Нядзеля 5-я пасля Пяцідзесятніцы. Пра Гергесінскіх беснаватых.

Які самотны Бог на зямлі! Які самотны Гасподзь наш Іісус Хрыстос сярод людзей, якіх Ён прыйшоў знайсці і ўратаваць ад вечнай смерці! Мучымыя бясамі, няшчасныя гергесінскія беснаватыя гоняць яго: “Пакінь, што Табе да нас!” Цэлы горад, выйшаўшы насустрач, умаляе Яго пайсці ад іх аколіц. Бо толькі для таго і выйшлі, каб прагнаць!

На роднай зямлі, там, дзе Ён вырас, дзе кожны ведаў Яго, як Сына цесляра Іосіфа, як Сына Чалавечага, у Назарэце Галілейскім, людзі, якія слухалі пропаведзь Яго ў сінагозе і ўсяго толькі хвіліну таму “дзівіліся са словаў благадаці, якія сыходзілі з вуснаў Яго, і казалі: ці не Іосіфаў гэта сын?” (Лк. IV, 22), уражваючыся прамудрасці і розуму Прамоўцы літаральна праз хвіліну “выгналі Яго прэч з горада і павялі на вяршыню гары, на якой горад іх быў пабудаваны, каб зрынуць Яго” – “Прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі…” (Ін. І, 11). “Сыдзі, сыдзі ад нас, сыдзі ад нашых аколіц!” – казаў народ, які аддаў перавагу таму, што яму было дорага: багаццю, статкам, спакою жыцця, а не здароўю, ацаленню чалавека; сыдзі – Ты ў нас аднімаеш тое, што нам даражэй за чалавека… Сыдзі ад нас, – казаў Вялікі Інквізітар, – Ты нам перашкаджаеш будаваць зямное дабро, перашкаджаеш забяспечыць шчасцем маўклівае, безадказнае стада; сыдзі! Ты ім адкрываеш шляхі, па якім ім надта цяжка будзе ісці… “Сыдзі ад нас!” – казалі правадыры яўрэйскага народа перад абліччам Пілата – а калі Ты Сам не сыходзіш, няхай сіла зямная, грубая сіла нас ад Цябе ўратуе… І да Пілата звярталіся са словамі: Распні, распні Яго, – каб не гучала больш на нашых вуліцах гэта страшная пропаведзь пра безумоўную, крыжовую любоў, гэта вар’яцтва пра лагоднасць і змірэнне, самаадрачэнне, любоў, якая аддае ўсё; таму што нічога няма больш каштоўнага, чым чалавек…
І праз усю гісторыю гучыць гэты крык: сыдзі! Ты стаіш на нашым шляху да дабрабыту, да бестурботнасці, да забыцця… Гэта кажа праз усю гісторыю чалавечы род. А мы? Няўжо мы адзіныя, з невялікай жменькай вучняў, гэтага страшнага слова, прама ці ўскосна, ніколі не кажам і ніколі не сказалі?
Бо зусім нядаўна быць вернікам лічылася злачынствам. І мы не толькі саромеліся сваёй веры, але і адракаліся ад Хрыста. З нашай маўклівай згоды разбураліся храмы, знішчалася Царква. А хіба сёння хрысціянства стала сэнсам нашага жыцця? Ёсць тэндэнцыя пераўтварыць праваслаўе ў ідэалогію, якую можна было б замяніць марксізм. Жыццё нярэдка злучае незлучальнае.
Мы так і не прынеслі пакаяння ў нашым богаадступніцтве і богаборніцтве. І мы зусім спакойна з гэтым згаджаемся. Жыццё без Хрыста – гэта шлях да прыняцця антыхрыста.
Ты нас пазбаўляеш таго, што нам даражэй за Тваю прысутнасць. Ты нас узлюбіў. Ты за нас аддаў Сваё жыццё, Сваё цялеснае распяцце, пакінутасць Богам на крыжы – усё гэта нішто.
Самотны і чалавек, які вызнае Хрыста сваім Богам і Збаўцам. Самотны перш за ўсё таму, што “раб не большы за гаспадара свайго” (Ін. ХV, 20), бо калі мы наважыліся следаваць за Хрыстом, нам непазбежна давядзецца раздзяліць з Ім увесь цяжар гэтага шляху.
У сённяшнім апостальскім чытанні мы чулі словы апостала Паўла: “Калі вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Іісуса Хрыста Госпадам, і сэрцам сваім вераваць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, то ўратуешся”. Не толькі трэба вераваць сэрцам, але і вызнаваць вуснамі і самім жыццём, не баючыся і не саромеючыся.
А іначай будзеш крывадушнікам, у якога ў сэрцы адно, а на вуснах – іншае. Ці – яшчэ горш: будзеш усё ведаць пра Хрыста, але без усялякай карысці для сябе. Як тыя бесы, пра якіх сёння гаварыла Евангелле: яны ведалі, што Іісус – Сын Божы, і ўсё ж не назвалі Яго сваім Госпадам.
Жахлівая наша сумная цеплахладнасць у справе збаўлення.
Верай у распятага і ўваскрэслага Іісуса Хрыста, Яго Крыжам агароджваемся мы ад уплыву і дзеяння на нас духаў злобы паднябеснай, якія азмрочваюць і ўзбунтоўваюць чалавечыя думы. І няхай уцякаюць нячыстыя духі “ад аблічча тых, хто любіць Бога і хто ажыццяўляе крыжовае знаменне”.
“Ідзі дамоў, – сказаў Хрыстос ацалёнаму беснаватаму, – і распавядзі, што здзейсніў Гасподзь і як памілаваў цябе”. Такім чынам, былы беснаваты гадарынец зрабіўся першым дабравеснікам Царства Божага ў сваёй краіне. І мы, імем Хрыста ацаляемыя і ратуемыя, нібы ацалёны гадарынец, павінны несці добрую вестку пра Хрыста ў навакольны абездухоўлены свет. Амінь.

Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)