Да Карынфян 1-е Пасланне святога Апостала Паўла

Да Карынфян 1-е Пасланне святога Апостала Паўла
 

Раздзел 1

1Павел, воляю Божаю паклі́каны Апостал Іісуса Хрыста, і Сасфе́н брат, —

2Царкве Божай, якая ў Карынфе, асвячоным у Хрысце Іісусе, пакліканым святым, з усімі, хто прызывае імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста ў кожным месцы, у іх і ў нас:

3благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.

4Дзякую заўсёды Богу майму за вас, за благадаць Божую, дадзеную вам ў Хрысце Іісусе,

5таму што ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усякім словам і ўсякім пазнаннем,

6паколькі сведчанне Хрыстова ўмацавалася ў вас,

7так што вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы адкравення Госпада нашага Іісуса Хрыста,

8Які і ўмацуе вас да канца, каб вы былі́ беззаганнымі ў дзень Госпада нашага Іісуса Хрыста.

9Верны Бог, Якім вы пакліканы да супольнасці з Сынам Яго Іісусам Хрыстом, Госпадам нашым.

10Малю́ вас, браты, імем Госпада нашага Іісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно і не было паміж вамі падзе́лаў, але каб вы былі злучаны адным разуменнем і адною думкаю.

11Бо ад дамашніх Хлоі стала мне вядома пра вас, браты мае́, што паміж вамі ёсць спрэчкі.

12Кажу я так, бо кожны з вас гаворыць: я Паўлаў; а я Апалосаў; а я Кіфаў; а я Хрыстоў.

13Няўжо раздзяліўся Хрыстос? хіба́ Павел быў распя́ты за вас? ці ў імя Паўла вы хрысціліся?

14Дзякую Богу, што я нікога з вас не хрысціў, акрамя Крыспа і Гаія,

15каб хто не сказаў, што я хрысціў у сваё імя́.

16Хрысціў я таксама дом Сцяфанаў; а больш не ведаю, ці хрысціў каго іншага.

17Бо Хрыстос мяне паслаў не хрысці́ць, а дабраве́сціць, і то не ў мудрасці слова, каб не зрабіць марным крыж Хрыстоў.

18Бо слова пра крыж для тых, якія гінуць, — гэта неразумнасць, а для нас, якія спасаемся, — сіла Божая.

19Бо напісана: “загублю мудрасць мудрацоў, і розум разумных адкіну”.

20Дзе мудрэц? дзе кніжнік? дзе знаўца веку гэтага́ Ці не ператварыў Бог мудрасць свету гэтага ў неразумнасць?

21Паколькі ж свет сваёю мудрасцю не пазнаў Бога ў прамудрасці Божай, то пажадаў Бог праз “неразумнасць” пропаведзі спасці веруючых.

22Бо і Іудзеі патрабуюць цудаў, і Эліны шукаюць мудрасці;

23а мы прапаведуем Хрыста распятага: для Іудзеяў спакусу, для Элінаў неразумнасць,

24для саміх жа пакліканых — як Іудзеяў, так і Элінаў — Хрыста, Божую сілу і Божую прамудрасць;

25таму што “неразумнае” Божае мудрэйшае за людзей і “слабае” Божае мацнейшае за людзей.

26Паглядзіце ж, браты, хто вы, паклі́каныя: не многа сярод вас мудрых па плоці, не многа магутных, не многа высакародных;

27але Бог вы́браў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых, і слабае свету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае;

28і бязроднае свету, і прыніжанае, і нязначнае выбраў Бог, каб пазбавіць сілы значнае, —

29каб ніякая плоць не хвалілася перад Богам.

30Ад Яго ж і вы ў Хрысце Іісусе, Які стаў прамудрасцю для нас ад Бога, і праведнасцю, і асвячэннем, і адкупленнем,

31каб было, як напісана: “хто хва́ліцца, няхай Госпадам хва́ліцца”.

 

Раздзел 2

1І калі я прыходзіў да вас, браты, дык прыходзіў не з красамоўствам ці мудрасцю абвяшча́ць вам све́дчанне Божае,

2таму што, будучы ў вас, вырашыў я нічога не ведаць, акрамя Іісуса Хрыста, і прытым распя́тага;

3і быў я сярод вас у слабасці, і ў страху, і ў вялікім трымценні.

4І слова маё, і пропаведзь мая не ў пераканаўчых словах чалавечай мудрасці, а ў выяўле́нні Духа і сілы,

5каб вера ваша трывала не на мудрасці чалавечай, а на сіле Божай.

