Дзень Святой Троіцы. Пяцідзясятніца

У Старым Запавеце Пяцідзясятніца – гэта свята штогадовага ўзыходжання Маісея на гару Сінай, дзе ў нейкай невымоўнай, містычнай таямніцы явіўся яму Бог, і заключыў з ім Запавет, і даў яму Запаведзі, і абяцаў збаўленне. Бог адкрыў Свой закон, Свае запаведзі, Бог раскрыў чалавеку Сваю задуму пра яго.

Бог указаў чалавеку шлях узрастання ў паўнату ведаў, жыцця і дасканаласці.

У Новым Запавеце ў свята Пяцідзясятніцы мы ўзгадваем падзею, якой завяршылася домаўладкаванне збаўлення роду чалавечага. У гэты дзень Гасподзь паслаў на Сваіх вучняў Святога Духа. Адбылася падзея, пра якую таемна прарочыў Сам Гасподзь – пра тое, што праз Яго смерць і Уваскрасенне апосталы атрымаюць дар Святога Духа. У Сіонскую горніцу, дзе чакалі абяцанага Суцешыцеля, сышоў Дух Божы з бурным подыхам ветру, у выглядзе вогненных языкоў. Дух Святы скончыў справу Хрыста ў душах Яго апосталаў. Ён сышоў на апосталаў і пераўтварыў іх у дзень Свайго Сашэсця.

Свята Святой Тройцы якраз і заклікана да таго, каб нагадаць нам пра тое, што ў свет прыйшоў Збаўца. Ён аб’яднаў людзей вузамі любові і веры, вузамі чыста духоўнымі. І калі Ён пакінуў гэты свет, гэта новае брацтва людзей атрымала для свайго ўмацавання, для свайго далейшага ўдасканалення асаблівую благадаць Святога Духа.

Царква, якую стварае ў гэтым свеце Хрыстос, існуе ў ім, захоўваецца ў ім, умацоўваецца ў ім менавіта ў благадаці Святога Духа, якую кожны з нас атрымлівае ў паўнаце царкоўных таінстваў. І ўсе мы, прайшоўшы складанымі жыццёвымі шляхамі, перш чым многім з нас давялося прыйсці ў Царкву, усё ж мы ў праве гаварыць пра тое, што мы зрабілі, прынамсі, самы галоўны крок – мы ўвайшлі ў Царкву як у новае жыццё. А далей ужо ад нас залежыць, ці будзе наша жыццё ў Царкве сапраўды жыццём новым.

Многія пакаленні людзей прайшлі праз гэты досвед пераўтварэння жыцця прысутнасцю Святога Духа. Апосталамі былі простыя галілейскія рыбакі, людзі непісьменныя. І толькі пасля таго, як Святы Дух сышоў на іх, калі яны загаварылі на розных мовах, калі адчулі ў сабе новыя сілы і новыя магчымасці, яны пачалі прыходзіць да разумення свайго сапраўды сусветнага паклікання: прапаведаваць Евангелле “ўсім народам”.

Так у Сіонскай горніцы было заснавана нябачнае, але да сканчэння часоў непарушнае Царства Святога Духа на зямлі. Дух Гасподні спачыў на Царкве Хрыстовай – маці ўсіх хрысціянаў. Глава яе – Гасподзь наш Іісус Хрыстос.

Першым заклікам святога Апостала Пятра да народа, уражанага з’яўленнем вогненных языкоў Духа, было: пакайцеся! Пакаянне – вось першы самы неабходны крок на цярністым шляху атрымання Благадаці Духа Святога.

Тая Царква, якую Хрыстос пакідаў тады ў гэтым свеце, павінна была яўляць Хрыстоў ідэал не нейкай сваёй знешняй прысутнасцю, як прынята гаварыць у нас зараз, напрыклад, “прыгажосцю храмаў”. У іх не было храма. Яны не імкнуліся далучыць Царкву да таго ці іншага храма – у тым ліку нават да Іерусалімскага. Яны павінны былі яўляць прысутнасць Хрыста ў гэтым свеце не тым, каб, да прыкладу, атрымаць магчымасць уплываць на моцных гэтага свету. Не тым, што ў шэрагах хрысціянаў раптам павінны аказацца рымскія сенатары, рымскія імператары ці царственныя асобы іншых народаў. Царква павінна сцвярджаць сябе не знешнім багаццем і нават не знешнім культурным хараством – архітэктурай, мастацтвам, музыкай. Царква павінна сябе яўляць перадусім тым, каб людзі, гледзячы на яе, вось на гэту супольнасць тых, хто ў ёй сабраўся дзеля Хрыста, явіць зусім іншыя адносіны – умець ставіцца адзін да аднаго так, як Хрыстос ставіўся да тых, хто сустракаўся Яму на шляху.

