ЛІТУРГІЯ АГЛАШЭННЫХ
Дыякан: Благаславі, уладыка
Свяшчэннік: Благаславёна Царства Айца і Сына, і Святога Духа цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Вялікая (мірная) екцення
Дыякан: У міры Госпаду памолімся.
За мір з вышынь і збаўленне душ нашых Госпаду памолімся.
За мір усяго свету, добры стан святых Божых Цэркваў і з’яднанне ўсіх Госпаду памолімся.
За святы храм гэты і за тых, што з вераю, благагавеннем і страхам Божым уваходзяць у яго, Госпаду памолімся.
За вялікага Спадара і айца нашага Свяцейшага патрыярха Аляксія і за Экзарха яго Спадара нашага Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта Філарэта [і за Спадара нашага (Высока)праасвяшчэннейшага (архі)епіскапа (імя)], шаноўнае прасвітарства, у Хрысце дыяканства, за ўвесь прычт і людзей Госпаду памолімся.
За Богам сцеражоную краіну нашу, улады і воінства яе Госпаду памолімся.
За горад гэты (вёску гэтую, святы манастырг гэты), усякі горад і краіну і за тых, што вераю жывуць у іх, Госпаду памолімся.
За спрыяльнае надвор’е, за багаты ўраджай пладоў зямных і часы мірныя Госпаду памолімся.
За падарожных па вадзе і зямлі, хворых, тых, што пакутуюць, паланёных і за збаўленне іх Госпаду памолімся.
Каб пазбавіцца нам ад усякага гора, гневу і нястачы, Госпаду памолімся.
Заступі, збаў, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.
Прасвятую, Прачыстую, Найблагаславеннейшую, слаўную Уладычыцу нашу Багародзіцу і заўжды Дзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.
Хор: Табе, Госпадзі.
Свяшчэннік: Бо належыць Табе ўсякая слава, пашана і пакланенне – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Антыфон 1-шы
(З 102-га псалма)
Хор: Благаславі, душа мая, Госпада. Благаславёны Ты, Госпадзі. Благаславі, душа мая, Госпада і ўся унутранасць мая – імя святое Яго.
Благаславі, душа мая, Госпада, і не забывай усіх дабрадзействаў Яго.
Ён ачышчае ўсе беззаконні твае, ацаляе усе немачы твае.
Вызваляе ад пагібелі жыццё тваё, вянчае цябе міласцю і шчодрасцямі.
Насычае дабротамі жаданне тваё, абнаўляецца, як у арла, маладосць твая.
Робіць справядлівасць Гасподзь, і суд усім пакрыўджаным. Ён паказаў шляхі Свае Маісею, сынам Ізраілевым – справы Свае.
Шчодры і міласцівы Гасподзь, доўгацярплівы і многаміласцівы.
Не да канца гневаецца і не навек абураецца.
Не па беззаконнях наш зрабіў нам і не па грахах нашых дыў нам.
Бо як высока неба над зямлёю, так вялікая міласць Госпада да тых, што баяцца Яго.
Як далёка ўсход ад захаду, так аддаліў Ён ад нас беззаконні нашы.
Як мілуе бацька сыноў, так мілуе Гасподзь тых, што баяцца Яго.
Бо Ён ведае састаў наш, помніць, што мы – пыл.
Чалавек – як трава, яго дні; як кветка палявая, так ён цвіце.
Пройдзе над ім вецер, і няма яго, і месца яго ужо не пазнае яго.
Міласць жа Гасподняя ад веку і да веку да тых, што баяцца Яго.
Гасподзь на небе паставіў прастол Свой, і царства Яго ўсімі валодае.
Благаславіце Госпада, усе ангелы Яго, ва усіх месцах валадарства Яго.
Слава Айцу і Сыну, і Святому Духу і цяпер, і заўседы, і на векі вякоў. Амінь.
Благаславі, душа мая, Госпада. Благаславёны Ты, Госпадзі. Благаславі, душа мая, Госпада і ўся унутранасць мая – імя святое Яго. Благаславёны Ты, Госпадзі.
Малая екцення
Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў міры Госпаду памолімся.
Заступі, збаў, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.
Прасвятую, Прачыстую, Найблагаславеннейшую, слаўную Уладычыцу нашу Багародзіцу і заўжды Дзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.
Хор: Табе, Госпадзі.
Свяшчэннік: Бо Тваё ўладанне, і Тваё ёсць Царства і сіла, і слава – Айца і Сына, і Святога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Антыфон 2-гі
(Псалом 145-ты)
Хор: Слава Айцу і Сыну і Святому Духу.
Хвалі, душа мая, Госпада. Буду хваліць Госпада, у жыцці маім; буду спяваць Богу майму, пакуль я ёсць.
Не спадзявайцеся на князёў, на сына чалавечага, у якім няма збаўлення.
Выходзіць дух яго, і ён вяртаецца ў зямлю сваю; у той дзень знікаюць усе задумы яго.
