Узнясенне Гасподняе

Сёння мы адзначаем свята Узнясення Гасподняга. Настаў час вяртання Богачалавека, Сына Божага, Госпада і Збаўцы нашага Іісуса Хрыста туды, адкуль Ён сышоў. Яно адбылося ў 40-ы дзень пасля Уваскрасення, калі, са слоў евангелістаў, “Гасподзь узнёсся на неба і сеў праваруч Бога” (Ін. XVI, 19; Лк. XXIV, 51; Дзеян. І, 9).

Пад гэтай падзеяй варта разумець не цялеснае перасяленне Госпада ў якія-небудзь сферы бачнага неба, а ўзнясенне Госпадам нашай чалавечай натуры (уключаючы і цела) у пэўную непасрэдную блізасць да Бога Айца. Мы памятаем, што “нябёсы” на біблейскай мове азначаюць няствораную, нематэрыяльную, адвечную “вобласць Бога”.
Гэта Неба не ёсць часткай прасторы і вымяраецца не прасторавымі каардынатамі, але духоўнымі. Яно вымяраецца ўмоўнымі каардынатамі духоўнай дасканаласці і блізкасці да Бога, ступенню чысціні сэрца і яснасці Богасузірання. Гэта значыць наколькі ясна чалавек сузірае Бога ў сваім сэрцы, наколькі ён прасветлены і пранізаны Боскім Святлом.
Чалавек быў адноўлены ў зносінах з Богам, нашмат больш высокіх і нашмат больш дасканалых, чым тыя зносіны, якія былі яму дадзеныя ў першапачатковым стварэнні. Адкрыццё кажа пра тое, што Сын Божы ўвайшоў у вечную славу, якая Яму ўласціва раней за быццё свету. І зрабіў гэта Гасподзь для таго, каб адкрыць для людзей уваход у Царства Нябеснае, хадайнічаючы за іх перад Богам Айцом, і сапраславіць з Сабою адкупленае Ім чалавецтва.
Свяшчэннае Пісанне кажа пра Узнясенне як пра вяртанне Сына тды, дзе Ён быў раней, да Айца, але гэта вяртанне ўжо з успрынятай на вечныя часы плоццю. Тым самым стан адзінства Сына з Айцом распаўсюджваецца і на Яго чалавечую прыроду. Чалавечая плоць, праслаўленая і абожаная, узышла на неба і сталася далучанай да вечнай славы і сілы Сына Божага.
Узнясенне стала праслаўленнем Богачалавека, які стаў главой адноўленага чалавецтва, якое менавіта ў Ім атрымала магчымасць сесці праваруч Айца. Такім чынам, Узнясенне Хрыстова адкрыла іншы, адданы грахоўнаму забыццю, полюс чалавечага існавання, якое прасціраецца вышэй за ўласныя межы і якое набывае сабе месца ўнутры Боскага Быцця.
Свята Узнясення – гэта сведчанне таго, што Неба ёсць сапраўднай будучыняй чалавека, якая, аднак, недаступная да тых пор, пакуль мы жывём усяго толькі для саміх сябе, але якая адкрываецца праз далучанасць нашага чалавецтва Богачалавецтву Хрыста. Паводле вучэння святых Айцоў, “Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў Богам”. Бог сышоў на зямлю, каб узяць нас на Неба! Гэта Неба – не завоблачная касмічная прастора, але Царства Божае, Царства вечнага жыцця, ісціны, дабра і красы, гэта сапраўдны свет Божы, які “вельмі добры”.
У Хрысце на неба ўзнесены Чалавек, чалавек далучаны да нябеснай праўды, і гэта значыць – вярнуўся да Бога, да ведання Бога, і ў Ім – да адзінага сапраўднага, а таму вечнага жыцця. Сваім Узнясеннем Гасподзь паказвае і нам, што наша чалавечая прырода, гэта значыць тая чалавечая плоць, з якой складаемся і мы, – гэта самая чалавечая плоць узносіцца на прастол Божы. Дасягненне стану дасканалага адзінства з Богам цяпер даступнае і для ўсіх, хто верыць у Хрыста. Свята Узнясення – гэта свята неба, адкрытага чалавеку. Шлях адкрыты, выбар за намі.
Шлях, праз які можна дасягнуць і нам вышыні святой славы, – той самы, праз які ўзышоў у славу Гасподзь наш, гэта значыць шлях крыжа, шлях ачышчэння, самаахвяравання, шлях знешніх і ўнутраных пакут.
Ці памятаем мы гэта? І, памятаючы, ці ідзем на Неба шляхам Хрыстовым? Шлях Гасподні павінен быць шляхам усіх і кожнага. Сапраўдны хрысціянін ва ўсіх абставінах жыцця, пры ўсіх выпадках памятае, што ён спадчыннік Неба, суспадчыннік Хрысту, і дзейнічае згодна са сваім прызначэннем.