6Аб мудрасці ж мы гаворым сярод дасканалых, але не аб мудрасці веку гэтага і князёў веку гэтага, якія знікаюць,

7а гаворым аб прамудрасці Божай, у тайне скрытай, якую прадвы́значыў Бог перад вякамі для славы нашай

8і якую ніхто з князёў веку гэтага не спазна́ў; бо калі б спазна́лі, то не распя́лі б Госпада славы.

9Але як напі́сана: “вока таго не бачыла, вуха не чула, і на сэрца чалавеку не прыходзіла тое, што ўгатаваў Бог тым, хто лю́біць Яго”.

10А нам Бог адкрыў гэта Духам Сваім: бо Дух ва ўсё праніка́е, і ў глыбі́ні Божыя.

11Бо хто́ з людзей ведае, што́ ў чалавеку́ толькі дух чалавечы, які ў ім. Так і Божага ніхто не ведае, толькі Дух Божы.

12Мы ж прынялі́ не духа свету гэтага, а Духа ад Бога, каб ведаць падарава́нае нам Богам,

13пра гэта і гаворым не ад чалавечай мудрасці вы́вучанымі сло́вамі, а вы́вучанымі ад Духа Святога, тлума́чачы духоўнае духоўным.

14Душэўны чалавек не прыма́е таго, што ад Духа Божага, бо гэта для яго неразумнасць, і не можа зразумець, паколькі пра гэта трэба судзі́ць духоўна.

15Духоўны ж су́дзіць пра ўсё, а пра яго судзі́ць ніхто не можа.

16Бо хто́ спазнаў розум Госпада, каб мог павуча́ць Яго́ А мы маем розум Хрыстоў.

 

Раздзел 3

1І я, браты, не мог гаварыць з вамі, як з духоўнымі, а толькі як з плоцкімі, як з немаўлятамі ў Хрысце.

2Я карміў вас малаком, а не цвёрдаю ежаю, бо вы яшчэ не маглі есці яе, ды і цяпер не можаце,

3таму што вы яшчэ плоцкія. Бо калі паміж вамі зайздрасць, і спрэчкі, і разлады, то ці ж не плоцкія вы і ці не паводле чалавечага разумення жывяце́?

4Бо калі адзін кажа: “я Паўлаў”, а другі: “я Апалосаў”, — то ці ж не плоцкія вы?

5Бо хто такі Павел? хто такі Апалос? Яны толькі служыцелі, праз якіх вы ўверавалі, і кожны, як яму даў Гасподзь.

6Я насадзіў, Апалос паліваў, але ўзрасціў Бог;

7так што ні той, хто са́дзіць, не мае значэння, ні той, хто палівае, а толькі Бог, Які ўзрошчвае.

8Той, хто са́дзіць, і той, хто палівае, — складаюць адно, але кожны атрымае сваю плату ў адпаведнасці са сваёй працай.

9Бо мы суработнікі ў Бога; а вы — Божая ніва, Божая пабудова.

10Я па благадаці, дадзенай мне Богам, як мудры дойлід, заклаў падмурак, а іншы будуе на ім; аднак кожны няхай глядзіць, як будуе.

11Бо ніхто не можа закласці іншага падмурку, акрамя закладзенага, якім ёсць Іісус Хрыстос.

12І хто я́к на гэтым падмурку будуе — з золата, серабра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, —

13справа кожнага вы́явіцца; бо дзень пакажа, таму што ў агні адкрываецца, і агонь вы́прабуе справу кожнага, якая яна.

14У каго збудаванне, якое ён узвёў, вы́стаіць, той атрымае плату;

15у каго збудаванне згарыць, той панясе страту; сам жа будзе ўратаваны, але так, як бы з агню.

16Хіба не ведаеце, што вы — храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?

17Калі хто знішчыць храм Божы, таго знішчыць Бог; бо храм Божы святы, і гэты храм — вы.

18Няхай ніхто сябе не падманвае: калі хто з вас лі́чыць сябе мудрым у веку гэтым, той няхай неразумным стане, каб быць будрым.

19Бо мудрасць свету гэтага ёсць неразумнасць перад Богам, як напісана: “ловіць мудрых у хітрасці іх”.

20І яшчэ: “Гасподзь ведае разважанні мудрых, што яны марныя”.

21Дык вось, няхай ніхто не хва́ліцца людзьмі, бо ўсё ваша:

22ці Павел гэта, ці Апалос, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае, — усё ваша;

23вы ж — Хрыстовы, а Хрыстос — Божы.

