У аўторак першага тыдня Вялікага посту на вялікім павячэр’і
Песня 1
Ірмос: Памочнік і Абаронца стаў мне на спасенне: Ён — мой Бог, і буду славіць Яго, Ён — Бог айца майго, і буду ўзносіць Яго, бо са славаю Ён праслаўлены.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Каінава пераўзышоўшы забойства, я па сваёй волі зрабіўся забойцам сумлення душы, жывячы плоць і ваюючы супраць душы ліхімі маімі дзеяннямі.
З Авелем, Іісусе, я не зраўняўся ў праведнасці, ні дароў Табе прыемных не прыносіў я ніколі, ні спраў богаўгодных, ні ахвяры чыстай, ні жыцця беззаганнага.
Як Каін, так і мы з табой разам, душа злашчасная, Стварыцелю ўсяго прынеслі ахвяру заганную — і справы нячыстыя, і жыццё нягоднае; за гэта і асуджаны.
Гліну ажывіўшы, Стварыцель, Ты даў мне плоць і косці, дыханне і жыццё; але, Тварэц мой, Збавіцель мой і Суддзя, у пакаянні прымі мяне!
Адкрываю перад Табою, Спасіцель, грахі, якія зрабіў я, і душы і цела майго раны, якія злачынна нанеслі мне ўнутраныя згубныя памышленні.
Хоць і саграшыў я, Спасіцель, але ведаю, што Ты Чалавекалюбец: караеш спагадліва і мѕлуеш сардэчна, бачыш таго, хто плача, і спяшаешся, як бацька, паклікаць згубленага.
Слава, Троічны: Звыш існая Троіца, у Адзінстве пакланяемая, здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае і, як Міласэрная, дай мне слёзы жалю.
І цяпер, Багародзічны: Багародзіца, Надзея і Абарона тых, хто апявае Цябе! Здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае, і як Уладычыца Чыстая ў пакаянні прымі мяне.
Песня 2
Ірмос: Пачуй, неба, я буду абвяшчаць і апяваць Хрыста, Які з Дзевы прышоў у плоці.
Пашыў і мне грэх скураную вопратку, зняўшы з мяне першае Богам сатканае адзенне.
Апрануты я ў адзежу сораму, як лісцем смакоўніцы, што выкрывае мае самавольныя пажаднасці.
Апрануўся я ў адзежу, агідна заплямленую і мярзотна акрываўленую выцяканнямі пажадлівага і сласталюбнага жыцця.
Паддаўся я згубным пажаднасцям і разбуральным звычкам, і таму вораг цяпер прыгнятае мяне.
Перавагу аддаўшы жыццю, прывязанаму да рэчаў і набыткаў, замест бескарыслівасці, Спасіцель, цяпер я пад цяжкім ярмом знаходжуся.
Упрыгожыў я куміра плоці каляровай аздобаю нячыстых памышленняў і цярплю асуджэнне.
Пра адно толькі знешняе ўбранства паклапаціўся я старанна, у занядбанні пакінуўшы ўнутраную богападобную скінію.
Пахаваў я пажаднасцямі сваімі прыгажосць першатворнага вобраза, Спасіцель, але Ты, як некалі драхму, шукаючы, знайдзі яе.
Саграшыў я і як блудніца ўсклікаю да Цябе: "Адзін я саграшыў перад Табою, але прымі, Спасіцель, як міра, мае слёзы!"
"Міласцівы будзь, — як мытнік усклікаю да Цябе, — Міласцівы будзь да мяне, Спасіцель, бо ніхто з дзяцей Адама так, як я, не саграшыў перад Табою!"
Слава, Троічны: Цябе, Адзінага ў трох Асобах Бога ўсіх, апяваю: Айца, і Сына, і Духа Святога.
І цяпер, Багародзічны: Прачыстая Багародзіца Дзева, адзіная ўсімі апяваемая, маліся старанна, каб спасцѕся нам.
Песня 3
Ірмос: Умацуй, Госпадзі, на камені запаведзяў Тваіх няўстойлівае сэрца маё, бо адзіны Ты Святы і Гасподзь.
