Да Філіпійцаў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 1
1Павел і Цімафей, рабы Іісуса Хрыста, усім святым у Хрысце Іісусе, якія знаходзяцца ў Філіпах, з епіскапамі і дыяканамі:
2благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.
3Дзякую Богу майму пры кожным успаміне пра вас,
4заўсёды, у кожнай малітве маёй за ўсіх вас, з радасцю малітву ўзносячы,
5за ваш удзел у дабравесці з першага дня і дагэтуль,
6будучы ўпэўненым, што Той, Хто пачаў у вас добрую справу, заве́ршыць яе да дня Іісуса Хрыста;
7так і належыць мне думаць пра ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы, бу́дучы і ў кайдана́х маіх, і ў абароне, і ў сцвярджэ́нні дабравесця, усіх вас — супольнікаў маіх па благадаці.
8Бог мне сведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Іісуса Хрыста;
9і я малюся аб тым, каб любоў ваша яшчэ больш і больш узрастала ў спазнанні і ва ўсякім пачуцці,
10каб, распазнаючы́, што́ правільна, вы былі чыстымі і бездакорнымі ў дзень Хрыстоў,
11поўнымі пладоў праведнасці праз Іісуса Хрыста на славу і хвалу Божую.
12Я хачу, браты, каб вы ведалі: тое, што адбылося са мною, паслужыла большаму поспеху дабравесця,
13так што пра кайданы́ мае́ дзеля Хрыста стала вядома ўсёй прэторыі і ўсім астатнім,
14і вельмі многія браты ў Госпадзе, падбадзёраныя праз кайданы́ мае́, пачалі́ з большаю адвагаю, бязбоязна прапаведаваць слова Божае.
15Некаторыя, праўда, з зайздрасці альбо супрацьстая́ння, а некаторыя з добрым намерам прапаведуюць Хрыста:
16адны з-за суперніцтва прапаведуюць Хрыста, не чыста, думаючы павялічыць цяжа́р кайданоў маіх;
17а другія — з любові, ведаючы, што я пастаўлены дзеля абароны дабравесця.
18І што ж? У любым вы́падку — ці прытворна, ці шчыра — аднак Хрыста прапаве́дуюць, і я гэтаму радуюся, і потым буду радавацца,
19бо ведаю, што гэта паслужыць мне на спасенне дзякуючы вашай малітве і садзеянню Духа Іісуса Хрыста,
20паводле чака́ння і надзеі маёй, што я ні ў чым не буду пасаромлены, а з усёю маёю адвагаю, як заўсёды, так і цяпер, будзе праслаўляцца Хрыстос у целе маім, ці то жыццём, ці смерцю.
21Бо для мяне жыццё — Хрыстос, і смерць — прыбы́так.
22А калі жыццё ў плоці — гэта для мяне плённая праца, то не ведаю, што выбраць.
23Я заціснуты з двух бакоў: хочацца адысці з жыцця і быць з Хрыстом, бо гэта намнога лепш;
24а заставацца ў плоці больш патрэбна, дзеля вас.
25І ў гэтым я перакана́ны і ведаю, што застану́ся і буду з усімі вамі дзеля вашага поспеху і радасці ў веры,
26каб пахвала́ ваша ў Хрысце Іісусе памножылася праз мяне, пры наступным маім прыходзе да вас.
27Толькі жывіце дастойна дабравесця Хрыстовага, каб — ці прыйду і ўбачу вас, ці не прыйду — я пачуў пра вас, што стаіце́ вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру евангельскую,
28і не баіце́ся ні ў чым супраціўнікаў; гэта для іх знак пагібелі, а для вас спасення. І гэта ад Бога,
29бо вам дадзена дзеля Хрыста не толькі вераваць у Яго, але і пакутаваць дзеля Яго
30такім самым подзвігам, які вы бачылі ўва мне і як сёння чуеце пра мяне.
Раздзел 2
1Дык вось, калі маеце якую апору ў Хрысце, калі маеце якое суцяшэнне любові, калі маеце якую супольнасць духу, калі маеце якую міласэрнасць і спага́ду,
2то зрабіце яшчэ паўнейшай маю́ радасць: трымайцеся адных думак, аднолькавую любоў маючы, будзьце аднадушнымі і аднадумнымі;
3нічога не рабіце з самалюбства ці дзеля марнай славы, а ў пакорамудрасці лі́чачы адны другіх вышэйшымі за сябе.
4Не пра саміх сябе клапаціцеся, але кожны і пра іншых.