 

Раздзел 4

1Дык вось, няхай людзі лі́чаць нас служыцелямі Хрыстовымі і домаўпра́ўнікамі тайнаў Божых;

2ад домаўпра́ўнікаў жа патрабу́ецца, каб кожны аказаўся верным.

3Для мяне вельмі мала значыць, як су́дзіце пра мяне вы або іншыя людзі; я і сам пра сябе не суджу?.

4Бо хоць я нічога за сабою не ведаю, але гэтым не апра́ўдваюся; суддзя ж мне Гасподзь.

5Таму не судзі́це зусім да часу, пакуль не прыйдзе Гасподзь, Які і асве́тліць скрытае ў цемры, і вы́явіць намеры сэрцаў, і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.

6Гэта, браты, я вобразна паказаў на сабе і Апалосе дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не мудрава́ць звыш таго, што напі́сана, і каб пыхліва не ўзносілі аднаго перад другім.

7Бо хто вылуча́е цябе́ І што́ маеш ты, чаго не атрымаў? А калі атрымаў, то чаго хвалішся, быццам не атры́мліваў?

8Вы ўжо насы́ціліся, вы ўжо разбагацелі, без нас вы сталі царава́ць; о, калі б вы сапраўды сталі царава́ць, каб і мы разам з вамі царава́лі!

9Бо думаю, што Бог паставіў нас, апосталаў, апошнімі, як бы асу́джанымі на смерць; таму што мы сталі відовішчам для свету, для Ангелаў і для людзей.

10Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы разумныя ў Хрысце; мы сла́быя, а вы моцныя; вы ў славе, а мы ў пага́рдзе.

11Да цяперашняга часу мы і голад, і смагу церпім, мы і голыя, і пабітыя, і бяздомныя,

12і працуем, робячы ўсё сваімі рукамі. Нас абражаюць — мы благаслаўляем; нас гоняць — мы трываем;

13нас зневажа́юць — мы суцяша́ем; мы сталі сме́ццем для свету, адкі́дамі для ўсіх аж дагэтуль.

14Не для таго, каб пасароміць вас, пішу гэта, а як дзяцей маіх узлюбленых настаўляю.

15Бо хоць і тысячы настаўнікаў вы маеце ў Хрысце, але айцоў не многа; я нарадзіў вас у Хрысце Іісусе праз дабраве́сце.

16Таму прашу вас, будзьце перайма́льнікамі маімі, як я — Хрыста.

17Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімафея, майго ўзлюбленага і вернага ў Госпадзе сына, які вам нагада́е пра шляхі мае́ ў Хрысце Іісусе, як я ўсюды, у кожнай царкве, вучу.

18Паколькі я не іду да вас, то некаторыя з вас заганары́ліся;

19але я неўзаба́ве прыйду да вас, калі Госпаду будзе ўгодна, і зведаю не словы ганарліўцаў, а сілу;

20бо Царства Божае не ў слове, а ў сіле.

21Чаго вы хочаце́ з розгаю мне прыйсці да вас ці з любоўю і духам лагоднасці?

 

Раздзел 5

1Наогул, ходзяць чуткі пра блуд сярод вас, ды такі блуд, пра які не гавораць нават сярод язычнікаў: што нехта за жонку мае ба́цькаву жонку.

2А вы заганары́ліся, хоць лепш было б вам плакаць, каб вы́кінуты быў з вашага асяроддзя той, хто ўчыніў такое.

3Я ж, адсутны целам, але прысутны сярод вас духам, ужо вы́рашыў, як бы знахо́дзячыся з вамі, адносна таго, хто гэта ўчыніў,

4каб на сходзе вашым у імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста, дзе і мой дух, сілаю Госпада нашага Іісуса Хрыста

5аддаць яго сатане на загубу плоці, каб дух яго быў спасёны ў дзень Госпада нашага Іісуса Хрыста.

6Нядобра вам пахваля́цца. Хіба́ вы не ведаеце вы, што мала́я заква́ска ўсё цеста ква́сіць?

7Дык ачы́сціцеся ад старой заква́скі, каб сталі вы новым цестам, таму што вы бясква́сныя, бо Пасха наша, Хрыстос, быў ахвярава́ны за нас.

8Таму давайце будзем святкава́ць не са старо́ю заква́скаю, не з заква́скаю зла і кава́рства, а з праснака́мі чысціні́ і ісціны.

9Я пісаў вам у пасла́нні не мець адносін з блуднікамі,

10але не ўвогуле з блуднікамі свету гэтага, або хціўцамі, або рабаўнікамі, або ідалапаклоннікамі, бо тады вам належала б выйсці са свету;

11а пісаў я вам не мець адносін з тым, хто, называ́ючыся бра́там, застане́цца блудніком, або хціўцам, або ідалапаклоннікам, або ліхасловам, або п’яніцам, або рабаўніком; з такім нават не есці разам.