Блажэнны, каму памочнік Бог Іакава, у каго надзея на Госпада Бога яго.
Які стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх.
Які вечна захоўвае ісціну, учыняе правасуддзе пакрыўджаным, дае ежу галодным.
Гасподзь вызваляе вязняў, Гасподзь умудрае сляпых.
Гасподзь выпрамляе сагнутых.
Гасподзь любіць праведных.
Гасподзь ахоўвае прышэльцаў, падтрымлівае сірату і ўдаву; а шлях грэшных знішчае.
Гасподзь будзе царстваваць у векі, Бог Твой, Сіоне, з роду ў род.
І цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.
Адзінародны Сыне
Адзінародны Сыне і Слова Божае, несмяротны Ты, і пажадаў дзеля нашага збаўлення прыняць плоць ад святой Багародзіцы і заўжды Дзевы Марыі, і, не змяніўшыся, стаў чалавекам; распяты Ты быў, Хрысце Божа, і смерцю смерць патаптаў, Ты адзін са святой Троіцы, праслаўляемы разам з Айцом і Святым Духам, збаў нас.
Малая екцення
Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў міры Госпаду памолімся.
Заступі, збаў, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.
Прасвятую, Прачыстую, Найблагаславеннейшую, слаўную Уладычыцу нашу Багародзіцу і заўжды Дзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.
Хор: Табе, Госпадзі.
Свяшчэннік: Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу ўзносім – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Антыфон 3-ці, Блажэнны
Хор: У Царстве Тваім памяні нас, Госпадзі, як прыйдзеш у Царства Тваё.
Блажэнныя ўбогія духам, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
Блажэнныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.
Блажэнныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю.
Блажэнныя тыя, што жадаюць і прагнуць праўды, бо яны насыцяцца.
Блажэнныя міласцівыя, бо яны памілаваны будуць.
Блажэнныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Блажэнныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.
Блажэнныя гнаныя за праўду, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
Блажэнныя вы, калі будуць вас ганьбіць, і гнаць, і ўсякім словам ліхім несправядліва зневажаць за Мяне.
Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах.
Слава Айцу і Сыну і Святому Духу і цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.
Малы ўваход
Дыякан: Прамудрасць! Станьце прама!
Хор: Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста; збаў нас, Сыне Божы, у святых дзіўны, што пяем Табе: алілуія.
Спяваем трапары і кандакі, адпаведныя дню.
Вось трапары і кандакі нядзельныя:
Глас 1
Трапар
Калі камень апячаталі іудзеі, і воіны сцераглі Прачыстае Цела Тваё, Ты уваскрэс на трэці дзень, Збавіцелю, даючы свету жыццё. Дзеля гэтага сілы нябесныя ўсклікалі да Цябе, Жыццядацелю: Слава ўваскрасенню Твайму, Хрысце, слава Царству Твайму, слава промыслу Твайму, адзіны Чалавекалюбны.
Кандак
Уваскрэс Ты як Бог з магілы ў славе і свет з Сабою ўваскрасіў, і прырода чалавечая як Бога апявае Цябе, і смерць знікла. Адам жа весяліцца, Уладару; Ева цяпер, з путаў вызваляемая, радуецца, ўсклікаючы: Ты, Хрысце, Той, Хто ўсім падае ўваскрасенне.
Глас 2
Трапар
Калі сышоў Ты да смерці, Жыццё несмяротнае, тады пекла ўмярцвіў Ты ззяннем Бажаства; калі ж і памерлых з прадоння ўваскрасіў Ты, усе сілы нябесныя ўсклікалі: Жыццядацелю Хрысце Божа наш, слава Табе.
Кандак
Ты ўваскрэс з магілы, Усемагутны Збавіцелю, і пекла, убачыўшы цуд, жахнулася, і мёртвыя паўсталі, а стварэнне, бачачы, радуецца з Табою, і Адам весяліцца, і свет, Збавіцелю мой, апявае Цябе заўжды.
Глас 3
Трапар
Няхай весяляцца нябесныя, няхай радуюцца зямныя, бо праявіў магутнасць рукою Сваёю Гасподзь, перамог смерцю смерць, першынцам з мёртвых стаў, з глыбінь пякельных вызваліў нас і падаў свету вялікую міласць.
Кандак
Уваскрэс Ты сёння з магілы, Шчодры, і нас узвёў з варот смяротных; сёння Адам весяліцца і радуецца Ева, а разам і прарокі з патрыярхамі апяваюць няспынна Бажэственную магутнасць улады Тваёй.
Глас 4
Трапар
Светлую ўваскрасення пропаведзь ад ангела ўспрыняўшы і прадзедаў асуджэнне адкінуўшы, Гасподнія вучаніцы апосталам хвалячыся гаварылі: звергнута смерць, уваскрэс Хрыстос Бог, даючы свету вялікую міласць.