Крыніцу жыцця знайшоў я ў Табе — Пераможцы смерці, і ўсклікаю да Цябе ад сэрца майго, пакуль яшчэ не канец: "Саграшыў я, змілуйся і спасі мяне!"
Саграшыў я, Госпадзі, саграшыў перад Табою! Змілуйся нада мною: бо няма грэшніка сярод людзей, якога б я не пераўзышоў саграшэннямі.
Падобнае тым, якія ў часы Ноя блудадзейнічалі, рабіў я, Спасіцель, і успадкаваў пакаранне іх: у патопе патапленне.
Падобнае Хаму, які бацьку зняважыў, рабіла ты, душа: не закрыла ты сораму бліжняга, тварам назад адвярнуўшыся.
Як пажару Лот, пазбягай, душа мая, граху, уцякай ад Садома і Гаморы, пазбягай полымя ўсякага бяздумнага жадання.
Памілуй, Госпадзі, памілуй мяне, усклікаю да Цябе, калі прыйдзеш з Ангеламі Тваімі, каб усім адплаціць належнае паводле спраў іх.
Слава, Троічны: Троіца простая, не створаная, беспачатная Істота, апяваемая ў Трох Іпастасях, спасі нас, якія з вераю пакланяемся ўладзе Тваёй.
І цяпер, Багародзічны: Ад Айца раней часоў народжанага Сына Ты ў часе нарадзіла, Божая Радзіцелька, не спазнаўшы мужа, — о дзіўны цуд, — Дзеваю застаючыся і малаком кормячы.
Песня 4
Ірмос: Пачуў прарок прышэсце Тваё, Госпадзі, і ўстрашыўся, што Ты хочаш з Дзевы нарадзіцца і людзям явіцца, і сказаў: "Пачуў я вестку Тваю, і ўстрашыўся". Слава сіле Тваёй, Госпадзі!
Не спі, душа мая, дасканалься, як вялікі сярод патрыярхаў, каб дасягнуць табе дзеяння з разуменнем, каб узбагаціцца розумам, які бачыць Бога, і пранікнуць у непрыступны змрок сузіраннем, і набыць скарб вялікі.
Дванаццаць патрыярхаў вялікі сярод патрыярхаў нарадзіўшы, таямніча ўсталяваў для цябе, душа мая, лесвіцу дзейнага ўзыходжання, прамудра размясціўшы дзяцей, як аснаванне, як прыступкі для ўзыходжання.
Па прыкладу Ісава ненавіснага аддала ты, душа, свайму спакусніку першародства першаснай прыгажосці, і бацькоўскае благаславенне страціла, і дваяка паддалася спакусе, няшчасная: дзеяннем і розумам; таму цяпер пакайся.
Эдомам Ісаў быў празваны за крайнюю да жанчын пажадлівасць: бо няўстрыманасцю заўсёды палаючы і сласталюбствам апаганьваючыся, ён быў іменаваны Эдомам, што азначае:"распаленне душы грэхалюбнай".
Пра Іава на гноішчы пачуўшы, і пра яго апраўданне, ты, душа мая, не ўзяла з яго прыкладу мужнасці, не мела ты цвёрдай волі ва ўсім, што спазнала, што зазнала, але аказалася нецярпліваю.
Той, які быў раней на троне, — цяпер голы, на гноішчы, у язвах; багаты дзецьмі і знакаміты стаў раптоўна бяздзетным і бяздомным; але харомамі сваімі лічыў ён гноішча, а язвы — камянћмі каштоўнымі.
Слава, Троічны: Нераздзельнае Істотаю і нязлітнае ў Асобах, Троічнае Адзінае Бажаство, Табою, Адзінацарственнае і Супрастольнае, я навучаюся богапазнанню. Спяваю Табе песню велічную, якая ў вышнім свеце тройчы спяваецца.
