2-е Саборнае Пасланне святога Апостала Пятра
Раздзел 1
1Сі́ман*Пётр, раб і Апостал Іісуса Хрыста, – тым, якія адно́лькава кашто́ўную, як і наша, веру прынялі́ па пра́веднасці Бога нашага і Спасіцеля Іісуса Хрыста́:
2благада́ць і мір вам няхай прымно́жацца праз пазна́нне Бога і Хрыста Іісуса, Госпада нашага.
3Пако́лькі Божая сіла Яго адары́ла нас усім неабхо́дным для жыцця́ і набо́жнасці праз пазна́нне Таго, Хто паклі́каў нас сла́ваю і даскана́ласцю,
4якімі яна дала́ нам найвялі́кшыя і кашто́ўныя абяца́нні, каб праз іх вы ста́лі ўдзе́льнікамі Божай прыроды, аддалі́ўшыся ад пану́ючага ў све́це растле́ння пажа́длівасцю, –
5то вы, прыклада́ючы да гэтага ўсе намага́нні, пакажы́це ў ве́ры вашай дабрадзе́йнасць, у дабрадзе́йнасці – разва́жлівасць,
6у разва́жлівасці – устры́манасць, ва ўстры́манасці – цярплі́васць, у цярплі́васці – набо́жнасць,
7у набо́жнасці – браталю́бства, у браталю́бстве – любо́ў.
8Бо калі гэта ў вас ёсць і прымнажа́ецца, то яно не пакі́не вас бяздзе́йнымі і бяспло́днымі ў пазна́нні Госпада нашага Іісуса Хрыста́;
9а ў кім няма́ гэ́тага, той сляпы́, блізару́кі, забы́ў пра ачышчэ́нне ране́йшых грахоў сваіх.
10Таму, браты́, яшчэ больш стара́йцеся, каб ваша паклі́канне і абра́нне стала трыва́лым; робячы так, вы ніколі не спатыкняце́ся,
11бо так адкры́ецца вам свабо́дны ўваход у ве́чнае Царства Госпада нашага і Спасіцеля Іісуса Хрыста.
12Таму я ніколі не пераста́ну нага́дваць вам пра гэта, хоць вы тое ве́даеце і ўмацава́ны ў гэтай і́сціне.
13Але нале́жным лічу́, пакуль застаю́ся ў гэтай цяле́снай хаці́не**, абуджа́ць вас напамі́нам,
14ве́даючы, што неўзаба́ве забра́на будзе ў мяне хаці́на, як і Гасподзь наш Іісус Хрыстос адкры́ў мне.
15Буду ж намага́цца, каб і пасля майго адыхо́ду, вы заўсёды ме́лі ў сабе памяць пра гэта.
16Бо мы абвясці́лі вам сілу і прышэ́сце Госпада нашага Іісуса Хрыста, не за хі́тра спле́ценымі ба́йкамі пасле́даваўшы, а бы́ўшы све́дкамі Яго ве́лічы.
17Бо Ён прыня́ў ад Бога Айца паша́ну і сла́ву, калі ад ве́лічнай славы прыйшоў да Яго вось такі голас: "Гэта Сын Мой узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў".
18І гэты голас, які прыйшоў з нябёсаў, чулі мы, калі былі́ з Ім на свято́й гары́.
19Яшчэ мы маем наймацне́йшае праро́чае сло́ва, і вы добра ро́біце, звярта́ючыся да яго, як да свяці́льніка, што ззяе ў цёмным ме́сцы, паку́ль не пачне́ днець і не ўзы́дзе ра́нішняя зорка ў сэ́рцах вашых,
20ве́даючы перш за ўсё тое, што нія́кае прароцтва ў Пісанні не дапуска́е асабі́стага тлумачэ́ння.
21Бо ніколі праро́цтва не было́ абве́шчана па волі чалаве́чай, а прамаўля́лі яго святы́я Божыя людзі, натхнёныя Ду́хам Святы́м.
Раздзел 2
1Былі́ і лжэпраро́кі ў наро́дзе, як і сярод вас бу́дуць ілжэвучы́целі, што прынясу́ць згу́бныя е́расі і, адрака́ючыся ад Уладара́, Які адкупі́ў іх, навяду́ць са́мі на сябе ху́ткую пагі́бель.
2І многія пойдуць усле́д іхняй распу́снасці, і з-за іх шлях і́сціны будзе знясла́ўлены.
3І ў хці́васці з хі́трымі сло́вамі будуць нажыва́цца на вас; прысу́д ім даўно гато́вы, і пагі́бель іх не дрэ́мле.
4Бо калі Бог не пашкадава́ў а́нгелаў, якія саграшы́лі, а ў пу́тах це́мры кі́нуў іх у пе́кла і аддаў, каб захава́ны былі́ на суд для пакара́ння;
5і калі не пашкадава́ў старажы́тнага све́ту, а збяро́г васьмяры́х, у тым лі́ку Ноя, прапаве́дніка пра́веднасці, навёўшы пато́п на свет бязбо́жных;
6і калі гарады́ Садо́ма і Гамо́ры спапялі́ў, асудзі́ўшы на знішчэ́нне і да́ўшы пры́клад таго, што чака́е бязбо́жнікаў,
7а пра́веднага Лота, прыгне́чанага распу́снымі паво́дзінамі беззако́нных, вы́ратаваў,
8бо гэты пра́веднік, жывучы́ сярод іх, з дня ў дзень паку́таваў душою пра́веднай, ба́чачы і чу́ючы беззако́нныя спра́вы, –
9то ве́дае Гасподзь, як збаўля́ць набо́жных ад спакушэ́ння, а беззако́нных захо́ўваць да дня суда́ для пакара́ння,
10асабліва ж тых, якія ідуць за нячы́стымі пажа́днасцямі пло́ці і пагарджа́юць ула́дамі, наха́бнікаў самазадаво́леных, якія не бая́цца зневажа́ць вышэ́йшых,
11тады як а́нгелы, бо́льшыя па магу́тнасці і сіле, не прамаўля́юць на іх перад Госпадам знява́жлівага асуджэ́ння.
12Яны, як неразу́мныя жывёлы па прыро́дзе, наро́джаныя, каб іх лаві́лі і вынішча́лі, зневажа́юць тое, чаго не разуме́юць; яны будуць зні́шчаны, як і тыя вынішча́юцца;
13яны атрыма́юць распла́ту за беззако́нні, бо знахо́дзяць асало́ду яны ў штодзённым раскашава́нні; бессаро́мнікі і распу́снікі, яны це́шацца ў ашука́нствах сваіх падчас засто́лляў з вамі;
14вочы ў іх поўныя пралюбадзе́йства і несупы́ннага граху́; яны зава́бліваюць нетрыва́лыя ду́шы; яны ма́юць сэ́рцы, звы́клыя да нажы́вы; гэта сыны́ пракля́цця;
15пакі́нуўшы прамы́ шлях, яны заблудзі́лі, пайшо́ўшы шля́хам Валаа́ма, сы́на Васо́равага, які палюбі́ў пла́ту няпра́ведную,
16але быў вы́крыты ў сваім беззако́нні: бязмо́ўная аслі́ца, прамо́віўшы чалавечым го́ласам, спыні́ла безразва́жнасць праро́ка.
17Яны – бязво́дныя крыні́цы, хма́ры, бу́раю гна́ныя, якім прыгатава́ны змрок вечнай цемры.
18Бо, прамаўля́ючы пыхлі́выя і пусты́я словы, яны да пло́цкіх пажа́днасцей і разбэ́шчанасці прыва́бліваюць тых, хто толькі што аддалі́ўся ад тых, якія жыву́ць у аблу́дзе;
19абяца́юць ім свабоду, самі бу́дучы раба́мі распу́сты; бо хто кім перамо́жаны, той таму і раб.
