Да Калосян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 1
1Павел, воляю Божаю Апостал Іісуса Хрыста, і Цімафей брат,
2тым, што ў Калосах, святым і верным братам у Хрысце Іісусе:
3благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста. Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Іісуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас,
4дачуўшыся пра веру вашу ў Хрыста Іісуса і пра любоў, якую вы маеце да ўсіх святых,
5у надзеі на ўгатава́нае вам на нябёсах, пра што вы раней чулі ў слове ісціны, у дабравесці,
6якое прыйшло да вас; як і ва ўсім свеце яно і пладаносіць, і ўзрастае, так і сярод вас ад таго дня, як вы пачулі і спазналі благадаць Божую ў ісціне,
7як і навучыліся ад Эпафраса, узлюбленага суработніка нашага, вернага дзеля вас служыцеля Хрыстовага,
8які і паведаміў нам пра вашу любоў у духу.
9Таму і мы з таго дня, як гэта пачулі, не перастаём маліцца за вас і прасіць, каб вы напаўняліся спазнаннем волі Яго ва ўсякай мудрасці і разуменні духоўным,
10каб жылі дастойна Госпада, ва ўсім дагаджаючы Яму, прыносячы плод ва ўсякай справе добрай і ўзрастаючы ў спазнанні Бога,
11умацоўваючыся ўсякаю сілаю паводле магутнасці славы Яго, на трываласць ва ўсім і доўгацярплівасць з радасцю,
12узносячы падзяку Богу і Айцу, Які паклікаў нас да ўдзелу ў спадчыне святых у святле,
13Які вызваліў нас з-пад улады цемры і ўвёў у Царства ўзлюбленага Сына Свайго,
14у Якім мы маем выкупле́нне Крывёю Яго і прабачэнне грахоў,
15Які ёсць вобраз Бога нябачнага, першанароджаны раней за ўсякае стварэнне;
16бо Ім створана ўсё, што на нябёсах і што на зямлі, бачнае і нябачнае: ці то прастолы, ці дзяржавы, ці начальствы, ці ўлады, — усё праз Яго і для Яго створана;
17і Ён існуе раней за ўсё, і ўсё ў Ім знаходзіцца.
18І Ён — галава цела Царквы; Ён — пачатак, першынец з мёртвых, каб ва ўсім Ён меў пе́ршынства:
19бо ўгодна было Айцу, каб у Ім заключалася ўся паўната,
20і каб праз Яго прымірыць з Сабою, устанавіўшы мір праз Яго, Крывёю крыжа Яго, усё — і зямное, і нябеснае.
21І вас, якія калісьці былі чужымі і варожымі Богу ў думках і ліхіх справах,
22цяпер Ён прымірыў у целе Плоці Яго, смерцю Яго, каб паставіць вас святымі, і беззаганнымі, і бездакорнымі перад Сабою,
23калі толькі вы застаяце́ся цвёрдымі і непахіснымі ў веры і не адпада́еце ад надзеі дабравесця, якое вы чулі, якое абвешчана ўсяму стварэнню паднябеснаму і якому я, Павел, стаў служыцелем.
24Цяпер я радуюся ў пакутах маіх за вас і дапаўняю нястачу ў плоці маёй мук Хрыстовых за Цела Яго, якім з’яўляецца Царква,
25служыцелем якой я стаў паводле даручэння Божага, дадзенага мне дзеля вас, каб у паўнаце абве́сціць слова Божае,
26тайну, схаваную ад вякоў і ад родаў, а цяпер адкрытую святым Яго,
27якім пажадаў Бог паказаць, у чым багацце славы для язычнікаў тайны гэтай, якая ёсць Хрыстос у вас — надзея славы,
28Якога мы прапаведуем, настаўляючы кожнага чалавека і навучаючы кожнага чалавека ўсёй мудрасці, каб паказаць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце Іісусе,
29дзеля чаго я і працую, змагаючыся сілаю Яго, якая дзейнічае ўва мне магутна.
Раздзел 2
1Я хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я вяду за вас і за тых, што ў Лаадыкі́і і ў Іера́палі, і за ўсіх, хто не бачыў аблічча майго ў плоці,
2каб усце́шыліся сэрцы іх, злучаныя ў любові і дзеля ўсяго багацця паўнаты разумення, дзеля спазна́ння тайны Бога і Айца і Хрыста,
3у Якім скрыты ўсе скарбы мудрасці і ве́дання.