Вельмі часта Царква будзе адыходзіць ад гэтага ідэалу, вельмі часта Царква будзе арыентавацца на іншыя аўтарытэты. І вельмі часта Царква будзе выклікаць такое ўражанне, быццам Хрыста ніколі не было на гэтай зямлі, калі Яго вучні – вось такія, калі адносяцца яны адзін да аднаго менавіта так. І хтосьці будзе прымаць вякамі гэту прафанацыю Царквы як належнае. А хтосьці будзе вякамі паўставаць супраць гэтага і спрабаваць, нават часам сышоўшы з афіцыйнай Царквы, як гэта рабілі, напрыклад, манахі ІІІ–IV стст., зноў будаваць стасункі ў пустыні, у пячорах, па-за ўсякім соцыумам, але такім чынам, каб ідэал Хрыстоў не быў забыты, калі ўжо знешне пераможная зямная Царква станавілася ўсё менш і менш падобнай да той Царквы, якую сцвярджаў Хрыстос і якую Ён пакінуў у гэтым свеце.

Звернем увагу на святцы Сярэдніх вякоў, і перш за ўсё на нашы святцы. Мы бачым, што перш за ўсё сярод манахаў, глыбокіх, разважлівых, шчырых, відавочнае разуменне таго, што застаючыся ў свеце, застаючыся сярод сваіх братоў і сясцёр у Хрысце, якія жывуць паўсядзённымі клопатамі, яны хрысціянамі перастануць быць вельмі хутка. І ў імя таго, каб не перастаць быць хрысціянамі, яны беглі з гэтага свету, сапраўды беглі, ствараючы ў манаскіх абшчынах іншыя стасункі паміж людзьмі. Хай не заўсёды, але часта ў іх атрымлівалася захоўваць сапраўдныя хрысціянскія ідэалы. Але свет пры гэтым – асноўная частка хрысціянаў – жыў так, як быццам ніякога Хрыста ніколі не існавала. Хаця Хрыста яны ўзгадвалі часта: яны пісалі Яго на іконах, яны спявалі Яму ў сваіх славаслоўях. Яны нават у палеміцы адзін з адным – ненавідзячы адзін аднаго, забіваючы адзін аднаго – прыкрываліся імем Хрыста. Але гэта быў зусім не той Хрыстос, пра Якога кажа Евангелле. І тыя, хто кідаў выклік гэтаму звыкламу ходу царкоўнага жыцця, аказваліся ў выгнанні, аказваліся ў своеасаблівым адарванні ад большасці хрысціянаў. Праўда, міналі стагоддзі, і гэтых людзей праслаўлялі як святых – праслаўлялі прадаўжальнікі тых, хто пры жыцці гэтых людзей гатоў быў выгнаць і нават знішчыць. У гэтым заключаецца таямніца Царквы, якая аддае даніну ў рэшце рэшт тым, хто дазволіў ёй застацца сабой.

Царква – гэта вялікі дар, пакінуты Богам чалавеку. І мы, хрысціяне, закліканы гэты дар захаваць, а не растраціць, не скасаваць, як гэта было не раз у гісторыі. І пачынаць гэту справу захавання і памнажэння дара Хрыстова трэба, перш за ўсё, з саміх сябе: зазіраючы ў сябе, але самае галоўнае – не спадзеючыся на сябе. Нам патрэбна дапамога ад Бога, нам патрэбна дапамога ад бліжніх. А для таго, каб гэта дапамога была дзейснай, мы павінны знаходзіцца ў жывых стасунках і з Богам, і з бліжнімі. І гэта наблізіць нас да той самай галоўнай рэальнасці гэтага свету, якая называецца Царквой, і якую пакінуў нам Хрыстос.

Хрысціянская Супольнасць, верная Евангельскаму вучэнню, верная святой Апостальскай Царкве, павінна і ў наш час усведамляць сябе супольнасцю асаблівай сярод навакольнага свету. Яе адрозненнем павінны быць нязломная вернасць Хрысту, адзінадушша ў вызнанні Апостальскай Веры, строгасць у асабістым жыцці, пачуццё адказнасці, асабістай і агульнай, за Царкву і за лёс свету.

Дай Бог, браты і сёстры, каб кожны з нас, прыпадабняючыся да апосталаў Хрыстовых, мог успрыняць у сэрцы сваім гэту благадаць Усесвятога Духа для таго, каб разам з гэтай благадаццю ісці па сваім зямным жыццёвым шляху, ісці цвёрдай хадой, ведаючы, што разам з намі Гасподзь. Амінь.

Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)