Кандак
Збавіцель і Вызваліцель мой з магілы як Бог уваскрасіў з путаў народжаных на зямлі, і вароты пякельныя разбурыў і як Уладар уваскрэс на трэці дзень.
Глас 5
Трапар
Спрадвечнае Слова Айцу і Духу, ад Дзевы народжанае для збаўлення нашага, апяем, верныя, і паклонімся Яму, бо пажадаў плоццю ўзыйсці на Крыж, і смерць перацярпець, і ўваскрасіць памерлых слаўным уваскрасеннем Сваім.
Кандак
Да пекла, Збавіцелю мой, сыйшоў Ты, і вароты разбурыў як усемагутны, памерлых як Стварыцель уваскрасіў з Сабою, і смерці джала знішчыў Ты, і Адам ад пракляцця быў вызвалены, Чалавекалюбны, таму мы ўсе ўсклікаем: збаў нас, Госпадзі.
Глас 6
Трапар
Ангельскія сіла на магіле Тваёй і вартаўнікі змярцвелі, і стаяла Марыя ў магіле, шукаючы Прачыстае Цела Тваё. Ты паланіў пекла, не спакусіўшыся ім, Ты сустрэў Дзеву, даючы жыццё. Уваскрэслы з мёртвых Госпадзі, слава Табе.
Кандак
Жыццятворчай далонню памерлых са змрочных далін уваскрасіўшы ўсіх, Жыццядавец Хрыстос Бог уваскрасенне падаў чалавечаму роду, бо Ён – усіх Збавіцель, уваскрасенне, і жыццё, і Бог усіх.
Глас 7
Трапар
Ты разбурыў Крыжом Тваім смерць, адкрыў Ты разбойніку рай, міраносіцам плач перамяніў Ты і апосталам прапаведаваць загадаў Ты, што ўваскрэс Ты, Хрысце Божа, даючы свету вялікую міласць.
Кандак
Ужо больш уладанне смерці не зможа трымаць людзей, бо Хрыстос сышоў, разбураючы і знішчаючы сілы яго. Звязваецца пекла, прарокі згодна радуюцца, гаворачы: прадстаў Збавіцель тым, што ў веры, выходзьце, верныя, ва ўваскрасенне.
Глас 8
Трапар
З вышыні сышоў Ты, Міласэрны, пахаванне Ты прыняў трохдзённае, каб нас вызваліць ад пакут, жыццё і ўваскрасенне наша, Госпадзі, слава Табе.
Кандак
Уваскрэсшы з магілы, Ты памерлых падняў і Адама ўваскрасіў, і Ева весяліцца з Твайго ўваскрасення, і канцы свету святкуюць Тваё з мёртвых паўстанне, Многаміласцівы.
Дыякан: Госпаду памолімся.
Хор: Госпадзі, памілуй.
Свяшчэннік: Бо Ты Святы, Божа наш, і Табе славу ўзносім – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды
Дыякан: Госпадзі, збаў набожных і пачуй нас.
Хор: Госпадзі, збаў набожных і пачуй нас.
Дыякан: І на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Трысвятое
Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, памілуй нас (тройчы).
Слава Айцу і Сыну і Святому Духу і цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.
Святы Несмяротны, памілуй нас.
Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, памілуй нас.
Дыякан: Будзем уважлівымі!
Свяшчэннік: Мір усім.
Чытач: І духу твайму.
Дыякан: Прамудрасць!
Чытач прамаўляе пракімен.
Пракімны нядзельныя
Глас 1
Няхай будзе, Госпадзі, міласць Твая на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.
Глас 2
Моц мая і песня мая – Гасподзь, і стаў Ён маім збаўленнем.
Глас 3
Спявайце Богу нашаму, спявайце; спявайце Цару нашаму, спявайце.
Глас 4
Як шматлікія справы Твае, Госпадзі, усё прамудрасцю стварыў Ты.
Глас 5
Ты, Госпадзі, захаваеш нас і ўсеражэш нас ад роду гэтага і да веку.
Глас 6
Збаў, Госпадзі, людзей Тваіх і благаславі наследдзе Тваё.
Глас 7
Гасподзь моц людзям Сваім дасць, Гасподзь благаславіць людзей Сваіх мірам.
Глас 8
Памаліцеся і будзьце ўдзячныя Госпаду Богу нашаму.
Чытанне Апостала
Дыякан: Будзем уважлівымі!
Чытач чытае зачала з Апостала
Свяшчэннік: Мір табе.
Чытач: І духу твайму. Алілуія.
Хор Алілуія (тройчы).
Чытанне Евангелля
Дыякан: Благаславі, уладыка, дабравесніка святога апостала і евангеліста (імя евангеліста).
Свяшчэннік (благаслаўляючы) : Бог па малітвах святога, слаўнага, усяхвальнага апостала і евангеліста (імя) няхай дасць табе слова дабравесціць з вялікай сілаю, для спаўнення Евангелля Ўзлюбленага Сына свайго, Госпада нашага Іісуса Хрыста.
