Святое дабравесце паводле Марка

 

РАЗДЗЕЛ І
 
1. Пачатак Евангелля Іісуса Хрыста, Сына Божага,
2. як напісана ў прарокаў: “вось, Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою”.
3. “Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабіце сцежкі Яму”.
4. З’явіўся Іаан, хрысцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў.
5. І выходзілі да яго ўся краіна Іудзейская ды Іерусалімляне, і хрысціліся ад яго ўсе ў рацэ Іардане, спавядаючыся ў грахах сваіх.
6. Іаан жа насіў вопратку з вярблюджага воласу і скураны пояс на паясніцы сваёй і еў акрыды і дзікі мёд.
7. І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты, нахіліўшыся, развязаць рамень абутку Яго.
8. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым.
9. І было ў тыя дні, прыйшоў Іісус  з Назарэта Галілейскага і хрысціўся ад Іаана ў Іардане.
10. І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Іаан, што раскрываюцца нябёсы і Дух як голуб сыходзіць на Яго.
11. І голас быў з нябёсаў: Ты Сын Мой узлюблены, Якога Я ўпадабаў.
12. І адразу Дух вядзе Яго ў пустыню.
13. І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны сатаною, і быў са звярамі. І Ангелы служылі Яму.
14. Пасля ж таго, як узяты быў Іаан, прыйшоў Іісус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Царства Божага.
15. і кажучы, што споўніўся час і наблізілася Царства Божае; пакайцеся і веруйце ў Евангелле.
16. А ідучы  каля мора Галілейскага, убачыў Сімана і Андрэя, брата Сіманавага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбаловы.
17. І сказаў ім Іісус: ідзіце за Мною, і Я зраблю, што вы будзеце лаўцамі людзей.
18. І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі ўслед за Ім.
19. І, прайшоўшы крыху адтуль, Ён убачыў Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата яго, як яны, таксама ў лодцы, ладзілі мярэжы;
20. і адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.
21. І прыходзяць у Капернаум; і неўзабаве ў суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў.
22. І здзіўляліся вучэнню Яго; бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
23. І быў у сінагозе іхняй чалавек  у духу нячыстым, і закрычаў ён,
24. кажучы: пакінь, што табе да нас, Іісусе Назараніне? Ты прыйшоў загубіць нас. Ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы.
25. Але Іісус забараніў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі з яго.
26. І дух нячысты, скалануўшы яго і ўскрыкнуўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
27. І жахнуліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, гаворачы: што гэта? што гэта за новае вучэнне, што Ён з уладаю і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго?
28. І разнеслася чутка пра Яго адразу па ўсіх ваколіцах Галілеі.
29. І адразу, выйшаўшы з сінагогі, яны прыйшлі  ў дом Сімана і Андрэя з Іакавам і Іаанам.
30. А цешча Сіманава ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
31. І, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку; і гарачка адразу пакінула яе, і яна прыслужвала ім.
32. А як вечарэла і сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі.
33. І ўвесь горад сабраўся да дзвярэй.
34. І Ён ацаліў многіх, якія пакутавалі ад розных хваробаў, і дэманаў многіх выгнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
35. А раніцай, калі было яшчэ вельмі цёмна, Ён, устаўшы, выйшаў; і пайшоў  у пустэльнае месца, і там маліўся. 
36. І паспяшаліся ўслед Яму Сіман і тыя, што былі з ім.
37. І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
38. І кажа Ён ім: хадзем у бліжэйшыя вёскі і гарады, каб Мне і там прапаведаваць; бо на тое Я і выйшаў.
39. І Ён прапаведаваў у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі і дэманаў выганяў.
40. І прыходзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і на калені падаючы перад Ім, кажа Яму: калі Ты хочаш, можаш ачысціць мяне.
41. Іісус жа, змілаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і кажа яму: хачу, ачысціся.
42. І калі сказаў Ён, адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты.
43. І, звярнуўшыся да яго сурова, Ён адразу адаслаў яго,
44. і кажа яму: глядзі, нікому нічога не гавары; а ідзі, пакажыся святару і прынясі за ачышчэнне тваё, што загадаў Маісей, дзеля сведчання ім.
45. А ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і распавядаць, так што Іісус ужо не мог адкрыта ўвайсці ў горад, а быў звонку, у пустэльных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.
 
Раздзел II
 
1. І прыйшоў Ён зноў у Капернаум  праз некалькі дзён, і чутна стала, што Ён у доме.
2. І адразу сабраліся многія, так што не ўмяшчаліся ўжо і пры дзвярах, і Ён казаў ім слова.
3. І прыйшлі, несучы да Яго паралізаванага, якога трымалі на руках чацвёра;
4. і, не маючы як наблізіцца да Яго з-за натоўпу, яны раскрылі дах над тым месцам, дзе Ён быў, і, пракапаўшы, апусцілі пасцель, на якой ляжаў паралізаваны.
5. І, убачыўшы веру іх, Іісус кажа паралізаванаму: сыне, адпускаюцца твае грахі.
6. Сядзелі ж тут некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх:
7. Што ён гэтак Бога зневажае? Хто можа адпускаць грахі, акрамя аднаго Бога?
8. І адразу Іісус, спазнаўшы духам Сваім, што яны так разважаюць у сабе, кажа ім: што гэта вы разважаеце ў сэрцах вашых? 
9. Што лягчэй? Сказаць паралізаванаму: “адпускаюцца твае грахі” ці сказаць: “устань, і вазьмі пасцель тваю, і хадзі”?
10. Але каб вы ведалі, што мае ўладу Сын Чалавечы на зямлі адпускаць грахі, — кажа паралізаванаму:
11. табе кажу: устань, і вазьмі пасцель тваю, і ідзі ў дом твой. 
12. І адразу ўстаў той, і ўзяўшы пасцель, выйшаў перад усімі, так што здзіўляліся ўсе і славілі Бога, кажучы: ніколі такога мы не бачылі.
13. І выйшаў Іісус зноў да мора; і ўвесь народ ішоў да Яго, і Ён вучыў іх.
14. І, праходзячы , ўбачыў Ён Левія Алфеевага, які сядзеў на мытні, і кажа яму: ідзі ўслед за Мною. І той, устаўшы, пайшоў услед за Ім.
15. І калі Іісус узляжаў у доме яго, многія мытнікі і грэшнікі ўзляжалі з Іісусам і з вучнямі Яго; бо многа было іх, якія ішлі ўслед за Ім.
16. І кніжнікі і фарысеі, убачыўшы, што Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: як гэта з мытнікамі і грэшнікамі Ён есць і п’е?
17. І, пачуўшы, Іісус кажа ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя; Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяння.
18. Вучні Іаанавы і фарысейскія пасцілі. І прыходзяць і кажуць Яму : чаму вучні Іаанавы і фарысейскія посцяць, а Твае вучні не посцяць?
19. І сказаў ім Іісус: хіба могуць пасціць сыны харомаў вясельных, калі з імі жаніх? Дакуль жаніх з імі, не могуць пасціць.
20. Але прыйдуць дні, калі будзе ўзяты ад іх жаніх, і тады будуць пасціць у тыя дні.
21. Ніхто латкі з палатна нябеленага не прышывае да адзежыны старой, інакш прышытым парвецца старое, і дзірка будзе яшчэ горшая.
22. І ніхто не ўлівае віно маладое ў мяхі старыя: інакш прарве віно маладое мяхі, і віно выцеча, і мяхі прападуць; а віно малодае ў мяхі новыя ўліваць трэба.
23. І давялося Яму  ў суботу праходзіць пасевамі, і пачалі вучні Яго дарогаю зрываць калоссе.
24. І фарысеі казалі Яму: паглядзі, чаму яны робяць у суботу, што не дазволена?
25. І Ён кажа ім: ці ж вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі патрэбу меў і згаладаўся сам і тыя, што былі з ім?
26. як ён увайшоў у дом Божы пры Авіафары-першасвятары і з’еў ахвярныя хлябы, якіх не дазволена было есці нікому, акрамя святароў, і даў таксама тым, што былі з ім.
27. І казаў ім: субота ўзнікла дзеля чалавека, а не чалавек дзеля суботы.
28. Таму Сын Чалавечы ёсць гаспадар і суботы.
 
Раздзел III
 
1. І прыйшоў зноў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў усохлую руку.
2. І сачылі за Ім, ці не ацаліць яго ў суботу, каб звінаваціць Яго.
3. І кажа Ён  чалавеку, што меў усохлую руку: стань пасярэдзіне.
4. А ім кажа: ці дазволена ў суботу дабро рабіць, альбо зло рабіць? душу ўратаваць альбо загубіць? Яны ж маўчалі.
5. І, паглядзеўшы на іх з гневам, засмучаны жорсткасцю сэрцаў іх, кажа чалавеку: працягні руку тваю. І працягнуў ён, і стала рука яго здаровай, як другая.
6. І, выйшаўшы, фарысеі адразу ўчынілі з ірадыянамі змову супраць Яго , як Яго загубіць.
7. Іісус жа з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і мноства народу з Галілеі пайшло за Ім, і з Іудзеі,
8. і з Іерусаліма, і з Ідумеі, і з-за Іардана. І з наваколляў Тыра і Сідона мноства вялікае, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.
9. І сказаў вучням Сваім, каб лодка была для Яго напагатове, каб натоўп не цясніў Яго.
10. Бо многіх Ён ацаліў, так што нядужныя кідаліся да Яго, каб да Яго дакрануцца.
11. І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі, кажучы: Ты — Сын Божы.
12. І Ён строга забараняў ім, каб не выяўлялі Яго. 
13. І ўзышоў  на гару, і паклікаў, каго Сам хацеў; і прыйшлі да Яго.
14. І паставіў дванаццаць, каб былі з Ім і каб пасылаць іх прапаведаваць,
15. і каб яны мелі ўладу ацаляць немачы і выганяць дэманаў.
16. Паставіў Сімана, даўшы яму імя Пётр, 
17. і Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата Іакава, даўшы ім імёны Ваанергес, што азначае “сыны громавы”;
18. і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламея, і Матфея, і Фаму, і Іакава Алфеевага, і Фадзея, і Сімана Кананіта,
19. і Іуду Іскарыёта, які і выдаў Яго.
20. І прыйшлі  ў дом, і сабраўся зноў народ, так што яны не маглі нават хлеба паесці.
21. І дачуўшыся, блізкія Яго выйшлі забраць Яго; бо казалі, што Ён не ў Сабе.
22. А кніжнікі, якія прыйшлі з Іерусаліма, казалі, што Ён мае ў Сабе вельзевула і што сілай князя дэманскага выганяе дэманаў.
23. І, паклікаўшы іх, прытчамі казаў ім: як можа сатана сатану выганяць?
24. І калі царства раздзеліцца самое ў сабе, не можа ўстаяць царства тое.
25. І калі дом раздзеліцца сам у сабе, не можа ўстаяць дом той.
26. І калі сатана паўстаў сам на сябе і раздзяліўся, не можа ўстаяць, але прыйшоў канец яму.
27. Ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага, нарабаваць дабра яго, калі перш не звяжа дужага, і тады абрабуе дом яго.
28. Праўду кажу вам: адпушчаны будуць сынам чалавечым усе грахі і хуленні, якімі б ні хулілі, 
29. але хто будзе хуліць Духа Святога, не будзе мець адпушчэння давеку, а падлягае вечнаму асуджэнню.
30. Так казаў Ён, бо гаварылі: Ён духа нячыстага мае ў Сабе.
31. І прыйшлі Маці Яго і браты Яго і, стоячы на дварэ, паслалі да Яго паклікаць Яго.
32. І сядзеў народ вакол Яго. І сказалі Яму: вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на дварэ, шукаюць Цябе.
33. І адказаў ім, гаворачы: хто Маці Мая і браты Мае? 
34. І агледзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая і браты Мае;
35. бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці. 
 