І цяпер, Багародзічны: І нараджаеш Ты, і застаешся Дзеваю, і захоўваеш у тым і ў другім прыродную дзявоцкасць; Народжаны з Цябе абнаўляе законы прыроды: і ўлонне дзявоцкае нараджае. Дзе жадае Бог, там пераадольваецца прыродны парадак, бо Ён робіць усё, як жадае.
Песня 5
Ірмос: Мяне, што з ночы не перастаю апяваць Цябе, Чалавекалюбец, прасвятлі, малюся, і настаў мяне на выкананне запаведзяў Тваіх, і навучы мяне, Спасе, здзяйсняць волю Тваю.
Пра Маісея чула ты, душа, як у старажытнасці яго ў кошыку, быццам у хораме, па вадзе насіла хвалямі рэчкі, і пазбег ён горкага бедства, задуманага фараонам.
Пра баб-павітух чула ты, няшчасная душа, што павінны былі некалі забіваць немаўлят мужчынскага полу — плод цнатлівасці; таму цяпер, як вялікі Маісей, пі малако прамудрасці.
Як Маісей вялікі егіпцяніна, ты, няшчасная душа, не забіла таго, што калечыць розум; як жа ты, скажы, паселішся ў пустыні страсцей праз пакаянне?
У пустыні пасяліўся вялікі Маісей; ідзі ж і ты, душа, рабі па прыкладу яго жыцця, каб і табе прысутнічаць пры сузіранні Богаяўлення ў цярновым кусце.
Маісеева жазло, якое стукнула па моры і адкрыла глыбіню, уяўляй, душа, як вобраз Крыжа Божага, якім зможаш і ты вялікае здзейсніць.
Аарон прыносіў Богу ў агні беззаганнае, чыстае; а Афні і Фінеес прыносілі як і ты, душа, чужаснае для Бога нячыстае жыццё.
Слава, Троічны: Цябе, Троіца, мы славім, Адзінага Бога: "Святы, святы, святы Ты: Айцец, Сын і Дух”, — простая Істота, Адзінства заўсёды пакланяемае.
І цяпер, Багародзічны: З Цябе, непарушаная, бязмужняя МаціДзева, увасобіўся паводле майго складу Бог, Які стварыў вякі, і злучыў з Сабою чалавечую прыроду.
Песня 6
Ірмос: Я ўсклікнуў усім сэрцам маім да міласэрнага Бога, і пачуў Ён мяне з пекла апраметнага, і вывеў з пагібелі жыццё маё.
Хвалі, Спасіцель, грахоў маіх, як у Чырвоным моры, вярнуўшыся, раптам пакрылі мяне, як некалі егіпцян і іх коннікаў.
Неразумны твой выбар, душа, як у Ізраіля ў старажытнасці: бо замест божай манны ты аддала перавагу бяздумнаму, сласталюбнаму насычэнню страсцямі.
Калодзежам хананейскіх памышленняў аддала перавагу ты, душа, замест каменя з жылаю вады, з якога рэчка прамудрасці, нібы чаша, пралівае струмяні багослоўя.
Свіному мясу, і катлам, і егіпецкай ежы аддала перавагу ты, душа мая, замест нябеснай ежы, як некалі бяздумны народ у пустыні.
Калі стукнуў Маісей, раб Твой, жазлом аб камень, ён вобразна прадвыявіў жыватворчыя рэбры Твае, з якіх усе мы, Спасіцель, чэрпаем піццё сапраўднага жыцця.
Даследуй, душа, як Іісус Навін, і пабач абетаваную зямлю, якая яна, і пасяліся ў ёй праз выкананне закона.
Слава, Троічны: "Я ёсць Троіца простая, нераздзельная, адрозная ў Асобах, і Адзінства Я ёсць, злучанае па прыродзе", — Айцец абвяшчае, і Сын, і Бажэственны Дух.
І цяпер, Багародзічны:
Улонне Тваё нарадзіла нам Бога, Які прыняў наш вобраз; Яго ж як Тварца ўсяго малі, Багародзіца, каб нам па малітвах Тваіх апраўдацца.
