У чацвер першага тыдня Вялікага посту на вялікім павячэр’і
Песня 1
Ірмос: Памочнік і Абаронца стаў мне на спасенне: Ён — мой Бог, і буду славіць Яго, Ён — Бог айца майго, і буду ўзносіць Яго, бо са славаю Ён праслаўлены.
Прыпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Агнец Божы, Які ўзяў на Сябе грахі ўсіх, здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае, і як Міласэрны, дай мне слёзы жалю.
Да Цябе прыпадаю, Іісусе, саграшыў я перад Табою, будзь міласцівы да мяне, здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае, і як Міласэрны, дай мне слёзы жалю.
Не паўстань на суд са мною, выносячы мае дзеянні, даследуючы словы і выкрываючы намеры; але па міласэрнасці Тваёй, нягледзячы на грахі мае цяжкія, спасі мяне, Усемагутны.
Пакаяння час! Прыходжу да Цябе, Стварыцеля майго: здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае, і як Міласэрны, дай мне слёзы жалю.
Багацце душы ў грахах растраціўшы, застаўся я без дабрадзейнасці і набожнасці, і, пакутуючы ад голаду, усклікаю: "Міласці Падацель, Госпадзі, спасі мяне!"
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Упакорыўшыся Хрыстовым бажэственным законам, ты да Яго наблізілася, пакінуўшы нястрымныя імкненні да асалоды, і дасягнула ўсіх дабрадзейнасцяў, як адной, з поўным благагавеннем.
Слава, Троічны: Звыш існая Троіца, у Адзінстве пакланяемая, здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае і, як Міласэрная, дай мне слёзы жалю.
І цяпер, Багародзічны: Багародзіца, Надзея і Абарона тых, хто апявае Цябе! Здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае, і як Уладычыца Чыстая ў пакаянні прымі мяне.
Песня 2
Ірмос: Глядзіце і ўбачце, што Я — Бог, Які манну, як дождж, паслаў і ваду з каменя праліў некалі ў пустыні людзям Маім дзясніцаю адзінаю і моцаю Маёю.
"Мужчыну я забіў — язва мне, і юнака — рана мне", — усклікаў, рыдаючы, Ламех; а ты не страпянулася нават, душа мая, запляміўшы плоць і апаганіўшы розум.
Вежу задумала ты збудаваць, душа, і цвярдыню ўздзвігнуць сваімі пажаднасцямі, калі б Тварэц не перашкодзіў задумам тваім і не зрынуў на зямлю намаганні твае.
Як жа падобны я да Ламеха, ранейшага забойцы, душу, як мужчыну, і розум, як юнака, забіўшы сласталюбнымі жаданнямі, а цела, як брата свайго, забіўшы, падобна Каіну-забойцу.
Дажджом праліў Гасподзь некалі агонь ад Госпада на беззаконне ярае і спаліў садомлян; ты ж распаліла агонь геены, у якім належыць табе, душа, быть спаленай.
Паранены я, пабіты; вось стрэлы ворага, якія працялі маю душу і цела, вось раны, язвы гнойныя, пераломы крычаць пра удары самавольных маіх пажаднасцей.
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Працягнула ты рукі свае да Міласэрнага Бога, Марыя, у бездані зол патанаючы, і, як Пятру, чалавекалюбна руку дапамогі Ён падаў табе, твайго навяртання ўсімі шляхамі шукаючы.
Слава, Троічны: Беспачатная, няствораная Троіца, нераздзельнае Адзінства, прымі мяне, які каецца, спасі мяне, які саграшыў, я — стварэнне Тваё, не пагарджай мною, але злітуйся і збаў мяне ад вогненнага асуджэння.
І цяпер, Багародзічны: Прачыстая Уладычыца, Божая Радзіцелька, Надзея тых, хто звяртаецца да Цябе, і Прыстанішча захопленых бураю, міласцівага Стварыцеля і Сына Твайго ўміласціві і да мяне малітвамі Тваімі.