12Бо нашто мне і знешніх судзі́ць? Хіба́ не тых, што сярод вас, вы су́дзіце?

13Знешніх жа су́дзіць Бог. Дык вы́кіньце ліхога з вашага асяроддзя.

 

Раздзел 6

1Як сме́е хто з вас, маючы цяжбу з іншым бра́там, судзі́цца ў няпра́ведных, а не ў святых?

2Хіба́ не ведаеце, што святыя будуць судзі́ць свет? Дык калі вы будзе судзі́ць свет, то няўжо вы не варты судзі́ць значна ме́ншае?

3Хіба́ не ведаеце, што мы будзем судзі́ць ангелаў, то ці не тым больш нешта жыццёвае?

4А вы, калі маеце суды жыццёвыя цяжбы, дык аддаяце́ іх на суд тым, якія нічога не значаць у царкве.

5На сорам вам кажу: няўжо няма сярод вас ніводнага мудрага, які мог бы рассудзі́ць братоў сваіх?

6А то брат з братам су́дзіцца, ды яшчэ ў няве́рных.

7Ужо тое ўвогуле га́ньба для вас, што вы су́дзіцеся адзін з адным. Ці не лепш было б вам пацярпець крыўду́ ці не лепш было б пане́сці страту?

8А вы самі крыўдзіце і адбіраеце, прычым у братоў.

9Хіба́ не ведаеце, што няправедныя Царства Божага не ўнасле́дуюць? Не ашуквайце саміх сябе: ні блуднікі́, ні ідалапаклоннікі, ні пралюбадзеі, ні рукаблу́днікі, ні мужаложнікі,

10ні зладзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні ліхасловы, ні рабаўнікі не ўнасле́дуюць Царства Божага.

11І такімі былі некаторыя з вас; але амыліся, але асвяціліся, але апраўдаліся імем Госпада нашага Іісуса Хрыста і Духам Бога нашага.

12Усё мне дазволена, але не ўсё карысна; усё мне дазволена, але нішто не павінна валодаць мною.

13Ежа для чэрава, і чэрава для ежы; але Бог знішчыць і адно, і другое. Цела ж не для блуду, а для Госпада, і Гасподзь для цела.

14Бог уваскрасіў Госпада, уваскрасіць і нас сілаю Сваёю.

15Хіба́ вы не ведаеце, што целы вашы — гэта члены Хрыстовы? Дык што, забяру я члены ў Хрыста, каб зрабіць іх членамі блудніцы? Ні ў якім разе.

16Хіба́ не ведаеце, што той, хто злучаецца з блудніцай, становіцца адным це́лам з ёю́ бо ска́зана: “двое будуць адной плоццю”.

17А хто злучаецца з Госпадам, той — адзін дух з Госпадам.

18Пазбягайце блуду; усякі грэх, які робіць чалавек, ёсць па-за целам, а блуднік грашыць супраць уласнага цела.

19Хіба́ не ведаеце, што целы вашы — гэта храм Духа Святога, Які жыве ў вас, Якога маеце ад Бога, і вы не свае́

20бо вы куплены дарагою цаною. Таму праслаўляйце Бога і ў це́лах вашых, і ў ду́шах вашых, якія належаць Богу.

 

Раздзел 7

1Наконт таго, пра што вы пісалі мне: добра, каб чалавек не дакрана́ўся да жанчыны.

2Але, каб пазбегнуць блуду, няхай кожны ма́е сваю жонку, і няхай кожная ма́е свайго мужа.

3Муж няхай праяўля́е да жонкі нале́жную лю́басць; гэтаксама і жонка да мужа.

4Жонка не ма́е ўлады над сваім целам, але муж; гэтаксама і муж не ма́е ўлады над сваім целам, але жонка.

5Не ўхіляйцеся адзін ад аднаго, хіба́ што па згодзе, на час, каб аддацца посту і малітве, і зноў будзьце разам, каб не спакуша́ў вас сатана праз няўстры́манасць вашу.

6Але кажу гэта, саступа́ючы, а не зага́дваючы.

7Бо жадаю, каб усе людзі былі́, як і я; але кожны ма́е свой дар ад Бога, адзін — так, другі — інакш.

8Нежанатым і ўдовам кажу: добра, каб яны засталі́ся так, як і я;

9але калі не могуць устрыма́цца, няхай уступа́юць у шлюб, бо лепш уступі́ць у шлюб, чым распаля́цца.