Раздзел IV
 
1. І зноў  пачаў вучыць каля мора, і сабралася да Яго народу мноства, так што Ён увайшоў у лодку на моры і сядзеў, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры.
2. І навучаў іх многа прытчамі, і гаварыў ім у павучэнні Сваім:
3. слухайце: вось, выйшаў сейбіт сеяць;
4. і сталася, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі ды падзяўблі тое;
5. іншае ўпала сярод камення, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, бо зямля была неглыбокая;
6. калі ж сонца паднялося — завяла і, не маючы кораня, засохла;
7. іншае ўпала ў церні, і выраслі церні і заглушылі яго, і яно не дало плоду;
8. а іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод, што падымаўся і ўзрастаў, і ўрадзіла па трыццаць, і па шэсцьдзесят, і па сто.
9. І казаў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
10. Калі ж Ён застаўся адзін, тыя, што былі пры Ім, разам з дванаццаццю спыталі Яго  аб прытчы.
11. І сказаў ім: вам дадзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, хто звонку, у прытчах усё даецца;
12. каб яны, гледзячы, бачылі і не ўспрымалі, і, слухаючы, чулі і не разумелі, каб не звярнуліся і не былі ім адпушчаныя грахі.
13. І кажа ім: не разумееце прытчы гэтай? Як жа ўсе прытчы зразумееце?
14. Сейбіт слова сее.
15. І вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова: калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае пасеянае ў сэрцах іх.
16. Таксама і пасеянае сярод камення — гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прымаюць яго з радасцю, 
17. але не маюць кораня ў сабе і нетрывалыя; калі настане ўціск або ганенне з-за слова, адразу спакушаюцца.
18. А ў цернях пасеянае — гэта тыя, што чуюць слова,
19. але турботы гэтага веку і спакуса багацця ды іншыя захапленні, уваходзячы ў іх, заглушаюць слова, і яно застаецца бясплодным. 
20. А пасеянае на добрай зямлі — гэта тыя, якія слухаюць слова і прымаюць, і даюць плод па трыццаць, і па шэсцьдзесят, і па сто.
21. І сказаў ім: хіба свечка прыносіцца, каб паставіць яе пад пасудзіну ці пад ложак? хіба не дзеля таго, каб паставіць яе на падсвечнік?
22. Бо няма нічога таемнага, каб не стала яўным, і нішто не бывае схавана, каб не адкрылася. 
23. Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
24. І казаў ім : заўважайце, што чуеце. Якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца, і дададзена будзе вам, хто слухае.
25. Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, адымецца ў яго і тое, што мае.
26. І казаў: так і Царства Божае, як чалавек, калі кіне зерне ў зямлю;
27. і спіць, і ўстае ўночы і ўдзень, а як насенне ўзыходзіць і расце, не ведае ён.
28. Бо зямля сама па сабе родзіць напачатку зелень, потым колас, тады напаўняе зерне ў коласе.
29. Калі ж выспее плод, адразу пасылае серп, бо надышло жніво.
30. І казаў: з чым параўнаем Царства Божае? Ці якой прытчаю выявім яго?
31. Яно як зерне гарчычнае, што, калі сеецца ў зямлю, то меншае за ўсё насенне на зямлі,
32. а калі пасеяна, вырастае і робіцца большым за ўсю зеляніну і пускае вялікае галлё, так што ў засені яго могуць знайсці прытулак птушкі нябесныя.
33. І многімі такімі прытчамі абвяшчаў ім слова, наколькі маглі яны слухаць.
34. Без прытчы не прамаўляў да іх, а вучням Сваім асобна тлумачыў усё.
35. І кажа ім у той дзень з надыходам вечара : пераправімся на той бок.
36. І яны, адпусціўшы людзей, бяруць Яго з сабою, як Ён быў у лодцы; і яшчэ лодкі былі з Ім. 
37. І ўзнялася ад ветру вялікая бура; хвалі захлёствалі лодку, так што яна ўжо напаўнялася.
38. А Ён на карме спаў на ўзгалоўі. І будзяць Яго, і кажуць Яму: Настаўнік! хіба не хвалюе Цябе, што мы гінем?
39. І, устаўшы, Ён забараніў ветру і кажа мору: сціхні, перастань. І суняўся вецер і настала ціша вялікая. 
40. І кажа ім: чаго вы такія палахлівыя? як гэта не маеце веры?
41. І напоўніліся страхам вялікім, і гаварылі між сабою: хто ж гэта Ён, калі і вецер, і мора слухаюцца Яго?
 
Раздзел V
 
1. І прыплылі  на другі бераг мора ў краіну Гадарынскую.
2. І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу ж сустрэў Яго чалавек з магільных пячораў у духу нячыстым,
3. які меў жытло ў магілах, і нават ланцугом ніхто не мог звязаць яго; 
4. бо шмат разоў яго звязвалі аковамі і ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разбіваў аковы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць;
5. і заўсёды, ноччу і днём, у магільных пячорах і ў гарах крычаў ён і біўся аб каменне.
6. А ўбачыўшы здалёк Іісуса, прыбег і пакланіўся Яму.
7. І, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне, Іісусе, Сыне Бога Ўсявышняга? заклінаю Цябе Богам, не муч мяне!
8. Бо Іісус сказаў яму: выйдзі, дух нячысты, з чалавека.
9. І пытаўся ў яго: як імя тваё? І той адказаў: легіён маё імя, бо многа нас.
10. І вельмі прасілі Яго, каб не адсылаў іх прэч з краіны той.
11. А там пры гары пасвіўся вялікі статак свіней.
12. І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы: пашлі нас у свіней, каб нам увайсці ў іх.
13. І адразу дазволіў ім Іісус. І, выйшаўшы, нячыстыя духі ўвайшлі ў свіней; і рынуўся статак з кручы ў мора, а іх было каля дзвюх тысяч; і патанулі ў моры.
14. А іх пастухі пабеглі ды абвясцілі ў горадзе і ў вёсках. І людзі выйшлі пабачыць, што здарылася.
15. Прыходзяць да Іісуса і бачаць, што апантаны, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры розуме; і спалохаліся.
16. Тыя, хто бачыў, расказалі ім: як гэта адбылося з апантаным, і пра свіней.
17. І пачалі прасіць Яго адыйсці з межаў іх.
18. І калі Ён увайшоў у лодку, той, што быў апантаны, прасіў Яго, каб быць з Ім.
19. А Іісус не дазволіў яму і кажа да яго: ідзі ў дом твой да сваіх і раскажы ім, што зрабіў табе Гасподзь і як памілаваў цябе.
20. І пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дзесяцігароддзі, што зрабіў яму Іісус. І ўсе здзіўляліся.
21. І калі пераправіўся Іісус у лодцы зноў на другі бераг, сабралася народу мноства да Яго. І быў Ён каля мора.
22. І вось прыходзіць  адзін са старэйшын сінагогі, імем Іаір, і, ўбачыўшы Яго, падае ў ногі Яму
23. і вельмі просіць Яго, кажучы: дачушка мая пры смерці, прыйдзі і ўскладзі на яе рукі, каб яна ўратавалася і жыла.
24. І пайшоў за ім Іісус. 
25. І ўслед Яму  ішоў вялікі натоўп, і напіралі на Яго.
26. І жанчына нейкая, што мела кровацячэнне дванаццаць гадоў, 
27. і шмат нацярпелася ад многіх лекараў, і патраціла ўсё, што мела і ніякай палёгкі не атрымала, а стала ёй яшчэ горш;
28. пачуўшы пра Іісуса, прыйшла ў натоўпе ззаду і дакранулася да вопраткі Яго;
29. бо казала: калі дакрануся хоць да вопраткі Яго, уратаваная буду.
30. І адразу спынілася кровацячэнне ў яе, і адчула яна целам, што вызвалілася ад хваробы.
31. І адразу Іісус, адчуў у Сабе, што сіла выйшла з Яго, павярнуўся ў натоўпе і сказаў: хто дакрануўся да вопраткі Маёй?
32. І казалі Яму вучні Яго: Ты бачыш, натоўп напірае на Цябе, а кажаш: хто дакрануўся да Мяне?
33. І аглядаўся Ён, каб бачыць тую, што зрабіла гэта.
34. А жанчына спалохалася і дрыжала, ведаючы, што з ёю адбылося, падыйшла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
35. Ён жа сказаў ёй: дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі з мірам і здароваю будзь ад хваробы тваёй.
36. Яшчэ калі Ён гаварыў, прыходзяць з дому старэйшыны сінагогі і кажуць: дачка твая памерла, навошта яшчэ турбуеш Настаўніка?
37. Але Іісус, адразу пачуўшы гэтыя словы, кажа старэйшыне сінагогі: не бойся, толькі веруй.
38. І не дазволіў нікому ісці за Сабою, акрамя Пятра, Іакава і Іаана, брата Іакавага.
39. Прыходзяць у дом старэйшыны сінагогі, і бачыць Ён сумятню і тых, што плачуць і галосяць моцна.
40. І, увайшоўшы, кажа ім: чаго вы хвалюецеся і плачаце. Дзяўчынка не памерла, а спіць.
41. І насміхаліся з Яго. Але Ён, выправадзіўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку дзяўчынкі і маці, і тых, што былі з Ім, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.
42. І, узяўшы дзяўчынку за руку, кажа ёй: таліфа кумі, што значыць: дзяўчына, табе кажу, устань. 
43. І адразу паднялася дзяўчына і пачала хадзіць, а было ёй гадоў дванаццаць. І ўразіліся ўражаннем вялікім.
44. І загадаў ім строга, каб ніхто не даведаўся пра гэта, і сказаў даць ёй есці.
 