5Бо ў вас павінны быць тыя ж думкі, што і ў Хрысце Іісусе:
6Ён, існуючы ў вобразе Божым*, не стаў трымацца за Сваю роўнасць з Богам,
7а прынізіў Сябе Самога, прыня́ўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным да людзей і з выгляду стаўшы як чалавек;
8Ён упакорыў Сябе і быў паслухмяны нават да смерці — і смерці крыжовай.
9Таму і Бог найбольш узвы́сіў Яго і даў Яму імя́, вышэйшае за ўсякае імя́,
10каб перад імем Іісуса схілілася ўсякае калена на небе, і на зямлі, і пад зямлёю
11і ўсякі язык вы́знаў, што Іісус Хрыстос — Гасподзь, на славу Бога Айца.
12Дык вось, узлю́бленыя мае́, як вы заўсёды былі паслухмянымі, не толькі ў прысутнасці маёй, але яшчэ больш цяпер, у адсутнасці маёй, са страхам і трымценнем здзяйсняйце сваё спасенне,
13таму што гэта Бог дзейнічае ў вас, каб вы і жадалі, і дзейнічалі паводле Яго добрай волі.
14Усё рабіце без наракання і сумнення,
15каб былі́ вы бездакорнымі і чыстымі, дзецьмі Божымі беззаганнымі сярод роду сапсава́нага і разбэ́шчанага, у якім вы ззяеце, як свяцілы ў свеце,
16захоўваючы слова жыцця, на пахвалу́ мне ў дзень Хрыстоў, што я не марна намагаўся і не марна працаваў.
17Але калі я і станаўлюся ахвярным узліваннем на ахвяру і служэнне веры вашай, то я радуюся і падзяляю радасць з усімі вамі;
18гэтаму ж і вы радуйцеся і падзяляйце радасць са мною.
19А я спадзяюся ў Госпадзе Іісусе неўзабаве паслаць да вас Цімафея, каб і мне ўсцешыцца духам, даведаўшыся пра вашы справы.
20Таму што няма ў мяне нікога аднадушнага, хто па-сапраўднаму будзе дбаць пра вас;
21бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што ўгодна Хрысту Іісусу.
22А вы́прабаванасць яго вы ведаеце, бо, як сын пры бацьку, служыў ён са мною справе дабравесця.
23Дык вось яго я спадзяюся паслаць адразу ж, як толькі буду бачыць, што́ стане са мною.
24Я ўпэўнены ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду да вас.
25Таксама палічыў я патрэбным паслаць да вас Эпафрадзіта, майго брата і супрацоўніка і паплечніка ў барацьбе, вашага ж пасланца́ і служыцеля ў патрэбе маёй,
26бо ён вельмі імкнуўся да ўсіх вас і перажываў з-за таго, што вы дачуліся пра яго хваробу.
27А ён сапраўды захварэў і быў пры смерці; аднак Бог памілаваў яго, ды не толькі яго, але і мяне, каб не дадалося мне смутку да смутку.
28Таму я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго зноў, узрадаваліся, і я быў менш засму́чаны.
29Прыміце ж яго ў Госпадзе з усёю радасцю, і такіх майце ў пашане,
30бо ён за справу Хрыстову быў блізкі да смерці, рызыкуючы жыццём, каб запоўніць недастатковасць вашага служэння мне.
Раздзел 3
1Урэшце, браты мае́, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам пра тое ж самае для мяне не цяжка, а для вас павучальна.
2Сцеражыцеся сабак, сцеражыцеся ліхіх дзеячаў, сцеражыцеся лжэабрэ́зання,
3бо абрэ́занне — гэта мы, калі служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Іісусам, а не на плоць спадзяёмся,
4хоць я магу спадзявацца і на плоць. Калі нехта іншы думае, што можа спадзявацца на плоць, то тым больш я,
5абрэзаны ў восьмы дзень, з роду Ізраілевага, калена Веніямінавага, Яўрэй з Яўрэяў, у адносінах да закону — фарысей,
6па заўзятасці — ганіцель царквы Божай, паводле праведнасці законнай — бездакорны.
7Але што для мяне было здабыткам, тое дзеля Хрыста я стаў лічыць стратаю.
8Ды і ўсё я лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Іісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсяго пазбавіўся і ўсё лічу смеццем, каб здабыць Хрыста
9і знайсці сябе ў Ім не са сваёю праведнасцю, якая ад закона, а з тою, якая праз веру ў Хрыста, з праведнасцю, якая ад Бога па веры;
10каб спазнаць Яго, і сілу ўваскрасення Яго, і ўдзел у пакутах Яго, прыпадабня́ючыся Яму ў смерці,
11каб толькі дасягнуць уваскрасення з мёртвых.