10А тым, хто ў шлюбе, не я зага́дваю, а Гасподзь: жонцы не разво́дзіцца з мужам, —

11калі ж развядзе́цца, няхай застае́цца незаму́жняю альбо няхай прымі́рыцца з мужам, — і мужу не пакіда́ць жонкі.

12Астатнім жа я кажу, а не Гасподзь: калі які брат ма́е жонку няверуючую і яна згодна жыць з ім, то няхай не пакіда́е яе;

13і жонка, якая ма́е мужа няверуючага, і ён згодны жыць з ёю, няхай не пакіда́е яго;

14бо няверуючы муж асвяча́ецца жонкаю веруючаю, і жонка няверуючая асвяча́ецца мужам веруючым; бо інакш дзеці вашы былі́ б нячыстыя, а цяпер яны святыя.

15Калі ж няверуючы хоча разве́сціся, няхай разводзіцца; брат ці сястра ў такіх вы́падках не прыняво́лены; да міру заклі́каў нас Гасподзь.

16Адкуль ты ведаеш, жонка, ці не спасеш мужа́ Альбо ты, муж, адкуль ведаеш, ці не спасеш жонку?

17Толькі кожны, як вызначыў яму Бог, кожны, як паклікаў яго Гасподзь, — няхай так і жыве; і такі наказ я даю па ўсіх цэрквах.

18Калі хто паклі́каны, будучы абрэ́заным, няхай не хавае гэтага; калі хто паклі́каны, будучы неабрэ́заным, няхай не абрэ́зваецца.

19Абрэ́занне — нішто, і неабрэ́занне — нішто, а ўсё ў выкананні запаведзяў Божых.

20Кожны няхай застае́цца ў тым званні, у якім быў паклі́каны.

21Ты паклі́каны, будучы рабом? Не турбуйся. Але калі і можаш стаць вольным, то выберы лепшае.

22Таму што раб, паклі́каны ў Госпадзе, з’яўляецца вольным у Госпада; таксама і пакліканы вольны з’яўляецца рабом Хрыстовым.

23Вы куплены дарагою цаною; не станавіцеся раба́мі людзей.

24Кожны, у якім званні быў паклі́каны, браты, у тым няхай і застае́цца перад Богам.

25Наконт дзявоцтва я наказу Госпада не ма́ю, а даю пара́ду як той, хто па міласці Госпада варты даверу.

26Дык вось, лічу, што з-за цяперашніх цяжкасцей добра заставацца так, што добра для чалавека жыць так.

27Ты звязаны з жонкаю́ не шукай разводу. Ты застаўся без жонкі́ не шукай жонкі.

28Аднак калі і ажэнішся, то не саграшы́ш; і калі дзяўчына выйдзе замуж, то не саграшы́ць. Але яны будуць цярпець нягоды цялесныя; а я шкадую вас.

29Вось што кажу вам, браты: час ужо кароткі, так што і тыя, хто ма́е жонку, павінны жыць, як тыя, хто не ма́е;

30і хто плача — як тыя, хто не плача; і хто радуецца — як тыя, хто не радуецца; і хто купляе — як тыя, хто не набыва́е;

31і хто карыстаецца светам гэтым — як тыя, хто не карыстаецца; бо міна́е аблічча свету гэтага.

32А я хачу, каб вы не мелі клопату. Нежанаты клапоціцца пра Гасподняе: як дагадзі́ць Госпаду;

33а жанаты клапо́ціцца пра свецкае: як дагадзі́ць жонцы. Ёсць розніца паміж замужняю жанчынаю і дзяўчынаю;

34незамужняя клапо́ціцца пра Гасподняе: як дагадзі́ць Госпаду, каб быць святою і целам, і духам; а замужняя клапо́ціцца пра свецкае: як дагадзі́ць мужу.

35Кажу гэта для вашай жа карысці: не для таго, каб накінуць на вас путы, а каб вы былі добрапрыстойнымі і заставаліся з Госпадам няўхільна.

36Калі ж хто лі́чыць непрыстойным для сваёй дзяўчыны, што яна, пераспе́ўшы, застане́цца так, той няхай робіць як хоча — ён не саграшыць; няхай такія выходзяць замуж.

37Але хто непарушна цвёрды ў сэрцы сваім і не зму́шаны неабходнасцю, а ма́е ўладу рабіць па волі сваёй і ў сэрцы сваім вырашыў захаваць яе дзяўчынаю, той добра робіць.

38Таму той, хто выдае́ замуж сваю дзяўчыну, робіць добра, а хто не выдае́, робіць лепш.

39Жонка звя́зана законам, пакуль жывы муж яе; калі ж муж яе памрэ, яна вольная выйсці замуж за каго хоча, толькі ў Госпадзе.

40Але блажэннейшая яна, калі застане́цца так, паводле майго меркавання; а думаю, што і я ма́ю Духа Божага.

 

Раздзел 8

1Пра ідалаахвя́рнае ж нам вядома, бо ўсе мы маем веды. Але веды надзіма́юць, а любоў настаўля́е.

2Хто думае, быццам ведае нешта, той яшчэ нічога не ведае так, як нале́жыць ведаць;

3але хто лю́біць Бога, таму да́дзены веды ад Яго.

4Дык вось, наконт спажыва́ння ідалаахвя́рнага мы ведаем, што ідал у свеце — нішто, і што няма іншага Бога, акрамя Адзінага.

5Калі ж і ёсць так зва́ныя багі́ ці то на небе, ці на зямлі — бо шмат такіх багоў і шмат валадароў, —

6але ў нас адзін Бог Айцец, ад Якога — ўсё, і мы — для Яго, і адзін Гасподзь Іісус Хрыстос, праз Якога — ўсё, і мы — праз Яго.

7Але не ва ўсіх такія веды: некаторыя і дагэтуль з сумле́ннем, якое прызнае́ ідалаў, ядуць нешта як ідалаахвярнае, і сумле́нне іх, будучы сла́бым, апаганьваецца.

8Ежа не набліжа́е нас да Бога, бо і калі ядзім, то нічога не набыва́ем, і калі не ядзім, то нічога не стра́чваем.

9Але сцеражы́цеся, каб гэтая свабода ваша не стала спатыкне́ннем для сла́бых.

10Бо калі нехта ўбачыць, што ты, маючы веды, сядзіш за сталом у ка́пішчы, то сумле́нне яго, як слабага, ці не схі́ліцца да таго, каб есці ідалаахвярнае?

11І загіне з-за тваіх ведаў сла́бы брат, за якога памёр Хрыстос.

12А саграша́ючы так су́праць братоў і ра́нячы сла́бае сумленне іх, вы саграшаеце су́праць Хрыста.

13I таму, калі ежа спакуша́е брата майго, дык не буду есці мяса даве́ку, каб не спакусі́ць брата майго.

 

Раздзел 9

1Хіба́ я не Апостал? Хіба́ я не свабодны? Хіба́ не бачыў я Іісуса Хрыста, Госпада нашага? Хіба́ не мая праца — вы ў Госпадзе?

2Калі для іншых я не Апостал, то для вас — Апостал; бо пячаць майго апостальства — вы ў Госпадзе.

3Вось маё апраўданне перад тымі, хто асуджа́е мяне.

4Ці ж не маем мы права есці і піць?

5Ці ж не маем мы права мець спадарожніцаю сястру жонку*, як і астатнія Апосталы, і браты Гасподнія, і Кіфа.

6Ці ж толькі я і Варнава не маем права не працаваць?

7Хто і калі слу́жыць у войску на сваім утрыма́нні? Хто са́дзіць вінаграднік і не есць пладоў яго? Хто пасвіць статак і не п’е малака ад статку?

8Ці толькі паводле чалавечага разумення я кажу гэта? Ці не гаворыць гэтага і закон?

9Бо ў Маісеевым законе напісана: “не завязвай рот валу́, які малоціць”. Ці пра валоў клапоціцца Бог?

10Ці, можа, дзеля нас гэта гаворыцца? Дзеля нас жа гэта напі́сана; бо хто арэ, той павінен араць з надзеяй, і хто малоціць, павінен малаціць з надзеяй на сваю долю спадзяванага.

11Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, то ці вялікая рэч, калі пажнём у вас цялеснае?

12Калі іншыя маюць гэтае права ў вас, то чаму тады не мы? Але мы не карысталіся гэтым пра́вам, а ўсё церпім, каб не зрабіць ніякай перашкоды дабравесцю Хрыстоваму.

13Хіба вы не ведаеце, што тыя, хто працуе ў свяцілішчы, кормяцца ад свяцілішча? што тыя, хто слу́жыць пры ахвярніку, маюць долю ад ахвярніка?

14Гэтак і Гасподзь устанавіў, каб тыя, хто прапаведуе Евангелле, жылі ад дабравесця.

15Але я не карыстаўся нічым такім. І напісаў я гэта не дзеля таго, каб так было для мяне, бо мне лепш памерці, чым каб хто пазбавіў мяне таго, чым я хвалю́ся.

16Бо калі я дабраве́шчу, то мне няма чым хвалі́цца, таму што гэта абавязак, які ляжы́ць на мне, і гора мне, калі не дабраве́шчу.

17Бо калі я раблю гэта добраахвотна, то ма́ю ўзнагароду, а калі не добраахвотна, то выконваю толькі дару́чаную мне справу.

18За што ж мне ўзнагарода? За тое, што, прапаведуючы Евангелле, я дабраве́шчу пра Хрыста да́рам, не карыстаючыся тым правам, якое дае мне дабравесце.

19Таму, будучы свабодным ад усіх, я зрабіў сябе рабом усіх, каб больш іх прыдба́ць:

20для Іудзеяў я быў як Іудзей, каб прыдба́ць Іудзеяў; для падзаконных быў як падзаконны, каб прыдба́ць падзаконных;

21для тых, хто без закону, я быў як без закону, — не будучы без закону перад Богам, а падзаконным Хрысту, — каб прыдба́ць тых, хто без закону;

22для сла́бых быў як сла́бы, каб прыдба́ць сла́бых. Для ўсіх я стаў усім, каб спасці хаця б некаторых.

23І гэта я раблю дзеля Евангелля, каб стаць удзельнікам яго.

24Хіба вы не ведаеце, што на спаборніцтвах па бегу бягуць усе, а ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб атрымаць.

25Кожны, хто спаборнічае, устрымліваецца ад усяго; аднак яны — каб атрымаць вянец тленны, а мы — нятленны.

26І таму я бягу не проста так, б’юся не так, быццам б’ю паветра;

27але прыгнятаю і знявольваю цела маё, каб, прапаведуючы іншым, самому не аказацца недастойным.

 

 

Раздзел 10

1Не хачу, браты, каб вы засталіся ў няве́данні, што айцы нашы ўсе былі пад воблакам, і ўсе прайшлі праз мора;

2і ўсе хрысціліся ў Маісея ў воблаку і ў моры;

3і ўсе елі тую самую духоўную ежу;

4і ўсе пілі́ тое самае духоўнае пітво, бо пілі́ з духоўнай скалы, якая суправаджа́ла іх; а скалою быў Хрыстос.

5Але не многіх з іх упадабаў Бог, таму яны пале́глі ў пустыні.

6А гэта былі правобразы для нас, каб мы не былі ахвочымі да зла, як былі ахвочымі яны.

7І не будзьце ідалапаклоннікамі, як некаторыя з іх, пра якіх напісана: “народ сеў есці і піць, і падняўся, каб забаўляцца”.

8І не будзем блудадзейнічаць, як некаторыя з іх блудадзейнічалі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы.

9І не будзем спакушаць Хрыста, як некторыя з іх спакушалі, і загінулі ад змей.

10І не наракайце, як некаторыя з іх наракалі, і загінулі ад знішчальніка.

11Усё гэта адбывалася з імі як правобразы; а напі́сана было́ для настаўлення нам, якіх застала сканчэнне вякоў.

12Дык вось, хто думае, што ён стаіць, няхай асцерагаецца, каб не ўпа́сці.

13Вас спасцігла спакуса не яка́я іншая, як чалавечая; і верны Бог, Які не дапу́сціць, каб у вас былі́ спаку́сы звыш сіл, а пры спакушэ́нні дасць і выйсце, каб вы маглі вы́трываць.

14Таму, узлюбленыя мае́, уцякайце ад ідалапаклонства.

15Я кажу вам як разумным; самі разважце пра тое, што кажу:

16чаша благаславення, якую мы благаслаўляем, — хіба гэта не далучэнне да Крыві Хрыстовай? хлеб, які мы пераламляем, — хіба гэта не далучэнне да Цела Хрыстовага?

17Паколькі хлеб адзін, то мы многія — адно цела; бо ўсе прычашчаемся ад аднаго хлеба.

18Глядзіце на Ізраіль па плоці: тыя, што ядуць ахвяры, — хіба не далучаюцца да ахвярніка?

19Дык што я кажу́ ці тое, што ідал нешта значыць, альбо ідалаахвярнае нешта значыць?

20Не; а толькі тое, што язычнікі, прыносячы ахвяру, прыносяць яе дэманам, а не Богу; а я не хачу, каб вы былі́ ў лу́чнасці з дэманамі.

21Не можаце піць чашу Гасподнюю і чашу дэманскую; не можаце быць удзельнікамі трапе́зы Гасподняй і трапе́зы дэманскай.