Раздзел VI
 
1. І выйшаў Ён адтуль і прыйшоў  бацькаўшчыну Сваю, і за Ім ішлі вучні Яго.
2. І калі настала субота, пачаў Ён вучыць у сінагозе, і многія слухачы дзівіліся, кажучы: адкуль у Яго гэта? і што за мудрасць дадзена Яму, і як такія цуды творацца рукамі Яго?
3. Ці не цясляр гэта, сын Марыі і брат Іакава, Іасіі, Іуды і Сімана? І ці не сёстры Яго тут сярод нас? І спакушаліся аб Ім.
4. Іісус жа казаў ім: не бывае прарок без пашаны, хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў родных сваіх, і ў доме сваім.
5. І не мог там ніякага цуду стварыць, толькі нямногіх хворых, усклаўшы на іх рукі, ацаліў.
6. І дзівіўся нявер’ю іх. І хадзіў па навакольных селішчах, навучаючы.
7. І паклікаўшы  дванаццаць, пачаў іх пасылаць па двое і даў ім уладу над нячыстымі духамі. 
8. І наказаў ім нічога не браць у дарогу, акрамя аднаго посаха: ні торбы, ні хлеба, ні медзі ў поясе;
9. але абувацца ў сандалі і не насіць дзвюх вопратак.
10. І казаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся ў ім, пакуль не пойдзеце адтуль;
11. і калі хто не прыме вас і не паслухаецца вас, то выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з ног вашых у сведчанне ім. Праўду кажу вам: лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень судны, чым гораду таму.
12. І, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне,
13. і дэманаў многіх выганялі, і памазвалі алеем многіх хворых, і ацалялі.
14. І дачуўся пра Іісуса цар Ірад , бо вядомым стала імя Яго, і казаў: гэта Іаан Хрысціцель з мёртвых паўстаў, і таму цуды дзеюцца ім.
15. Іншыя казалі: гэта Ілія, а іншыя казалі: гэта прарок ці як адзін з прарокаў.
16. А Ірад, пачуўшы, сказаў: гэта Іаан, якому я адсек галаву, ён паўстаў з мёртвых.
17. Бо сам Ірад паслаў схапіць Іаана і звязаў яго ў цямніцы з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго, таму што ажаніўся з ёю.
18. Бо Іаан казаў Іраду: не належыць табе мець жонку брата твайго.
19. А Ірадыяда, гневаючыся на яго, жадала яго забіць, ды не магла.
20. Бо Ірад баяўся Іаана, ведаючы яго як чалавека праведнага і святога, і аберагаў яго, і шмат рабіў, слухаючыся яго, і з ахвотаю яго слухаў.
21. І настаў зручны дзень, калі Ірад у гадавіну свайго нараджэння ладзіў пір вяльможам сваім, тысячаначальнікам і старэйшынам Галілейскім,
22. і ўвайшла дачка Ірадыяды, і танцавала, і дагадзіла Іраду і тым, што ўзляжалі з ім. Сказаў цар дзяўчыне: прасі ў мяне чаго хочаш, і дам табе.
23. І пакляўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, хоць і паўцарства майго.
24. Яна ж выйшла і спытала ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галаву Іаана Хрысціцеля.
25. І яна адразу, паспешліва ўвайшоўшы да цара, прасіла, кажучы: хачу каб ты цяпер жа даў мне на блюдзе галаву Іаана Хрысціцеля.
26. І засмуціўся цар, але дзеля клятвы і тых, што ўзляжалі з ім, не захацеў адмовіць ёй.
27. І адразу, паслаўшы целаахоўніка, цар загадаў прынесці галаву яго.
28. Той, пайшоўшы, адсек яму галаву ў цямніцы і прынёс на блюдзе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй.
29. І, дачуўшыся, вучні яго прыйшлі і ўзялі цела яго, і паклалі яго ў магілу.
30. І сабраліся  апосталы да Іісуса і расказалі Яму ўсё: і што зрабілі, і чаму навучылі.
31. І сказаў ім: пайдзіце вы самі, асобна, у пустэльнае месца і адпачніце крыху. Бо многія прыходзілі і адыходзілі, так што і паесці ім не было калі.
32. І адправіліся яны ў пустэльнае месца на лодцы асобна.
33. І ўбачыў народ, як яны адплывалі, і пазналі іх многія, і пехатою з усіх гарадоў спяшаліся туды, і апярэдзілі іх, і сышліся да Яго.
34. І, выйшаўшы, убачыў Іісус мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былі як авечкі без пастыра; і пачаў іх вучыць многа.
35. І калі быў ужо час позні, вучні Яго, падышоўшы да Яго, казалі: месца тут пустэльнае, і ўжо час позні,
36. адпусці іх, каб пайшлі ў навакольныя вёскі ды селішчы і купілі сабе хлеба, бо не маюць чаго есці.
37. Ён жа ў адказ ім прамовіў: вы ім дайце есці. І кажуць Яму: ці не пайсці нам купіць хлябоў дынарыяў на дзвесце і даць ім есці?
38. Але Ён гаворыць ім: колькі хлябоў маеце? Ідзіце і паглядзіце. І даведаўшыся, яны кажуць: пяць хлябоў і дзве рыбіны.
39. І загадаў ім рассадзіць усіх групамі на зялёнай траве.
40. І ўзляглі ў рады па сто і па пяцьдзесят.
41. І, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, узвёўшы вочы на неба, благаславіў і пераламіў хлябы, і даваў вучням Сваім, каб разносілі ім, і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.
42. І елі ўсе і насыціліся.
43. І назбіралі кавалкаў хлеба дванаццаць поўных кашоў і рэшты ад рыбы.
44. А было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч мужчын.
45. І адразу прымусіў  вучняў Сваіх увайсці ў лодку і адправіцца ўперад Яго на той бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусціць людзей.
46. І, адпусціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
47. І як настаў вечар, лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.
48. І ўбачыў іх, знясіленых веславаннем, бо вецер дзьмуў насупраць ім; і каля чацвёртай варты ночы наблізіўся да іх, ідучы па моры, і хацеў абмінуць іх.
49. Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і закрычалі.
50. Бо ўсе Яго бачылі і перапалохаліся. І адразу загаварыў з імі і сказаў ім: мацуйцеся, гэта Я, не бойцеся.
51. І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер суняўся. І яны надзвычай былі ўзрушаныя ў сабе і здзіўляліся.
52. Бо не ўразумелі таго, што адбылося з хлябамі, бо сэрца ў іх было скамянелае.
53. І, пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую, і прысталі да берага.
54. І калі выйшлі яны з лодкі, адразу людзі пазналі Яго ,
55. і, аббегшы ўсё наваколле тое, і пачалі на пасцелях прыносіць хворых туды, дзе, па чутках, быў Ён.
56. І куды б ні прыходзіў Ён, у паселішчы, ці ў гарады, ці ў вёскі, на людных месцах клалі хворых і прасілі Яго, каб хоць да краю адзення Яго дакрануцца; і тыя, што дакраналіся да Яго, уратоўваліся.
 
Раздзел VII
 
1. І сабраліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Іерусаліма;
2. і, убачыўшы некаторых з вучняў Яго, як яны елі хлеб нячыстымі, гэта значыць непамытымі, рукамі, дакаралі.
3. Бо фарысеі і ўсе іудзеі не ядуць, пакуль не памыюць дбайна рук, трымаючыся падання старцаў;
4. і пасля рынку, пакуль не амыюцца, не ядуць. Ёсць і многае іншае, чаго яны прынялі трымацца: абмывання чашаў, і кубкаў, і катлоў, і лаваў.
5. Потым пытаюцца ў Яго  фарысеі і кніжнікі: чаму вучні Твае не жывуць згодна з паданнем старцаў, а непамытымі рукамі ядуць хлеб?
6. А Ён у адказ гаворыць ім: добра прарочыў Ісаія пра вас, крывадушных, як напісана: “людзі гэтыя вуснамі шануюць Мяне, а сэрца іх далёка ад Мяне;
7. але марна ўшаноўваюць Мяне, навучаючы вучэнням, устанаўленням чалавечым”.
8. Бо, пакінуўшы запаведзь Божую, трымаецеся вы падання чалавечага, абмывання кубкаў і чашаў ды многае іншае, падобнае да таго, робіце.
9. І казаў ім: хораша вы абыходзіце запаведзь Божую, каб сваё паданне захаваць! 
10. Бо Маісей сказаў: “шануй бацьку твайго і маці тваю”, і хто зласловіць на бацьку альбо маці, няхай смерцю памрэ.
11. А вы гаворыце: калі скажа чалавек бацьку альбо маці: “тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся, гэта карван (што значыць дар Богу)”, 
12. тады ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі альбо для маці сваёй,
13. парушаючы слова Божае паданнем вашым, якое вы перадаяце; і многае падобнае да таго робіце.
14. І, паклікаўшы  ўсіх людзей, казаў ім: паслухайце Мяне ўсе і зразумейце.
15. Няма нічога, што, уваходзячы ў чалавека звонку, магло б апаганіць яго; але што выходзіць з яго, тое апаганьвае чалавека.
16. Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
17. І калі ад людзей Ён увайшоў у дом, спыталіся ў Яго вучні Яго аб прытчы.
18. І сказаў ім: няўжо і вы такія неразумныя? Няўжо не разумееце, што ўсё тое, што звонку ўваходзіць у чалавека, не можа апаганіць яго?
19. Бо не ў сэрца яго ўваходзіць, а ў чэрава, і выходзіць прэч, таму ўсякая ежа чыстая.
20. І казаў: тое, што выходзіць з чалавека, апаганьвае чалавека;
21. Бо знутры, з сэрца чалавечага помыслы ліхія выходзяць, пралюбадзействы, блуд, забойствы, 
22. крадзяжы, ліхвярства, злоба, каварства, распуснасць, вока зайздроснае, хуленне, ганарлівасць, шаленства;
23. усё гэтае зло знутры выходзіць і апаганьвае чалавека.
24. І, рушыўшы адтуль, пайшоў  у землі Тырскія і Сідонскія; 
25. і, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся; але не змог утаіцца.
26. Бо пачула пра Яго жанчына, дачка якой мела ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упала да ног Яго;
27. а жанчына тая была язычніца, сірафінікіянка родам; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з яе дачкі.
28. Але Іісус сказаў ёй: дай перш насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачанятам.
29. Яна ж у адказ гаворыць Яму: так, Госпадзі! але і сабачаняты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
30. І сказаў ёй: за гэтыя словы ідзі, выйшаў дэман з дачкі тваёй.
31. І, прыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на пасцелі.
32. І зноў, выйшаўшы  з межаў Тырскіх і Сідонскіх, прыйшоў Іісус да мора Галілейскага ў землі Дзесяцігароддзя.
33. І прыводзяць да Яго глухога коснаязыкага і просяць, каб Ён усклаў руку на яго. 
34. І, адвёўшы яго ад народу ўбок, улажыў пальцы Свае ў вушы яго і, плюнуўшы, дакрануўся да языка яго;
35. і, узвёўшы вочы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: “эффафа”, што значыць “адкрыйся”.
36. І адразу адкрыліся вушы яго і развязаліся путы яго языка, і пачаў гаварыць выразна. 
37. І загадаў ім, каб не казалі нікому. Але чым больш Ён загадваў ім, тым больш абвяшчалі.
38. І надзвычай здзіўляліся, кажучы: добра ўсё зрабіў: і глухім дае чуць, і нямым гаварыць.
 