Дыякан: Амінь.
Свяшчэннік: Прамудрасць! Станьце прама! Выслухаем Святое Евангелле! Мір усім.
Хор І духу твайму.
Дыякан: Паводле (імя) Святога Евангелля чытанне.
Хор Слава Табе, Госпадзі, слава Табе.
Свяшчэннік: Будзем уважлівымі!
І чытаецца Евангелле. Па заканчэнні чытання:
Хор Слава Табе, Госпадзі, слава Табе.
Сугубая екцення
Дыякан: Скажам усе ад усяе душы і ад усяго разумення нашага скажам.
Госпадзі Ўседзяржыцелю, Божа айцоў нашых, молімся Табе, выслухай і памілуй.
Яшчэ молімся за вялікага Спадара і айца нашага Свяцейшага патрыярха Аляксія і за Экзарха яго Спадара нашага Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта Філарэта [і за Спадара нашага (Высока)праасвяшчэннейшага (архі)епіскапа (імя)], і за ўсю ў Хрысце брацію нашу.
Яшчэ молімся за Богам сцеражоную краіну нашу, улады і воінства яе, каб нам весці ціхае і спакойнае жыццё з усёй набожнасцю і годнасцю.
Яшчэ молімся за братоў нашых свяшчэннікаў і іераманахаў і за ўсё ў Хрысце брацтва наша.
Яшчэ молімся за блажэнных і заўсёды памятных свяцейшых патрыярхаў праваслаўных і за заснавальнікаў гэтага святога храма і за ўсіх ужо спачылых айцоў і братоў, што тут ляжаць і ўсюды, праваслаўных.
Яшчэ молімся аб міласці, жыцці, спакоі, здароўі, збаўленні, Божым наведанні, прабачэнні і адпушчэнні грахоў рабам Божым, браціі святога гэтага храма.
(Тут устаўляюцца прашэнні на розныя патрэбы, найчасцей наступнае:)
Яшчэ молімся Табе, Госпаду Богу нашаму, пачуй голас малення нашага і малітву і памілуй рабоў Тваіх: (імёны) благадаццю і шчодрасцямі Тваімі, і задаволь усе прашэнні іх і прабач ім усе правіны вольныя і міжвольныя: няхай добра будуць прынятыя малітвы і міласціны іх перад прастолам Уладарства Твайго, і абарані іх ад ворагаў бачных і нябачных, ад усялякай напасці, бяды і горасці, і хвароб збаў і падай здароўе з даўгалеццем, скажам усе: Госпадзі, выслухай і памілуй.
Яшчэ молімся за ахвярадаўцаў і дабрачынцаў у святым і ўсячэсным храме гэтым, за тых, што тут спяваюць, працаўнікоў і за ўсіх прыстуных тут людзей, што чакаюць ад Цябе вялікае і багатае міласці.
Свяшчэннік: Бо Ты міласцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу ўзносім – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Екцення за памерлых
Дыякан: Памілуй нас, Божа, па вялікай міласці Тваёй, молімся Табе, выслухай і памілуй.
Яшчэ молімся за ўпакаенне душ спачылых рабоў Божых імёны) і за выбачэнне ім усякае правіны, вольнае і міжвольнае.
Каб Гасподзь Бог усяліў душы іх туды, дзе праведныя спачываюць.
Міласці Божае, Царства Нябеснага і адпушчэння грахоў іх у Хрыста, несмяротнага Цара і Бога нашага, просім.
Хор: Падай Госпадзі.
Дыякан: Госпаду памолімся.
Хор: Госпадзі, памілуй.
Свяшчэннік (чытае малітву за памерлых): Божа духаў і ўсякае плоці, Ты смерць перамог і дыявала пакарыў, і жыццё свету Твайму даў; Сам, Госпадзі, упакой душы спачылых рабоў Тваіх (імёны) у месцы светлым, у месцы квітнеючым, у месцы спакойным, адкуль уцяклі пакуты, журба і стагнанне; усякае саграшэнне, учыненае імі словамі або ўчынкам, або думкаю, як добры і чалавекалюбны Бог, прабач, бо няма чалавека, які б жыў і не саграшыў: бо Ты адзін толькі без граху, праўда Твая – праўда навекі, і слова Тваё – ісціна.
Бо ты ўваскрасенне і жыццё, і ўпакаенне спачылых рабоў Тваіх (імёны), Хрысце Божа наш, і Табе славу ўзносім з Беспачатным Тваім Айцом і Прасвятым, і Добрым і Жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Екцення за аглашэнных
Дыякан: Памаліцеся, аглашэнныя, Госпаду.
Верныя за аглашэнных памолімся, каб Гасподзь памілаваў іх.
Каб наставіў іх словам ісціны.
Каб адкрыў ім Евангелле праўды.
Каб далучыў іх да Святой Сваёй, Саборнай і Апостальскай Царквы.
