1-е Саборнае Пасланне святога апостала Пятра

1-е Саборнае Пасланне святога апостала Пятра

Раздзел 1

1Пётр, Апостал Іісуса Хрыста, – перасяле́нцам, рассе́яным ў По́нце, Гала́тыі, Кападакі́і, Асі́і і Віфі́ніі, абра́ным

2паводле прадве́дання Бога Айца праз асвячэ́нне Ду́хам для паслушэ́нства і акрапле́ння Крывёю Іісуса Хрыста́: благада́ць і мір вам няхай прымно́жацца.

3Благаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста́, Які па вялі́кай Сваёй мі́ласці адрадзі́ў нас праз уваскрасе́нне з мёртвых Іісуса Хрыста да надзе́і жыво́й,

4да спа́дчыны нятле́ннай, чы́стай, неўвяда́льнай, захава́най на нябёсах для вас,

5якія сілаю Божаю праз веру зберага́ецеся для спасе́ння, гато́вага адкры́цца ў час апошні.

6Гэтаму ра́дуйцеся, крыху́ цяпер, калі трэба, пасмуткава́ўшы ад розных спаку́саў,

7каб вы́прабаваная вера ваша стала кашто́ўнейшай за золата, якое гі́не, хоць і ў агні выпрабо́ўваецца, на пахвалу́, і паша́ну, і славу ў час яўле́ння Іісуса Хрыста́,

8Якога вы, не ба́чыўшы, лю́біце, у Якога, цяпер не ба́чачы, ве́руеце і ліку́еце радасцю невымо́ўнаю і сла́ўнаю,

9дасяга́ючы вы́ніку веры вашай – спасе́ння душ;

10гэтага спасе́ння і даты́чыліся по́шукі і дасле́даванні прарокаў, якія прадка́звалі прызна́чаную вам благада́ць,

11дасле́дуючы, на каторы і на які час ука́зваў Дух Хрыстоў, Які быў у іх і Які прадвяшча́ў паку́ты Хрыстовы і пасля іх – славу;

12ім адкры́та было́, што не ім самім, а нам служы́ла тое, што цяпер прапаве́дана вам праз дабраве́снікаў Ду́хам Святы́м, пасла́ным з неба, да чаго жада́юць прыні́кнуць Ангелы.

13Таму, падпераза́ўшы паясні́цы ро́зуму вашага, захо́ўваючы цвяро́засць, ца́лкам ускладзі́це спадзява́нне на благада́ць, якая да́дзена будзе вам у час яўле́ння Іісуса Хрыста́.

14Як паслухмя́ныя дзеці, не кіру́йцеся ране́йшымі пажа́днасцямі, якія былі́ з-за няве́дання вашага,

15але па пры́кладу Святога, Які паклі́каў вас, і са́мі будзьце святы́мі ва ўсіх учы́нках,

16бо напі́сана: "бу́дзьце святы́мі, таму што Я святы́".

17І калі вы Айцом называ́еце Таго, Які непрадузя́та су́дзіць кожнага па спра́вах, то са стра́хам право́дзьце час пражыва́ння вашага на чужы́не,

18ве́даючы, што не тле́нным серабро́м ці зо́латам вы былі́ вы́куплены з ма́рнага жыцця́ вашага, перада́дзенага ад айцоў,

19а кашто́ўнай Крывёю Хрыста́, як а́гнца беззага́ннага і чы́стага,

20прадвы́значанага яшчэ да стварэ́ння свету, але я́ўленага ў апошні час дзе́ля вас,

21тых, што ўве́равалі праз Яго ў Бога, Які ўваскрасі́ў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб вы ме́лі веру вашу і надзе́ю на Бога.

22Ачы́сціўшы ду́шы вашы паслушэ́нствам і́сціне праз Духа для браталю́бства некрываду́шнага, ад чы́стага сэ́рца адзін аднаго любі́це заўсёды,

23бу́дучы адро́джанымі не з тле́ннага се́мені, а з нятле́ннага, праз слова Божае жыво́е, якое застае́цца наве́кі.

24Бо ўсякая плоць – як трава, і ўсякая слава чалавечая – як кве́цень на траве: засоо́хла трава – і кве́цень яе апа́ла;

25але слова Гасподняе застае́цца наве́кі. Гэта і ёсць тое слова, якое прапаве́дана вам.

 

Раздзел 2

1Дык вось, адкла́ўшы ўся́кую зло́бу, і ўся́кую хі́трасць, і крываду́шнасць, і за́йздрасць і ўсякае зласло́ўе,

2як нованаро́джаныя немаўля́ты, пра́гніце чы́стага духоўнага малака, каб ад яго вы ўзраслі́ для спасе́ння;

3калі вы ўжо зве́далі, што добры Гасподзь.

4Прыступа́ючы да Яго, ка́меня жывога, людзьмі́ адкі́нутага, але Богам абра́нага, кашто́ўнага,

5і самі, як жывы́я камяні́, буду́йце з сябе дом духоўны, свяшчэ́нства свято́е, каб прыно́сіць духоўныя ахвя́ры, прые́мныя Богу праз Іісуса Хрыста́.

6Таму што ска́зана ў Пісанні: "вось, Я кладу́ на Сіёне ка́мень краевуго́льны, абра́ны, кашто́ўны, і той, хто ве́руе ў Яго, не будзе пасаро́млены".

7Дык вось, для вас, ве́руючых, гэта кашто́ўнасць, а для няве́руючых – ка́мень, які адкі́нулі будаўнікі́, той самы стаў галаво́ю вугла́, ка́мень спатыкне́ння і скала́ спаку́сы,

8яны спатыка́юцца, не павіну́ючыся слову, на што яны і пакі́нуты.

9Але вы – род вы́браны, ца́рскае свяшчэ́нства, народ святы́, людзі, прыдба́ныя, каб абвяшча́ць даскана́ласць Таго, Хто паклі́каў вас з цемры ў цудо́ўнае Сваё святло;

10калі́сьці не наро́д, а цяпер наро́д Божы; калісьці непамі́лаваныя, а цяпер памі́лаваныя.

11Узлю́бленыя! прашу вас як пры́шлых і перасяле́нцаў устры́млівацца ад пло́цкіх пажа́днасцей, якія ваю́юць су́праць душы́,

12паво́дзьце сябе добра сярод язы́чнікаў, каб яны за тое, за што абгаво́рваюць вас, як злачы́нцаў, уба́чыўшы добрыя спра́вы вашы, прасла́вілі Бога ў дзень наве́дання.

13Дык вось, будзьце пако́рнымі ўся́кай чалаве́чай ула́дзе дзе́ля Госпада: ці то цару́, як уладару́ вярхо́ўнаму,

14ці то праві́целям, як праз яго пасла́ным для пакара́ння злачы́нцаў і для пахвалы́ тым, хто робіць дабро, –

15бо такая воля Божая, каб мы, ро́бячы дабро, прымуша́лі маўча́ць не́вуцтва неразу́мных людзе́й, –

16як свабодныя, але не як тыя, хто выкарысто́ўвае свабоду, каб прыхава́ць зло, а як рабы́ Божыя.

17Усіх паважа́йце, братоў любі́це, Бога бо́йцеся, цара шану́йце.

18Слу́гі, з усякім стра́хам падпарадко́ўвайцеся гаспадара́м, не толькі добрым і лаго́дным, але і суро́вым.

19Бо гэта благада́ць, калі хто свядо́ма дзе́ля Бога, це́рпіць бе́ды, паку́туючы несправядлі́ва.

20Бо якая пахвала́, калі трыва́еце вы, як вас б'юць за праві́ны́ Але калі ро́бячы дабро і паку́туючы, трыва́еце вы, то гэта благада́ць перад Богам,

21бо на тое вы былі́ паклі́каны; таму што і Хрыстос прыня́ў паку́ты за нас, пакінуўшы нам пры́клад, каб мы ішлі па сляда́х Яго:

22Ён граху́ не ўчыніў, і не было падма́ну ў ву́снах Яго;

23калі Яго ліхасло́вілі, Ён не ліхасло́віў у адказ; паку́туючы, Ён не пагража́ў, а пакіда́ў усё Суддзі́ Пра́веднаму;

24Ён грахі́ нашы Сам узня́ў Це́лам Сваім на дрэ́ва, каб мы, пазба́віўшыся ад грахоў, пачалі́ жыць пра́ведна: ра́намі Яго вы ацалі́ліся.

25Бо вы былі́, як аве́чкі аблу́дныя, але вярну́ліся цяпер да Пастыра і Ахава́льніка душ вашых.

 

Раздзел 3

1Таксама і вы, жонкі, падпарадко́ўвайцеся сваім мужа́м, каб тыя з іх, што не скара́юцца перад словам, праз паво́дзіны жо́нак здабы́ты былі́ без слова,

2калі ўба́чаць чы́стае, богабая́знае жыццё ваша.

3Няхай упрыго́жанне ваша будзе не зне́шняе: заплята́нне валасоў, аздабле́нне ў золата ці нашэ́нне ўбораў,

4а патае́мны сэ́рца чалавек у нятле́ннасці лаго́днага і маўклі́вага ду́ху, што ма́е вялікую ва́ртасць перад Богам.