Песня 3
Ірмос: Умацуй, Госпадзі, на камені запаведзяў Тваіх няўстойлівае сэрца маё, бо адзіны Ты Святы і Гасподзь.
Да Агары — старажытнай егіпцянкі, падобная ты, душа, зрабіўшыся рабой самавольства і нарадзіўшы новага Ісмаіла — дзёрзкасць.
Пра лесвіцу, што вядзе ад зямлі да неба і была паказана Іакаву, ведала ты, душа мая, чаму ж не дасягнула ты трывалага узыходжання — набожнасці?
Свяшчэнніка Божага і цара самотнага — як падбенства Хрыстовага жыцця ў свеце сярод людзей — прыклад пераймай.
Навярніся, зарыдай, душа няшчасная, пакуль яшчэ не дайшло да канца свята жыцця, пакуль не зачыніў дзверы хораму Гасподзь.
Не зрабіся стаўпом саляным, душа, азірнуўшыся назад, няхай страшыць цябе прыклад Садома: імкніся ўверх, ратуйся ў Сігоры.
Не адрынь маленні тых, хто апявае Цябе, Уладар, а злітуйся, Чалавекалюбец, і дай прабачэнне тым, што з вераю просяць.
Слава, Троічны: Троіца простая, не створаная, беспачатная Істота, апяваемая ў Трох Іпастасях, спасі нас, якія з вераю пакланяемся ўладзе Тваёй.
І цяпер, Багародзічны: Ад Айца раней часоў народжанага Сына Ты ў часе нарадзіла, Божая Радзіцелька, не спазнаўшы мужа, — о дзіўны цуд, — Дзеваю застаючыся і малаком кормячы.
Песня 4
Ірмос: Пачуў прарок прышэсце Тваё, Госпадзі, і ўстрашыўся, што Ты хочаш з Дзевы нарадзіцца і людзям явіцца, і сказаў: "Пачуў я вестку Тваю, і ўстрашыўся". Слава сіле Тваёй, Госпадзі!
Час жыцця майго кароткі і напоўнены пакутамі і заганамі; але ў пакаянні мяне прымі і да розуму прывядзі, каб не зрабіцца мне здабычаю і ежай для ворага, Ты Сам, Спасіцель, злітуйся нада мною.
У царскай годнасці, вянцом і парфіраю ўбраны, чалавек, які валодаў маёмасцю вялікай і быў праведным, меў багацце незлічонае і статкі, раптоўна збяднеўшы, багацце, славу і царства страціў.
Калі ж ён праведным быў і беззаганным больш за ўсіх, але не пазбегнуў подступаў і пастак падманшчыка, то ты, няшчасная грэхалюбная душа, што рабіць будзеш, калі так здарыцца і нешта нечаканае насцігне цябе?
Ганарлівы я цяпер у словах, дзёрзкі таксама і сэрцам у безразважнасці і марнасці; але не асудзі мяне разам з фарысеем, а пакорлівасць мытніка мне дай, адзіны Міласцівы, Суддзя праведны, з апошнім і мяняе залічы.
Саграшыў я, здзекваючыся над сасудам плоці маёй, ведаю гэта, Міласэрны; але ў пакаянні мяне прымі і да розуму прывядзі, каб не зрабіцца мне здабычаю і ежай для ворага, Ты Сам, Спасіцель, злітуйся нада мною.
У ідала я сам сябе ператварыў, пажаднасцямі душу сваю апаганіўшы, Міласэрны; але ў пакаянні мяне прымі і да розуму прывядзі, каб не зрабіцца мне здабычаю і ежай для ворага, Ты Сам, Спасіцель, злітуйся нада мною.
Не слухаў я голасу Твайго, не паслухаўся Пісання Твайго, Заканадавец; але ў пакаянні мяне прымі і да розуму прывядзі, каб не зрабіцца мне здабычаю і ежай для ворага, Ты Сам, Спасіцель, злітуйся нада мною.
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
У глыбіню вялікіх мярзот зацягнутая, не загразла ты ў іх, а ўзышла памышленнямі добрымі праз дзеянні да найвышэйшай дабрадзейнасці са славаю, Марыя, свет ангелаў здзівіўшы.