Збаў, памілуй, заступі і захавай іх, Божа, Тваёю благадаццю.
Аглашэнныя, галовы вашы перад Госпадам схіліце.
Хор: Табе, Госпадзі.
Свяшчэннік: Каб яны з намі славілі найпачэснейшае і велічнае імя Тваё – Айца і Сына, і Святога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Па заканчэнні гэтай екценні ў старажытнасці няхрышчаным належала пакінуць храм, аб чым дыякан нагадвае словамі:
Дыякан: Усе аглашэнныя выйдзіце. Аглашэнныя выйдзіце. Усе аглашэнныя выйдзіце. Няхай ніхто з аглашэнных не застаецца, толькі верныя, яшчэ і яшчэ ў міры Госпаду памолімся.
ЛІТУРГІЯ ВЕРНЫХ
Хор: Госпадзі, памілуй.
Дыякан: Заступі, збаў, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.
Хор: Госпадзі, памілуй.
Дыякан: Прамудрасць.
Свяшчэннік: Бо належыць Табе ўсялякая слава, пашана і пакланенне – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Скарочаная вялікая екцення
Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў міры Госпаду памолімся.
За мір з вышынь і збаўленне душ нашых Госпаду памолімся.
За мір усяго свету, добры стан святых Божых Цэркваў і з’яднанне ўсіх Госпаду памолімся.
За святы храм гэты і за тых, што з вераю, благагавеннем і страхам Божым уваходзяць у яго, Госпаду памолімся.
Каб пазбавіцца нам ад усякага гора, гневу і нястачы, Госпаду памолімся.
Заступі, збаў, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.
Дыякан: Прамудрасць.
Свяшчэннік: Каб мы пад уладаю Тваёю заўжды ахаваныя, Табе славу ўзносілі – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Херувімская песня
Мы, Херувімаў тайна яўляючы і Жыватворчай Троіцы тысвятую песню спяваючы, усякі цяпер адкладзем жыццёвы клопат.
Вялікі ўваход
Дыякан: Вялікага Спадара і айца нашага Аляксія, Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, і Спадара нашага Высокапраасвяшчэннейшага Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, няхай памяне Гасподзь Бог у Царстве Сваім, заўжды, цяпер і заўсёды і на векі вякоў.
Праасвяшчэнных мітрапалітаў, архіепіскапаў і епіскапаў, і ўвесь свяшчэнніцкі і манашаскі чын, і прычт царкоўны, брацію святога храма гэтага, вас і ўсіх праваслаўных хрысціян няхай памяне Гасподзь Бог у Царстве Сваім, заўжды, цяпер і заўсёды і на векі вякоў.
Хор: Амінь. Каб Цара ўсіх мы прынялі, Якога нябачна суправаджаюць ангельскія чыны. Алілуія, алілуія, алілуія.
Прасіцельная екцення
Дыякан: Дапоўнім малітву нашу Госпаду.
За ўскладзеныя Пачэсныя Дары Госпаду памолімся.
За святы храм гэты і за тых, што з вераю, благагавеннем і старахам Божым уваходзяць у яго, Госпаду памолімся.
Каб пазбавіцца на ад усякага гора, гневу і нястачы, Госпаду памолімся.
Заступі, збаў, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.
Каб увесь дзень быў дасканалым, святым, мірным і бязгрэшным, у Госпада просім.
Ангела міру, вернага настаўніка, ахоўніка душ і целаў нашых у Госпада просім.
Прабачэння і адпушчэння грахоў і правіннасцяў нашых у Госпада просім.
Добрага і карыснага душам нашым і міру для свету ў Госпада просім
Астатні час жыцця нашага ў міры і пакаянні правесці ў Госпада просім.
Хрысціянскага сканчэння жыцця нашага, бязбольнага, непасаромленага, мірнага, і добрага адказу на Страшным судзе Хрыстовым просім.
Прасвятую, Прачыстую, Найблагаславеннейшую, слаўную Уладычыцу нашу Багародзіцу і заўжды Дзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.
Хор: Табе, Госпадзі.
Свяшчэннік: Шчодрасцямі Адзінароднага Сына Твайго, з Якім благаславёны Ты з Прасвятым і Добрым, і Жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Свяшчэннік: Мір усім!
Хор: І духу твайму.
Дыякан: Узлюбім адзін аднаго, каб у аднадумнасці вызнаваць.
Хор: Айца і Сына, і Святога Духа – Троіцу Адзінасутную і Нераздзельную.
Дыякан: Дзверы, дзверы! Да прамудрасці будзем уважлівымі.