20Бо, калі яны, пазбе́гнуўшы нечыстаты́ свету праз пазна́нне Госпада і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста, потым зноў заблы́тваюцца і паддаю́цца ёй, то апошняе стано́віцца для іх го́ршым за пе́ршае.
21Лепш было́ б ім не спазна́ць шля́ху пра́веднасці, чым, спазна́ўшы, вярну́цца назад ад да́дзенай ім святой за́паведзі.
22Але з імі адбыва́ецца паво́дле праўдзі́вай пры́маўкі: саба́ка вярта́ецца да бляво́ціны сваёй, і: вы́мытая свіння́ ідзе валя́цца ў бру́дзе.
Раздзел 3
1Гэта ўжо другое пасла́нне пішу вам, узлю́бленыя; у іх напамі́нам абуджа́ю ваша чы́стае мы́сленне,
2каб вы па́мяталі словы, раней ска́заныя святы́мі праро́камі, і перада́дзеную апосталамі вашымі за́паведзь Госпада і Спасіцеля:
3найперш ве́дайце, што ў апо́шнія дні пры́йдуць наха́бныя глумлі́ўцы, якія жыву́ць паво́дле сваіх ўла́сных пажа́днасцей
4і ка́жуць: "дзе абяца́нне прышэ́сця Яго́ бо з таго часу, як спачы́лі айцы, усё застае́цца такім са́мым ад пача́тку стварэ́ння".
5Скры́та ад іх, бо са́мі таго хо́чуць, што неба было́ здаўна́ і зямля ўтво́рана з вады́ і вадою па слову Божаму;
6таму тагача́сны свет загі́нуў, пато́плены вадою.
7А цяпе́рашнія неба і зямля́, захава́ныя тым самым Словам, зберага́юцца для агню́ на дзень суда́ і пагі́белі бязбо́жных людзе́й.
8Адно тое няхай не будзе скры́та ад вас, узлю́бленыя, што ў Госпада адзін дзень – як ты́сяча гадоў, і ты́сяча гадоў – як адзін дзень.
9Не мару́дзіць Гасподзь з абяца́ным, як некато́рыя лі́чаць, што гэта мару́длівасць, а доўга це́рпіць Ён нас, не жада́ючы, каб хто загі́нуў, але каб усе прыйшлі́ да пакая́ння.
10Дзень жа Гасподні пры́йдзе, як зло́дзей уначы́, і тады нябёсы з гру́катам міну́ць, стыхіі ж, распа́леныя, разбу́рацца, а зямля і ўсё, што на ёй, будзе спа́лена.
11Калі так усё гэта разбу́рана будзе, то якімі паві́нны быць у святы́м жыцці́ і набо́жнасці вы,
12што чака́еце і жада́еце прышэ́сця дня Божага, калі нябёсы, палымне́ючы, рабу́рацца і распа́леныя стыхі́і распла́вяцца́
13Але мы чака́ем, паво́дле Яго абяца́ння, новага неба і новае зямлі́, на якіх пра́веднасць жыве́.
14Таму, узлю́бленыя, чака́ючы гэтага, пастара́йцеся, каб Ён знайшо́ў вас незапля́мленымі і беззага́ннымі, у мі́ры;
15і доўгацярпе́нне Госпада нашага лічы́це спасе́ннем, як і ўзлю́блены брат наш Павел, паводле да́дзенай яму праму́драсці, напіса́ў вам,
16як ён гаворыць пра гэта і ва ўсіх пасла́ннях, у якіх ёсць нешта ця́жкае для разуме́ння, што недасве́дчаныя і неўмацава́ныя, перакру́чваюць, як і іншыя Піса́нні, на сваю ўла́сную пагібель.
17Дык вы, узлю́бленыя, ве́даючы пра гэта за́гадзя, сцеражы́цеся, каб вам не падда́цца аблу́дзе беззако́ннікаў і не адпа́сці ад таго, у чым вы ўмацава́ны,
18узраста́йце ж у благада́ці і пазна́нні Госпада нашага і Спасіцеля Іісуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень ве́чны. Амі́нь.