Слава, Троічны: Нераздзельнае Істотаю і нязлітнае ў Асобах, Троічнае Адзінае Бажаство, Табою, Адзінацарственнае і Супрастольнае, я навучаюся богапазнанню. Спяваю Табе песню велічную, якая ў вышнім свеце тройчы спяваецца.
І цяпер, Багародзічны: І нараджаеш Ты, і застаешся Дзеваю, і захоўваеш у тым і ў другім прыродную дзявоцкасць; Народжаны з Цябе абнаўляе законы прыроды: і ўлонне дзявоцкае нараджае. Дзе жадае Бог, там пераадольваецца прыродны парадак, бо Ён робіць усё, як жадае.
Песня 5
Ірмос: Мяне, што з ночы не перастаю апяваць Цябе, Чалавекалюбец, прасвятлі, малюся, і настаў мяне на выкананне запаведзяў Тваіх, і навучы мяне, Спасе, здзяйсняць волю Тваю.
Долу скурчанай прымі падабенства, душа, прыйдзі, прыпадзі да ног Іісуса, каб Ён вы прастаў цябе і ты роўна пайшла б па шляхах Гасподніх.
Хаця Ты і глыбокі калодзеж, Уладар, але пашлі для мяне струмяні з прачыстых Тваіх жыл, каб я, падобна самаранцы, наталѕўшыся, больш не меў смагі, бо струмяні жыцця Ты вытачаеш.
Сілаамам няхай будуць для мяне слезы мае, Уладару Госпадзі, каб амыў і я вочы сэрца майго і ўбачыў духоўным зрокам Цябе, Святло Спрадвечнае.
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
З непараўнальнай любоўю Дрэву Крыжа жадаючы пакланіцца, спадобілася ты жаданага; спадобі ж і мяне, усеблажэнная, дасягнуць вышэйшай славы.
Слава, Троічны: Цябе, Троіца, мы славім, Адзінага Бога: "Святы, святы, святы Ты: Айцец, Сын і Дух”, — простая Істота, Адзінства заўсёды пакланяемае.
І цяпер, Багародзічны: З Цябе, непарушаная, бязмужняя МаціДзева, увасобіўся паводле майго складу Бог, Які стварыў вякі, і злучыў з Сабою чалавечую прыроду.
Песня 6
Ірмос: Я ўсклікнуў усім сэрцам маім да міласэрнага Бога, і пачуў Ён мяне з пекла апраметнага, і вывеў з пагібелі жыццё маё.
Я, Спасіцель, згубленая ў Цябе некалі царская драхма; але, запаліўшы свяцільнік — Прадцечу Твайго, Слова, пашукай і знайдзі Твой вобраз.
Паўстань і змагайся, як Іісус з Амалікам, з плоцкімі пажаднасцямі, заўсёды перамагаючы і гавааніцянаў — падманныя помыслы.
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Каб полымя пажаднасцей патушыць, ручаі слёз няспынна пралівала ты, Марыя, душою палымнееючы; такую ж благадаць падавай і мне, твайму рабу.
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Бясстраснасці нябеснай дасягнула ты, маці, высокім жыццём на зямлі; таму маліся, каб і тым, хто апявае цябе, збавіцца ад пажаднасцей хадайніцтвамі тваімі.
Слава, Троічны: "Я ёсць Троіца простая, нераздзельная, адрозная ў Асобах, і Адзінства Я ёсць, злучанае па прыродзе", — Айцец абвяшчае, і Сын, і Бажэственны Дух.
І цяпер, Багародзічны:
Улонне Тваё нарадзіла нам Бога, Які прыняў наш вобраз; Яго ж як Тварца ўсяго малі, Багародзіца, каб нам по малітвах Тваіх апраўдацца.
Госпадзі, памілуй (3). Слава, і цяпер: Кандак, глас 6
Душа мая, душа мая, / паўстань, што спіш ты? / Канец набліжаецца, / і ты моцна збянтэжышся. / Уздыміся ж, / каб злітаваўся над табою Хрыстос Бог, // Які ўсюды прысутны і ўсё напаўняе.