Сімвал веры
Хор: Верую/ у Адзінага Бога Айца, Уседзяржыцеля,/ Тварца неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага./ І ў адзінага Госпада Іісуса Хрыста, Сына Божага,/ Адзінароднага, ад Айца народжанага перад усімі вякамі;/ Святло ад Святла, Бога ісціннага ад Бога ісціннага,/ народжанага, не створанага, адзінасутнага з Айцом, праз Якога ўсё сталася./ Які дзеля нас, людзей, і дзеля нашага спасення сышоў з нябёс/ і ўцялесніўся ад Духа Святога і Дзевы Марыі, і стаў чалавекам./ Быў распяты за нас пры Понціі Пілаце,/ і пакутаваў, і быў пахаваны. І ўваскрэс на трэці дзень згодна з Пісаннем./ І ўзышоў на нябёсы, і сядзіць праваруч Айца. / І зноў прыйдзе ў славе судзіць жывых і мёртвых, і Яго Царству не будзе канца./ I ў Духа Святога, Госпада, Жыватворчага, што ад Айца зыходзіць,/ што з Айцом і Сынам разам пакланяемы і славімы, што гаварыў праз прарокаў./ У адзіную Святую Саборную і Апостальскую Царкву./ Вызнаю адно хрышчэнне для адпушчэння грахоў./ Чакаю ўваскрасёння мёртвых/ і жыцця будучага веку. Амінь.
Дыякан: Станем добра, станем са страхам, будзем уважлівымі, каб святое прынашэнне ў міры прыносіць.
Хор: Міласць міру, ахвяру хвалення.
Свяшчэннік: Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста і любоў Бога і Айца, і супольнасць Святога Духа няхай будуць з усімі вамі.
Хор: І з духам тваім.
Свяшчэннік: Угару ўзнімем сэрцы.
Хор: Мы ўзнялі да Госпада.
Свяшчэннік: Падзякуем Госпаду.
Хор: Дастойна і праведна ёсць пакланяцца Айцу і Сыну, і Святому Духу – Троіцы Адзінасутнай і Нераздзельнай.
Свяшчэннік: Пераможную песню спяваючы, выгукваючы, усклікаючы і прамаўляючы:
Хор: Святы, Святы, Святы Гасподзь Саваоф, напоўнены неба і зямля славы Тваёй. Асанна ў вышніх! Благаславёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе, асанна ў вышніх.
Свяшчэннік: Прыміце, ежце, гэта ёсць Цела Маё, за вас ламімае дзеля адпушчэння грахоў.
Хор: Амінь.
Свяшчэннік: Піце з яе ўсе, гэта ёсць Кроў Мая Новага Запавету, за вас і за многіх праліваемая дзеля адпушчэння грахоў.
Хор: Амінь.
Свяшчэннік: Тваё ад Тваіх Табе прыносім па ўсіх і за ўсё.
Хор: Цябе апяваем, Цябе благаслаўляем, Табе дзякуем, Госпадзі, і молімся Табе, Божа наш.
Свяшчэннік: Асабліва за Прасвятую, Прачыстую, Найблагаславеннейшую, слаўную Уладычыцу нашу Багародзіцу і заўжды Дзеву Марыю.
Хор: Дастойна ёсць сапраўды ўблажаць Цябе, Багародзіцу, заўжды блажэнную і найчысцейшую, і Маці Бога нашага. Пачэснейшую за Херувімаў і непараўнальна слаўнейшую за Серафімаў, што непарушанаю нарадзіла Бога Слова, Існую Багародзіцу, Цябе велічаем.
[На літургіі св. Васілія Вялікага замест “Дастойна ёсць...” спяваем:
Табою радуецца, Благадатная, усякае стварэнне – ангельскі сабор і чалавечы род; асвячоны храме і раю духоўны, дзеў пахвала, ад Цябе Бог уцялесніўся і стаў дзіцяткам Той, Хто спрадвечна Бог наш; бо Ён улонне Тваё прастолам зрабіў і чэрава Тваё шырэйшым за нябёсы ўчыніў. Табою радуецца, Благадатная, усякае стварэнне, Слава Табе!]
Свяшчэннік: Найперш памяні, Госпадзі, Вялікага Спадара і Айца нашага Аляксія, Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, і Спадара нашага Высокапраасвяшчэннейшага Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, і захавай іх для Святых Тваіх Цэркваў у міры, цэласці, пашане, добрым здароўі, даўгалецці і каб яны правільна выкладалі слова Тваёй ісціны.
Хор: І ўсіх, і ўсіх.
Свяшчэннік: І няхай будуць міласці Вялікага Бога і Збавіцеля нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі.
Хор: І з духам тваім.
Прасіцельная екцення
Дыякан: Усіх святых памянуўшы, яшчэ і яшчэ ў міры Госпаду памолімся.
За прынесеныя і асвячоныя пачэсныя Дары Госпаду памолімся.
Каб чалавекалюбны Бог наш, прыняўшы іх на святы і наднябесны і духоўны Свой ахвярнік, як пах водару духоўнага, паслаў нам Бажэственную благадаць і дар Святога Духа, памолімся.
Каб пазбавіцца нам ад усякага гора, гневу і нястачы, Госпаду памолімся.
Заступі, збаў, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.
