Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла

Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла

Раздзел 1

1Бог, Які шмат разоў і многімі спосабамі здаўна прамаўляў да бацькоў нашых праз прарокаў,

2у гэтыя апошнія дні прамовіў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, праз Якога і вякі стварыў.

3Ён, будучы ззяннем славы і адлюстраваннем істоты Яго і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, здзейсніўшы Сабою ачышчэнне грахоў нашых, сеў праваруч прастола велічы ў вы́шніх,

4настолькі пераўзыходзячы ангелаў, наколькі выда́тнейшае за іх унасле́даваў імя́.

5Бо каму з ангелаў калі-небудзь сказаў Бог: “Ты Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе”? І яшчэ: “Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам”?

6Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў свет, кажа: “і няхай пакло́няцца Яму ўсе ангелы Божыя”.

7Пра ангелаў сказана: “Ты робіш ангеламі Сваімі духаў і служыцелямі Сваімі — полымя вогненнае”.

8А пра Сына: “прастол Твой, Божа, у век веку; жазло́ царства Твайго — жазло справядлівасці.

9Ты ўзлюбіў праведнасць і ўзненавідзеў беззаконне; таму пама́заў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасці больш за супольнікаў Тваіх”;

10і: “у пачатку Ты, Госпадзі, заснаваў зямлю, і нябёсы — справа рук Тваіх;

11яны загінуць, а Ты застане́шся; і ўсе, як адзежа, састарацца,

12і, як вопратку, згорнеш іх, і яны зме́няцца; а Ты — той самы, і гады́ Твае не скончацца”.

13Каму з ангелаў сказаў калі-небудзь Бог: “сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх”?

14Хіба не ўсе яны — службовыя духі, пасла́ныя на служэнне дзеля тых, якія маюць унасле́даваць спасе́нне?

 

Раздзел 2

1Таму мы павінны быць асабліва ўважлівымі да пачутага, каб не адпа́сці.

2Бо, калі праз ангелаў прамоўленае слова было́ непару́шным і ўсякае парушэ́нне і непаслушэ́нства вялі да справядлівай адплаты,

3то як пазбе́гнем яе мы, не дба́ючы пра такую веліч — спасенне, якое, будучы спачатку абве́шчана Госпадам, ў нас было ўмацавана тымі, хто чуў гэта,

4а Бог засведчыў гэта і знаме́ннямі, і цудамі, і рознымі сіламі, і раздава́ннем дароў Духа Святога па волі Сваёй?

5Бо не ангелам Бог падпарадкава́ў будучы свет, пра які мы вядзём гаворку;

6засве́дчыў жа нехта недзе, кажучы: “што́ ёсць чалавек, што Ты па́мятаеш яго? альбо сын чалавечы, што Ты дба́еш пра яго?

7Мала ніжэйшым за ангелаў зрабіў Ты яго; славаю і пашанаю ўвянчаў Ты яго і паставіў яго над справамі рук Тваіх;

8усё пакары́ў пад ногі яго”. А калі пакары́ў яму ўсё, то не пакінуў нічога непако́раным яму. Цяпер жа яшчэ не бачым, каб яму ўсё было пако́рана;

9але мала ніжэйшым за ангелаў бачым Іісуса, увянча́нага славаю і пашанаю за пакуты смяротныя, каб Ён па благадаці Божай зведаў смерць за ўсіх.

10Бо нале́жала, каб Той, дзеля Якога ўсё і праз Якога ўсё, Які многіх сыноў прыводзіць да славы, правадыра́ спасення іх зрабіў даскана́лым праз пакуты.

11Бо і Той, Хто асвяча́е, і тыя, што асвяча́юцца, усе — ад Адзінага; таму Ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:

12“абвяшчу́ імя́ Тваё брата́м Маім, пасярод царквы буду апяваць Цябе”.

13І яшчэ: “Я буду спадзявацца на Яго”. І яшчэ: “вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог”.

14А паколькі гэтыя дзеці адзінай плоці і крыві, то і Ён таксама ўспрыняў плоць і кроў, каб смерцю пазба́віць сілы таго, хто ма́е ўладу смерці, гэта значыць дыявала,

15і вы́зваліць тых, якія з-за страху смерці ўсё жыццё былі падле́глыя рабству.

16Бо не ад ангелаў Ён успрыма́е прыроду, а ўспрымае ад семені Аўраамава.

17Таму Ён павінен быў ва ўсім стаць падобным да братоў, каб быць мі́ласцівым і верным Першасвятаром перад Богам для ўміласціўле́ння за грахі народа.

18Бо паколькі Ён прыня́ў пакуты, Сам прайшоўшы праз выпрабава́нні, то можа дапамагчы́ тым, хто ў выпрабава́ннях.

 

Раздзел 3

1Дык вось, браты святыя, супольнікі нябеснага паклі́кання, паглядзі́це на Пасла́нніка і Першасвятара вызнання нашага, Хрыста Іісуса,

2Які верны Таму, Хто паставіў Яго, як і Маісей ва ўсім доме Яго.

3Бо Ён удасто́ены настолькі бо́льшай славы, чым Маісей, наколькі большы гонар у параўнанні з домам ма́е той, хто пабудаваў яго;

4таму што ўсякі дом будуецца кім-небудзь; а будаўнік усяго — Бог.

5І Маісей верны ва ўсім доме Яго, як служы́цель, дзеля све́дчання таго, што нале́жала абвясціць.

6А Хрыстос — як Сын у доме Яго; дом жа Яго — мы, калі толькі цвёрда захаваем да канца адвагу і надзею, якою ганарымся.