5Бо так не́калі і святы́я жанчы́ны, якія ўсклада́лі надзе́ю на Бога, упрыго́жвалі сябе, падпарадко́ўваючыся сваім мужа́м;

6гэтак Са́рра слухалася Аўраама, называ́ючы яго спадаро́м; і вы – дзеці яе, калі ро́біце дабро і не паддаяце́ся нія́каму стра́ху.

7Таксама і вы, мужы́, абыхо́дзьцеся разу́мна з жонкамі як са слабе́йшым полам жано́чым, ака́зваючы ім паша́ну як сунасле́дніцам благада́тнага жыцця́, каб не было́ перашко́ды малітвам вашым.

8Урэ́шце, будзьце ўсе аднаду́мнымі, спага́длівымі, браталю́бнымі, міласэ́рнымі, добразычлі́вымі, пакорнаму́дрымі;

9не плаці́це злом за зло альбо знява́гай за знява́гу, а наадваро́т, благаслаўля́йце, ве́даючы, што на тое вы паклі́каны, каб унасле́даваць благаславе́нне.

10Бо хто лю́біць жыццё і хоча ўба́чыць добрыя дні, той няхай стры́млівае язык свой ад зла і ву́сны свае ад кава́рных слоў,

11няхай ухіля́ецца ад зла і ро́біць дабро, няхай шука́е мі́ру і імкне́цца да яго,

12бо вочы Госпада зве́рнуты да пра́ведных, і ву́шы Яго – да малітвы іх, аблі́чча ж Гасподняе су́праць тых, хто ро́біць зло, каб зні́шчыць іх з зямлі.

13І хто зро́біць вам зло, калі вы бу́дзеце пабо́рнікамі дабра́?

14А калі і паку́туеце за праўду, то блажэ́нныя вы; устрашэ́ння ж іхняга не пало́хайцеся і не жаха́йцеся.

15Госпада Бога свяці́це ў сэ́рцах вашых; будзьце заўсёды гатовы кожнаму, хто патрабу́е ад вас абгрунтава́ння вашай надзе́і, даць адказ з лаго́днасцю і богабая́знасцю;

16майце сумле́нне добрае, каб тым, за што абгаво́рваюць вас, як злачы́нцаў, былі пасаро́млены тыя, хто зневажа́е ваша добрае жыццё ў Хрысце́.

17Бо лепш ро́бячы добро паку́таваць, калі на тое воля Божая, чым ро́бячы зло;

18таму што і Хрыстос, каб прыве́сці нас да Бога, адно́йчы прыня́ў паку́ты за грахі́ нашы, пра́ведны за няпра́ведных, памёршы пло́ццю, але ажы́ўшы ду́хам,

19у якім Ён, сышо́ўшы, прапаве́даваў і тым, што былі́ ў цямні́цы, ду́хам,

20якія не скары́ліся не́калі, калі чака́ла іх доўгацярплі́васць Божая, у дні Ноя, пры будаўні́цтве каўчэ́га, у якім нямногія, гэта зна́чыць восем чалавек, былі́ вы́ратаваны ад вады́.

21Так і нас цяпер падобнае гэтаму вобразу хрышчэ́нне – не цяле́снага бру́ду змыва́нне, а просьба да Бога аб добрым сумле́нні – спаса́е праз уваскрасе́нне Іісуса Хрыста,

22Які, узышо́ўшы на неба, знахо́дзіцца правару́ч Бога, і Яму падпарадкава́ны Ангелы, і ўла́ды, і сілы.

 

Раздзел 4

1Дык вось, пако́лькі Хрыстос паку́таваў за нас пло́ццю, то і вы гэтаю са́маю ду́мкаю ўзбро́йцеся; бо хто паку́туе пло́ццю, той перастае́ грашы́ць,

2каб ужо не па чалаве́чых пажа́днасцях, а па волі Божай пражы́ць у плоці той час, які заста́ўся.

3Бо дастатко́ва таго, што вы ў мінулы час жыцця́ здзяйсня́лі волю язычнікаў, жывучы́ у распу́сце, пажа́днасцях (мужаложстве, скаталожстве, помыслах)*, п'янстве, гулянках, папойках і ў мярзотных ідаласлужэ́ннях;

4таму яны і здзіўля́юцца, што вы не бежыце́ з імі на гэты разгу́л разбэ́шчанасці, і зневажа́юць вас;

5яны даду́ць адказ Таму, Хто неўзаба́ве ма́е судзі́ць жывы́х і мёртвых.

6Бо дзе́ля гэтага і мёртвым было́ да́дзена дабраве́сце, каб яны, бу́дучы асу́джаны як людзі ў плоці, жылі́ па Богу ду́хам.

7Але наблі́зіўся кане́ц усяму. Таму будзьце разва́жлівымі і пі́льнымі ў малітвах.

8А перш за ўсё ма́йце шчы́рую любоў адзін да аднаго́, бо любоў пакрыва́е мноства грахоў;

9будзьце гасці́ннымі адзін да аднаго без нарака́ння;

10кожны служы́це адзін аднаму тым да́рам, які ён атрыма́ў, як добрыя домаўпра́ўнікі разнаста́йнай благада́ці Божай.

11Калі хто гаворыць, няхай гаворыць як словы Божыя; калі хто слу́жыць, няхай слу́жыць па сіле, якую дае́ Бог, каб ва ўсім праслаўля́ўся Бог праз Іісуса Хрыста, Якому слава і ўла́да на ве́кі вякоў. Амінь.

12Узлю́бленыя! агню́, які сярод вас і які для выпрабава́ння вам да́дзены, не здзіўля́йцеся, бы́ццам адбыва́ецца з вамі нешта дзі́ўнае;

13але паколькі вы ўдзе́льнічаеце ў Хрыстовых паку́тах, ра́дуйцеся, каб і ў час яўле́ння славы Яго вы ра́даваліся і лікава́лі.

14Калі га́ньбяць вас за імя́ Хрыстова, то блажэ́нныя вы, бо Дух славы, Дух Божы спачыва́е на вас: імі Ён зневажа́ецца, а вамі праслаўля́ецца.

15Абы́ толькі не паку́таваў хто з вас як забо́йца, ці зло́дзей, ці злачы́нец, ці як той, хто ўме́шваецца ў чужо́е;

16калі ж як Хрысція́нін, то няхай не саро́меецца, а няхай праслаўля́е Бога за такую до́лю.

17Бо пара́ пача́цца суду́ з дому Божага; і калі спярша́ з нас пачне́цца, то які канец тым, хто не скара́ецца Дабраве́сцю Божаму́

18І калі пра́ведны ледзь спаса́ецца, то бязбо́жны і грэ́шны дзе апыне́цца́

19Дык вось, тыя, што паку́туюць па волі Божай, няхай Яму, як вернаму Ствары́целю, ду́шы свае аддаду́ць, ро́бячы дабро.

 

 

Раздзел 5

1Па́стыраў вашых прашу я, супа́стыр і све́дка паку́т Хрыстовых, і саўдзе́льнік славы, якая ма́е адкры́цца:

2па́свіце ста́да Божае, якое ў вас, дагляда́ючы яго не па прыму́су, а добраахво́тна і богаўго́дна, не з-за агі́днай кары́слівасці, а самаадда́на,

3і не пану́ючы над набы́ткам Божым, а даючы́ пры́клад ста́ду;

4і калі я́віцца Пастыранача́льнік, вы атрыма́еце неўвяда́льны вяне́ц сла́вы.

5Таксама і вы, мало́дшыя, падпарадко́ўвайцеся па́стырам; і ўсе, слу́хаючыся адзін аднаго́, апрані́цеся ў пакорнаму́драсць, таму што Бог ганарлі́вым праці́віцца, а пако́рлівым дае́ благада́ць.

6Дык вось, скары́цеся пад моцную руку́ Божую, каб Ён вас узня́ў у нале́жны час;

7усе кло́паты вашы ўскладзі́це на Яго, бо Ён дба́е пра вас.

8Бу́дзьце цвяро́зымі, пі́льнымі, таму што праці́ўнік ваш дыя́вал ходзіць, як рыклі́вы леў, шука́ючы, каго праглыну́ць;

9супрацьста́ньце яму цвёрдаю вераю, ве́даючы, што такія ж паку́ты зно́сяць і браты́ вашы ў свеце.

10Бог жа ўсякае благада́ці, Які паклі́каў вас у ве́чную сла́ву Сваю ў Хрысце́ Іісусе, няхай Сам, пасля́ нядо́ўгіх вашых паку́т, удаскана́ліць вас, няхай сцве́рдзіць, няхай умацу́е, няхай зробіць непахі́снымі.

11Яму слава і ўла́да на ве́кі вякоў. Амінь.

12Гэта ко́ратка напісаў я вам, праз Сілуа́на, ве́рнага, як мярку́ю, бра́та, каб перакана́ць і засве́дчыць, што гэта і́сцінная благада́ць Божая, у якой вы стаіце́.

13Віта́е вас абра́ная, як і вы, Царква ў Вавілоне і Марк, сын мой.

14Віта́йце адзін аднаго́ пацалу́нкам любо́ві. Мір вам усім у Хрысце́ Іісусе. Амінь.