Каб увесь дзень быў дасканалым, святым, мірным і бязгрэшным, у Госпада просім.
Ангела міру, вернага настаўніка, ахоўніка душ і целаў нашых у Госпада просім.
Прабачэння і адпушчэння грахоў і правіннасцяў нашых у Госпада просім.
Добрага і карыснага душам нашым і міру для свету ў Госпада просім
Астатні час жыцця нашага ў міры і пакаянні правесці ў Госпада просім.
Хрысціянскага сканчэння жыцця нашага, бязбольнага, непасаромленага, мірнага, і добрага адказу на Страшным судзе Хрыстовым просім.
Адзінства веры і супольнасці Святога Духа папрасіўшы, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.
Хор: Табе, Госпадзі.
Свяшчэннік: І спадобі нас, Уладару, каб мы з адвагаю, неасуджана* смелі заклікаць Цябе, нябеснага Бога Айца, і прамаўляць:
Ойча наш
Хор: Ойча наш,/ Які ёсць на нябёсах!/ Няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Царства Тваё, / няхай будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі./ Хлеб наш надзённы дай нам сёння;/ і даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым;/ і не ўвядзі нас у спакусу,/ але збаў нас ад злога.
Свяшчэннік: Бо Тваё ёсць Царства і сіла, і слава – Айца і Сына, і Святога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Свяшчэннік: Мір усім.
Хор: І духу твайму.
Дыякан: Галовы вашы перад Госпадам схіліце.
Хор: Табе, Госпадзі.
Свяшчэннік: Благадаццю і шчодрасцямі, і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, с Якім Ты благаславёны з Прасвятым і Добрым і Жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Дыякан: Будзем уважлівымі!
Свяшчэннік: Святое – святым!
Хор: Адзін Святы, адзін Гасподзь Іісус Хрыстос, на славу Бога Айца. Амінь.
Хор: Хваліце Госпада з нябёс, хваліце Яго ў вышніх. Алілуя (тройчы).
У дні памяці святых:
У вечнай памяці будзе праведнік, нядобрай славы не ўстрашыцца. Алілуія (тройчы).
Прычашчэнне веруючых
Пасля прычашчэння свяшчэннаслужыцеляў, царскія вароты адкрываюцца, свяшчэннік і дыякан выходзяць з алтара, дыякан трымае ў руках Святую Чашу і заклікае:
Дыякан: Са страхам Божым і вераю прыступіце.
Хор: Благаславёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе, Бог ёсць Гасподзь, і Ён явіўся нам.
Тыя, хто падрыхтаваўся да прычасця, склаўшы крыжападобна рукі, прыступаюць да Святых Тайн і вызнаюць сваю веру ў наступнай малітве:
Свяшчэннік: Верую, Госпадзі, і вызнаю, што Ты сапраўды Хрыстос, Сын Бога Жывога, што Ты прыйшоў у свет грэшных збавіць, з якіх першы – я. Яшчэ верую, што гэта Само Прачыстае Цела Тваё і гэта Сама Пачэсная Кроў Твая. Таму малюся Табе: памілуй мяне і прабач мне правіннасці мае, вольныя і міжвольныя, у словах, у справах, свядомыя і несвядомыя; і спадобі мяне неасуджана прычасціцца Прачыстых Тваіх Тайн, дзеля адпушчэння грахоў і дзеля жыцця вечнага. Амінь.
Вячэры Тваёй Тайнай сёння, Сыне Божы, як удзельніка мяне прымі, бо ворагам Тваім я не выдам тайны і не дам Табе пацалунка, як Іуда, але, як разбойнік, вызнаю Цябе: памяні мяне, Госпадзі, у Царстве Тваім. Няхай не ў суд і не ў асуджэнне будзе мне прычашчэнне Святых Тваіх Тайн, Госпадзі, а дзеля ацалення душы і цела. Амінь.
Пад час прычашчэння веруючых хор спявае:
Хор: Цела Хрыстова прыміце, з Крыніцы несмяротнай спажывіце. Алілуія, алілуія, алілуія.
Свяшчэннік: Збаў, Божа, люзей Тваіх і благаславі наследдзе Тваё.
Хор: Мы ўбачылі святло ісцінае, прынялі Духа Нябеснага, знайшлі веру ісціную, Нераздзельнай Троіцы пакланяемся, бо Яна збавіла нас.
Свяшчэннік: Заўжды, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь. Няхай напоўняцца вусны нашы хваленнем Цябе, Госпадзі, каб мы апявалі славу Тваю, бо Ты спадобіў нас прычасціцца Святых Тваіх Бажэственных, Несмяротных і Жыватворчых Тайнаў. Захавай нас у Тваім асвячэнні, штодзень навучацца праўдзе Тваёй. Алілуія, алілуія, алілуія.
