Нядзеля 1-я пасля Пяцідзесятніцы, Усіх святых

Дзень Святой Тройцы – гэта дзень спаслання Святога Духа на апосталаў, калі благадаць Божая была спасланая на тых, хто павінен быў уладкаваць Царкву і праз Царкву працягваць справу служэння Госпада і Збавіцеля нашага.

Менавіта Святы Дух ператварае людзей, аб’яднаных адной верай, у Царкву. І менавіта Святы Дух дае сілы для таго, каб кожны член Царквы мог абнаўляць сябе, ачышчаючы пакаяннем і змываючы грахі свае сілай Бажэственнай благадаці.
Сённяшні дзень – дзень усіх святых сусветнай Царквы – гэта свята сусветнай Хрыстовай Сям’і. Гэтая вялікая сусветная сям’я сведчыць аб тым, што пры вонкавым фізічным рабстве можна дасягнуць унутранай свабоды маральнай. Для гэтага неабходная толькі цвёрдасць хрысціянскіх перакананняў, цвёрдасць характару і ўнутраная набожнасць.
Святасць – гэта дар, пасланы нам з Крыжа, дар свабоды, дар адданасці Богу і злучанасці з ім. Гасподзь даў кожнаму з нас магчымасць прыняць гэты дар.
Гаворачы пра сашэсце Святога Духа, Гасподзь перад сваімі пакутамі, звяртаючыся да апосталаў, сказаў, што «Дух, Які будзе пасланы ў імя Маё, Ён выкрые свет у граху». Гэта выкрыццё ў граху сілай Духа Святога дапамагае людзям заставацца людзьмі, дапамагае людзям адрозніваць дабро і зло і імкнуцца да маральнай дасканаласці.
Дух Святы выкрывае наша сумленне. Наша маральнае пачуццё наладжваецца на тую самую хвалю і на той самы гук, які зыходзіць ад Бога.
Сіла Духа Святога пераўтварыла ў мностве чалавечыя душы ад граху да святасці, ад цемры да святла. Ніхто з гэтых святых не нараджаўся святым – яны сталі святымі, спалучаючы свае ўнутраныя ўласныя намаганні з тым, каб адкрыць душу сваю насустрач Бажэственнай благадаці. У гэтай сінэргіі, у гэтай супрацы Бажэственнага і чалавечага пачаткаў і здабываецца паўната чалавечага жыцця, паўната збаўлення, а ўсё астатняе другаснае.
Царква заклікана сведчыць свету – таму самаму свету, які вельмі часта не прызнае яе голасу і не жадае яго слухаць. З пакорай, без усялякай улады, Царква паклікана сведчыць, што там, дзе Дух Святы, там жыццё, а дзе няма Святога Духа, там гібель; і дзень Усіх Святых ёсць таму сведчаннем.
Успамінаючы святых угоднікаў усяленскай Царквы, ва ўсе часы і ва ўсіх народах, мы схіляем галаву перад іх жыццёвым подзвігам і сведчым, што яны былі храмамі Святога Духа, які жыве ў іх, як і запаведаў Сам Гасподзь словамі апостала.
Мэта хрысціяніна – Царства Нябеснае, але шлях туды нялёгкі. Мы папярэджаны Хрыстом: Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і руплівыя здабываюць яго.
Устаючы і падаючы, мы, выкрываемыя ў грахах Духам Святым, ідзем да Бога ў надзеі на Яго міласць і на Яго прабачэнне. Прыкладзем намаганне, каб на ўсіх шляхах жыцця захаваць свабоду, быць свабоднымі ад грахоў, ад усякай брыдоты.
Хай сілу дотыку Бажэственнай благадаці Святога Духа кожны з нас успрыме розумам і сэрцам.
Сённяшняе Евангельскае чытанне якраз указвае нам, можа быць, самы галоўны і самы складаны для нашага чалавечага ўспрымання бок святасці. Збавіцель кажа пра тое, што нам неабходна вызнаваць веру ў Яго, і тады Ён праславіць нас перад Айцом Нябесным, і наадварот, калі мы не будзем вызнаваць веру ў Госпада, то і Гасподзь наш Іісус Хрыстос перад абліччам Свайго Нябеснага Айца не пазнае нас, адхіліцца ад нас. І гэта натуральна, бо, калі мы не будзем вызнаваць веру ў Госпада, не будзем мы тымі святымі, якія з’яўляюцца сваімі Богу.
Вызнаваць веру ў Госпада азначае імкнуцца да святасці, імкнуцца кожным днём, кожным імгненнем свайго жыцця яўляць славу Божую ў гэтым свеце, яўляць узвышаны хрысціянскі ідэал, які нам быў дадзены ў Хрысце.
І ў наш час ёсць магчымасць быць святым, пра што сведчаць нашы сучаснікі – шматлікія навамучанікі і вызнаўцы Царквы, якія як сонца заззялі ў ХХ стагоддзі. Яны жылі ў нядаўнім мінулым, але іх імёны ўжо сёння ўпісаныя ў месяцаслоў, г. зн. у каляндар нашай Царквы. Яны явілі той подзвіг вернасці Хрысту, тое вызнанне імені Хрыстовага, пра якое мы сёння пачулі ў евангельскім чытанні.
Навамучанікі і вызнаўцы не пасаромеліся называць сябе хрысціянамі, членамі Царквы, паслядоўнікамі Хрыста ў тыя складаныя і доўгія дзесяцігоддзі, калі імя Хрыстова ў нашай краіне зазнала знеслаўленне і было выкраслена са школьных падручнікаў, з літаратуры; калі Царква зазнала жорсткія ганенні, манастыры і храмы зачыняліся і бязлітасна знішчаліся. Нашы мучанікі і вызнаўцы не баяліся ні ўлад, ні ўладароў цемры веку гэтага (Эф. VI, 12), але бясстрашна ішлі на Галгофу ўслед за Госпадам Іісусам Хрыстом, Які явіў Сваім вучням прыклад вызнаўства і мучаніцтва, калі вызнаваць Хрыста публічна было вельмі складана. Нават тыя нашы навамучанікі, якія ішлі на Галгофу, не маглі публічна вызнаваць імя Божае, бо яны паміралі ў засценках, расстрэльвалі іх таемна і ніхто не чуў гэтага вызнання. Толькі архіўныя дакументы сведчаць пра тое, што яны бясстрашна ішлі на сваю смерць. Іх жыццё і іх сведчанне паказвае, што дзеянне Святога Духа не спыняецца ў нашай Царкве і што ў кожнага з нас заўсёды ёсць магчымасць ісці шляхам святасці.
Вось для чаго першую нядзелю пасля Тройцы Царква прысвячае ўспаміну ўсіх святых – для таго, каб мы не страцілі надзею ў барацьбе з самімі сабой! Каб сярод жыццёвай мітусні мы ніколі не забывалі пра Неба – пра наш сапраўдны і вечны дом. Амінь.

Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)