Да Цімафея 2-е Пасланне святога Апостала Паўла

Да Цімафея 2-е Пасланне святога Апостала Паўла

Раздзел 1

1Павел, воляю Божаю Апостал Іісуса Хрыста, паводле абяца́ння жыцця ў Хрысце Іісусе,

2Цімафею, узлю́бленаму сыну: благадаць, міласць, мір ад Бога Айца і Хрыста Іісуса, Госпада нашага.

3Дзякую Богу, Якому служу ад продкаў у чыстым сумленні, што не перастаю́ паміна́ць цябе ў малітвах маіх уночы і ўдзень;

4па́мятаючы слёзы твае, я пра́гну ўбачыць цябе, каб мне напоўніцца радасцю;

5прыга́дваю сабе тваю некрываду́шную веру, якую раней ме́ла бабуля твая Лаі́да і маці твая Яўні́кія; упэўнены, што і ты маеш яе.

6З гэтай прычыны напаміна́ю, каб ты падтры́мліваў у сабе агонь да́ру Божага, які ў табе праз усклада́нне рук маіх;

7бо даў нам Бог не дух баязлі́васці, а дух сілы, і любові, і разва́жнасці.

8Таму не саромейся ні све́дчання пра Госпада нашага Іісуса Хрыста, ні мяне, вязня Яго; а пакутуй разам са мною за дабравесце Хрыстова сілаю Бога,

9Які спас нас і паклікаў паклі́каннем святым не паводле спраў нашых, а паводле Свайго прадустанаўле́ння і благадаці, да́дзенай нам у Хрысце Іісусе раней часоў адвечных,

10а цяпер адкрытай яўле́ннем Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста, Які знішчыў смерць і асвятлі́ў жыццё і нятле́ннасць дабравесцем,

11для якога я пастаўлены прапаведнікам, і Апосталам, і настаўнікам язычнікаў.

12З гэтай прычыны я і пакутую так; але не саромеюся. Бо ведаю, у Каго я ўвераваў, і ўпэ́ўнены, што Ён ма́е сілу залог мой захаваць на той дзень.

13Узору здаровага вучэ́ння, якое ты чуў ад мяне, трымайся з вераю і любоўю ў Хрысце Іісусе.

14Захоўвай добры залог сілаю Духа Святога, Які жыве ў нас.

15Ты ведаеш, што ўсе Асійцы адвярнуліся ад мяне; сярод іх Фі́гел і Ермаген.

16Няхай дасць Гасподзь міласць дому Анісі́фара за тое, што ён шмат разоў падтры́мліваў мяне і не пасаромеўся аковаў маіх,

17а калі быў у Рыме, з вялікім стараннем шукаў мяне і знайшоў.

18Няхай дасць яму Гасподзь знайсці міласць у Госпада ў той дзень; а колькі ён паслужыў мне ў Эфэсе, ты лепш ведаеш.

 

Раздзел 2

1Ты ж, сыне мой, умацоўвайся ў благадаці, якая ў Хрысце Іісусе,

2і што́ чуў ад мяне пры многіх сведках, тое перадай верным людзям, якія здольныя будуць і іншых навучы́ць.

3Ты ж перанось цяжкасці, як добры воін Іісуса Хрыста.

4Ніякі воін не звязвае сябе жыццёвымі справамі, каб дагадзі́ць военачальніку.

5Калі ж хто і змагаецца, то не будзе увянча́ны, калі ён незаконна будзе змагацца.

6Земляроб, які працуе, першым павінен атрыма́ць сваю частку пладоў.

7Абдумай тое, што я кажу. Няхай дасць табе Гасподзь разуме́нне ва ўсім.

8Па́мятай уваскрэслага з мёртвых Госпада Іісуса Хрыста, ад семені Давідавага, паводле дабравесця майго,

9за якое я пакутую аж да кайданоў, як злачынец; але на слова Божае няма кайданоў.

10Таму я ўсё цярплю дзеля абраных, каб і яны атрымалі спасенне ў Хрысце Іісусе са славаю вечнаю.

11Вартае веры слова: калі мы з Ім памерлі, то з Ім і ажывём;

12калі церпім, то з Ім і царстваваць будзем; калі адрачомся, то і Ён адрачэцца ад нас;

13калі мы няверныя, то Ён застаецца верным, бо ад Сябе адрачы́ся не можа.

14Гэта нагадвай, перад Госпадам заклінаючы не ўступаць у сваркі, ад якіх няма ніякай карысці, а толькі згу́ба слухача́м.

15Старайся праяві́ць сябе перад Богам годна, як працаўнік бездакорны, які правільна выклада́е сло́ва ісціны.

16А нягоднага пустаслоўя пазбягай; бо хто займаецца ім, тыя яшчэ больш будуць памнажаць бязбожнасць,

17і слова іх, як гангрэна, будзе раз’яда́ць усё. Да іх нале́жаць Імяне́й і Філі́т,

18якія ўхіліліся ад ісціны, кажучы, што ўваскрасенне ўжо было, і разбура́юць у некаторых веру.

19Аднак трывалы падму́рак Божы стаіць, маючы пячаць гэтую: “спазнаў Гасподзь Сваіх” і “няхай адсту́піць ад няпраўды кожны, хто вызнае́ імя́ Гасподняе”.

20А ў вялікім доме ёсць посуд не толькі залаты і сярэбраны, але і драўляны і гліняны; і адзін у пачэсным, а другі ў нізкім ужы́тку.

21Дык вось, хто ачы́сціць сябе ад гэтага, той будзе пасудзінай пачэснай, асвячонай і патрэбнай Гаспадару́, гатовай да ўсякай добрай справы.

22А юнацкіх пажа́днасцяў пазбяга́й, імкніся ж да праўды, веры, любові, міру з усімі, хто закліка́е Госпада ад чыстага сэрца.

23Ад неразумных і бязглуздых спрэчак ухіляйся, ведаючы, што яны спараджа́юць сваркі;

24рабу ж Гасподняму нельга свары́цца, а трэба быць прыя́зным да ўсіх, здольным навуча́ць, цярплівым,

25з лагоднасцю настаўляць праціўнікаў, — ці не дасць ім Бог пакаяння для спазна́ння ісціны,

26каб яны вы́зваліліся з пасткі дыявала, які палані́ў іх для выкана́ння яго волі.

 

Раздзел 3

1Ведай жа тое, што ў апошнія дні настануць часы ця́жкія.

2Бо людзі будуць самалюбівыя, срэбралюбівыя, ганары́стыя, фанабэрыстыя, богазневажа́льнікі, бацька́м непако́рныя, няўдзячныя, бязбожныя, бессардэчныя,

3бязлітасныя, паклёпнікі, нястры́маныя, жорсткія, ненавіснікі дабра,

4здраднікі, нахабныя, пыхлівыя, больш сласталюбі́выя, чым богалюбі́выя,

5якія зне́шне паказваюць набожнасць, але ад сілы яе адракліся. Такіх пазбяга́й.

6Да іх нале́жаць тыя, што пранікаюць у дамы́ і зводзяць жанчын, якія патана́юць ў грахах і апанава́ны рознымі пажа́днасцямі,

7якія заўсёды вучацца і ніколі не могуць дайсці да спазна́ння ісціны.

8Як Іані́й і Іамвры́й працівіліся Маісею, так працівяцца ісціне і яны, людзі з сапсаваным розумам, недасведчаныя ў веры.

9Але яны не многага дасягну́ць; бо іх бязглу́здасць для ўсіх стане відавочнай, як і з тымі сталася.

10А ты стаў маім паслядоўнікам у вучэнні, жыцці, мэтах, веры, доўгацярпенні, любові, стойкасці,

11у ганеннях, пакутах, якія вы́палі мне ў Антыяхі́і, Ікані́і, Лі́страх; такія ганенні я перанёс, і ад усіх збавіў мяне Гасподзь.

12Ды і ўсе, хто хоча жыць набожна ў Хрысце Іісусе, будуць цярпець ганенні;

13а ліхія людзі і ашуканцы будуць станавіцца яшчэ горшымі, уводзячы ў падман і бу́дучы падма́нутымі.

14Ты ж трымайся таго, чаму наву́чаны і што́ табе даве́рана, бо ве́даеш, кім ты наву́чаны;

15і яшчэ з маленства ты ведаеш свяшчэнныя пісанні, якія могуць умудры́ць цябе на спасенне праз веру ў Хрыста Іісуса.

16Усё Пісанне — боганатхнёнае і карыснае для навучання, для выкрывання, для выпраўлення, для настаўлення ў праведнасці,

17каб быў дасканалым Божы чалавек, да ўсякай добрай справы падрыхтава́ным.

 

Раздзел 4

1Дык вось, я заклінаю цябе перад Богам і Госпадам нашым Іісусам Хрыстом, Які будзе судзі́ць жывых і мёртвых пры яўле́нні Яго і ў Царстве Яго:

2прапаведуй слова, будзь настойлівы ў час і не ў час, выкрыва́й, дакара́й, падбадзёрвай з усёй доўгацярплівасцю і з настаўленнем.

3Бо настане час, калі здаровага вучэння трымацца не будуць, а паводле сваіх хаце́нняў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, якія б ла́шчылі слых;

4і ад ісціны адве́рнуць вушы і зве́рнуцца да баек.

5Але ты будзь пільны ва ўсім, цярпліва перанось беды, выконвай справу дабравесніка, здзяйсня́й служэнне сваё.

6Бо я ўжо станаўлюся ахвя́раю, і час майго адыходу настаў.

7Подзвігам добрым я падзвізаўся, шлях завяршыў, веру захаваў;

8а цяпер прызна́чаны мне вянец праведнасці, які дасць мне Гасподзь, Суддзя праведны, у дзень той; і не толькі мне, але і ўсім, хто з любоўю чакае яўле́ння Яго.

9Пастарайся прыйсці да мяне ў хуткім часе.

10Бо Дзімас пакінуў мяне, узлюбіўшы цяперашні век, і пайшоў у Фесалоніку, Крыскент у Гала́тыю, Ціт у Далма́тыю; адзін Лука са мною.

11Марка вазьмі і прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для служэння.

12Ціхіка я паслаў у Эфес.

13Калі пойдзеш, прынясі плашч, які я пакінуў у Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва перга́ментныя.

14Меднік Аляксандр многа зла зрабіў мне. Няхай адпла́ціць яму Гасподзь паводле спраў яго!

15Асцерагайся і ты яго, бо ён вельмі працівіўся нашым сло́вам.

16Пры першым слу́ханні маёй справы нікога не было са мною, а ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта не залі́чыцца ім!

17Але Гасподзь явіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне распаўсю́дзілася дабравесце і пачулі яго ўсе язычнікі; і я быў вы́звалены з пашчы льва.

18І збавіць мяне Гасподзь ад усякай справы ліхой і зберажэ для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амінь.

19Вітай Прыскілу і Акілу і дом Анісі́фара.

20Эраст застаўся ў Карынфе; а Трафіма я пакінуў хворага ў Міліце.

21Пастарайся прыйсці да зімы. Вітаюць цябе Эвул і Пуд, і Лін і Клаўдзі́я, і ўсе браты.

22Гасподзь Іісус Хрыстос з духам тваім. Благадаць з вамі. Амінь.