Нядзеля 6-я пасля Пяцідзесятніцы. Пра паралізаванага

Сёння за Бажэственнай літургіяй мы чулі апавяданне пра тое, як Гасподзь наш Іісус Хрыстос ацаліў паралізаванага. На сучаснай мове царкоўнаславянскае “расслабленный” – гэта паралізаваны чалавек, які не валодае сваімі членамі.

Пры гэтай страшнай хваробе чалавек становіцца абсалютна бездапаможным і цалкам, нават у дробязях, залежыць ад людзей, якія яго акружаюць і даглядаюць. Самая малая нядбайнасць, можа быць і не заўважаная імі, часта дастаўляе чалавеку вялікі жаль. Людзі, якія прынеслі паралізаванага, відаць адносіліся да яго з любоўю (можа быць, ён быў іх сваяком ці сябрам) і жадалі яму ўсяго самага добрага. І вось яны ў надзеі на тое, што паралізаваны атрымае ацаленне, знайшлі магчымасць прынесці хворага да Хрыста, Які ўжо праславіўся і Якога ўжо прымалі за прарока. Яны спадзяваліся, прынамсі, што пачуюць нейкае слова ўцехі ад гэтага незвычайнага Чалавека, за Якога ўжо шанавалі Госпада Іісуса Хрыста.
Вы ведаеце, што часта сваякі якога-небудзь хворага маюць большую веру, чым сам хворы, і ўгаворваюць яго пайсці ў царкву, спавядацца, пасаборавацца ці заказаць малебен. Дзеля тых людзей, якія яго прынеслі. Гасподзь сказаў яму: “Паўстань, чада! Адпускаюцца табе грахі твае”. Гасподзь убачыў веру тых, хто прынёс паралізаванага, ачышчэнне ж ад грахоў і ацаленне ад хваробы падаў самому паралізаванаму. Тут вера адных прыцягвае благадаць Божую да іншых. Душы тых, хто прынёс адкрываюцца верай да прыняцця благадаці, але маючы чалавекалюбства і спачуванне да душы паралізаванага, яны на яе праводзяць ток гэтай благадаці і становяцца ўдзельнікамі прабачэння грахоў і ацалення паралізаванага. Так сцвярджаецца сувязь душ людзей і ўзаемная падтрымка іх у справе ўратавання, вядомая кожнаму чалавеку, які жыве духоўным жыццём. Пагэтаму трэба клапаціцца адзін пра аднаго, просячы ў малітвах усякага дабра бліжнім нашым.
Царква – адзінае Цела Хрыстова. І калі ў чалавечым целе ўсё зладжана дзейнічае і ўзаемадзейнічае, то хворы член хутка папраўляецца. Так і людзі, злучаныя ў Богу любоўю, маюць бязмежныя магчымасці дапамагаць адзін аднаму. Тут усё залежыць ад усіх. Вось што значыць – прыйсці да Хрыста.
Менавіта да гэтага пабуджае Апостал, калі кажа: “Любоў няхай будзе некрывадушнай… любíце адзін аднаго братняю любоўю; … у руплівасці не спыняйцеся; духам палымнейце; Госпаду служыце; суцяшайцеся надзеяй; у прыгнечанасці будзьце стойкімі; у малітве – пастаяннымі… Благаслаўляйце ганіцеляў вашых; благаслаўляйце, а не праклінайце (Рым. ХІІ, 10, 11, 12, 14)”.
Сёння Царква нагадвае нам, што ўсе цуды, якія стварыў Гасподзь наш Іісус Хрыстос, ёсць толькі доказам таго, што Ён мае ўладу прабачаць людзям грахі, і прабачэнне грахоў нашмат важней, чым цялеснае ацаленне. Разумеючы гэта, мы не павінны шукаць чагосьці звышнатуральнага, бо Гасподзь заўсёды, нават калі мы знаходзімся ў бедах, жадае нам адзінага сапраўднага дабра – ачышчэння нашай душы, прабачэння грахоў, а праз гэта – вечнага блажэннага жыцця. Не будзем шукаць цудаў, не будзем шукаць знешняга пацверджання сапраўднасці нашага вучэння. Будзем шукаць гэтага пацверджання толькі ўнутры сябе, бо ачышчэнне душы і прабачэнне грахоў для сапраўднага хрысціяніна настолькі адчувальныя і бачныя, як і яўны, бачны цуд. Духоўнае жыццё не ёсць нечым абстрактным і эфемерным, пра што нельга сказаць нічога пэўнага. Гэта памылковае меркаванне недасведчаных і малаверных людзей. Сапраўдны вернік жыве духоўным жыццём і кіруецца сваёй верай. Ён бачыць шматлікія і цалкам пэўныя змены, якія адбываюцца ў ім як ад дзеяння благадаці, якая ачышчае яго ад страсцей ці аслабляе іх дзеянне, так і ад дзеяння лукавага, які спакушае яго на той ці іншы грэх. Наша жыццёвая задача – зрабіць сваё ўнутранае духоўнае жыццё цалкам вызначаным, плённым, для таго, каб наша ўнутранае духоўнае расслабленне ацалілася дзеяннем благадаці Божай, каб мы сталі людзьмі, якім ужо не патрэбна дапамога іншых людзей, больш здаровых духоўна, і якія здольны дзейнічаць самастойна.
Пакуль існуе Праваслаўная Царква, а яна будзе існаваць да сканчэння свету, у ёй будуць святары, якія прабачаюць грахі ад імя Госпада Іісуса Хрыста. І няма на зямлі іншага такога месца, дзе б чалавек мог душэўна ацаліцца і атрымаць прабачэнне грахоў. Аднак не будзем забываць пра тое, што неабходна і наша ўласнае намаганне, каб нам атрымаць прабачэнне грахоў і душэўную палёгку. Мы павінны не толькі прасіць святара памаліцца за нас у часе малебна ці Бажэственнай літургіі, у часе Таінства Споведзі, але і самі павінны ўмаляць Таго, Хто адзіны мае ўладу дараваць грахі, – Госпада Іісуса Хрыста, аб тым, каб Ён памілаваў нас, – і Ён створыць з намі цуд.
Мы павінны заўсёды каяцца, заўсёды прасіць Міласэрнага, Усяміласцівага Госпада Іісуса Хрыста дараваць нам прабачэнне грахоў – тады мы будзем адчуваць і ад Таінстваў вялікую карысць, чым калі б мы не змушалі сябе да штодзённага і, можна сказаць, няспыннага пакаяння. Вось пра гэта мы павінны памятаць.
Наша збаўленне ажыццяўляецца не толькі дзякуючы тым Таінствам і абрадам, якія існуюць у Царкве, але і дзякуючы нашай уласнай дбайнасці і, галоўным чынам, нашаму пакаянню. Гасподзь Іісус Хрыстос дакранецца да ўсякага неруплівага, чэрствага і, можа быць, змарнелага ад мітусні чалавека, каб толькі той праявіў пасільную для яго дбайнасць. Калі Гасподзь наблізіцца да нас, і мы адчуем у сваёй душы тое, што адчуваў паралізаваны, ацалімся ад духоўнага расслаблення і будзем здольныя да выканання дабрадзействаў. Падобна да таго, як паралізаваны змог узяць сваю пасцель і пайсці дамоў, умацуемся і мы – усімі сваімі духоўнымі членамі – і зможам выконваць евангельскія запаведзі. Амінь.

Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)