Екцення падзякі за прычашчэнне
Дыякан: Станьце прама. Прыняўшы Бажэственныя, Святыя, Прачыстыя, Несмяротныя, Нябесныя і Жыватворчыя, Страшныя Хрыстовы Тайны, належна падзякуем Госпаду.
Заступі, збаў, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.
Папрасіўшы, каб дзень гэты быў дасканалым, святым, мірным і бязгрэшным, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.
Хор: Табе, Госпадзі.
Свяшчэннік: Бо Ты асвячэнне наша, і Табе славу ўзносім – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Свяшчэннік: З мірам выйдзем.
Хор: У імя Гасподняе.
Дыякан: Госпаду памолімся.
Хор: Госпадзі, памілуй.
Заамвонная малітва
Свяшчэннік: Ты благаслаўляеш тых, хто благаслаўляе Цябе, Госпадзі, і асвячаеш тых, хто спадзяецца на Цябе! Збаў людзей Тваіх і благаславі наследдзе Тваё; паўнату Царквы Тваёй захавай; асвяці тых, хто любіць красу дома Твайго; праслаў іх за гэта Бажэственнаю Тваёю сілаю і не пакінь нас, якія спадзяемся на Цябе. Мір свету Твайму дай, цэрквам Тваім, свяшчэннікам, воінству і ўсім людзям Тваім. Бо ўсякае добрае даянне і ўсякі дасканалы дар даецца звыш і сыходзіць ад Цябе, Айца свяцілаў, і Табе славу, падзяку, і пакланенне ўзносім – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь. Няхай будзе імя Гасподняе благаславёным цяпер і давеку (тройчы).
Псалом 33-ці
Благаслаўлю Госпада на ўсякі час, заўжды хвала Яму ў вуснах маіх. Госпадам будзе хваліцца душа мая, хай пачуюць лагодныя і ўзвесяляцца. Велічайце Госпада са мною і ўзнясем імя Яго разам. Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне, і ад усіх бед маіх збавіў мяне. Прыступіце да Яго і прасвятліцеся, і абліччы вашы не будуць пасаромлены. Вось убогі паклікаў, і Гасподзь пачуў яго, і ад усіх бед яго збавіў яго. Стаіць на варце Ангел Гасподні вакол тых, што баяцца Яго, і збаўляе іх. Зведайце і ўбачыце, які добры Гасподзь; блажэнны чалавек, які спадзяецца на Яго. Бойцеся Госпада, усе святыя Яго, бо не маюць нястачы тыя, што баяцца Яго. Багатыя збяднелі і згаладаліся, а тыя, што шукаюць Госпада, не маюць нястачы ні ў якім дабры. Прыйдзіце, дзеці, паслухайце мяне, страху Гасподняму навучу вас. Які той чалавек, што хоча жыць і любіць бачыць добрыя дні? Стрымлівай язык свой ад зла і вусны свае ад каварных слоў. Ухіляйся ад зла і рабі дабро; шукай міру і следуй за ім. Вочы Гасподнія – на праведных, і вушы Яго – да малітвы іх. Аблічча ж Гасподняе супраць тых, хто робіць зло, каб знішчыць на зямлі памяць пра іх. Паклікалі праведныя, і Гасподзь пачуў іх, і ад усіх бед іх збавіў іх. Блізкі Гасподзь да скрушаных сэрцамі і пакорлівых духам Ён збавіць. Многа бед у праведных, і ад усіх іх збавіць іх Гасподзь. Захоўвае Ён усе косці іх і ніводная з іх не зламаецца. Смерць грэшнікаў лютая, і хто ненавідзець праведнага, тыя грашаць. Збавіць Гасподзь душы рабоў Сваіх; і не саграшаць усе, хто спадзяецца на Яго.
Свяшчэннік: Благаславенне Гасподняе на вас Яго благадаццю і чалавекалюбствам заўжды, цяпер і заўсёды і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Свяшчэннік: Слава Табе, Хрысце Божа, надзея наша, слава Табе.
Хор: Слава Айцу і Сыну, і Святому Духу, і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. Госпадзі памілуй (тройчы). Благаславі.
Адпуст
Свяшчэннік: [Уваскрэслы з мёртвых] Хрыстос, ісціны Бог наш, малітвамі Прачыстае Свае Маці, святых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, святога айца нашага Іаана Златавуснага, архіепіскапа Канстанцінопальскага, і святога (храма і святога, памяць якога ў гэты дзень), святых і праведных богаайцоў Іаакіма і Анны і ўсіх святых, памілуе і збавіць нас, бо Ён Добры і Чалавекалюбны.
Хор: Вялікага Спадара і айца нашага Кірыла, Свяцейшага патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, і Спадара нашага Высокапраасвяшчэннейшага Веніямiна, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, [і Спадара нашага (Высока)праасвяшчэннейшага (імя), (архі)епіскапа (тытул яго)], настаяцеля, брацію і прыхаджан святога гэтага храма і ўсіх праваслаўных хрысціян, Госпадзі, захавай іх на многія леты.