12Гэта не значыць, што я дасягнуў ужо ці стаў ужо дасканалым; але імкнуся, ці не дасягну і я, як дасягнуў мяне Хрыстос Іісус.
13Браты, я не думаю пра сябе, што ўжо дасягнуў; адно толькі: забываючы тое, што ззаду, і сягаючы наперад,
14імкнуся да мэты, да ўзнагароды вышэйшага паклікання Божага ў Хрысце Іісусе.
15Дык вось, хто з нас дасканалы, так і павінен думаць; калі ж вы пра што інакш думаеце, то і гэта Бог вам адкрые.
16Аднак, чаго мы дасягнулі, паводле такога правіла будзем жыць, гэтак і думаць.
17Будзьце ўсе пераймальнікамі маімі, браты, і глядзіце на тых, што жывуць паводле ўзору, які вы маеце ў нас.
18Бо многія, пра каго я часта казаў вам, а цяпер нават са слязьмі кажу, жывуць як ворагі крыжа Хрыстовага;
19іх канец — пагібель, іх бог — чэрава, і слава іх — у ганьбе: яны думаюць пра зямное.
20А наша грамадзянства — на нябёсах, адкуль мы і чакаем Спасіцеля, Госпада нашага Іісуса Хрыста,
21Які пераўтворыць прыні́жанае цела наша так, што яно стане падобным на слаўнае Цела Яго, праз уздзе́янне сілы Сваёй, якою Ён можа і падпарадкава́ць Сабе ўсё.
Раздзел 4
1Дык вось, браты мае ўзлю́бленыя і жаданыя, радасць і вянец мой, стойце так у Госпадзе, узлю́бленыя.
2Ево́дзію прашу і Сінці́хію прашу быць аднадумнымі ў Госпадзе;
3ды і цябе прашу, верны дружа, дапамагай ім, бо яны за дабравесце змагаліся разам са мною, і з Клі́ментам, і з аста́тнімі супрацоўнікамі маімі, чые імёны — у кнізе жыцця.
4Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і зноў кажу: радуйцеся.
5Дабразычлівасць ваша няхай будзе вядома ўсім лю́дзям. Гасподзь блізка.
6Ні аб чым не турбуйцеся, а заўсёды ў малітве і маленні з падзякаю адкрывайце свае жаданні Богу,
7і мір Божы, вышэйшы за ўсякі розум, будзе захоўваць сэрцы вашы і думкі вашы ў Хрысце Іісусе.
8Урэшце, браты, толькі пра тое, што́ ісціннае, што́ пачэснае, што́ праведнае, што́ чыстае, што́ лю́бае, што́ прыемнае, што́ дабрадзейнае і што́ вартае хвалы, — вось пра што разважа́йце.
9Чаму вы навучыліся, і што перанялі́, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое і выконвайце, — і Бог міру будзе з вамі.
10Я ж вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы нарэшце зноў пачалі клапаціцца пра мяне; вы і раней клапаціліся, але ў вас не было ўмоў.
11Не з-за нястачы гэта кажу, бо я навучыўся быць здаволеным тым, што ёсць:
12умею жыць і ў беднасці, умею жыць і ў дастатку; ўсяму і ва ўсім я наву́чаны: і сы́тым быць, і галодным, быць і ў дастатку, і ў нястачы;
13усё магу ў Іісусе Хрысце, Які ўмацоўвае мяне.
14Аднак вы добра зрабілі, што паздялі́лі са мною мой цяжар.
15Вы ж ведаеце, Філіпійцы, што на пачатку дабравесця, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква не прымала ўдзелу ў тым, што́ я выдаткоўваў і атрымліваў, апрача вас адных;
16бо вы і ў Фесалоніку і раз, і другі дасылалі мне на патрэбы.
17Гэта не значыць, што я шукаю дару; але плоду я шукаю, які памнажаецца на карысць вам.
18Я ма́ю ўсё і ма́ю ўдосталь; я поўнасцю забяспе́чаны, атрымаўшы ад Эпафрадыта пасла́нае вамі, як пах духмяны, як ахвяру прыемную, што даспадобы Богу.
19Бог жа мой няхай задаволіць усякую патрэбу вашу паводле багацця Свайго ў славе, у Хрысце Іісусе.
20А Богу і Айцу нашаму слава на векі вякоў! Амінь.
21Вітайце кожнага святога ў Хрысце Іісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.
22Вітаюць вас усе святыя, і асабліва з кесаравага дома.
23Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі. Амінь.