Госпадзі, памілуй (3). Слава, і цяпер: Кандак, глас 6
Душа мая, душа мая, / паўстань, што спіш ты? / Канец набліжаецца, / і ты моцна збянтэжышся. / Уздыміся ж, / каб злітаваўся над табою Хрыстос Бог, // Які ўсюды прысутны і ўсё напаўняе.
Песня 7
Ірмос: Саграшылі мы, учынілі беззаконне, няпраўду перад Табою, і не захавалі, і не выканалі таго, што Ты запаведаў нам. Але не пакінь нас да канца, айцоў Божа!
Калі везлі на калясніцы каўчэг, і цялец у бок павярнуў, то Оза, толькі дакрануўшыся да каўчэга, зазнаў на сабе гнеў Божы; таму пазбягай яго дезёрзкасці, душа, ушаноўвай Бажэственнае са страхам.
Ты чула пра Авесалома, як ён супраць прыроды паўстаў; ведаеш пра яго мярзотныя ўчынкі, якімі ён апаганіў ложа бацькі свайго Давіда. Але ты сама рабіла па прыкладу яго пажадлівых і сласталюбных памкненняў.
Скарыла ты свабодную сваю годнасць целу твайму, бо знайшоўшы іншага Ахітафела — ворага, ты, душа, схілілася да яго парадаў; але іх разбурыў Сам Хрыстос, каб ты ўратавалася поўнасцю.
Саламон цудоўны і поўны благадаці прамудрасці некалі злое перад Богам учыніўшы, адступіўся ад Яго. Да яго ты сама, душа, зрабілася падобнай жыццём сваім, пракляцця вартым.
Асалодамі страсцей сваіх захоплены, Саламон апаганіўся. На жаль, раўнівец прамудрасці зрабіўся раўніўцам распутных жанчын і стаў чужасным для Бога. Ты сама, душа, рабіла падобнае яму ў розуме агіднай сласталюбнасцю.
Да Раваама падобнай стала ты, душа, бо ён не паслухаўся бацькоўскіх парадаў, а таксама падобнай і да найгоршага раба, Іераваама, даўняга мяцежніка. Але адкінь падабенства ім і ўсклікай да Бога: "Саграшыла я, злітуйся нада мною!"
Слава, Троічны: Бог Троіца апяваецца як Троіца Простая, Нераздзельная, Адзінасутная і Адзіная Істотаю, як Светачы і Святло, як Святыя тры і адзінае Святое; таму апявай, праслаўляй, душа, Жыццё і Жыццѕ — усіх Бога.
І цяпер, Багародзічны:
Апяваем Цябе, благаслаўляем Цябе, пакланяемся Табе, Богарадзіцелька, бо нарадзіла Ты Адзінага з Нераздзельнай Троіцы — Хрыста Бога і Сама адкрыла нам, якія жывуць на зямлі, нябеснае.
Песня 8
Ірмос: Яго воінствы нябесныя славяць, і перад Ім трымцяць Херувімы і Серафімы; кожнае дыханне і стварэнне, апявайце, благаслаўляйце і ўзносьце Яго на ўсе вякі!
Ты па прыкладу Азѕі, душа, зрабіўшы, носіш яго праказу ў сабе падвойную, бо пра нягоднае думаеш і беззаконнае робіш. Пакінь тое, чаго трымаешся, і звярніся да пакаяння.
Пра ніневііцянаў чула ты, душа, як пакаяліся яны перад Богам у рубішчы і попеле, па іх прыкладу ты не зрабіла, а аказалася горшай за ўсіх, хто саграшыў да закона і пасля закона.
Ты чула пра Іерамію, душа, які ў рове з граззю з рыданнямі ўсклікаў да горада Сіёна і слёз шукаў; пераймай яго слёзнае жыццё і атрымаеш спасенне.
Іона ў Фарсіс пабег, прадбачачы навяртанне ніневіцян: бо ён ведаў, будучы прарокам, міласэрнасць Божую, і таму раўнівасцю палымнеў, каб не з’явілася прароцтва лжывым.