4Гэта кажу я, каб хто-небудзь не ўвёў вас у зман праўдападобнымі довадамі;
5бо я, хоць і адсутнічаю плоццю, але духам з вамі, радуючыся і бачачы ў вас лад і цвёрдасць вашай веры ў Хрыста.
6Дык вось, як прынялі́ вы Хрыста Іісуса Госпада, так і хадзіце ў Ім,
7укаранёныя і ўсталява́ныя ў Ім і ўмацава́ныя ў веры, як вы былі наву́чаны, узбагача́ючыся ў ёй з удзячнасцю.
8Глядзіце, каб хто-небудзь не захапіў вас філасофіяй і пустым падманам паводле пада́ння чалавечага, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста,
9бо ў Ім прысутнічае ўся паўната Бажаства цялесна,
10і вы маеце паўнату ў Ім, Які з’яўляецца галавою ўсякага начальства і ўлады;
11у Ім вы і абрэзаны былі́ абрэзаннем нерукатворным, скіда́ннем грахоўнага цела плоці, абрэзаннем Хрыстовым;
12пахаваныя разам з Ім у хрышчэнні, у Ім вы разам і ўваскрэслі праз веру ў сілу Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
13і вас, якія былі мёртвымі ў грахах і ў неабрэзанні плоці вашай, ажывіў разам з Ім, прабачыўшы нам усе грахі,
14сцёршы прад’яўлены нам спісак даўгоў, што быў супраць нас; Ён скасаваў яго, прыбіўшы цвікамі да крыжа;
15абяззброіўшы начальствы і ўлады*, Ён выставіў іх на ганьбу, перамогшы іх Сабою.
16Дык вось, няхай ніхто не асуджа́е вас за ежу, ці за пітво, ці за тое, што даты́чыць свята, ці маладзіка́, ці суботы:
17гэта — цень бу́дучыні, це́ла ж — Хрыстос.
18Ніхто няхай не ўвядзе вас у зман праз самавольную пакорнаму́драсць і паклане́нне ангелам, удаючы́ся ў тое, чаго не бачыў, марна надзіма́ючыся плоцкім сваім розумам
19і не трыма́ючыся галавы, ад якой ўсё цела, сувязямі і злучэннямі змацава́нае і з’ядна́нае, расце ўзраста́ннем Божым.
20Дык вось, калі вы з Хрыстом памерлі для стыхій свету, то чаму вы, як быццам жывучы́ ў свеце, падпарадкоўваецеся ўстанаўленням:
21“не дакранайся”, “не еж”, “не чапа́й” —
22усё гэта знішчаецца пры ўжыванні — паводле запаведзяў і вучэння чалавечага́
23гэта мае толькі выгляд мудрасці ў самавольным пакланенні, пакорнамудрасці і знясільва́нні цела, у пэўным занядба́нні насычэ́ння плоці.
Раздзел 3
1Дык вось, калі вы ўваскрэслі з Хрыстом, то шукайце вы́шняга, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога;
2пра вы́шняе думайце, а не пра зямное.
3Бо вы памерлі, і жыццё ваша схавана з Хрыстом у Богу;
4калі я́віцца Хрыстос, жыццё ваша, тады і вы будзеце я́ўлены з Ім у славе.
5Дык умярцвіце зямныя члены вашы: блуд, нечыстату, страсць, ліхую пажадлівасць і хцівасць, якая з’яўля́ецца ідаласлужэ́ннем, —
6за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў праціўле́ння;
7гэта і вы не́калі рабілі, калі жылі́ сярод іх.
8Цяпер жа вы адкі́ньце ўсё: гнеў, ярасць, злосць, блюзнерства, брыдкаслоўе вуснаў вашых;
9не лжы́це адно аднаму, бо вы знялі́ з сябе старога чалавека з учы́нкамі яго
10і апрану́ліся ў новага, які абнаўляецца дзеля пазнання паводле вобраза Стваральніка яго,
11дзе няма ні Эліна, ні Іудзея, ні абрэ́зання, ні неабрэ́зання, ні ва́рвара, ні Скіфа, ні раба, ні свабоднага, а ўсё і ва ўсім — Хрыстос.
12Дык апрані́цеся як абра́ннікі Божыя, святы́я і ўзлю́бленыя, у сардэчную спага́длівасць, добрасць, пакорнаму́драсць, лагоднасць, доўгацярплі́васць,
13ста́вячыся цярпліва адно да аднаго і прабача́ючы ўзаемна, калі хто на каго ма́е кры́ўду: як Хрыстос праба́чыў вам, так і вы.
