Саборнае Пасланне святога Апостала Іуды
Раздзел 1
1Іуда, раб Іісуса Хрыста́, брат Іа́кава, паклі́каным, якія былі́ асвячо́ны Богам Айцом і захава́ны Іісусам Хрыстом:
2міласць вам, і мір, і любоў няха́й прымно́жацца.
3Узлю́бленыя! прыклада́ючы усё стара́нне, каб піса́ць вам пра супо́льнае спасе́нне, я палічы́ў неабхо́дным напіса́ць вам, каб заахво́ціць змага́цца за веру, раз і назаўсёды перада́дзеную святы́м.
4Бо паўкрада́ліся некато́рыя людзі, здаўна́ прызна́чаныя на такое асуджэ́нне, бязбо́жныя, якія абаро́чваюць благада́ць Бога нашага ў наго́ду для распу́снасці і адрака́юцца ад адзі́нага Уладара́ Бога і Госпада нашага Іісуса Хрыста́.
5Я хачу нагада́ць вам, хоць вы раз і назаўсёды ве́даеце гэта, што Гасподзь, вы́зваліўшы народ з зямлі́ Егіпецкай, потым вы́губіў тых, якія не ве́равалі,
6і ангелаў, якія не захава́лі свайго пе́ршаснага стану, а пакінулі сваё жытло, захоўвае ў ако́вах ве́чных, у це́мры, на суд вялікага дня.
7Як Садом і Гамора, і навако́льныя гарады, што падо́бна ім распу́снічалі і хадзілі за іншай пло́ццю, паста́ўлены ў пры́клад, адда́дзеныя на пакара́нне агнём вечным, –
8так будзе і з тымі, хто, аддаючы́ся мро́ям, апага́ньвае плоць, адвярга́е ўлада́рства і зневажа́е вышэ́йшыя сі́лы.
9Міхаіл Арха́нгел, калі спрача́ўся з дыявалам, гаво́рачы пра це́ла Маісея, не асме́ліўся прамо́віць знява́жлівага асуджэ́ння, а сказа́ў: "няха́й забаро́ніць табе Гасподзь".
10Гэтыя ж зневажа́юць тое, чаго не ве́даюць; а што ад прыро́ды, як неразу́мныя жывёлы, зна́юць, тым сябе гу́бяць.
11Гора ім, бо шля́хам Ка́інавым яны пайшлі, і паддалі́ся спаку́се пла́ты, як Валаа́м, і загі́нулі ў супраціўле́нні, як Карэ́й.
12Яны – спаку́са на вашых вячэ́рах любо́ві: се́дзячы з вамі за адным сталом, яны без стра́ху па́свяць саміх сябе; яны – бязво́дныя абло́кі, што но́сяцца ве́трам; во́сеньскія дрэ́вы, бяспло́дныя, дво́йчы паме́рлыя, вы́карчаваныя;
13раз'ю́шаныя марскі́я хва́лі, якія пе́няцца брыдо́тамі сваімі; зо́ркі блука́ючыя, для якіх змрок це́мры наве́к наканава́ны.
14Пра іх праро́чыў і Яно́х, сёмы ад Адама, ка́жучы: "вось, ідзе́ Гасподзь з дзеся́ткамі тысяч святых Ангелаў Сваіх,
15каб учыні́ць суд над усімі і вы́крыць усіх бязбо́жнікаў сярод іх ва ўсіх бязбо́жных спра́вах іх, учы́неных у бязбо́жнасці, і ва ўсіх жо́рсткасцях, прамо́ўленых су́праць Яго бязбо́жнымі грэ́шнікамі".
16Яны нарака́юць і ска́рдзяцца, жывучы́ паво́дле сваіх пажа́днасцей; вусны іх прамаўля́юць пыхлі́вае; яны ліслі́вяць дзе́ля кары́сці.
17Але вы, узлю́бленыя, па́мятайце прадка́занае Апосталамі Госпада нашага Іісуса Хрыста:
18яны каза́лі вам, што ў апошні час з'я́вяцца глумлі́ўцы, якія бу́дуць жыць паво́дле сваіх бязбо́жных пажа́днасцей.
19Гэта тыя, што аддзяля́юць саміх сябе ад адзі́нства веры, яны душэ́ўныя, а ду́ха не ма́юць.
20Вы ж, узлю́бленыя, грунту́ючыся на найсвяце́йшай ве́ры вашай, у Ду́ху Святы́м мо́лячыся,
21захо́ўвайце сябе ў любо́ві Божай, чака́ючы мі́ласці ад Госпада нашага Іісуса Хрыста́, для жыцця́ ве́чнага.
22І да адных будзьце мі́ласцівымі з разва́жлівасцю;
23а іншых стра́хам рату́йце, выхо́пліваючы іх з агню́; да іншых жа будзьце мі́ласцівымі*са стра́хам, пагарджа́ючы на́ват во́праткай, якая апага́нена пло́ццю.
24А Таму, Хто можа захава́ць вас ад падзе́ння і паста́віць перад сла́ваю Сваёю беззага́ннымі ў ра́дасці,
25адзі́наму праму́драму Богу, Спасі́целю нашаму праз Іісуса Хрыста́, Госпада нашага, слава, ве́ліч, сіла і ўла́да перад усімі вяка́мі, і цяпер, і на ўсе вякі́. Амі́нь.