Песня 7
Ірмос: Саграшылі мы, учынілі беззаконне, няпраўду перад Табою, і не захавалі, і не выканалі таго, што Ты запаведаў нам. Але не пакінь нас да канца, айцоў Божа!
Зніклі дні мае, як сон ад прабуджэння, таму, як Езекія я плачу на ложы маім, каб падоўжаны мне быў час жыцця; але які Ісаія пахадайнічае за цябе, душа, калі не Бог усіх?
Прыпадаю да Цябе і прыношу Табе, як слёзы, словы мае: "Саграшыў я, як не саграшыла блудніца і беззаконне ўчыніў, як ніхто іншы на зямлі; але памілуй, Уладару, стварэнне Тваё і пакліч мяне!"
Пахаваў я вобраз Твой і сказіў запаведзь Тваю, азмрочылася ўва мне ўся прыгажосць, і пажаднасцямі патушаны свяцільнік; але злітуйся, Спасіцель, і вярні мне радасць, як спявае Давід.
Звярніся, пакайся, адкрый схаванае, скажы Богу Усёзнаўцу: "Ты ведаеш мае тайны, адзіны Спасіцель; Сам жа памілуй мяне, як спявае Давід, па міласці Тваёй!"
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Усклікнуўшы да Прачыстай Багамаці, ты перш утаймавала буру ярых бушуючых пажаднасцей, і пасароміла ворага-падманшчыка; але цяпер падай дапамогу ў смутку і мне, рабу твайму.
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Таго, Якога ўзлюбіла ты, Якога пажадала, дзеля Якога ты плоць знясіліла, прападобная, малі цяпер Хрыста за рабоў, каб Ён, быў міласцівы да ўсіх нас, каб мірны стан даў усім, хто пакланяецца Яму.
Слава, Троічны: Бог Троіца апяваецца як Троіца Простая, Нераздзельная, Адзінасутная і Адзіная Істотаю, як Светачы і Святло, як Святыя тры і адзінае Святое; таму апявай, праслаўляй, душа, Жыццё і Жыцці — усіх Бога.
І цяпер, Багародзічны: Апяваем Цябе, благаслаўляем Цябе, пакланяемся Табе, Богарадзіцелька, бо нарадзіла Ты Адзінага з Нераздзельнай Троіцы — Хрыста Бога і Сама адкрыла нам, якія жывуць на зямлі, нябеснае.
Песня 8
Ірмос: Яго воінствы нябесныя славяць, і перад Ім трымцяць Херувімы і Серафімы; кожнае дыханне і стварэнне, апявайце, благаслаўляйце і ўзносьце Яго на ўсе вякі!
Слёзы, як міра з сасуда, узліваючы на галаву Тваю, Спасіцель, усклікаю да Цябе, як блудніца, якая міласці шукае, маленне прыношу і прашу, каб атрымаць мне прабачэнне.
Калі і ніхто так, як я, не саграшыў перад Табою, але ўсё ж прымі, Міласэрны Спасіцель, і мяне, які са страхам каецца і з любоўю ўсклікае: "Саграшыў я перад Табой Адзіным, памілуй мяне, Міласцівы!"
Злітуйся, Спасіцель, над Тваім стварэннем і адшукай як Пастух авечку згубленую, апярэдзь мяне, які заблукаў, уратуй ад ваўка, зрабі мяне ягнём на пашы авечак Тваіх.
Калі Ты сядзеш як Суддзя Міласцівы і явіш грозную веліч Тваю, Спасіцель, — які ж будзе страх тады! Калі печ палае і ўсе баяцца няўмольнага Суда Твайго!
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Святла Незаходнага Маці, цябе прасвятліўшы, вызваліла ад змроку пажаднасцей; таму, прыняўшы благадаць Духа, прасвятлі, Марыя, тых, што з вераю цябе ўсхваляюць.