Раздзел VIII
 
1. У тыя дні, калі сабралася многа народу і не мелі чаго есці, Іісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, кажа ім:
2. шкада Мне людзей, што ўжо тры дні застаюцца са Мною, і не маюць чаго есці;
3. І калі адпушчу іх дадому галоднымі, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёку.
4. І адказалі Яму вучні Яго: адкуль можа хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?
5. І спытаў у іх: колькі ў вас хлябоў? Яны адказалі: сем.
6. Тады загадаў людзям узлегчы на зямлі; і, ўзяўшы сем хлябоў, узнёсшы падзяку, пераламіў, і даў вучням Сваім, каб раздавалі; і яны раздалі людзям.
7. І мелі некалькі рыбінак: і благаславіўшы, Ён загадаў і іх раздаць.
8. І елі, і насыціліся; і назбіралі рэшты кавалкаў сем кашоў.
9. А было тых, што елі, каля чатырох тысяч. І адпусціў іх.
10. І адразу ўвайшоў у лодку і прыбыў з вучнямі Сваімі ў межы Далмануфскія.
11. І выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Ім , дамагаючыся ад Яго знамення з неба, спакушаючы Яго.
12. І Ён, уздыхнуўшы духам Сваім, кажа: нашто род гэты знамення патрабуе? Праўду кажу вам: не дасца роду гэтаму знаменне.
13. І, пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і адправіўся на той бок.
14. І забыліся вучні Яго ўзяць хлябоў, і акрамя аднаго хлеба не мелі з сабой у лодцы.
15. І Ён наказаў ім, гаворачы: глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірадавай.
16. І разважалі між сабой, кажучы: гэта значыць, што хлябоў у нас няма.
17. І, ведаючы, Іісус кажа ім: чаму разважаеце, што хлябоў няма ў вас? Няўжо яшчэ не адчуваеце і не разумееце? Няўжо дагэтуль скамянелае сэрца ваша?
18. Вочы маючы, не бачыце? Вушы маючы, не чуеце? І не памятаеце?
19. Калі пяць хлябоў пераламіў Я на пяць тысяч, колькі поўных кашоў кавалкаў назбіралі вы? Кажуць Яму: дванаццаць.
20. А калі сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў кавалкаў вы набралі? Яны ж адказалі: сем.
21. І сказаў ім: як жа не разумееце?
22. І прыходзіць  у Віфсаіду. І прыводзяць да Яго сляпога і просяць, каб да яго дакрануўся.
23. І, узяўшы за руку сляпога, вывеў яго за паселішча і, плюнуўшы на вочы яму, усклаўшы рукі на яго, пытаўся ў яго, ці бачыць што.
24. Той, агледзеўшыся, сказаў: бачу людзей, нібы дрэвы, што ходзяць.
25. Потым зноў усклаў рукі на вочы яго і зрабіў яго відушчым. І ацаліўся, і стаў бачыць усё выразна.
26. І адаслаў яго ў дом, кажучы: у паселішча не заходзь і не расказвай нікому ў паселішчы.
27. І пайшоў  Іісус з вучнямі Сваімі ў паселішчы Кесарыі Філіпавай. І дарогаю пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы ім: за каго Мяне прымаюць людзі?
28. А яны адказалі: за Іаана Хрысціцеля, іншыя — за Ілію, а іншыя — за аднаго з прарокаў.
29. Ён сказаў ім: а вы за каго прымаеце Мяне? І ў адказ Пётр сказаў Яму: Ты — Хрыстос.
30. І загадаў ім,  каб нікому не гаварылі пра Яго.
31. І пачаў вучыць іх, што Сыну Чалавечаму належыць многа адпакутаваць, быць адрынутым старэйшынамі і першасвятарамі, і кніжнікамі, і забітым быць, і на трэці дзень уваскрэснуць.
32. І казаў пра гэта адкрыта. І Пётр, адвёўшы Яго, пачаў адгаворваць Яго.
33. А Ён, абярнуўшыся і паглядзеўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, кажучы: адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае.
34. І, паклікаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім:  Хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ўслед за Мной ідзе.
35. Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яе.
36. Бо якую карысць будзе мець чалавек, калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць душы сваёй?
37. Альбо які выкуп дасць чалавек за душу сваю?
38. Бо хто пасаромеецца Мяне і словаў Маіх перад родам гэтым пралюбадзейным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з ангеламі святымі.
 
Раздзел IX
 
1. І сказаў ім: праўду кажу вам, ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя, хто не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Царства Божага, якое прыйдзе ў сіле.
2. І праз шэсць дзён узяў Іісус Пятра, Іакава ды Іаана і ўзвёў іх на гару высокую адных асобна, і перамяніўся перад імі.
3. І ўбранне Яго стала бліскучым і надзвычай белым, як снег, такім, як бялільшчык на зямлі не можа выбеліць.
4. І явіўся ім Ілія з Маісеем; і размаўлялі з Іісусам.
5. І, азваўшыся, Пётр сказаў Іісусу: Равві! добра нам тут быць, зробім тры шатры, Табе адзін, Маісею адзін і адзін Іліі.
6. Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны былі перапалохаліся.
7. І ўзнікла воблака, ахінаючы іх, і з воблака пачуўся голас: гэта Сын Мой Узлюблены; Яго слухайце.
8. І нечакана, агледзеўшыся навокал, нікога больш не ўбачылі, толькі Іісуса аднаго каля сябе.
9. І калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
10. І захавалі ў сабе гэтае слова, разважаючы між сабой: што значыць “уваскрэснуць” з мёртвых?
11. І пыталіся ў Яго, кажучы: як гэта кніжнікі гавораць, што Ілія павінен прыйсці раней?
12. А Ён сказаў ім у адказ: Ілія сапраўды, прыйшоўшы раней, узновіць усё; а як жа напісана пра Сына Чалавечага, — што многа адпакутуе і зняважаны будзе?
13. Але кажу вам, што і Ілія прыйшоў, і ўчынілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго.
14. І, прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат народу вакол іх і кніжнікаў, што спрачаліся з імі.
15. І адразу ўвесь народ, убачыўшы Яго, уразіўся і, падбягаючы, віталі Яго.
16. І спытаўся Ён у кніжнікаў: пра што спрачаецеся з імі?
17. Адзін з натоўпу сказаў у адказ:  Настаўнік! Я прывёў да Цябе сына майго, які мае ў сабе духа нямога;
18. і дзе ні схопіць яго, кідае яго, і ён пену пускае і скрыгоча зубамі і дранцвее; і прасіў я вучняў Тваіх, каб выгналі яго, ды яны не змаглі.
19. Адказваючы яму, Іісус кажа: о, родзе бязверны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне.
20. І прывялі таго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу затрос таго, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.
21. І запытаўся Іісус у бацькі яго: як даўно гэта здарылася з ім. Той жа сказаў: з дзяцінства;
22. і часта дух і ў агонь кідаў яго, і ў ваду, каб загубіць яго; але, як што можаш, дапамажы нам, зжаліўшыся над намі.
23. А Іісус сказаў яму: калі можаш вераваць, усё магчыма для таго, хто веруе.
24. І адразу, усклікнуўшы, хлопцаў бацька са слязьмі сказаў: верую, Госпадзі! памажы майму нявер’ю!
25. Іісус, убачыўшы, што збягаецца народ, забараніў духу нячыстаму, кажучы яму: дух нямы і глухі, Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!
26. І, ускрыкнуўшы і моцна скалануўшы яго, той выйшаў; а ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: ён памёр.
27. Але Іісус, узяўшы яго за руку, падняў яго; і ён устаў.
28. І калі ўвайшоў Іісус у дом, вучні Яго пыталіся ў Яго асобна: чаму мы не здолелі выгнаць яго?
29. І сказаў ім: гэты род ні ад чаго іншага не можа выйсці, толькі ад малітвы і посту.
30. І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся.
31. Бо навучаў вучняў Сваіх і гаварыў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі чалавечыя і заб’юць Яго, і забіты, Ён на трэці дзень уваскрэсне.
32. Але яны не разумелі гэтага слова, і баяліся ў Яго спытацца.
33. І прыйшоў  у Капернаум; і калі ў доме быў, запытаўся ў іх: пра што дарогай вы разважалі між сабою?
34. Яны ж маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся адзін з адным, хто большы.
35. І, сеўшы, паклікаў дванаццаць і сказаў ім: калі хто хоча першым быць, няхай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.
36. І, узяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:
37. хто прыме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыме, а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, але Таго, Хто паслаў Мяне.
38. Азваўся да Яго Іаан, гаворачы: Настаўнік! мы бачылі чалавека, што імем Тваім выганяе дэманаў, але не ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо не ходзіць за намі.
39. Іісус жа сказаў: не забараняйце яму, бо няма таго, хто стварыў бы цуд у імя Маё і мог бы неўзабаве зняважыць Мяне,
40. бо хто не супраць вас, той за вас.
41. І хто напоіць вас чашай вады ў імя таго, што вы Хрыстовы, праўду кажу вам: не страціць узнагароды сваёй.
42. А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, калі б павесілі жарнавы камень на шыю яго і ўкінулі яго ў мора.
43. І калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе: лепей табе калекам увайсці ў жыццё, чым, дзве рукі маючы, пайсці ў геену, у агонь незгасальны,
44. дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згасае.
45. І калі нага твая спакушае цябе, адсячы яе: лепей табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым, дзве нагі маючы, быць укінутым у геену, у агонь незгасальны,
46. дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згасае.
47. І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго: лепей табе аднавокім увайсці ў Царства Божае, чым два вокі маючы, быць укінутым у геену вогненную,
48. дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згасае.
49. Бо кожны агнём асоліцца і кожная ахвяра соллю асоліцца.
50. Добрая рэч — соль; але калі соль несалёнай стане, чым яе паправіце? Майце соль у сабе, і мір майце між сабою.
 