Хрыстос сказаў: “Я з вамі да сканчэння веку”. З гэтымі словамі многія хрысціяне сыходзілі і на мучэнні, і на смерць, цвёрда веруючы, што Гасподзь Іісус Хрыстос з імі. Яны ахвяравалі жыццём сваёй плоці, яны ахвяравалі знешняй перамогай, якая ў гэтым свеце вельмі высока ацэньваецца, дзеля следавання за Ісцінай, якую яны атрымалі ў Хрысце.
Але наколькі мы адрозніваемся ад перамогшых зло гэтага свету мучанікаў і святых. Маладушша, а не мужнасць – вось што становіцца якасцю духу сучаснага чалавека. Забыта магутнасць хрысціяніна, забыта тое, што мы павінны быць пераможцамі ў гэтым свеце, пераможцамі зла. Пра тое, што ўсё тут на зямлі пасылаецца нам ад Госпада і мы павінны несці подзвіг цярпліва і мужна – пра гэта забываюць многія нават у Царкве.
Шукаюць кампрамісу, шукаюць лёгкага, шукаюць самаапраўданняў – і ў выніку губляецца дух хрысціянскі. Але Гасподзь не любіць баязлівых. Дух Божы адыходзіць ад чалавека і пакідае яго адзін на адзін з яго бездапаможнасцю, з яго слабасцю, з яго страшнай паныласцю. Мы павінны набрацца мудрасці аддзячыць Госпаду за ўсе тыя выпрабаванні, якія Ён пасылае нам, аддзячыць, бо толькі ў падзяцы заключаецца сапраўднае пазнанне Бога. Ніяк па-іншаму Бога паўшаму чалавеку спазнаць немагчыма.
Падзякуем Богу за ўсё, што Ён пасылае нам, зразумеўшы, што кожнае імгненне жыцця, кожны дзень для праваслаўнага хрысціяніна – гэта тыя крокі ў Царства Нябеснае, якімі вядзе нас Гасподзь. Менавіта гэтыя спакусы, пасланыя ад Бога кожнаму з нас, менавіта нашай душы, з нашымі хваробамі, з нашымі немачамі трэба пераадолець, каб узнеслася да неўміручасці наша душа. Немагчыма нам называцца хрысціянамі і знаходзіцца ў стане маладушша. Немагчыма нам спадзявацца на тое, каб быць з Хрыстом у Царстве Нябесным, куды ён узнёсся ў цяперашні, саракавы дзень пасля Пасхі, і не быць Яго пасільнымі супадзвіжнікамі ў крыжовым шляху.
Дай Гасподзь, каб гэта свята Узнясення ўзнесла нашы душы да радаснага існавання ў гэтым свеце, да сапраўднай хрысціянскай мужнасці, да перамогшага над злом і паныласцю цярпення ўсіх нашых выпрабаванняў і бед. Бо гэта ёсць дзёрзкасцю і грэхам перад Богам, калі мы знаходзімся ў стане паныласці, будучы ў гэтым прыгожым і дзіўным свеце, які Гасподзь стварыў для нас і праз які Ён вядзе нас да яшчэ больш дзіўнага і цудоўнага свету – да Царства Нябеснага.
Парупімся абраць добрую мэту нашага жыцця, каб і мы маглі пра сябе сказаць: “Наша ж жыхарства – на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Госпада нашага Іісуса Хрыста, Які тленнае наша цела пераўтворыць так, што яно будзе падобным да слаўнага цела Яго, моцай, якой Ён дзейнічае і падпарадкоўвае Сабе ўсё” (Флп. ІІІ, 20-21).
Усе мы ўбачым Госпада пры сканчэнні свету. Другое прышэсце Госпада будзе падобным да Яго ўзнясення, гэта значыць Гасподзь з’явіцца зноў у Сваім праслаўленым целе і стане бачным для ўсіх. Апостал Павел кажа, што ў апошні Дзень Прышэсця Госпада вернікі будуць узнятыя на аблоках, у стрэчанне Яго на паветры (1 Сал. ІV, 17). Значыць, з імі, нават знешне, адбудзецца нешта падобнае да таго, што адбылося цяпер з Самім Госпадам на гары Елеонскай…
Вось пра што нам сёння яшчэ і яшчэ раз нагадвае Святая Хрыстова Праваслаўная Царква, святкуючы Узнясенне Госпада і Збавіцеля нашага Іісуса Хрыста. Але не толькі сёння кажа нам пра гэта Царква. За кожнай Боскай літургіяй мы чуем прызыў: “Горе имеем сердца!” Будзем імкнуцца да таго, каб нашы сэрцы пастаянна былі звернуты “горе”, туды, да Неба, да нашага Госпада. Амінь.

Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)