Духоўныя скарбы продкаў

15 сакавіка вучні 4-х класаў Нядзельнай школы прыхода наведалі выстаўку, прысвечаную мастацтву абклада абразоў і кніг XVIII – пачатку XX стагоддзяў. Выстаўка дзейнічае ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі. Яна была прымеркавана да XVI Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі Благавест” і працягне сваё існаванне да канца сакавіка.

Падчас наведвання выставы вучні даведалісь аб тым, што абклад (рыза, шата, цата) – накладное ўпрыгажэнне на абразах і пераплётах кніг. Абклады вырабляюцца з металу (золата, срэбра, латуні, медзі, бляхі), бываюць шытыя па палатне сярэбранымі ці залачонымі ніцямі, бісерам, жэмчугам, аздобленыя слановай косцю, каштоўнымі камянямі, эмалямі, перламутрам, рознакаляровым шклом і іншымі матэрыяламі. Існавала традыцыя разны́х абкладаў з дрэва, якія пакрывалі ляўкасам і пазалотай.

Цікава было даведацца і пра тое, што з пачатку XVII ст. мастацтва абклада пачало развівацца як самастойны накірунак ювелірнай справы. На змену строгім сярэбраным рызам прыйшлі больш складаныя і дарагія. Майстры пачалі выкарыстоўваць золата і розныя тэхнікі афармлення: чарненне, эмаль, самацветы, філігрань.

На працягу XVII–XVIII стагоддзяў іконны абклад станавіўся ўсё больш раскошным і дарагім, пры гэтым ён стаў абавязковым атрыбутам. Асаблівая ўвага надавалася алтарным і цудатворным абразам. Упрыгожванне іконы лічылася богаўгоднай справай.

У XIX ст. з распаўсюджаннем класіцызму рызы страцілі былую пампезнасць і сталі больш сціплымі. Бо́льшую частку абкладаў з ліку тых, якія захаваліся да нашых дзён, складаюць простыя ціснёныя рызы XIX ст., якія перажылі гады савецкай улады. Сёння яны з’яўляюцца асновай таго гістарычнага матэрыялу, на які арыентуюцца сучасныя майстры, адраджаючыя традыцыі праваслаўнага абклада.

На выстаўцы прадстаўлены найбольш каштоўныя прадметы XVIII – пачатку XX стагоддзяў з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі – абразы Ісуса Хрыста, Маці Божай і Святых Праваслаўнай Царквы, богаслужэбныя рукапісныя і друкаваныя кнігі ў абкладах, зробленых з разнастайных матэрыялаў і ў розных тэхніках.

Цікавы і змястоўны расказ навуковага супрацоўніка музея – Ірыны Васільеўны Ахотніцкай – вызваў цікавасць вучняў да выстаўкі і жаданне наведацца зноў.

Грункоўская Любоў Іосіфаўна, выкладчык Нядзельнай школы