15 снежня ў нядзельнай школе прыхода прайшоў незвычайны занятак, прысвечаны святыням беларускай зямлі, на які былі запрошаны бацькі. Для таго, каб выклікаць цікавасць вучняў і іх бацькоў да беларускай духоўнай спадчыны, зрабіць занятак яскравым і запамінальным, была абраная форма віртуальнага падарожжа з выкарыстаннем скрэтч-карты.
Сваю назву карта атрымала ад англійскага слова “scratch”, што значыць “драпаць”. Такая назва мае сваё абгрунтаванне. Падчас вырабу на карту наносяць сакрэтны код, малюнак ці слова, якое потым пакрываецца ахоўным пластом. Для таго, каб даведацца аб сакрэтнай інфармацыі, ахоўны пласт трэба здрапаць з паверхні карты. Такім чынам, на прыканцы занятку на карце добра было відаць мясціны, якія наведалі вучні. Акрамя таго кожнае дзіця і дарослыя таксама, мелі магчымасць на сваёй карце адзначаць гарады і мястэчкі, дзе знаходзяцца праваслаўныя манастыры.
На працягу занятка вучні даведаліся, што такое “паломніцтва” і хто такі “паломнік”, што такое “манастыр” і хто такі “манах”, што разумеюць пад “святыняй” у хрысціянстве і пазнаёміліся з асноўнымі манастырамі Беларусі, разглядаючы фотаздымкі. Безумоўна, што ў межах аднаго занятку немагчыма нават узгадаць, не кажучы пра тое, каб расказаць, аб усіх святынях, якімі багата наша краіна, але мэта была – абудзіць цікавасць і пашану да праваслаўных святынь.
Светлана Бенаш