7Таму, як кажа Дух Святы, “сёння, калі пачуеце голас Яго,

8не зрабіце жорсткімі сэрцы вашы, як падчас бунту, у дзень спакушэння ў пустыні,

9дзе спакушалі Мяне бацькі вашы, выпрабоўвалі Мяне і бачылі справы Мае сорак гадоў.

10Таму разгневаўся Я на той род і сказаў: яны заўсёды блука́юць сэ́рцам і не спазналі яны шляхоў Маіх;

11таму пакляўся Я ў гневе Маім, што яны не ўвойдуць у спакой Мой”.

12Глядзіце, браты, каб не было ў кім у вас сэрца злога і бязвернага, каб не адступі́цца ад Бога жывога.

13А настаўляйце адзін аднаго кожны дзень, пакуль можна казаць “сёння”, каб не стаў жорсткім хто з вас, уведзены ў зман грахом.

14Бо мы сталі супольнікамі Хрыста і застане́мся імі, калі толькі пачатае жыццё цвёрда ўтрымаем да канца,

15пакуль гаворыцца: “сёння, калі пачуеце голас Яго, не зрабіце жорсткімі сэрцы вашы, як падчас бунту”.

16Бо некаторыя, хто чуў, узбунтава́ліся; але не ўсе, хто выйшаў з Егіпта разам з Маісеем.

17На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Хіба не на тых, што саграшылі, чые косці пале́глі ў пустыні?

18Пра каго ж кажучы Ён пакляўся, што не ўвойдуць у спакой Яго, калі не пра тых, якія не скарыліся?

19І мы бачым, што яны не змаглі ўвайсці з-за нявер’я.

 

Раздзел 4

1Дык вось, будзем асцерага́цца, каб, пакуль яшчэ застаецца ў сіле абяцанне пра ўваход у спакой Яго, не аказалася, што нехта з вас спазніўся.

2Бо і нам да́дзена дабравесце, як і тым; але не пайшло ім на карысць слова пачутае, не спалучы́ўшыся з вераю тых, якія пачулі.

3А ўваходзім у спакой мы, якія ўверавалі, бо Ён сказаў: “Я пакляўся ў гневе Маім, што яны не ўвойдуць у спакой Мой”, хоць справы Яго былі здзейснены на пачатку свету.

4Таму што ска́зана недзе пра сёмы дзень так: “і спачыў Бог у дзень сёмы ад усіх спраў Сваіх”.

5І яшчэ тут: “не ўвойдуць у спакой Мой”.

6Дык вось, паколькі некаторым застае́цца магчымасць увайсці ў яго, а тыя, каму раней абве́шчана, не ўвайшлі з-за непакорлівасці,

7то Ён зноў вызначае пэўны дзень — “сёння”, гаворачы праз Давіда, пасля такога доўгага часу, як вышэй сказана: “сёння, калі пачуеце голас Яго, не зрабіце жорсткімі сэрцы вашы”.

8Бо калі б Іісус Навін увёў іх у спакой, то не гаварылася б пасля гэтага пра іншы дзень.

9Таму для народа Божага суботні спакой яшчэ наперадзе.

10Бо хто ўвайшоў у спакой Яго, той і сам спачыў ад спраў сваіх, як Бог — ад Сваіх.

11Дык вось, пастараемся ўвайсці ў той спакой, каб хто-небудзь не паў, пераняўшы той самы прыклад непакорлівасці.

12Бо слова Божае — жывое, і дзейснае, і вастрэйшае за любы меч двухбаковы, і пранікае яно да раздзялення душы́ і духа, суставаў і мозгу касцей, і су́дзіць помыслы і намеры сэрца.

13І няма стварэння, схаванага ад Яго, а ўсё аголена і адкрыта перад вачыма Яго: Яму дадзім адказ.

14Дык вось, маючы Першасвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Іісуса, Сына Божага, будзем цвёрда трымацца вызнання нашага.

15Бо мы маем не такога першасвятара, што не можа пакутаваць разам з намі ў немачах нашых, а Такога, што зазнаў усё, падобна нам, акрамя граху.

16Таму прысту́пім з адвагаю да прастола благадаці, каб атрымаць міласць і здабыць благадаць для своечасовай дапамогі.

 

Раздзел 5

1Таму што кожны першасвятар, з людзей вы́браны, дзеля людзей ставіцца на служэнне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі,

2бу́дучы здольны спагада́ць тым, хто ў няве́данні і ўве́дзены ў зман, бо і сам ахоплены не́маччу,

3і таму ён павінен як за народ, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.

4І ніхто сам сабе не надае́ гэтай годнасці, толькі пакліканы Богам, як і Аарон.

5Так і Хрыстос не Сам Сябе праславіў, стаўшы першасвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: “Ты Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе”;

6як і ў іншым месцы кажа: “Ты святар навек па чыну Мелхіседэкаву”.

7Ён у дні Свайго цялеснага жыцця ўзнёс малітвы і прашэ́нні з ускліка́ннем моцным і са слязьмі Таму, Хто мог збавіць Яго ад смерці, і пачуты быў за глыбокую пашану да Бога;

8хоць і Сын Ён, аднак праз пакуты навучы́ўся паслушэ́нству

9і, будучы дасканалым, стаў для ўсіх паслухмя́ных Яму прычынаю спасення вечнага,

10назва́ны ад Бога Першасвятаром па чыну Мелхіседэкаву.

11Пра гэта мы многае маем сказаць, але цяжка растлума́чыць, бо вы сталі няздо́льнымі слухаць.

12І хоць пара́ ўжо вам самім быць настаўнікамі, але вас зноў трэба вучы́ць першаасно́вам вучэння Божага, і вам зноў патрэ́бна малако, а не цвёрдая ежа.

13Бо кожны, каго кормяць малаком, той недасве́дчаны ў слове праўды, таму што гэта дзіця;

14а цвёрдая ежа — для дасканалых, у якіх пачуцці вопытам прыву́чаны адрозніваць дабро і зло.

 

Раздзел 6

1Дык вось, адкла́ўшы нача́ткі вучэння Хрыстовага, будзем імкну́цца да даскана́ласці, а не закладаць нано́ва падмурка, гаворачы пра пакаянне ў мёртвых справах і пра веру ў Бога,

2пра вучэнне аб хрышчэннях, пра ўскладанне рук, пра ўваскрасенне мёртвых і пра суд вечны.

3Зробім і гэта, калі Бог дазволіць.

4Бо немагчыма тых, што аднойчы прасвяціліся, і паспыта́лі да́ру нябеснага, і сталі супо́льнікамі Духа Святога,

5і паспыта́лі добрага слова Божага і сіл будучага веку,

6і адпалі, — зноў абнаўляць пакаяннем, калі яны зноў распінаюць у сабе Сына Божага і зневажаюць Яго.

7Бо зямля, якая напо́йваецца частымі дажджамі і родзіць расліны на карысць тым, дзеля каго яна і абрабля́ецца, атры́млівае благаславенне ад Бога;

8а тая, што прыносіць церні і бадзякі́ — нягодная і блізкая да пракляцця, вынік якога — спале́нне.

9А што да вас, узлџбленыя, то спадзяёмся, што вы ў лепшым стане і трыма́ецеся спасення, хоць мы і гаворым так.

10Бо не няправедны Бог, каб забыць справу вашу і працу любові, якую вы праявілі ў імя́ Яго, паслужы́ўшы і слу́жачы святым.

11Жадаем жа, каб кожны з вас, дзеля ўпэўненасці ў здзяйсненні надзеі, праяўляў такую самую руплівасць да канца;

12каб вы не сталі лянівымі, а былі перайма́льнікамі тых, якія вераю і доўгацярплівасцю атрымліваюць у спадчыну абяцанае.

13Бо даючы́ абяцанне Аўрааму, Бог, паколькі не мог нікім вышэйшым паклясціся, то кляўся Самім Сабою,

14кажучы: “сапраўды, благаслаўля́ючы благаслаўлџ цябе і, размнажа́ючы размножу цябе”.

15І так Аўраам, праявіўшы доўгацярплівасць, атрыма́ў абяца́нае.

16Людзі клянуцца вышэйшым, і кожная спрэчка іх зака́нчваецца клятвай дзеля сцвярджэ́ння.

17Таму і Бог, жадаючы выразней паказаць спадкаемцам абяцання нязменнасць Сваёй волі, замацаваў яго клятвай,

18каб у дзвюх нязме́нных рэчах, у якіх не можа Бог салгаць, цвёрдае суцяшэнне мелі мы, пабегшы, каб ухапіцца за надзею, якая перад намі

19і якая нам для душы́ нібы якар трывалы і моцны, што ўваходзіць унутр за заслону,

20куды як папярэднік увайшоў дзеля нас Іісус, стаўшы Першасвяшчэннікам навек па чыну Мелхіседэкаву.

 

Раздзел 7

1Бо Мелхіседэк, цар Саліма, свяшчэннік Бога Ўсявы́шняга, той, які сустрэў Аўраама, калі ён вяртаўся пасля паражэ́ння цароў, і благаславіў яго,

2якому і дзесяціну з усяго вы́дзеліў Аўраам, — найперш, паводле значэння імені — цар праўды, а затым і цар Саліма, што азнача́е — цар міру,

3без бацькі, без маці, без радаслоўя, не ма́ючы ні пачатку дзён, ні канца жыцця, падобна Сыну Божаму, застае́цца свяшчэннікам назаўсёды.

4Бачыце, які вялікі той, каму і Аўраам, патрыярх, даў дзесяціну з найлепшай здабы́чы сваёй.

5Тыя з сыноў Леві́евых, што прымаюць свяшчэнства, маюць запаведзь — браць па закону дзесяціну з народа, гэта значыць, са сваіх братоў, хоць і тыя паходзяць з роду Аўраама;

6а гэты, які не паходзіць з іх роду, атрымаў дзесяціну ад Аўраама і благаславіў таго, хто меў абяцанні.

7Бясспрэчна ж, што меншае атрымлівае благаславенне ад большага.

8І тут атрымліваюць дзесяціны людзі смяротныя, а там — той, хто мае пра сябе сведчанне, што ён жывы.

9І, можна сказаць, сам Левій, які атрымлівае дзесяціны, праз Аўраама даў дзесяціну:

10бо ён быў яшчэ ўнутры бацькі, калі Мелхіседэк сустрэў яго.

11Дык вось, калі б дасканаласць дасяга́лася праз левіцкае свяшчэнства, — бо на ім грунтуецца закон, да́дзены народу, — то якая б яшчэ была́ патрэба з’яўляцца іншаму свяшчэнніку па чыну Мелхіседэкаву, такому, які б не называўся па чыну Ааронаву?

12Бо з пераменаю свяшчэнства павінен перамяніцца і закон,

13бо Той, пра Каго гаворыцца гэта, належаў да іншага калена, з якога ніхто не служыў пры ахвярніку;

14бо вядома, што Гасподзь наш паходзіць ад Іуды, пра калена якога ў дачыненні да свяшчэнства Маісей не сказаў нічога.

15І гэта яшчэ ясней відаць, калі па падабенству Мелхіседэкаву паўстае Свяшчэннік іншы,

16Які стаў такім не паводле закону запаведзі плоцкай, а паводле сілы жыцця нятленнага.

17Бо засве́дчана: “Ты свяшчэннік навек па чыну Мелхіседэкаву”.

18Дык вось, адбываецца адмена ранейшай запаведзі з-за яе слабасці і бескары́снасці —

19бо закон нічога не давёў да дасканаласці, — і даецца лепшая надзея, праз якую мы набліжаемся да Бога.

20І паколькі гэта было не без клятвы, —

21тыя ж свяшчэннікамі сталі без клятвы, а Гэты з клятваю, бо пра Яго ска́зана: “кляўся Гасподзь і не раскаецца: Ты свяшчэннік навек па чыну Мелхіседэкаву”, —

22то і лепшага запавету паручы́целем стаў Іісус.

23Прычым тых свяшчэннікаў было многа, бо смерць не дазваляла заставацца назаўсёды;

24а Гэты, паколькі застае́цца вечна, то ма́е свяшчэнства, якое не міна́е,

25таму і можа заўжды спасаць тых, што прыходзяць праз Яго да Бога, бо Ён заўсёды жывы́, каб хада́йнічаць за іх.

26Такі і патрэбен нам быў Першасвяшчэннік: святы, нявінны, беззага́нны, аддзе́лены ад грэшнікаў і ўзне́сены вышэй за нябёсы,

27Які не ма́е патрэбы, як тыя першасвяшчэннікі, прыносіць штодзень ахвяры спачатку за свае грахі, а потым за грахі народа; бо Ён гэта зрабіў раз назаўсёды, калі прынёс у ахвяру Самога Сябе.

28Бо закон ставіць першасвяшчэннікамі людзей, падле́глых сла́басцям; а слова клятвы, якая была пасля закона, паставіла Сына, навек даскана́лага.

 

Раздзел 8

1А ў тым, пра што гаворым, вось галоўнае: мы маем такога Першасвяшчэнніка, Які сеў праваруч прастола велічы на нябёсах

2як служыцель свяцілішча і скініі ісціннай, якую збудаваў Гасподзь, а не чалавек.

3Бо усякі першасвяшчэннік ставіцца, каб прыносіць дары і ахвяры; таму неабходна, каб і Гэты меў што прыне́сці.

4Дык вось, калі б Ён заставаўся на зямлі, то не быў бы свяшчэннікам, паколькі тут ёсць свяшчэннікі, якія па закону прыносяць дары;

5яны служаць вобразу і ценю нябеснага, як абве́шчана было Маісею, калі ён збіраўся паставіць скінію: глядзі, ска́зана, зрабі ўсё па ўзору, пака́занаму табе на гары.

6Гэты ж Першасвяшчэннік атрымаў служэнне настолькі выдатнейшае, наколькі лепшага Ён пасрэднік запавету, заснаванага на лепшых абяцаннях.

7Бо калі б першы запавет быў бездакорны, то не было́ б патрэбы шукаць месца для іншага.

8Але прарок, дакара́ючы іх, кажа: “вось, настаџць дні, кажа Гасподзь, калі Я заключу з домам Ізраіля і з домам Іуды новы запавет,

9не такі запавет, які Я заключыў з бацькамі іх у той час, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай; паколькі яны не засталіся ў тым запавеце Маім, то і Я перастаў дбаць пра іх, кажа Гасподзь.

10Бо вось запавет, які Я заключу з домам Ізраілевым пасля тых дзён, кажа Гасподзь: укладу законы Мае ў думкі іх і напішу іх на сэрцах іх; і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам.

11І не будзе вучыць кожны бліжняга свайго, і кожны — брата свайго, кажучы: спазнай Госпада; таму што ўсе, ад малога да вялікага, будуць знаць Мяне;

12таму што Я буду міласцівы да няпраўд іх і больш не згадаю грахоў іх і беззаконняў іх”.

13Кажучы “новы”, Ён паказаў састарэласць першага; а што зада́ўнілася і старэ́е, тое блізка да знікне́ння.

 

Раздзел 9

1Дык вось, і першы запавет меў устанаўле́нні пра богаслужэ́нне, а таксама свяцілішча зямное,

2бо ўладкава́на была́ скінія першая, у якой былі́ свяці́льнік, і трапе́за, і хлябы́ выстаўле́ння; яна называ́ецца “Святое”.

3А за другою заве́саю была́ скінія, называ́ная “Святое Святых”,

4якая ме́ла залатую кадзі́льніцу і пакрыты з усіх бакоў золатам каўчэг запавету, у якім знаходзіліся залаты́ сасу́д з ма́ннаю, жазло́ Ааро́нава расквітне́лае і скрыжа́лі запаве́ту,

5а над ім херувімы славы, якія ахіна́лі месца ўміласціўле́ння; пра гэта няма патрэбы цяпер гаварыць падрабязна.

6Пры тым, што гэта так было ўладкава́на, у першую скінію заўсёды ўваходзяць свяшчэннікі, выконваючы служэнне;

7а ў другую —раз у год адзін толькі першасвяшчэннік, не без крыві́, якую ён прыно́сіць за сябе і за грахі наро́да, учыненыя з-за няве́дання.

8Гэтым Дух Святы паказвае, што яшчэ не адкрыта дарога ў свяцілішча, пакуль стаіць ранейшая скінія.

9Яна — вобраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія не могуць зрабіць у сумленні дасканалым таго, хто слу́жыць;

10яны з патрабаваннямі адносна ежы і пітва, з рознымі абмываннямі і абрадамі, якія датычацца плоці, устаноўлены былі толькі да часу выпраўлення.

11Але Хрыстос, Першасвяшчэннік бу́дучых дабро́т, прыйшоўшы праз бо́льшую і даскана́лейшую скінію, нерукатво́рную, гэта значыць, не звычайнага пахо́джання,

12і не з крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю, раз назаўжды ўвайшоў у свяцілішча і набы́ў ве́чнае адкупле́нне.

13Бо, калі кроў быкоў і казлоў і по́пел цялушкі праз акрапле́нне асвяча́е апага́неных, каб чы́стым было́ це́ла,

14то тым больш Кроў Хрыста, Які Духам Святы́м прынёс Сябе, беззага́ннага, Богу, ачы́сціць сумле́нне наша ад мёртвых спраў, каб мы служы́лі Богу жыво́му і і́сціннаму.

15І таму Ён — пасрэднік новага запавету, каб у выніку смерці Яго, якая была дзеля адкуплення за правіны, учыненыя ў першым запавеце, пакліканыя да вечнай спадчыны атрымалі абяцанае.

16Бо, дзе завяшчанне*, там неабходна, каб настала смерць завяшчальніка,

17бо завяшчанне дзейнічае пасля смерці; яно не мае сілы, калі завяшчальнік жывы.

18Таму і першы запавет уведзены быў не без крыві.

19Бо калі Маісей абвясціў усе запаведзі, прадпі́саныя законам, перад усім народам, то ўзяў кроў цялят і казлоў з вадою і воўнаю чырвонаю і ісопам і акрапіў саму кнігу і ўвесь народ,

20кажучы: “гэта кроў запавету, які запаведаў вам Бог”.

21Таксама і скінію, і ўсе сасуды богаслужэбныя акрапіў крывёю.

22Ды амаль усё паводле закону ачышчаецца крывёю, і без праліцця крыві не бывае прабачэння.

23Таму і трэба было, каб вобразы нябеснага ачышчаліся гэтак, а само нябеснае — ахвярамі, лепшымі за гэтыя.

24Бо Хрыстос увайшоў не ў рукатворнае свяцілішча, якое з’яўляецца вобразам ісціннага, а ў самое неба, каб стаць сёння перад абліччам Божым дзеля нас,

25і не для таго, каб шмат разоў прыносіць Сябе ў ахвяру, як першасвяшчэннік, які ўваходзіць у свяцілішча штогод з чужою крывёю;

26інакш належала б Яму шмат разоў пакуты прымаць ад пачатку свету. А цяпер, пры канцы вякоў, Ён раз назаўжды з’явіўся для знішчэння граху ахвяраю Сваёю.

27І як людзям належыць адзін раз памерці, а потым суд,

28так і Хрыстос, адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру, каб узяць грахі многіх, другі раз з’я́віцца не для ачышчэння ад граху, а дзеля спасення тых, што чакаюць Яго.

 

 

Раздзел 10

1Таму што закон, маючы цень будучых даброт, а не сам вобраз рэчаў, аднымі і тымі ж ахвярамі, якія кожны год пастаянна прыносяцца, ніколі не можа зрабіць даскана́лымі тых, што прыходзяць з імі.

2Інакш перасталі б прыносіць іх, бо тыя, што выконваюць служэнне, будучы адзін раз ачы́шчанымі, не мелі б ужо ніякага ўсведамле́ння грахоў.

3Наадварот, ахвяры нага́дваюць пра грахі штогод,

4бо немагчыма, каб кроў быкоў і казлоў знішча́ла грахі.

5Таму Хрыстос, уваходзячы ў свет, кажа: “ахвяры і прынашэ́ння Ты не пажада́ў, а ўгатава́ў Мне цела;

6усеспале́нняў і ахвяр за грэх не ўпадаба́ў Ты.

7Тады Я сказаў: вось, іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб вы́канаць волю Тваю, Божа”.

8Сказаўшы перш, што “ні ахвяры, ні прынашэння, ні ўсеспаленняў, ні ахвяры за грэх, якія прыносяцца паводле закона, не пажада́ў і не ўпадаба́ў Ты”,

9Ён потым дадаў: “вось, іду, каб вы́канаць волю Тваю, Божа”. Ён адмяня́е першае, каб пастанавіць другое.

10Па гэтай волі мы асвячо́ны прынашэ́ннем Цела Іісуса Хрыста раз назаўжды.

11І кожны свяшчэннік штодзень стаіць, слу́жачы і шмат разоў прыно́сячы адны і тыя ж ахвяры, якія ніколі не могуць зняць грахі.

12А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,

13чакаючы з таго часу, пакуль ворагі Яго будуць пакладзены “у падножжа ног Яго”;

14бо адным прынашэ́ннем Ён назаўсёды зрабіў даскана́лымі тых, хто асвяча́ецца.

15Пра гэта сведчыць нам і Дух Святы, бо ска́зана:

16“вось запавет, які Я заключу з імі пасля тых дзён, кажа Гасподзь: укладу законы Мае́ ў сэ́рцы іх, і ў думках іх напішу іх”, а потым:

17“і грахоў іх і беззаконняў іх не згадаю больш”.

18А дзе ёсць прабачэнне грахоў, там не патрэбна прынашэ́нне за грэх.

19Дык вось, браты, маючы адвагу ўваходзіць у свяцілішча дзякуючы Крыві Іісуса Хрыста, шля́хам новым і жывым,

20які Ён зноў адкрыў нам праз заслону, гэта значыць, праз Плоць Сваю,

21і маючы Свяшчэнніка вялікага над домам Божым,

22будзем прыступа́ць са шчырым сэрцам, у паўнаце́ веры, ачы́сціўшы сэ́рцы ад ліхога сумле́ння і абмы́ўшы цела вадою чыстаю,

23будзем трымацца вызна́ння надзеі непахі́сна, бо верны Той, Хто абяцаў;

24і будзем ува́жлівымі адно да аднаго, заахво́чваючы да любові і добрых спраў;

25не будзем пакіда́ць сходу нашага, як гэта для некаторых стала звы́чаем, а будзем падтры́мліваць адно аднаго, і тым больш, чым бліжэй вы бачыце дзень той.

26Бо калі мы, атрыма́ўшы пазна́нне ісціны, па сваёй волі грашы́м, то ўжо больш няма ахвяры за грахі,

27а застае́цца нейкае страшнае чака́нне суду́ і лџтасць агнџ, гатовага пажэ́рці супраціўных.

28Калі таго, хто адкінуў закон Маісееў, пры двух альбо трох све́дках, без літасці караюць смерцю,

29наколькі ж цяжэ́йшага, думаеце вы, пакара́ння ва́рты будзе той, хто зневажа́е Сына Божага, і не прызнае́ за святыню Кроў запавету, якою быў асвячоны, і Духа благадаці абража́е?

30Бо мы ведаем Таго, Хто сказаў: “помста — Мая, Я адплачу́, кажа Гасподзь”. І яшчэ: “Гасподзь будзе судзіць народ Свой”.

31Страшна трапіць у рукі Бога жывога!

32Успо́мніце ж ранейшыя дні вашы, калі вы, будучы прасве́тленымі, вы́стаялі ў вялікім подзвігу пакут,

33ці самі падляга́ючы прылџдным знява́гам і мукам, ці тое ж падзяля́ючы з іншымі;

34бо вы і маім кайдана́м спагада́лі, і рабава́нне сваёй маёмасці прыма́лі з радасцю, ведаючы, што ёсць у вас на нябёсах маёмасць лепшая і вечная.

35Дык не пакіда́йце спадзява́ння вашага, якому нале́жыць вялікая ўзнагарода.

36Стойкасць патрэбна вам, каб, вы́канаўшы волю Божую, атрыма́ць абяца́нае;

37бо ”яшчэ трохі, зусім крыху, і Той, Хто ма́е прыйсці, прыйдзе і не запо́зніцца.

38Праведны ж вераю жыць будзе; а калі хто адсту́піцца, не ўпадаба́е яго душа Мая”.

39Але мы не з тых, хто адступа́ецца на пагібель, а стаім у веры дзеля ўратава́ння душы́.

 

Раздзел 11

1Вера ж — гэта перакана́насць у спадзява́ным і ўпэ́ўненасць у рэ́чах нябачных.

2Праз яе атрымалі сведчанне продкі.

3Вераю спазнаём, што сусвет ўладкава́ны словам Божым, так што з няба́чнага ўзнікла ба́чнае.

4Вераю Авель прынёс Богу ахвяру лепшую, чым Каін; праз яе ён атрыма́ў све́дчанне, што ён праведны, як засве́дчыў Бог пра дары яго; ёю і пасля смерці ён праця́гвае гаварыць.

5Вераю Яно́х перане́сены быў, так што не ўбачыў смерці; і не знайшлі яго, таму што Бог перанёс яго. Бо раней, чым ён быў перане́сены, атрыма́ў ён све́дчанне, што дагадзіў Богу.

6А без веры дагадзіць Богу немагчыма; бо той, хто прыхо́дзіць да Бога, павінен верыць, што Ён ёсць, і тым, хто шукае Яго, Ён дае ўзнагароду.

7Вераю Ной, будучы апаве́шчаны пра яшчэ нябачнае, з богабая́знасцю збудава́ў каўчэг для выратава́ння дому свайго; ёю асудзіў ён свет і стаў спадкае́мцам пра́веднасці па веры.

8Вераю Аўраам паслу́хаўся паклікання ісці ў краіну, якую нале́жала яму атрымаць у спа́дчыну, і пайшоў, не ведаючы, куды ідзе.

9Вераю пасяліўся ён на зямлі абетава́най, як на чужой, і жыў у шатрах з Ісаакам і Іакавам, сунасле́днікамі таго ж абетава́ння;

10бо ён чакаў горада, які ма́е трыва́лыя падму́ркі, горада, майстар і ствара́льнік якога — Бог.

11Вераю і сама Сарра, будучы бясплоднаю, атрымала здольнасць зача́ць і насуперак свайму ўзросту нарадзіла, бо ведала, што верны Той, Хто абяцаў.

12А таму ад аднаго, і прытым амярцве́лага, нарадзілася так многа, як зорак на небе і як пяску незлічонага на беразе мора.

13Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцанага, а толькі здалёк бачылі яго, і віта́лі, і казалі пра сябе, што яны чужынцы і вандроўнікі на зямлі;

14бо тыя, хто так гаворыць, ясна паказваюць, што шукаюць бацькаўшчыну.

15І калі б яны мелі ў думках тую, з якой выйшлі, то ў іх была б магчымасць вярнуцца;

16але цяпер яны імкнуцца да лепшага, гэта значыць, да нябеснага; таму і Бог не саромеецца іх, называючы Сябе іх Богам: бо Ён падрыхтаваў ім горад.

17Вераю Аўраам, праходзячы выпрабава́нне, прынёс у ахвяру Ісаака, і прыносіў адзінароднага ён, які атрыма́ў абетава́нні

18і якому было́ ска́зана: “у Ісааку будзе назва́на тваё патомства”;

19бо ён думаў, што Бог мае сілу і з мёртвых уваскраша́ць, таму і атрымаў яго як вобраз уваскрасе́ння.

20Вераю ў будучыню Ісаак благаславіў Іакава і Ісава.

21Вераю Іакаў, паміра́ючы, благаславіў кожнага з сыноў Іосіфа і пакланіўся, абапіра́ючыся на верх жазла́ свайго.

22Вераю Іосіф пры сконе нагада́ў пра выхад сыноў Ізраілевых і даў наказ наконт касце́й сваіх.

23Вераю Маісей пасля нараджэння быў хава́ны тры месяцы бацька́мі сваімі; бо яны бачылі, што дзіця́ прыгожае, і не пабая́ліся царскага загаду.

24Вераю Маісей, стаўшы дарослым, адмовіўся называцца сы́нам дачкі фараонавай,

25і пажада́ў лепш пакутаваць з народам Божым, чым мець часовае грахоўнае задавальне́нне,

26і палічыў, што цярпець знявагі дзеля Хрыста — бо́льшае багацце, чым егіпецкія скарбы; бо ён глядзеў на будучую ўзнагароду.

27Вераю пакінуў ён Егіпет, не пабаяўшыся гневу царскага; бо ён, бы́ццам бачачы Нябачнага, быў цвёрдым.

28Вераю здзейсніў ён пасху і акрапленне крывёю, каб вынішчальнік першынцаў не крануў іх.

29Вераю перайшлі яны Чырвонае мора, як па сушы, што паспрабавалі зрабіць Егіпцяне — і патанулі.

30Вераю рухнулі сцены Іерыхонскія пасля сямідзённага абходу вакол іх.

31Вераю Рааў-блудніца, з мірам прыняўшы выведнікаў (і правёўшы іх іншай дарогаю), не загінула з нявернымі.

32І што яшчэ скажу? Не хопіць мне часу, каб расказваць пра Гедэона, Варака і Самсона, пра Іефая, Давіда і Самуіла, і іншых прарокаў,

33якія вераю скара́лі царствы, вяршы́лі справядлівасць, атры́млівалі абяцанае, закрыва́лі пашчы львам,

34гасі́лі сілу агню, пазбяга́лі вастрыя́ мяча, станавіліся дужымі пасля немачы, былі моцнымі на вайне, праганялі войскі чужы́нцаў;

35жанчыны атры́млівалі паме́рлых сваіх уваскрэ́слымі; а іншыя заму́чаны былі́, адмовіўшыся ад вызвале́ння, каб дасягну́ць уваскрасе́ння ў лепшае жыццё;

36іншыя перане́слі здзекі і пабоі, а таксама зняво́ленне і цямні́цу,

37былі пабіты камянямі, былі перапілава́ны, катава́ны, паміралі, забітыя мячом, блука́лі ў авечых і казіных скурах, цярпелі няста́чы, уціск, злобу;

38тыя, каго не варты быў увесь свет, блука́лі па пусты́нях, і гарах, і пячорах, і цясні́нах зямных.

39І ўсе яны, хоць і заслужы́лі пахвалу́ за веру, не атрыма́лі абяца́нага,

40таму што Бог прадугле́дзеў для нас нешта лепшае, каб яны не без нас дасягну́лі даскана́ласці.

 

Раздзел 12

1Таму і мы, вакол сябе маючы такое вялікае воблака све́дкаў, скінем усякі цяжа́р і грэх, які з лёгкасцю апу́твае нас, і цярпліва будзем здзяйсня́ць прызна́чаны нам подзвіг,

2гле́дзячы на Правадыра́ і Здзяйсня́льніка веры, Іісуса, Які, замест той радасці, якая была перад Ім, перацярпе́ў крыж, не зважа́ючы на га́ньбу, і сеў праваруч прастола Божага.

3Так што думайце пра Таго, Хто перацярпе́ў ад грэшнікаў такую да Сябе варожасць, каб вы не знемаглі́ і не аслабе́лі ду́шамі вашымі.

4Вы яшчэ не да крыві змагаліся ў супрацьстая́нні граху́

5і забылі настаўле́нне, якое да вас як да сыноў зве́рнута: “сыне мой! не будзь легкадумны ў адносінах да пакарання ад Госпада і не знемага́й, калі Ён выкрыва́е цябе.

6Бо Гасподзь, каго любіць, таго карае, і б’е кожнага сына, якога прымае”.

7Калі вы церпице́ пакаранне, то Бог абыходзіцца з вамі як з сынамі. А хіба́ ёсць такі сын, якога б не караў бацька?

8Калі ж застаяце́ся без пакарання, якому падляга́юць ўсе, то вы — незаконныя дзеці, а не сыны.

9Прытым, калі мы, кара́ныя бацька́мі нашымі па плоці, шанавалі іх, то хіба́ ж не намнога больш мы павінны быць пакорнымі Айцу духаў, каб жыць?

10Бо яны каралі нас паводле свайго разумення на нямногія дні; а Ён — на карысць нам, каб мы сталі супольнікамі святасці Яго.

11Усякае пакаранне ў цяперашні час здаецца не радасцю, а смуткам, але пазней тым, хто праз яго наву́чаны, яно дае мірны плод праведнасці.

12Таму ўмацу́йце апу́шчаныя рукі і аслабе́лыя калені

13і прамыя сцежкі рабіце нагам вашым, каб кульгавае не вывіхнулася, а лепш ацалілася.

14Імкні́цеся да міру з усімі і да святасці, без якой ніхто не ўбачыць Госпада;

15будзьце пільнымі, каб хто не страціў благадаці Божай; каб які горкі корань, выраста́ючы, не нарабіў шкоды і каб праз яго не апаганіліся многія;

16каб не было сярод вас такога блудніка́ альбо бязбожніка, як Ісаў, які за адну страву аддаў першародства сваё.

17Бо вы ведаеце, што і пасля таго ён, жада́ючы ўнасле́даваць благаславенне, быў адве́ргнуты, таму што не знайшоў магчымасці перамяніць рашэнне бацькі, хоць і шукаў гэтага са слязьмі.

18Вы ж наблізіліся не да гары, да якой можна дакрануцца, не да агню палаючага, і змроку, і цемры, і буры,

19не да трубнага гуку і гучання слоў, пачуўшы якія, усе прасілі, каб нічога больш да іх не прамаўлялася,

20бо яны не маглі вы́трываць таго, што было́ зага́дана: “нават калі звер дакранецца да гары, ён будзе пабіты камянямі (альбо працяты стралою);

21і такім страшным было гэтае відовішча, што Маісей сказаў: “я ў страху і трымценні”.

22А наблізіліся вы да гары Сіён і да горада Бога жывога, да нябеснага Іерусаліма і да незлічонага мноства ангелаў,

23да ўрачыстага сабору і Царквы першынцаў, запісаных на нябёсах, і да Суддзі ўсіх — Бога, і да духаў праведнікаў, якія дасягнулі дасканаласці,

24і да Пасрэдніка новага запавету — Іісуса, і да Крыві акрапле́ння, якая прамаўляе лепш, чым Авелева.

25Глядзіце, не адмаўляйцеся слухаць Таго, Хто гаворыць. Бо калі не пазбеглі пакарання тыя, што адмовіліся слухаць таго, хто прамаўляў на зямлі, то тым больш не пазбегнем мы, калі адве́рнемся ад Таго, Хто прамаўляе з нябёс,

26Таго, Чый голас тады пахіснуў зямлю, і Хто цяпер паабяцаў, кажучы: “яшчэ раз пахісну́ не толькі зямлю, але і неба”.

27А словы “яшчэ раз” азначаюць перамяне́нне таго, што будзе пахі́снута, як створанае, каб засталося непахіснае.

28Дык вось, прымаючы Царства непахіснае, будзем захоўваць благадаць і ёю служы́ць Богу так, як Яму даспадобы, з набо́жнасцю і страхам,

29таму што Бог наш — гэта агонь знішча́льны.

 

Раздзел 13

1Браталюбства між вамі няхай трыва́е.

2Пра гасціннасць не забывайце; бо дзякуючы ёй некаторыя, самі таго не ведаючы, гасцінна прынялі Ангелаў.

3Па́мятайце пра вязняў, ні́бы і вы ў няволі разам з імі, і пра тых, што пакуты церпяць, бо і самі вы знаходзіцеся ў целе.

4Шлюб няхай будзе ва ўсіх у пашане і ложа неапага́ненае; а блуднікоў і пралюбадзеяў будзе судзі́ць Бог.

5Не будзьце срэбралюбнымі, будзьце задаволены тым, што ёсць. Бо Сам Ён сказаў: “не пакіну цябе і не адступлюся ад цябе”,

6таму мы смела гаворым: “Гасподзь мне Памочнік, і я не буду баяцца: што́ зробіць мне чалавек?”

7Па́мятайце настаўнікаў вашых, якія абвяшча́лі вам слова Божае, і, гледзячы на завяршэнне іх жыццёвага шляху, пераймайце веру іх.

8Іісус Хрыстос учора, і сёння, і навекі — той самы.

9Вучэннямі рознымі і чужароднымі не захапляйцеся; бо добра благадаццю ўмацоўваць сэрцы, а не стравамі, ад якіх не атрымалі карысці тыя, што рабілі так.

10Мы маем ахвярнік, ад якога не маюць права есці служы́целі скініі.

11Паколькі целы жывёл, кроў якіх дзеля ачышчэння граху ўносіцца першасвяшчэннікам у свяцілішча, спальваюцца па-за ста́нам,

12то і Іісус, каб асвяціць людзей Сваёю Крывёю, прыня́ў пакуты па-за брамай.

13Дык выйдзем жа да Яго за стан, несучы́ на сабе Яго ганьбу;

14бо мы не маем тут пастаяннага горада, а шукаем таго, які будзе.

15Будзем жа праз Яго няспынна ўзносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыць, плод вуснаў, якія праслаўляюць імя́ Яго.

16Не забывайце таксама пра дабрачыннасць і ўзаемную дапамогу, бо такія ахвяры даспадобы Богу.

17Слухайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорлівымі, бо яны нядрэмна дбаюць пра ду́шы вашы, будучы абавязанымі даць за іх адказ; няхай яны робяць гэта з радасцю, а не ўздыхаючы, бо гэта вам не на карысць.

18Маліцеся за нас, бо мы ўпэўнены, што маем добрае сумленне, жадаючы ва ўсім паводзіць сябе добра.

19Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вернуты вам.

20А Бог міру, Які ўзняў з мёртвых вялікага Пастыра авечак, Крывёю запавету вечнага, Госпада нашага Іісуса Хрыста,

21няхай удаскана́ліць вас ва ўсякай добрай справе, дзеля выканання волі Яго, творачы ў вас добраўго́днае Яму праз Іісуса Хрыста, Якому слава на векі вякоў. Амінь.

22Прашу вас, браты, трымайцеся гэтага слова настаўлення; я ж і напісаў вам коратка.

23Ведайце, што брат наш Цімафей вы́звалены; калі ён неўзабаве прыйдзе, я разам з ім пабачу вас.

24Вітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх святых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.

25Благадаць з усімі вамі. Амінь.