Раздзел Х
 
1. І, выйшаўшы адтуль, прыходзіць у межы Іудзеі стараной заіарданскай. І збіраюцца зноў да Яго натоўпы, і, як звычайна, зноў вучыў іх.
2. І, падышоўшы, фарысеі спыталіся ў Яго , спакушаючыЯго: ці дазволена мужу разводзіцца з жонкай?
3. Ён жа сказаў ім у адказ: што запаведаў вам Маісей?
4. Яны сказалі: Маісей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца.
5. І, адказваючы, Іісус сказаў ім: з-за жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь;
6. але ад пачатку стварэння мужчынам і жанчынай стварыў іх Бог.
7. Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці
8. і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое плоццю адною, так што яны ўжо не двое, але адна плоць.
9. Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.
10. І ў доме вучні Яго зноў пра гэта спыталіся ў Яго.
11. І сказаў ім: Хто  развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншаю, той пралюбадзейнічае супраць яе;
12. і калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, пралюбадзейнічае.
13. І прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх, а вучні забаранялі тым, што прыносілі.
14. Убачыўшы, Іісус разгневаўся і сказаў ім: пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім; бо такіх ёсць Царства Божае.
15. Праўду кажу вам: хто не прыме Царства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго.
16. І, абняўшы іх, усклаў рукі на іх і благаславіў іх.
17. І калі выходзіў Ён  у дарогу, падбег нехта і, упаўшы на калені перад Ім, спытаўся ў Яго: Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?
18. Іісус жа сказаў яму: што называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог.
19. Ведаеш запаведзі: “не пралюбадзейнічай; не забівай; не крадзі; не сведчы лжыва; не крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці”.
20. Ён жа сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! усё гэта захаваў я з юнацтва майго.
21. Іісус жа, глянуўшы на яго, палюбіў яго і сказаў яму: аднаго табе не хапае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім; і мець будзеш скарб на небе; і прыходзь, і ідзі за Мной, узяўшы крыж.
22. А той, азмрочаны гэтым словам, адышоў у смутку, бо меў вялікую маёмасць.
23. І, паглядзеўшы навокал, кажа Іісус вучням Сваім:  як цяжка будзе тым, хто мае багацце, увайсці ў Царства Божае.
24. Вучні жахаліся ад словаў Яго. А Іісус зноў у адказ кажа ім: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Царства Божае.
25. Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
26. Яны ж надзвычай здзіўляліся, гаворачы між сабою: хто ж тады можа быць збаўлены?
27. Паглядзеўшы на іх, Іісус сказаў: людзям гэта немагчыма, але не Богу, бо ўсё магчыма Богу.
28. Пачаў Пётр гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.
29. Іісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці палі, дзеля Мяне і дзеля Евангелля,
30. і не атрымае цяпер, у час гэты, пры ганеннях, у сто разоў больш дамоў і братоў, і сясцёр, і бацькоў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў веку наступным жыцця вечнага;
31. многія ж першыя будуць апошнімі і апошнія першымі.
32. Былі ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім, і паперадзе іх ішоў Іісус, а яны жахаліся і, услед ідучы, былі ў страху. 
33. І узяўшы зноў  дванаццаць, пачаў ім гаварыць, што з Ім мае адбыцца:
34. вось мы ўзыходзім у Іерусалім і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць, і выдадуць Яго язычнікам;
35. і наглумяцца над Ім, і будуць бічаваць Яго і пляваць на Яго, і заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэсне.
36. І падышлі да Яго Іакаў і Іаан, сыны Зевядзеевы, кажучы: Настаўнік! хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што папросім.
37. А Ён сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?
38. Яны ж сказалі Яму: дай нам сесці аднаму справа ад Цябе, а другому злева ад Цябе, у славе Тваёй.
39. Іісус жа сказаў ім: не ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чашу, якую Я п’ю і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, хрысціцца?
40. Яны ж сказалі Яму: можам. А Іісус сказаў ім: чашу, якую Я п’ю, будзеце піць і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца;
41. а сесці справа ад Мяне ці злева — не Я даю, але гэта для тых, каму ўгатавана.
42. І, пачуўшы, дзесяцера пачалі гневацца на Іакава і Іаана.
43. А Іісус, паклікаўшы іх, кажа ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца на чале народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх уладараць імі.
44. Але не так няхай будзе сярод вас: а хто хоча сярод вас большым быць, няхай будзе вам слугою;
45. і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе ўсім рабом.
46. Бо і Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю ў выкуп за многіх.
47. І прыходзяць у Іерыхон. І калі выходзіў Ён  з Іерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам народу, сын Цімееў, Варцімей сляпы, сядзеў пры дарозе, жабруючы.
48. І, пачуўшы, што гэта Іісус Назарэй, пачаў крычаць і казаць: Сыне Давідаў, Іісусе, памілуй мяне!
49. І многія патрабавалі ад яго, каб замаўчаў, але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне!
50. І, спыніўшыся, Іісус сказаў паклікаць яго. І паклікалі сляпога, кажучы яму: мацуйся, устань, кліча цябе.
51. Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і прыйшоў да Іісуса.
52. І ў адказ гаворыць яму Іісус: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Раввуні  ! каб мне бачыць.
53. Іісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Іісусам па дарозе.
 
Раздзел XI
 
1. I калі наблiзiлiся да Iерусалiма, да Вiфагii i Вiфанii, да гары Елеонскай, Iiсус пасылае двух з вучняў Сваiх
2. i кажа iм: iдзiце ў селiшча, што перад вамi, i, уваходзячы ў яго, адразу знойдзеце прывязанае асляня, на якое нiхто з людзей не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзiце.
3. I калi хто скажа вам: “што вы гэта робiце?”, скажыце, што яно патрэбна Госпаду, i адразу пашле яго сюды.
4. Яны пайшлi i знайшлi асляня, прывязанае каля варот на вулiцы, i адвязалi яго.
5. I некаторыя з тых, што стаялi там, гаварылi: што вы робiце? навошта адвязваеце асляня?
6. Яны ж адказвалi iм, як загадаў Iiсус, i тыя адпусцiлi iх.
7. I прывялi асляня да Iiсуcа, i паклалi на яго вопратку сваю; і сеў Iiсус на яго.
8. Многiя ж вопратку сваю пасцiлалi на дарогу, а iншыя зразалi галiны з дрэў i пасцiлалi на дарогу.
9. I тыя, што iшлi паперадзе і следам, усклiкалi: Асанна! Благаславёны Той, Хто прыходзіць у iмя Гасподняе!
10. Благаславёна царства айца нашага Давiда, якое надыходзіць у iмя Гасподняе! 
11. Асанна ў вышніх! 
12. I ўвайшоў Iiсус у Iерусалiм  i ў храм; i, агледзеўшы ўсё, паколькi час быў ужо познi, пайшоў у Вiфанiю з дванаццаццю.
13. I на другi дзень, калi яны выйшлi з Вiфанii, Ён захацеў есцi;
14. і, убычыўшы здалёк смакоўнiцу, пакрытую лiсцем, падышоў, цi не знойдзе чаго на ёй; і, прыйшоўшы да яе, нiчога не знайшоў, акрамя лiсця, бо не пара была на смоквы.
15. I, прамовіўшы, Iiсус сказаў ёй: няхай больш нiхто не есць ад цябе плоду давеку! I чулi гэта вучнi Яго.
16. І прыходзяць у Iерусалiм. І, увайшоўшы ў храм, Iiсус пачаў выганяць тых, якія прадавалi i куплялi ў храме, i перакулiў сталы мянялаў i ўслоны тых, што прадавалі галубоў;
17. і не дазваляў, каб хто пранёс якую-небудзь рэч праз храм.
18. I вучыў iх, кажучы: цi не напiсана: “дом Мой домам малiтвы назавецца для ўсiх народаў”? А вы зрабiлi з яго логава разбойнiкаў.
19. I пачулi гэта кнiжнiкi i першасвятары, i шукалi, як бы Яго загубiць, бо баялiся Яго, таму што ўвесь народ здзіўляўся вучэнню Яго.
20. I калi звечарэла, Ён выйшаў за горад.
21. I ранiцаю, праходзячы мiма, убачылi, што смакоўнiца засохла да кораня.
22. I, успомнiўшы, Пётр кажа Яму: Раввi! паглядзi, смакоўнiца, якую Ты пракляў, усохла.
23. І, адказваючы, Iiсус кажа iм:
24. Майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калi хто скажа гары гэтай: “падымiся i ўвергнiся ў мора”, і не засумняваецца ў сэрцы сваiм, а верыць будзе, што збудзецца па словах яго, — будзе яму, што б нi сказаў.
25. Таму кажу вам: усё, чаго ў малiтве нi папросiце, верце, што атрымаеце, i будзе вам.
26. І калi стаiце на малiтве, даруйце, як што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, Якi ў нябёсах, дараваў вам правiны вашы.
27. Калi ж вы не даруеце, то i Айцец ваш, Якi ў нябёсах, не даруе вам правiнаў вашых.
28. I прыходзяць зноў  у Iерусалiм. І калi Ён хадзіў у храме, падыходзяць да Яго першасвятары i кнiжнiкi, i старэйшыны
29. і кажуць Яму: якою ўладаю Ты гэта робiш? i хто Табе ўладу гэтую даў, каб Ты рабiў гэта?
30. Iiсус жа ў адказ сказаў iм: спытаю ў вас i Я адну рэч, i адкажыце Мне; i Я скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.
31. Хрышчэнне Iаанава з неба было цi ад людзей? адкажыце Мне.
32. I разважалi яны мiж сабою, гаворачы: калi скажам: “з неба”, — Ён скажа: “ чаму ж вы не паверылi яму?”
33. А сказаць: “ад людзей” — баялiся народа, бо ўсе лічылi, што Iаан сапраўды быў прарок.
34. I кажуць у адказ Iiсусу: не ведаем. Тады Iiсус, адказваючы, гаворыць iм: i Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.
 
Раздзел XII
 
1. I пачаў гаварыць iм прытчамі:  пасадзiў чалавек вiнаграднiк i абнёс агароджаю, i выкапаў выцiскальню, i збудаваў вежу, i аддаў яго вiнаградарам, i адлучыўся.
2. I паслаў да вiнаградараў у пэўны час раба, каб узяць ад вiнаградараў пладоў з вiнаграднiка.
3. А яны, схапiўшы яго, набiлi i адаслалi нi з чым.
4. I зноў паслаў да iх iншага раба, i таго каменнем пабiлi, разбілі галаву i адпусцiлi зняважанага.
5. I зноў iншага паслаў, i таго забiлi; i многiх iншых каго бiлi, а каго забiвалi.
6. Яшчэ аднаго меў ён, сына ўзлюбленага свайго, паслаў i яго нарэшце да iх, кажучы: пасаромеюцца сына майго.
7. Тыя ж вiнаградары, сказалi адзін аднаму: гэта спадкаемца; хадзем, заб’ем яго, i спадчына будзе наша.
8. І, схапiўшы яго, забiлi i выкiнулi прэч з вiнаграднiка.
9. Што ж зробiць гаспадар вiнаграднiка? Прыйдзе i знiшчыць вiнаградараў, i аддасць вiнаграднiк iншым.
10. Няўжо не чыталi вы гэтага Пiсання: камень, якi адкiнулi будаўнiкi, той самы стаў галавою вугла;
11. ад Госпада сталася гэта, i яно дзiўнае ў вачах нашых.
12. І намервалiся схапiць Яго, ды пабаялiся народу; бо зразумелi, што пра iх сказаў прытчу; i, пакiнуўшы Яго, адышлi.
13. І пасылаюць да Яго  некаторых з фарысеяў i iрадыян, каб злавiць Яго на слове.
14. Яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: “Настаўнiк! мы ведаем, што Ты праўдзiвы i нiкому не дагаджаеш, бо не глядзiш на аблiчча людзей, а па праўдзе шляху Божаму вучыш. Цi дазволена даваць падатак кесару, цi не? Даваць нам цi не даваць?
15. Ён жа, ведаючы iх крывадушнасць, сказаў iм: што Мяне спакушаеце? Прынясiце Мне дынарый, каб Я пабачыў.
16. Яны прынеслi. І кажа iм: чыя гэта выява i надпiс? Яны сказалi Яму: кесаравы.
17. I сказаў iм Iiсус у адказ: аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу. I дзiвілiся Яму.
18. I прыйшлi да Яго садукеi,  якія кажуць, што няма ўваскрасення, i спыталiся ў Яго, кажучы:
19. Настаўнiк! Маiсей напiсаў нам: “калi ў каго брат памрэ i пакiне жонку, а дзяцей не пакiне, то няхай брат яго возьме жонку яго i адродзiць семя брату свайму”.
20. Было сем братоў; i першы ўзяў жонку i, памiраючы, не пакiнуў семенi.
21. І другi ўзяў яе, i памёр, i ён не пакiнуў семенi; i трэцi таксама.
22. І бралі яе сямёра, і не пакінулі семені. Пасля ўсіх памерла і жонка.
23. Дык вось, пры ўваскрасеннi, калі яны ўваскрэснуць, катораму з iх будзе яна жонкаю? бо сямёра мелi яе жонкаю.
24. I сказаў iм Iiсус у адказ: цi не таму вы памыляецеся, што не ведаеце нi Пiсанняў, нi сiлы Божае?
25. Бо калi з мёртвых уваскрэснуць, не будуць нi жанiцца, нi замуж выходзiць, а будуць, як Ангелы на нябёсах.
26. Пра мёртвых жа, што яны ўваскрэснуць, хiба не чыталi вы ў кнiзе Маiсея пра купіну, як Бог гаварыў яму, кажучы: “Я Бог Аўраама, i Бог Iсаака, i Бог Iакава”?
27. Ён не ёсць Бог мёртвых, але Бог жывых. Таму вы вельмi памыляецеся.
28. I, падышоўшы, адзiн з кнiжнiкаў, якi чуў, як яны спрачаюцца,  i, ведаючы, што Iiсус добра адказаў iм, спытаў у Яго: якая першая з усiх запаведзяў?
29. Iiсус адказаў яму: першая з усiх запаведзяў: “слухай, Iзраiлю! Гасподзь Бог наш ёсць Гасподзь адзiны;
30. i ўзлюбi Госпада Бога твайго ўсiм сэрцам тваiм, i ўсёй душою тваёю, i ўсiм разуменнем тваiм, i ўсёй сiлаю тваёю”. Гэта першая запаведзь.
31. I другая падобная да яе: “узлюбi блiжняга твайго, як самога сябе”. Большай за гэтыя iншай запаведзi няма.
32. I сказаў Яму кнiжнiк: добра, Настаўнiк! Па праўдзе сказаў Ты, што адзiны ёсць Бог, i няма iншага, акрамя Яго;
33. i любiць Яго ўсiм сэрцам, i ўсiм розумам, i ўсёю душою, i ўсёю сiлаю, i любiць блiжняга, як самога сябе, — гэта больш за ўсе ўсеспаленнi i ахвяры.
34. Iiсус жа, убачыўшы, што той разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Царства Божага. I нiхто не адважваўся болей пытацца ў Яго.
35. I, працягваючы вучыць у храме, Iiсус казаў: як гэта кажуць кнiжнiкi, што Хрыстос — сын Давiдаў?
36. Бо сам Давiд сказаў Духам Святым: “сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзi праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваiх у падножжа ног Тваiх.”
37. Сам Давiд называе Яго Госпадам: як жа Ён сын яму? I мноства народу слухала Яго з прыемнасцю.
38. I казаў iм у вучэннi Сваiм: сцеражыцеся кнiжнiкаў, якiя любяць хадзiць у доўгiх уборах i каб вiталi iх на плошчах,
39. i наперадзе сядзець у сiнагогах i ўзляжаць наперадзе на гасцінах.
40. Тыя, што паядаюць дамы ўдоў i напаказ доўга моляцца, прымуць большае асуджэнне.
41. I сеў Iiсус насупраць скарбнiцы i глядзеў, як народ кладзе грошы ў скарбніцу, i многiя багацеi клалi шмат.
42. I, прыйшоўшы, адна бедная ўдава паклала дзве лепты , гэта значыць кадрант.
43. I, паклiкаўшы вучняў сваiх, Iiсус гаворыць iм: праўду кажу вам, удава гэтая бедная паклала больш за ўсiх, хто клаў у скарбніцу:
44. бо ўсе клалi ад дастатку свайго, а яна з нястачы сваёй паклала ўсё, што мела, увесь пражытак свой.
 