Чула ты, душа, як Данііл у рове закрыў пашчы звяроў; даведалася ты, як юнакі разам з Азарыяй пагасілі вераю полымя распаленай печкі.
Са Старога Запавета ўсіх я прывёў табе, душа, у прыклад, рабі падобна богаўгодным справам праведных, і, наадварот, пазбягай грахоў ліхіх людзей.
Слава, Троічны: Беспачатны Ойча, Сыне субеспачатны, Уцяшыцелю Добры, Дух праведны; Слова Божага Бацька, Айца Беспачатнага Слова, Дух жывы і стваральны, Троіца Адзіная, памілуй мяне.
І цяпер, Багародзічны: Нібы з пурпурнага складу, Прачыстая, духоўная парфіра — плоць Эмануіла ўнутры ўлоння Твайго саткалася; таму мы Цябе, ісцінную Багародзіцу, ўшаноўваем.
Песня 9
Ірмос: Нараджэнне зачатага без семені — неспасціжнае; Плод Маці, не спазнаўшай мужа, — беззаганны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем.
Хрыстос быў спакушаны: дыявал спакушаў Яго, паказваючы камяні, каб Ён ператварыў іх у хлябы; узвёў Яго на гару, каб убачыў усе царствы свету ў адно імгненне; бойся, душа, пасткі такой, не спі і маліся ўвесь час Богу.
Горліца пустынелюбная, голас таго, хто кліча, Хрыстоў свяцільнік усклікаў, прапаведуючы пакаянне; але Ірад з Ірадыядай чынілі беззаконне; глядзі, душа мая, не заблытайся ў сетках беззаконнікаў, а ўзлюбі пакаянне.
У пустыні пасяліўся благадаці Прадцеча, і з усёй Іудзеі і Самарыі сыходзіліся слухаць яго і спавядаліся ў грахах сваіх, хрышчэнне прымаючы рупліва. Але ты не рабіла па іх прыкладу, душа.
Шлюб — пачэсны і ложа — неапаганенае, таму што Хрыстос іх некалі благаславіў, плоццю ежу спажываючы, і ў Кане на вяселлі ваду ў віно ператвараючы, і першы гэты цуд здзяйсняючы, каб ты перамянілася, душа.
Спаралізаванага ўмацаваў Хрыстос, і той пасцель сваю ўзяў, і юнака памерлага ўзняў сына ўдавы, таксама — і слугу сотніка; і самаранцы адкрыў Сябе, праз гэта ў Духу служэнне Богу табе, душа, прадвызначыў.
Тую, што мела кровацячэнне, ацаліў дакрананнем да краю вопраткі Гасподзь, пракажоных ачысціў, сляпых і кульгавых, прасвятліўшы, выправіў, глухіх жа і нямых, і сагнутую ацаліў словам, каб ты імкнулася спасціся, няшчасная душа.
Слава, Троічны: Айца праславім, Сыну хвалу ўзнясём, Бажэственнаму Духу з вераю паклонімся — Троіцы нераздзельнай, Адзінай Істотаю, як Святлу і Светачам, і Жыццю і Жыццям, што дае жыццё і прасвятляе краі свету.
І цяпер, Багародзічны: Горад Твой захоўвай, Богарадзіцелька Прачыстая, бо пад Тваёй аховай ён з вераю цапарствуе, і Табою ўмацоўваецца, і Тваім спрыяннем адольвае ўсякае выпрабаванне, і скарае ворагаў, і трымае іх у паслушэнстве.
Прыпеў: Прападобны ойча Андрэе, малі Бога за нас.
Андрэе дастахвальны і ойча найблажэннейшы, пастыр Крыцкі, не пераставай маліцца за тых, хто апявае цябе, каб пазбавіцца нам ад гневу, і гора, і разбурэння, і саграшэнняў бязмерных, ушаноўваючы тваю памяць з вераю.
Ірмос: Нараджэнне зачатага без семені — неспасціжнае; Плод Маці, не спазнаўшай мужа, — беззаганны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем.