецца ў кожным чалавеку, які прыходзіць да Хрыста.

У тую ноч у пячоры сярод хатняй жывёлы нарадзіўся не толькі Хрыстос, але былі народжаны для новага, вечнага жыцця пасля ўваскрасення і ўсе мы з вамі.

У глыбокім начным маўчанні Слова Божае ўцялесніваецца на зямлі: так увасабляецца яно і ў маўклівых глыбінях нашай душы, і незаўважна для іншых нараджаецца Хрыстос у чалавечай душы.

Уступаючы ў новы, 2016 год, будзем маліцца, каб быў ён мірным і добрым для Святой Царквы Хрыстовай, Айчыны нашай і для ўсіх нас.