Раздзел XIII
 
1. I калi выходзiў Ён з храма, кажа Яму адзiн з вучняў Яго: Настаўнiк! паглядзi, якое каменне i якiя будынкi!
2. I сказаў Iiсус яму ў адказ: бачыш гэтыя вялiкiя будынкi? Не застанецца тут каменя на каменi, якi не будзе зруйнаваны.
3. I калi сядзеў Ён на гары Елеонскай насупраць храма, пыталiся асобна ў Яго Пётр i Iакаў, i Iаан, i Андрэй:
4. скажы нам, калi гэта будзе, i якое знаменне, калi павiнна ўсё гэта збыцца?
5. Iiсус жа, адказваючы iм, пачаў гаварыць: сцеражыцеся, каб хто не ўвёў вас у зман.
6. Бо многiя прыдуць пад iмем Маiм, кажучы, што гэта Я, i многiх увядуць у зман.
7. Калi ж пачуеце пра войны i чуткi аб войнах, не жахайцеся, бо павiнна так быць, але гэта яшчэ не канец.
8. Бо паўстане народ на народ, i царства на царства; i будуць землятрусы месцамi, i будуць галады i смуты. Гэта пачатак пакут.
9. Вы ж самі сцеражыцеся, бо вас будуць аддаваць на судзiлiшчы, i бiць у сiнагогах, i перад правіцелямi i царамi паставяць вас да Мяне, дзеля сведчання iм.
10. I ва ўсiх народах перш павiнна быць прапаведана Евангелле.
11. Калi ж павядуць вас, каб выдаць, не турбуйцеся загадзя, што вам сказаць, i не абдумвайце; але што дадзена будзе вам у тую гадзiну, тое кажыце, бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Святы.
12. І выдасць брат брата на смерць, i бацька дзiця, i паўстануць дзеці на бацькоў i заб’юць iх.
13. I будзеце зненавiджаныя ўсiмi за iмя Маё; але хто выцерпiць да канца, той збаўлены будзе.
14. Калi ж убачыце мярзоту спусташэння, пра якую сказана Даніілам прарокам, якая паўстане там, дзе не павiнна быць, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, хто ў Iудзеi, няхай бягуць у горы; 
15. а хто на даху, няхай не спускаецца ў дом i не ўваходзiць узяць што-небудзь з дома свайго;
16. i хто ў полi, няхай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю.
17. Гора ж цяжарным i тым, што кормяць грудзьмi ў тыя днi!
18. Малiцеся ж, каб не здарылiся ўцёкi вашы зiмою.
19. Бо тыя днi будуць ліхам, якога не было ад пачатку стварэння, што стварыў Бог, аж да сёння, i не будзе.
20. I калi б Гасподзь не скарацiў тых дзён, то не ўратавалася б нiякая плоць; але дзеля абраных, якiх выбраў Ён, скараціў тыя днi.
21. І тады, калi хто скажа вам: вось, тут Хрыстос, або: вось, там, — не верце.
22. Бо паўстануць iлжэхрысты ды лжэпрарокi, i дадуць знаменнi i цуды, каб увесцi ў зман, калi магчыма, i абраных.
23. Вы ж сцеражыцеся; вось, Я наперад сказаў вам ўсё.
24. Але  ў тыя днi, пасля ліха таго, сонца памеркне, i месяц не дасць святла свайго,
25. i зоркi з неба будуць падаць, i сiлы, што ў нябёсах, зрушацца.
26. I тады ўбачаць Сына Чалавечага, Якi прыйдзе на воблаках з сiлаю многаю i славаю.
27. I тады пашле Ён Ангелаў Сваiх i збярэ абраных Сваiх ад чатырох вятроў, ад краю зямлi да краю неба.
28. Ад смакоўнiцы навучыцеся параўнаннем: калi голле яе ўжо мякчэе i пускае лiсце, ведаеце, што блiзка лета.
29. Так i вы, калi ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што блiзка, пры дзвярах.
30. Праўду кажу вам: не мiне род гэты, як усё гэта будзе.
31. Неба i зямля мiнуць, а словы Мае не мiнуць.
32. Пра дзень жа той цi гадзiну нiхто не ведае, нi Ангелы на небе, нi Сын, — толькi Айцец.
33. Глядзiце, будзьце пiльныя і малiцеся, бо не ведаце, калi настане той час,
34. падобна як чалавек, ад’язджаючы, пакiнуў дом свой i даў слугам сваiм уладу, i кожнаму сваю працу, а брамнiку загадаў, каб быў пiльны.
35. Дык будзьце пiльныя; бо не ведаеце, калi прыйдзе гаспадар дома: увечары, цi апоўначы, цi як запяюць пеўні, цi ранiцаю;
36. каб, прыйшоўшы неспадзявана, не застаў вас у сне.
37. А што вам кажу, усiм кажу: будзьце пiльныя.
 
Раздзел XIV
 
1. А праз два днi была Пасха i свята праснакоў; i шукалi першасвятары i кнiжнiкi, як узяць Яго хiтрасцю i забiць;
2. але казалi: толькi не ў свята, каб не было абурэння ў народзе.
3. I калi быў Ён  у Вiфанii, у доме Сiмана пракажонага, i ўзляжаў, — прыйшла жанчына з алебастравай пасудзiнай мiра з нарду чыстага i шматкаштоўнага i, разбiўшы пасудзiну, узлiла Яму на галаву.
4. Былі ж некаторыя, што абурылiся i гаварылi памiж сабою: навошта гэтая трата мiра?
5. Бо можна было б прадаць яго больш чым за трыста дынарыяў i раздаць убогiм. I папракалi яе.
6. Але Iiсус сказаў: пакiньце яе, навошта яе бянтэжыце? Яна добрую справу зрабiла для Мяне.
7. Бо заўсёды ўбогiх вы маеце з сабою i, калi хочаце, можаце дабро iм рабiць; а Мяне не заўсёды маеце. 
8. Яна зрабiла, што магла: загадзя памазала Маё цела для пахавання.
9. Праўду кажу вам: дзе толькі будзе прапаведана Евангелле гэтае ва ўсiм свеце, дык i пра тое, што зрабiла яна, сказана будзе ў памяць аб ёй.
10. I пайшоў Iуда Iскарыёт, адзiн з дванаццацi, да першасвятароў, каб выдаць Яго iм.
11. Яны ж, пачуўшы, узрадавалiся i абяцалi яму даць срэбранiкi. I ён шукаў, як пры нагодзе выдаць Яго.
12. I ў першы дзень праснакоў, калi прыносiлi пасхальную ахвяру, кажуць Яму вучнi Яго: дзе хочаш, каб мы пайшлi i прыгатавалi Табе есцi пасху?
13. I пасылае двух з вучняў Сваiх i кажа iм: iдзiце ў горад; i сустрэне вас чалавек, якi будзе несцi збан вады; iдзiце за iм.
14. І, куды ён увойдзе, скажыце гаспадару таго дома: “Настаўнiк кажа: дзе святлiца, у якой Мне есцi пасху з вучнямi Маiмi?”
15. I ён вам пакажа верхні пакой вялiкi, засланы, гатовы; там прыгатуйце нам.
16. I пайшлi вучнi Яго, i прыйшлi ў горад, i знайшлi, як сказаў iм; i прыгатавалi пасху.
17. I калi звечарэла, прыходзiць Ён з дванаццаццю.
18. I калi ўзляжалi яны i елi, сказаў Iiсус: праўду кажу вам, адзiн з вас, які есць са Мною, выдасць Мяне.
19. Яны ж засмуціліся i пачалі гаварыць Яму адзiн за адным: ці не я? I другi: ці не я?
20. Ён жа сказаў iм у адказ: адзiн з дванаццацi, хто мачае са Мною ў блюда.
21. Бо Сын Чалавечы iдзе, як напiсана пра Яго; але гора таму чалавеку, якi выдае Сына Чалавечага: лепш было б таму чалавеку не радзiцца.
22. I калi яны елi, Iiсус, узяўшы хлеб i благаславiўшы, пераламіў i даў iм, i сказаў: прымiце, ежце; гэта Цела Маё.
23. I, узяўшы чашу, узнёс падзяку і даў iм; i пiлi з яе ўсе.
24. I сказаў iм: гэта Кроў Мая новага запавету, якая за многiх пралiваецца.
25. Праўду кажу вам, што больш не буду пiць ад плоду вiнаграднага да таго дня, калi буду пiць яго новым у Царстве Божым.
26. I, адспяваўшы хвалу, выйшлi на гару Елеонскую.
27. I кажа iм Iiсус: усе вы спакусiцеся аба Мне ў гэтую ноч, бо напiсана: “паражу пастыра i рассеюцца авечкi”.
28. Але потым, калi ўваскрэсну, Я апярэджу вас у Галiлеi.
29. А Пётр сказаў Яму: хоць i ўсе спакусяцца, але не я.
30. I кажа яму Iiсус: праўду кажу табе, што ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. 
31. А ён яшчэ настойлівей гаварыў: калі б мне нават i памерцi з Табою, не адракуся ад Цябе. Гэтаксама i ўсе гаварылi. 
32. I прыйшлi ў мясцiну пад назвай Гефсiманiя, i кажа Ён вучням Сваiм: пасядзiце тут, пакуль Я пайду памалюся.
33. I бярэ Пятра, Iакава i Iаана з Сабою; i пачаў журыцца i тужыць.
34. I кажа iм: смуткуе душа Мая да смерцi; пабудзьце тут i не спiце.
35. I, адышоўшы крыху, упаў на зямлю i малiўся, каб, калi магчыма, абмiнуў Яго час гэты;
36. i гаварыў: Авва Ойча! усё магчыма Табе; пранясi чашу гэтую мiма Мяне, але не чаго я хачу, а чаго Ты.
37. I прыходзiць, i знаходзiць, што яны спяць, i кажа Пятру: Сiмане, ты спiш? не змог ты адной гадзiны не паспаць?
38. Не спіце i малiцеся, каб не ўпасці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць немачная.
39. I зноў, адышоўшы, малiўся, кажучы тое ж слова.
40. I, вярнуўшыся, знайшоў, што зноў яны спяць; бо вочы ў іх ацяжэлi; i не ведалi яны, што Яму адказаць.
41. I прыходзiць трэцi раз i кажа iм: вы ўсё яшчэ спiце і спачываеце. Годзе, настаў час: вось, аддаецца Сын Чалавечы ў рукi грэшнiкаў.
42. Уставайце, хадзем; вось, наблiзiўся той, хто выдае Мяне.
43. I адразу, калi яшчэ Ён гаварыў,  прыходзіць Iуда, адзiн з дванаццацi, i з iм мноства людзей з мячамi i каламi, ад першасвятароў i кнiжнiкаў i старэйшын.
44. А той, хто выдаваў Яго, даў iм знак, кажучы: каго я пацалую, Той i ёсць, вазьмiце Яго i вядзiце пільна.
45. I, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго i кажа: Равві, Раввi! I пацалаваў Яго.
46. А яны ўсклалi рукi свае на Яго i ўзялi Яго.
47. Адзiн жа з тых, што стаялi тут, дастаў меч, ударыў раба першасвятаровага i адсек яму вуха.
48. I, звярнуўшыся да іх, Iiсус сказаў: быццам на разбойнiка выйшлi з мячамi i каламi ўзяць Мяне?
49. Штодня бываў Я з вамі ў храме, навучаючы, i вы не ўзялi Мяне; але няхай збудуцца Пiсанні.
50. І, пакiнуўшы Яго, усе паўцякалi. 
51. I адзiн юнак, накiнуўшы палатно на голае цела, ішоў за Iм; i юнакі хапаюць яго.
52. Ён жа, пакiнуўшы палатно, голы ўцёк ад iх.
53. I прывялi Iiсуса да першасвятара; i збіраюцца да яго ўсе першасвятары i кнiжнiкi, i старэйшыны.
54. I Пётр зводдаль услед за Iм iшоў аж усярэдзiну двара першасвятаровага, i сядзеў са слугамi i грэўся каля агню.
55. А першасвятары i ўвесь сiнедрыён шукалi сведчання супраць Iiсуса, каб аддаць Яго на смерць, i не знаходзiлi.
56. Бо многiя лжыва сведчылi супраць Яго, але сведчаннi іх не супадалi.
57. I некаторыя, устаўшы, iлжыва сведчылi супраць Яго, кажучы: 
58. мы чулi, як Ён казаў: “Я разбуру храм гэты рукатворны i праз тры днi ўзвяду iншы, нерукатворны”.
59. Але i так сведчанне iх не супадала.
60. Тады першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаў Iiсуса, кажучы: не адказваеш нiчога? што яны супраць Цябе сведчаць?
61. Ён жа маўчаў i нiчога не адказваў. Зноў першасвятар спытаў Яго i кажа Яму: цi Ты Хрыстос, Сын Благаславёнага?
62. Iiсус жа сказаў: Я. І вы ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзiць праваруч сiлы i прыйдзе на воблаках нябесных.
63. Першасвятар жа, разадраўшы адзенне сваё, кажа: якую яшчэ патрэбу мы маем у сведках?
64. Вы чулi хуленне: як вам здаецца? Яны ж усе прысудзілi, што Ён варты смерцi.
65. I пачалi некаторыя пляваць на Яго i, закрываць Яму твар, і біць Яго, i казаць Яму: прароч. I слугi бiлi Яго па шчоках.
66. I калi Пётр быў на двары ўнiзе, падыходзіць адна са служанак першасвятара
67. i, убачыўшы, як Пётр грэецца, углядзелася ў яго i кажа: i ты быў з Назаранiнам Iiсусам.
68. Ён жа адрокся, кажучы: не ведаю i не разумею, што ты гаворыш. I выйшаў адтуль на пярэднi двор; i заспяваў певень.
69. I служанка, убачыўшы яго зноў, пачала казаць тым, што стаялi тут: гэты з iх.
70. Ён жа зноў адракаўся. I неўзабаве зноў тыя, што стаялі там, казалi Пятру: сапраўды ты з іх, бо ты галiлеянiн, i гаворка твая падобная.
71. Ён жа пачаў клясціся i бажыцца: не ведаю Гэтага Чалавека, пра Якога вы гаворыце.
72. I другi раз заспяваў певень. I ўспомнiў Пётр слова, якое сказаў яму Iiсус: перш чым певень двойчы заспявае, ты адрачэшся ад Мяне тройчы. I пачаў плакаць.
 
Раздзел XV
 
1. I адразу ранiцай зрабiлi  нараду першасвятары са старэйшынамi i кнiжнiкамi, i ўвесь сiнедрыён, i, звязаўшы Iiсуса, павялi i аддалi Пiлату.
2. I запытаў Яго Пiлат: Ты Цар Iудзейскi? Ён жа сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
3. I абвінавачвалi Яго першасвятары ў многім.
4. Пiлат жа зноў запытаў Яго, кажучы: Ты нiчога не адказваеш? глядзi, колькi супраць Цябе сведчаць.
5. Iiсус жа больш нiчога не адказваў, так што Пiлат здзiўляўся.
6. На кожнае ж свята адпускаў iм аднаго вязня, за якога прасiлi.
7. Быў жа адзiн нехта, званы Варава, зняволены з саўдзельнiкамi сваiмi, якiя пад час бунту ўчынiлi забойства.
8. I натоўп пачаў крычаць і прасiць Пiлата аб тым, што ён заўсёды рабiў для iх.
9. Пiлат жа адказаў iм, гаворачы: хочаце, адпушчу вам Цара Iудзейскага?
10. Бо ведаў, што па зайздрасцi выдалi Яго першасвятары.
11. Але першасвятары падбухторылi натоўп прасіць, каб лепш адпусцiў iм Вараву.
12. Пiлат жа зноў сказаў iм у адказ: а што хочаце, каб я зрабiў з Тым, Каго вы называеце Царом Iудзейскiм?
13. Яны ж зноў закрычалi: распнi Яго!
14. Пiлат сказаў iм: якое ж зло Ён учынiў? А яны яшчэ мацней закрычалi: распнi Яго!
15. Тады Пiлат: хочучы дагадзiць натоўпу, адпусцiў iм Вараву, а Iiсуса, пасля бiчавання, аддаў на распяцце.
16. Воiны ж адвялi Яго  ўсярэдзiну двара, гэта значыць, у прэторыю, i склікаюць увесь полк,
17. i апранаюць Яго ў багранiцу, i, сплёўшы цярновы вянец, ускладаюць на Яго;
18. i пачалi вiтаць Яго: радуйся, Цару Iудзескi!
19. I бiлi Яго па галаве кiем, i плявалi на Яго, i, становячыся на каленi, кланялiся Яму.
20. I калi наглумiлiся з Яго, знялi з Яго багранiцу i апранулi Яго ў адзежу Ягоную; i выводзяць Яго, каб распяць Яго.
21. I прымушаюць прахожага нейкага Сiмана Кiрынеянiна, якi iшоў з поля, бацьку Аляксандра i Руфа, несці крыж Яго.
22. I прыводзяць Яго на месца Галгофу, што значыць: “месца чэрапа”.
23. I давалi Яму пiць вiно са смiрнаю, але Ён не ўзяў.
24. I тыя, што распiналi Яго, дзялiлi адзежу Яго, кiдаючы жэрабя на яе, каму што ўзяць.
25. Была ж трэцяя гадзiна, i распялi Яго.
26. I быў зроблены надпiс вiны Яго: Цар Iудзейскi.
27. I з Iм распiнаюць двух разбойнiкаў, аднаго справа, а другога злева ад Яго.
28. I збылося Пiсанне, якое кажа, “i да злачынцаў залiчаны”.
29. I тыя, што праходзiлi мiма, зневажалi Яго, кiваючы галовамi сваiмi i кажучы: гэй! Ты, што разбураеш храм i за тры днi будуеш!
30. уратуй Самога Сябе i сыдзi з крыжа.
31. Гэтаксама i першасвятары з кнiжнiкамi, насмiхаючыся, адзiн аднаму казалi: iншых ратаваў, а Сябе не можа ўратаваць.
32. Хрыстос, Цар Iзраiлеў, няхай сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылi, i ўверавалі ў Яго. I распятыя з Iм ганьбілi Яго.
33. Калі ж надышла шостая гадзiна, цемра настала па ўсёй зямлi да гадзiны дзевятай.
34. I ў дзевятай гадзiне ўскрыкнуў Iiсус моцным голасам, кажучы: Элаi, Элаi! ламма савахфанi? што азначае: ”Божа мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакiнуў?
35. I некаторыя з тых, што стаялi там, чуючы гэта, казалi: вось, Iлiю клiча.
36. А адзiн пабег, намачыў губку воцатам i, насадзiўшы на кiй, даваў Яму пiць, кажучы: чакайце, пабачым, цi прыйдзе Iлiя зняць Яго.
37. Iiсус жа, ускрыкнуўшы моцна, спусціў дух.
38. I завеса ў храме разадралася напалам ад верху да нiзу.
39. Сотнiк жа, якi стаяў насупраць Яго i бачыў, што Ён, так ускрыкнуўшы, спусціў дух, сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў Сын Божы.
40. Былi i жанчыны, што глядзелi здалёк, сярод iх была Марыя Магдалiна, i Марыя, мацi Iакава Меншага i Iасii, i Саламiя,
41. якія і тады, калi Ён быў у Галiлеi, хадзiлi за Iм i служылi Яму; i iншыя многiя, што прыйшлi разам з Iм у Iерусалiм.
42. I калi ўжо настаў вечар, — паколькі была пятнiца, гэта значыць, пярэдадзень суботы, —
43. прыйшоў Iосiф, што з Арымафеi, паважаны саветнiк, якi i сам чакаў Царства Божага, i, адважыўшыся, увайшоў да Пiлата i прасiў цела Iiсусава.
44. Пiлат жа здзiвiўся, што Ён ужо памёр; i, паклiкаўшы сотнiка, спытаў яго: цi даўно памёр?
45. I, даведаўшыся ад сотнiка, аддаў цела Iосiфу.
46. Ён, купiўшы плашчанiцу i, зняўшы Яго, абвiў плашчанiцаю i паклаў Яго ў магiлу, што была высечана ў скале, i прывалiў камень да дзвярэй магiлы.
47. Марыя ж Магдалiна i Марыя Iасiева глядзелi, дзе Яго паклалi.
 
Раздзел XVI
 
1. І калі мінула  субота, Марыя Магдаліна і Марыя Іакавава, і Саламія купілі духмянасцяў, каб, прыйшоўшы, памазаць Яго.
2. І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыходзяць да магілы, калі ўзышло сонца,
3. і гаварылі між сабою: хто адваліць нам камень ад увахода ў магілу?
4. І, паглядзеўшы, бачаць, што камень адвалены; а быў ён надта вялікі.
5. І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, што сядзеў справа, апрануты ў белы ўбор; і жахнуліся.
6. А ён кажа ім: не жахайцеся. Іісуса шукаеце Назараніна, распятага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе паклалі Яго.
7. Але ідзіце, скажыце вучням Яго і Пятру, што Ён ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам.
8. І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магілы; іх ахапіла трымценне і жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
9. А Іісус, уваскрэсшы  ў першы дзень тыдня, явіўся перш Марыі Магдаліне, з якой выгнаў быў сем дэманаў.
10. Яна, пайшоўшы, абвясціла тым, што былі з Ім, якія смуткавалі і плакалі;
11. і тыя, пачуўшы, што Ён жывы і што яна бачыла Яго, не паверылі.
12. Пасля ж гэтага явіўся Ён у іншым вобразе двум з іх дарогаю, калі яны ішлі ў сяло.
13. І тыя, пайшоўшы, абвясцілі астатнім; але і ім не паверылі.
14. Нарэшце, явіўся Ён і самім адзінаццаці, калі яны ўзляжалі на вячэры, і дакараў іх за нявер’е і жорсткасць сэрца, што яны тым, хто бачыў Яго Уваскрэслага, не паверылі.
15. І сказаў ім: ідучы па ўсім свеце, прапаведуйце Евангелле ўсяму стварэнню.
16. Хто будзе мець веру і хрысціцца, той збаўлены будзе; а хто не будзе мець веры, асуджаны будзе.
17. А тых, хто ўверуе, будуць суправаджаць знаменні такія: імем Маім будуць яны выганяць дэманаў; будуць гаварыць новымі мовамі;
18. будуць браць змей; а калі што смяротнае вып’юць, не пашкодзіць ім; на хворых ускладуць рукі, і тыя будуць здаровыя.
19. І вось, Гасподзь пасля таго, як гаварыў да іх, узнёсся на неба і сеў праваруч Бога.
20. А яны, выйшаўшы, прапаведавалі ўсюды, і Гасподзь садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знаменнямі ўслед. Амінь.