14А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая з’яўляецца суку́пнасцю даскана́ласці;
15і няхай валада́рыць у сэ́рцах вашых мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным целе; і будзьце ўдзячнымі.
16Слова Хрыстова няхай жыве ў вас ва ўсім яго багацці, з усякаю мудрасцю; навучайце і настаўляйце на розум адно аднаго псалмамі, і гімнамі, і песнямі духоўнымі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Госпаду.
17І ўсё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Госпада Іісуса Хрыста, дзя́куючы Богу і Айцу праз Яго.
18Жонкі, падпарадко́ўвайцеся сваім мужам, як нале́жыць у Госпадзе.
19Мужы́, любі́це жонак вашых і не будзьце жорсткімі да іх.
20Дзеці, слухайцеся бацькоў ва ўсім, бо гэта ўгодна Госпаду.
21Бацькі, не раздражня́йце дзяцей вашых, каб яны не па́далі духам.
22Рабы, ва ўсім слу́хайцеся гаспадароў вашых па плоці, не напаказ слу́жачы, як чалавекаўго́днікі, а ў шчы́расці сэ́рца, баючы́ся Бога.
23І ўсё, што б ні рабілі вы, рабіце ад душы́, як для Госпада, а не як для людзей,
24ведаючы, што ад Госпада ва ўзнагароду атрыма́еце спадчыну, бо вы слу́жыце Госпаду Хрысту.
25А хто няпра́веднае чы́ніць, той атрыма́е паводле сваёй няпра́веднасці, без зважа́ння на асобу.
Раздзел 4
1Гаспадары́, абыхо́дзьцеся з рабамі па праўдзе і справядлівасці, ведаючы, што і вы маеце Госпада на нябёсах.
2Будзьце пастаяннымі ў малітве, трыва́ючы ў ёй з удзячнасцю;
3маліцеся таксама і за нас, каб Бог адчыніў нам дзверы для слова — абвяшча́ць тайну Хрыстову, за якую я і зняво́лены,
4каб я вы́казаў яе ясна, як нале́жыць мне абвяшчаць.
5Са зне́шнімі абыхо́дзьцеся мудра, суадно́сячыся з ча́сам.
6Слова ваша няхай будзе заўсёды з благадаццю, прыпра́ўленае соллю, каб вы ведалі, як трэба адказваць кожнаму.
7Пра мяне ўсё раскажа вам Ціхік, узлюблены брат і верны служыцель і супрацоўнік у Госпадзе;
8яго я паслаў да вас для таго, уласна, каб ён даведаўся пра вашы справы і суце́шыў сэрцы вашы,
9разам з Анісімам, верным і ўзлю́бленым бра́там, які ад вас: яны раскажуць вам пра ўсё што тут робіцца.
10Вітае вас Арыстарх, зняво́лены разам са мною, і Марк, родзіч Варнавы, — наконт якога вы атрыма́лі наказы: калі прыйдзе да вас, прымі́це яго, —
11таксама Іісус, называ́ны Іустам, якія паходзяць з абрэ́заных; гэта адзіныя супрацоўнікі для Царства Божага, якія былі́ мне суцяшэ́ннем.
12Вітае вас Эпафрас, які з вашых, раб Іісуса Хрыста, які заўсёды падзвіза́ецца ў малітвах за вас, каб вы былі дасканалыя і напоўненыя ўсім, што даспадобы Богу.
13Све́дчу пра яго, што ён праяўляе вялікую руплі́васць за вас і за тых, хто ў Лаадыкіі і ў Іерапалі.
14Вітае вас Лука, лекар узлю́блены, і Дзімас.
15Вітайце братоў у Лаадыкіі, і Німфана, і дамашнюю царкву яго.
16І калі гэтае пасланне будзе прачы́тана ў вас, зрабіце так, каб яно было прачы́тана і ў Лаадыкійскай царкве; а тое, што з Лаадыкіі, каб і вы прачыталі.
17І скажыце Архіпу: будзь уважлівы да служэння, якое ты прыня́ў у Госпадзе, каб табе вы́канаць яго.
18Прывітанне маёю рукою, Паўлаваю. Памятайце пра мае аковы. Благадаць з усімі вамі. Амінь.