29 снежня 2015 года cвятар прыхода царквы Сабора Усіх Беларускіх Святых іярэй Дзмітрый Ляўчук наведаў прэзентацыю кнігі Андрэя Чарнякевіча “Нараджэнне беларускай Гародні”.
Падзея выклікала вялікую цікавасьць. У памяшканні “Крамы Ц” не было дзе стаяць. Каля дзьвярэй на Вялікай Троіцкай мусілі чакаць тыя, хто не трапіў у залю. Мінакі цікавіліся: што тут адбываецца? «Нараджэнне беларускай Гародні» – так называецца новая кніга Андрэя Чарнякевіча, вядомага беларускага гісторыка і дацэнта дэпартамента гісторыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Назва кнігі, безумоўна, інтрыгуючая і правакацыйная. Гаворка ў ёй ідзе пра паўстанне беларускай свядомасці як з’явы нацыянальнага маштабу, што стала неабходнай перадумовай для пераходу да мэтанакіраванай барацьбы за нацыянальнае існаванне.
Новая кніга трапна акрэслівае і паказвае тыя супярэчлівыя варункі эпохі, у якіх павінны былі прабіваць сабе дарогу першыя носьбіты беларускай самасвядомасці, якія звычайна паходзілі з хутароў і вёсак. Тут выдатна адлюстроўваецца атмасфера часу, у якой існавалі беларускія дзеячы, а таксама паказваецца жорсткая канкурэнцыя за розумы ў варунках ціску з боку прарасійскіх і прапольскіх колаў у грамадстве.
Іярэй Дзмітрый Ляўчук