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Цуд новы убачыўшы ў табе, маці, сапраўды ўражаны быў Божы ўгоднік Засіма, бо ангела ў плоці ён бачыў, і здзіўленнем увесь напоўніўся, апяваючы Хрыста навекі.
Слава, Троічны: Беспачатны Ойча, Сыне субеспачатны, Уцяшыцелю Добры, Дух праведны; Слова Божага Бацька, Айца Беспачатнага Слова, Дух жывы і стваральны, Троіца Адзіная, памілуй мяне.
І цяпер, Багародзічны: Нібы з пурпурнага складу, Прачыстая, духоўная парфіра — плоць Эмануіла ўнутры ўлоння Твайго саткалася; таму мы Цябе, ісцінную Багародзіцу, ўшаноўваем.
Песня 9
Ірмос: Нараджэнне зачатага без семені — неспасціжнае; Плод Маці, не спазнаўшай мужа, — беззаганны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем.
Будзь міласэрным, спасі мяне, Сыне Давідаў, памілуй, Ты, Які апантаных словам ацаліў, і мне словы міласэрныя, як разбойніку, вымаві: "Праўду кажу табе, са Мною будзеш у рђі, калі прыйду ў славе Маёй!"
Разбойнік дакарђў Цябе, другі ж разбойнік Богам вызнаў Цябе, бо яны абодва побач з Табой на крыжы віселі; Ты ж, Усяміласцівы, як разбойніку, які ўвераваў у Цябе і пазнаў у Табе Бога, і мне адкрый дзверы слаўнага Царства Твайго.
Стварэнне пакутавала, бачачы Цябе распятага: горы і камяні ад жаху распадаліся, і зямля страсянулася, і пекла спустошылася, і памеркла святло дзённае, бачачы Цябе, Іісусе, цвікамі прыбітага да Крыжа.
Дастойных пладоў пакаяння ад мяне не патрабуй, бо моц мая знясілілася ўва мне; сэрца мне дай заўсёды скрушанае і ўбогасць духоўную, каб я Табе іх прынёс як прыемную ахвяру, адзіны Спасіцель.
Суддзя мой і знаўца мяне! Ты хочаш з Ангеламі зноў прыйсці, каб здзейсніць суд над усім светам; міласцівым Тваім поглядам тады зірнуўшы на мяне, Іісусе, злітуйся і змілуйся нада мною, які больш за ўвесь род чалавечы саграшыў.
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Уразіла ты ўсіх незвычайным жыццём тваім: і Ангелаў чыны, і чалавечыя сходы, жывучы як бясплотная і нашу прыроду пераадолеўшы. Таму, ідучы, быццам бесцялесная, Марыя, ты нагамі Іардан перайшла.
Прыпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Уміласціў Тварца да тых, што ўсхваляюць цябе, прападобная маці, каб збавіцца нам ад бед і горасцей, што адусюль насцігаюць нас, каб мы, ад спакус збаўленыя, няспынна велічалі Госпада, Які праславіў цябе.
Прыпеў: Прападобны ойча Андрэе, малі Бога за нас.
Андрэе дастахвальны і ойча найблажэннейшы, пастыр Крыцкі, не пераставай маліцца за тых, хто апявае цябе, каб пазбавіцца нам ад гневу, і гора, і разбурэння, і саграшэнняў бязмерных, ушаноўваючы тваю памяць з вераю.
Слава, Троічны: Айца праславім, Сыну хвалу ўзнясём, Бажэственнаму Духу з вераю паклонімся — Троіцы нераздзельнай, Адзінай Істотаю, як Святлу і Светачам, і Жыццю і Жыццям, што дае жыццё і прасвятляе краі свету.
І цяпер, Багародзічны: Горад Твой захоўвай, Богарадзіцелька Прачыстая, бо пад Тваёй аховай ён з вераю царствуе, і Табою ўмацоўваецца, і Тваім спрыяннем адольвае ўсякае выпрабаванне, і скарае ворагаў, і трымае іх у паслушэнстве.
Ірмос: Нараджэнне зачатага без семені — неспасціжнае; Плод Маці, не спазнаўшай мужа, — беззаганны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем.