Акафіст прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай

Акафіст прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай

Кандак 1

Абра́ную няве́сту Хрысто́ву, Еўфрасíнню, пе́снямі усхва́лім сёння, ве́рныя, сла́ўная бо князёўна, дом бацько́ўскі пакíнуўшы і ў мана́шастве слу́жачы Го́спаду, мно́гім паспрыя́ла ў спасе́нні; пло́ццю ў Іерусалíме спачы́ла, у Іерусалíм го́рні ду́хам перасялíлася і там заўсёды за нас мо́ліцца. Таму́ мы шчы́ра ўскліка́ем да яе: Ра́дуйся, Еўфрасíння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Iкас 1

Па-а́нгельску жывучы́, по́сніцкім жыццём дагадзíла, прападо́бная, Хрысту́ і да нябе́снае ра́дасці пасля́ адыхо́ду з зямно́га жыцця́ далучы́цца ўдасто́ілася, адту́ль, з вышынí Нябе́снай, спаглянь на нас, якія так цябе́ сла́вяць:

Ра́дуйся, зямлí белару́скай хвала́; ра́дуйся, ато́жылак сла́ўны ро́ду Уладзíміра роўнаапо́стальнага.

Ра́дуйся, знатных бацько́ў дзіця́ Богаабра́нае; ра́дуйся, галу́бка беззага́нная.

Ра́дуйся, у цнатлíвасці чыстая; ра́дуйся, íнакіням суцяшэ́нне.

Ра́дуйся, да Іерусалíма Нябе́снага шляхаво́дніца; ра́дуйся, зо́рка набо́жнасці.

Ра́дуйся, засту́пніца тых, хто звярта́ецца да цябе́; ра́дуйся, няба́чная ацаля́льніца не́мачаў.

Ра́дуйся, за нас хада́йніца шчы́рая. Ра́дуйся, Еўфрасíння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 2

Ра́дасць была́ вялíкая, калí пасля́ твайго́ нараджэ́ння бацькí твае́ прыне́слі цябе́, сла́ўная, у храм Гаспо́дні, і там ад першаро́днага граху́ ў купе́лі Хрышчэ́ння праз пагружэ́нне амы́лася ты, і праз пама́занне свяшчэ́нным мíрам цябе́, як галíнку маладу́ю, іерэ́й прышчапíў да Хрыста́, каб ра́зам з абра́нымі Яго́ ты заўсёды спява́ла Яму́: Алілу́ія.

Iкас 2

Ро́зумам, з Нябёсаў прасве́тленым, і чы́стым сэ́рцам Хрысту́ з юна́цтва даручы́ла ты сябе́, Прадсла́ва; у храм ча́ста прыхо́дзіла і ў святлíцы шчы́ра працава́ла, таму́ ўсхваля́ем цябе́:

Ра́дуйся, у купе́лі Хрышчэ́ння з Хрысто́м зару́чаная; ра́дуйся, мíрам благада́тным адзна́чаная.

Ра́дуйся, Ду́ха Свято́га ўмясцíлішча чы́стае; ра́дуйся, Ім жа настаўленая да спасе́ння.

Ра́дуйся, на дабрадзе́йнасць умаца́ваная звыш; ра́дуйся, ро́зум свой прасвятлíўшы малíтваю.

Ра́дуйся, сумле́нне ўмацава́ўшы ў дабры́; ра́дуйся, з юна́цтва шлях набо́жнасці спазна́ла ты.

Ра́дуйся, якая ад шляхо́ў пагíбельных ухілíлася; ра́дуйся, працалю́бная князёўна.

Ра́дуйся, узор хараства́ дзяво́чага. Ра́дуйся, Еўфрасíння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 3

Сíлаю Усявы́шняга ўмацава́ная, узлюбíла ты, прападо́бная, кнíжнае навуча́нне, да яко́га стара́ннасцю вызнача́лася; му́драсцю кнíжнаю авало́даўшы, абра́ла ты найперш свяшчэ́нныя кнігі, і навуча́ла, што яны ко́жнага чалаве́ка мо́гуць наста́віць на шлях спасе́ння, з асало́даю спява́ючы Го́спаду: Алілу́ія.

Iкас 3

Ма́ючы цяпе́р абíцель тваю́, мно́гія юныя дзевы да навуча́ння кнíжнага далуча́юцца. Таму́ шчы́ра мо́лім цябе́, усяхва́льная, клапацíцца пра іх і наста́віць на шлях спасе́ння, каб мы праслаўля́лі цябе́:

Ра́дуйся, бо му́драсці ключ адшука́ла ты; ра́дуйся, яка́я кнíжнае маста́цтва змо́ладу засво́іла.

Ра́дуйся, адкры́ўшы праз гэ́та дзве́ры Богапазна́ння; ра́дуйся, якая Свяшчэ́ннае Піса́нне шанава́ла.

Ра́дуйся, якая праз яго стварэ́нне све́ту гэ́тага спасцíгла; ра́дуйся, замілава́ная невымо́ўнай Хрысто́вай мíласцю да па́ўшага ро́ду нашага.

Ра́дуйся, якая ўзлюбíла лю́бячага нас Го́спада; ра́дуйся, бо Яму адзíнаму служы́ць пажада́ла ты.

Ра́дуйся, якая потым у хо́раме сла́вы Яго пасялíлася; ра́дуйся, цнатлівая, ю́ным дзе́вам няба́чная памо́чніца ў навуча́нні.

Ра́дуйся, све́тач набо́жнасці і ве́даў. Ра́дуйся, Еўфрасíння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 4

Ад бу́ры го́расцяў жыццёвых і кло́патаў ухілíўшыся, прападо́бная, цнатлíвае жыццё больш за шлю́б мірскí ўзлюбíла ты; жаніха́м знатным адмо́віла, князёўна, каб адзíнаму нябе́снаму Жаніху́ — Хрысту́ служы́ць, спява́ючы Яму: Алілу́ія.

Iкас 4

Сэ́рцам прыня́ўшы сло́вы Апо́стала: "Нежана́тым і ўдо́вам кажу́: до́бра, каб яны застава́ліся так, як і я, але калí не могуць, няха́й уступа́юць у шлюб; бо нежана́ты клапо́ціцца, як дагадзíць Го́спаду", — ты, прападо́бная, пры́кладам Апо́стала кірава́лася, таму мы веліча́ем цябе́:

Ра́дуйся, у цнатлíвасці чы́стая; ра́дуйся, якая шлях мана́шаскага жыцця́ абра́ла.

Ра́дуйся, до́лю дзяво́цкасці прыня́ўшы, захаваць яе змагла ты па Бо́жай благада́ці; ра́дуйся, бо мітуснí жыццёвай пазбе́гла ты.

Ра́дуйся, бо цíхага прыста́нку дасягну́ла ты; ра́дуйся, якая Мары́і Ла́заравай прыпадабня́лася.

Ра́дуйся, прыпа́ла ты да хра́ма, як та́я да ног Хрысто́вых; ра́дуйся, да лíку му́чаніц і прападо́бных жанчы́н далу́чаная.

Ра́дуйся, якая пагарджа́ла дабро́тамі све́ту тле́ннага; ра́дуйся, бо цяпе́р ты супо́льніца невымо́ўнай ра́дасці ў све́це вы́шнім.

Ра́дуйся, пра́веднага жыцця́ ўзор даючы́ нам. Ра́дуйся, Еўфрасíння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 5

Бо́га толькі баючы́ся, не спало́халася ты, Еўфрасíння, ця́жкасцей жыцця́ мана́шаскага; дом бацько́ўскі пакíнула і ў абíцель прыйшла́, дзе ігу́менню шчы́ра прасíла дазво́ліць прыня́ць во́браз а́нгельскі, каб пазбавіцца путаў жыццёвых і спадо́біцца заўсёды спява́ць Хрысту́: Алілу́ія.

Iкас 5

Ле́кара Нябе́снага малíла ты, усяхва́льная, каб жаль, тваíм сыхо́дам з до́му бацька́м учы́нены, на ра́дасць перамянíўся, бо пакíнула ты іх, прападо́бная, каб Хрысту́ служы́ць, і за бацько́ў, што нарадзíлі цябе, шчы́ра малíцца, таму́ мы ўсхваля́ем цябе́ годна:

Ра́дуйся, абра́нніца Бо́жая; ра́дуйся, якая дзе́ля Хрыста́ та́йна дом бацько́ўскі пакíнула.

Ра́дуйся, сла́ўная насе́льніца абíцелі княгíні Рама́навай; ра́дуйся, бо пакла́ла руку́ на плуг нíвы духо́ўнай.

Ра́дуйся, шлю́бны вяне́ц адхілíўшы; ра́дуйся, пакры́ўшы галаву́ сваю́ куко́лем лаго́днасці.

Ра́дуйся, заме́ст шлю́бных стро́яў адзе́нне ўбо́гае абра́ла ты; ра́дуйся, з прыня́ццем ве́рвіцы мана́шаскай, як мячо́м, сло́вам Бо́жым узбро́ілася.

Ра́дуйся, бо крыж Хрысто́ў як сцяг ве́ры прыняла́ ты; ра́дуйся, бо не пасаро́міў цябе́ Гаспо́дзь у спадзява́нні тваíм.

Ра́дуйся, бацько́ў сваíх, што прыйшлí наве́даць цябе́, ты праз Свяшчэ́ннае Піса́нне суце́шыла, і яны пайшлí з ра́дасцю. Ра́дуйся, Еўфрасíння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 6

Паслу́хаўшыся апо́стала Па́ўла, які каза́ў: ко́жны, хто падзвіза́ецца, ад усяго́ няха́й устры́мліваецца, — ты, прападо́бная, у по́сце і ўстрыма́нні неасла́бным жыла́ ў абíцелі, пустасло́ўя пазбяга́ючы, малíлася, псало́мскімі пе́снямі наву́чаная; і ў дабрадзе́йнасці ўмацо́ўваючыся, заўсёды спява́ла Го́спаду: Алілу́ія.

Iкас 6

Заззя́ла благада́ць у по́дзвігах жыцця́ твайго́, Еўфрасíння найпачэ́сная; праз нейкі час у го́рад По́лацк перасялíлася ты і пры хра́ме свято́й Сафíі ў ке́ллі мало́й падзвіза́ючыся, кнíгі свяшчэ́нныя перапíсвала і праз іх го́рад свой ро́дны вучэ́ннем кары́сным наталя́ла, чу́ючы ад усіх усхвале́нне:

Ра́дуйся, По́лацка ра́даванне; ра́дуйся, ззя́нне дзе́вам.

Ра́дуйся, зо́рка набо́жнасці; ра́дуйся, пако́раю напо́ўненая.

Ра́дуйся, паслухмя́насцю ўмацава́ная; ра́дуйся, бо маўклíва няго́ды цярпе́ла ты.

Ра́дуйся, бо пры хра́ме ўзраста́ла ты, як калíсьці Бо́жая Ма́ці; ра́дуйся, му́драя князёўна і íнакіня пачэ́сная.

Ра́дуйся, кве́цень по́сніцтва; ра́дуйся, святло́ лаго́днасці.

Ра́дуйся, шчы́рага спадзява́ння на Го́спада вызна́ўца. Ра́дуйся, Еўфрасíння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 7

Жада́ючы вы́ратаваць мно́гіх жанчы́н і дзеў праз íнацтва, Улады́ка Хрысто́с тако́га відзе́ння спадо́біў цябе́, прападо́бная: уба́чыла ты ў сне сябе́, Еўфрасíння, прыне́сенаю ў Сяльцо́ да цэ́ркаўкі Спа́савай, і а́нгела, які сказа́ў: "Тут табе́ быць нале́жыць". Ты ж, адра́зу ад сну ўстаўшы, ра́дасна заспява́ла: Алілу́ія.

Iкас 7

Но́вы цуд адбы́ўся: той са́мы а́нгел, явíўшыся свяцíцелю Іліí, загада́ў яму даць Сяльцо́, каб пасялíцца табе́, і цэ́ркаўку для малíтвы, што і вы́канаў свяцíцель адра́зу. Успаміна́ючы гэ́та, мы цябе́ так веліча́ем:

Ра́дуйся, яка́я жыла́, як а́нгел; ра́дуйся, яка́я а́нгела Гаспо́дняга ўба́чыла.

Ра́дуйся, якая сало́дкай размо́вы з ім спадо́білася; ра́дуйся, бо пе́рад свяцíцелем за цябе́ ён хада́йнічаў.

Ра́дуйся, а́нгелам на ўсіх шляха́х тваíх ахава́ная; ра́дуйся, по́крывам кры́лаў яго ахіну́тая.

Ра́дуйся, бо не спатыкну́лася ты наго́ю аб ка́мень гарды́ні; ра́дуйся, бо за гэта і ўдасто́ілася ты ба́чыць а́нгела.

Ра́дуйся, бо явíўся табе той, хто ба́чыць лік Айца́ на́шага Нябе́снага; ра́дуйся, бо не прагне́вала ты а́нгела-ахо́ўніка нія́кай мітуснёй і грахо́ўнасцю.

Ра́дуйся, бо за гэта ра́даснай ве́сткі ты спадо́білася. Ра́дуйся, Еўфрасíння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 8

Вандро́ўнік, прыту́лак уба́чыўшы, ра́дуецца і, увайшо́ўшы, супако́й там знахо́дзіць. І ты, прападо́бная, ра́дасцю напо́ўнілася, пры цэ́ркаўцы ў Сяльцы́ пасялíўшыся з адно́ю íнакіняй, і гэ́тым заснава́нню абíцелі сваёй пакла́ла пачатак, дзе Бо́гу і цяпе́р узно́сіцца пе́сня вялíкая, якая́ ў вы́шніх тро́йчы песнасло́віцца: Алілу́ія.

Iкас 8

Усё ве́дае Гаспо́дзь, і няма́ нічо́га та́йнага, што не адкры́лася б. Але Ён, Які ўсё ве́дае, ко́жнаму чалаве́ку во́лю дае́, каб ко́жны сам вы́браў шлях жыцця́; і як хто пражыве́, па завяршэ́нні, паво́дле жыцця́, ко́жнага судзíць бу́дзе. Па́мятаючы пра гэ́та, мы так цябе́ ўсхваля́ем:

Ра́дуйся, пачэ́снае ярмо́ Хрысто́ва ўзя́ўшы; ра́дуйся, па сло́ву а́нгела ў ме́сца пустэ́льнае перасялíлася ты.

Ра́дуйся, бо то́лькі кнíгі з сабо́ю прыне́сла; ра́дуйся, якая ме́ла адзíны ўбор.

Ра́дуйся, якая тры малы́я хлябы́ пры пасяле́нні мела; ра́дуйся, якая аста́тняе ўсё пакíнула.

Ра́дуйся, пустэ́льнага ме́сца ўкра́са; ра́дуйся, бо твае́ ро́дныя на по́дзвіг гэ́ты благаславíлі цябе́.

Ра́дуйся, епíскапам Іліёю суце́шаная; ра́дуйся, бо неўзаба́ве да цябе́ мно́га íнакінь сышло́ся.

Ра́дуйся, бо абíцель сла́ўная тут заснава́лася. Ра́дуйся, Еўфрасíння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 9

Усямíласціваму Спа́су храм у абíцелі ўзвяла́ ты і святы́мі іко́намі яго ўпрыго́жыла, прападо́бная, па благада́ці Божай, што ва ўсім спрыя́ла табе́: цесляра́ на будо́ўлю царквы́ не́йкі го́лас будзíў, мно́ства плíнфы на завяршэ́нне хра́ма цудо́ўным чы́нам зно́йдзена было́. Уба́чыўшы гэ́та, ты ў замілава́нні спява́ла: Алілу́ія.

Iкас 9

Красамо́ўцай му́драй была́ ты, прападо́бная, па́мятала заўсёды Сло́ва Хрысто́ва: хто вы́канае адну́ з за́паведзяў гэ́тых найме́ншых і наву́чыць так людзе́й, той вялíкім назаве́цца ў Ца́рстве Нябе́сным; і, навуча́ючы набо́жнасці сясцёр абíцелі, найпе́рш, прападо́бная, сама́ так жыла́. За гэ́та цябе́ веліча́ем:

Ра́дуйся, для íнакіняў узо́р мана́шаскага жыцця́; ра́дуйся, у чысцінí і цно́це ю́ных аберага́ла ты.

Ра́дуйся, якая шчы́ра стары́х шанава́ла; ра́дуйся, якая смутку́ючых умацо́ўвала ў цярплівасці.

Ра́дуйся, для ўсіх была́ ты ўзо́рам пако́ры і богаўго́днага жыцця́; ра́дуйся, выкрыва́льніца асуджэ́ння і шматсло́ўя.

Ра́дуйся, бо атрыма́ла дар ба́чыць глыбіню́ сэ́рцаў; ра́дуйся, дапы́тлівых му́драя дара́дца.

Ра́дуйся, міратво́рыца варагу́ючых; ра́дуйся, дабрадзе́йнасцямі ўпрыго́жаная.

Ра́дуйся, вялíкая дзе́ва Бе́лай Русí. Ра́дуйся, Еўфрасíння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 10

Дзеля выратава́ння і суцяшэ́ння Эфе́скую іко́ну Улады́чыцы на́шае Багаро́дзіцы для го́рада По́лацка ў Царгра́дзе папрасíла ты, прападо́бная. Яшчэ́ адну́ абíцель у По́лацку заснава́ла ты і гэ́тай іко́наю яе ўпрыго́жыла. Сястру́ ж сваю́ і дзвюх бра́тніх дачо́к, Кірыя́ну і Во́льгу, мана́шаскім абе́там Хрысту́ заручы́ла ты, і ў абíцелях тваíх спасе́нню мно́гіх спрыя́ла, спява́ючы ра́дасна: Алілу́ія.

Iкас 10

Сцяно́ю мо́цнаю ад спаку́саў была́ пако́ра твая́: усё, што табе́ зага́двалі, выко́нвала ты, прападо́бная, лічы́ла сябе́ рабо́ю недасто́йнаю; лаго́днасцю і цíхім но́равам, прыгажэ́й, чым зо́латам і бíсерам, ты ўпрыго́жыла душу́ сваю́. За гэ́та мы веліча́ем цябе:

Ра́дуйся, служы́целька чы́стая Дзе́вы Прачы́стай; ра́дуйся, бо ўзра́давала ты По́лацк цудатво́рным во́бразам Бо́жае Ма́ці.

Ра́дуйся, бо скарб вялíкі ўсёй зямлí белару́скай праз гэ́та быў да́дзены; ра́дуйся, бо мно́гія дзе́вы ў абíцель Бо́жае Ма́ці табо́ю прыве́дзены.

Ра́дуйся, што і ро́дных сваíх на шлях спасе́ння наста́віла; ра́дуйся, му́драя ўправíцелька да спасе́ння.

Ра́дуйся, узвяла́ ты дзве абíцелі, нíбы дзве све́чкі запалíла; ра́дуйся, бо íмі прасвятлíла ты зямлю́ По́лацкую.

Ра́дуйся, насаджа́льніца дрэ́ва жыцця́ мана́шаскага; ра́дуйся, якая пако́раю вышыню́ сваíх по́дзвігаў уто́йвала.

Ра́дуйся, домаўправíцелька Белару́скае зямлí. Ра́дуйся, Еўфрасíння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 11

Пе́снямі цябе́ ўсхваля́ючы, цярпе́нню твайму́, прападо́бная, дзíвімся: бо ро́зную пра́цу і няста́чы адо́лела ты; заты́м падаро́жжа на Святу́ю Зямлю́ здзе́йсніла, дзе, паво́дле твайго́ жада́ння, спачы́ць цябе́ Бог спадо́біў; там да Яго ты ў мудрай ста́ласці перасялíлася, по́дзвіг до́бры завяршы́ла, спява́ючы: Алілу́ія.

Iкас 11

Светлаза́рны праме́нь зямлí белару́скай! Хоць пло́ццю ты спачы́ла, і адышла́ ад нас, прападо́бная, але ду́хам з на́мі заўсёды застае́шся. У хра́ме, табо́ю заснава́ным, пе́рад Кры́жам, па тваёй про́сьбе вы́рабленым, пакланя́ючыся, мо́лім цябе́, прымí ад нас усхвале́нні гэ́тыя:

Ра́дуйся, све́тач старажы́тнай Свято́й Русí; ра́дуйся, зямлí По́лацкай вялíкае праслаўле́нне.

Ра́дуйся, дасто́йная пасла́нніца паўно́чных краёў на Святу́ю Зямлю́; ра́дуйся, бо Гро́бу Гаспо́дняму пакланíцца спадо́білася.

Ра́дуйся, там лампа́ду ад зямлí Белару́скай ты заце́пліла; ра́дуйся, каля Гро́ба Хрысто́вага ты адышла́ да Го́спада.

Ра́дуйся, крыж зямно́га жыцця́ ты пакíнула там, ра́дуйся, Святы́мі Та́йнамі пе́рад спачы́нам умацава́ная.

Ра́дуйся, бо на нябёсах святы́я ўго́днікі з ра́дасцю сустрэ́лі цябе; ра́дуйся, вянцо́м сла́вы ад Жаніха́ Нябе́снага ўвянча́ная.

Ра́дуйся, му́драя дзе́ва, бо са сла́ваю ўвайшла́ ў святлíцу Жаніха́ Нябе́снага. Ра́дуйся, Еўфрасíння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 12

Благада́ці супо́льніца, стара́нна мо́лім цябе́, Еўфрасíння ўсяхва́льная: узнясí шчырую тваю́ малíтву да Усявы́шняга за ўсю зямлю́ на́шу правасла́ўную, каб му́драсцю ўла́даў і чысцінёю жыцця́ наро́днага зямля́ на́ша, як дачка́ абра́ная, ста́ла сяро́д наро́даў, а дзе́ці яе ўвайшлí ў пасе́лішчы го́рнія, Бо́гу спява́ючы: Алілу́ія.

Iкас 12

Апява́ем цябе́, засту́пніцу на́шу гара́чую, íнакінь і дзе́ў абíцелі тваёй пакро́ў і ўмацава́нне; ра́дуемся за цябе́, прападо́бная, і па малíтвах тваíх то́е, што про́сім, атры́мліваем, за гэ́та з любо́ўю цябе дасто́йна веліча́ем:

Ра́дуйся, бо мо́шчы твае, нятле́ннем прасла́ўленыя, на Радзíму вярну́ліся; ра́дуйся, роўнаапо́стальнага кня́зя Уладзíміра ўсяхва́льная пра́ўнучка.

Ра́дуйся, субясе́дніца роўнаапо́стальнае Во́льгі і ўсяго́ светлаза́рнага лíку пра́ведных уго́дніц; ра́дуйся, у скíніі святы́х ты пасялíлася.

Ра́дуйся, няба́чная за нас хада́йніца; ра́дуйся, няду́жых ацале́нне дзіво́снае.

Ра́дуйся, шчы́рае суцяшэ́нне смутку́ючых; ра́дуйся, ра́дасць гаро́тных.

Ра́дуйся, апо́ра тых, хто да цябе́ звярта́ецца; ра́дуйся, шчы́рая пе́рад Хрысто́м засту́пніца на́ша.

Ра́дуйся, дзіво́сная шляхаво́дніца да спасе́ння тых, што з ве́раю ўшано́ўваюць цябе́. Ра́дуйся, Еўфрасíння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.

Кандак 13

О, усяхва́льная ма́ці на́ша Еўфрасíння найпачэ́снейшая! Малí за нас Го́спада і Ма́ці Яго Прачы́стую, каб умацава́ў на́шы сла́быя сíлы і да спасе́ння накірава́ў; ю́ных у чысцінí захава́ў, цнатлíвых умацава́ў у по́дзвігу; тых, хто ў шлю́бе жыве́, у любо́ві і мíры удаскана́ліў; ацаліў хворых, прасвятліў азмро́чаных, спачы́лым грахí праба́чыў і ўсіх у Ца́рства Нябе́снае прыня́ў, дзе а́нгелы заўсёды спява́юць пе́сню хвале́бную: Алілу́ія.

Гэты кандак прамаўляем тройчы, затым Ікас 1, затым Кандак 1.

Малiтва

О, прападо́бная і заўждыпа́мятная, усяхва́льная ма́ці Еўфрасíння, а́нгел у пло́ці, Богаабра́нае ўмясцíлішча Свято́га Ду́ха, Царквы́ Хрысто́вай хвала́ і ўкра́са, мана́хаў сла́ва і ўмацава́нне, Айчы́не, абíцелі тваёй і ўсёй краíне нашай дапамо́га, пакро́ў і абаро́на! Ты, як дрэ́ва, паса́джанае пры выто́ках вод, плада́мі дабрадзе́йнасцяў і дабрада́тнымі дара́мі Ду́ха Свято́га ўпрыго́жаная, наста́ўніца ў спра́вах і сло́вах, абра́ная, беззага́нная, до́брая, пачу́й нас, якія мо́ляцца табе́ і прызыва́юць імя́ тваё, бо ма́еш ты адва́гу пе́рад Го́спадам. Папрасí нам спрыя́ння ў жыццí дабрадзе́йным, ахава́й на́шы сэ́рцы ве́раю, надзе́яю, любо́ўю і стра́хам Бо́жым. Пада́й нам дапамо́гу ў пра́цы і ў го́расцях на́шых; і як апекава́ла ты ў жыццí абíцель тваю́ і íнакінь, так і цяпе́р паклапацíся пра нас, паспрыя́й нам ва ўсім: абíцель тваю́ ахава́й мíрам і абаранí ад во́рагаў ба́чных і няба́чных, каб узраста́ла і красава́лася яна дабрадзе́йнасцямі. Пазба́ў нас ад усяля́кай няста́чы і беднасці, ад цяжкіх хваро́баў і нечака́най сме́рці, і прывядзí нас да шчы́рага пакая́ння пры адыхо́дзе з гэ́тага жыцця́. Вы́малі нам у Го́спада Бо́га спачы́н мíрны, бязбо́льны, непасаро́млены, з прычашчэ́ннем Святы́х Тайн; і правядзí нас праз мы́тарствы нябе́сныя, каб не вы́хапілі нас мучы́целі гро́зныя за грахí на́шы, але каб тваім засту́пніцтвам і дапамо́гаю мы здо́лелі непашко́джана прайсцí праз выпрабава́нне нябе́снае, атрыма́ць мíласць і стаць неасу́джана пера́д стра́шным прасто́лам, а на Стра́шным судзе́ спадо́біцца стаць правару́ч ад пра́веднага Суддзí, і ўнасле́даваць до́лю пра́ведных. О, спада́рыня, найпачэ́снейшая ма́ці, прападо́бная Еўфрасíння, дапамажы́ нам малíтвамі тваíмі, ахава́й нас і абаранí ад усяля́кіх па́стак варо́жых, каб спадо́біліся мы прайсцí шлях зямно́га жыцця́ на́шага без перашкод і па малíтвах тваíх спасе́нне атрыма́ць у Хрыста́ Бо́га на́шага, каб спадо́біліся мы апява́ць і славасло́віць Яго з Беспача́тным Айцо́м і Святы́м Ду́хам, на ве́кі вяко́ў. Амíнь.