22Няўжо мы хочам абудзі́ць рэўнасць Госпада? Хіба мы мацнейшыя за Яго?

23Усё мне дазволена, але не ўсё карысна; усё мне дазволена, але не ўсё настаўляе.

24Няхай ніхто не шукае карысці для сябе, але кожны — для іншага.

25Усё, што прадаецца на рынку, ежце, нічога не даследуючы, са спакойным сумленнем;

26бо Гасподняя зямля і тое, што напаўняе яе.

27Калі хто з няверных пакліча вас, і вы захочаце пайсці, дык усё, што прапануюць вам, ежце, нічога не даследуючы, са спакойным сумленнем;

28Але калі хто скажа вам: “гэта ідалаахвярнае”, — дык не ежце дзеля таго, хто гэта паведаміў, і дзеля спакою сумлення; бо Гасподняя зямля і тое, што напаўняе яе.

29Пра сумленне ж я кажу не сваё, а іншага; бо навошта, каб маю свабоду судзілі чужым сумленнем?

30Калі я з падзя́каю прымаю ежу, дык навошта мяне дакараць за тое, за што я ўзношу падзяку?

31Дык вось, ці ясце́ вы, ці п’яце́, ці яшчэ што робіце, — усё рабіце на славу Божую.

32Не будзьце прычынаю спакус ні для Іудзеяў, ні для Элінаў, ні для Царквы Божай,

33як і я дагаджаю ўсім ва ўсім, шукаючы карысці не для сябе, а для многіх, каб яны спасліся.

 

Раздзел 11

1Будзьце пераймальнікамі маімі, як я — Хрыста.

2Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё па́мятаеце і трымаеце пада́нні так, як я перадаў вам.

3Хачу таксама, каб вы ведалі, што кожнаму мужчыну галава Хрыстос, а жанчыне галава — муж, а Хрысту галава — Бог.

4Кожны мужчына, які моліцца альбо прарочыць з пакрытаю галавою, сароміць сваю галаву;

5і кожная жанчына, якая моліцца альбо прарочыць з непакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта тое самае, як бы яна была паголена;

6бо калі жанчына не пакрываецца, то няхай і стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна быць астрыжанай альбо паголенай, то няхай пакрываецца.

7Дык вось, мужчына не павінен пакрываць галаву, бо ён — вобраз і слава Божая; а жанчына — слава мужа.

8Бо не мужчына ад жанчыны, а жанчына ад мужчыны;

9і не мужчына створаны для жанчыны, а жанчына для мужчыны.

10Таму жанчына і павінна мець на галаве знак улады над ёю, для Ангелаў.

11Зрэшты, ні мужчына без жанчыны, ні жанчына без мужчыны, у Госпадзе.

12Бо як жанчына ад мужчыны, так і мужчына праз жанчыну; а ўсё — ад Бога.

13Судзі́це самі, ці прыстойна жанчыне маліцца Богу з непакрытаю галавою?

14І хіба́ не сама прырода ву́чыць вас, што калі мужчына адпускае доўгія валасы, то гэта га́ньба для яго,

15а калі жанчына адпускае доўгія валасы, то гэта слава для яе, бо валасы да́дзены ёй замест пакрывала?

16А калі б хто захацеў спрачацца, то ні мы такога звычаю не маем, ні Цэрквы Божыя.

17Але, даючы́ гэтыя настаўле́нні, я не хвалю вас за тое, што вы збіраецеся не на лепшае, а на горшае.

18Бо, па-першае, чую, што, калі вы збіраецеся разам як Царква, то паміж вамі бываюць падзелы, і гэтаму часткова я веру.

19Бо павінна быць і разнамы́снасць паміж вамі, каб вы́явіліся сярод вас дасве́дчаныя.

20Дык вось, калі вы і збіраецеся разам, то гэта не значыць, што вы спажыва́еце вячэру Гасподнюю;

21бо кожны хутчэй бярэ і есць сваю ўласную вячэру, і тады адзін застае́цца галодным, а другі ўпіваецца.

22Хіба́ ў вас няма дамоў, каб есці і піць? Альбо хочаце знява́жыць Царкву Божую і прыні́зіць тых, хто нічога не ма́е? Што сказаць вам? пахвалі́ць вас за гэта? Не пахвалю́.

23Бо я ад Госпада прыня́ў тое, што і вам перадаў: што Гасподзь Іісус у тую ноч, калі Ён вы́дадзены быў, узяў хлеб

24і, узнёсшы падзяку, пераламіў і сказаў: прымі́це, ежце, гэта Цела Маё, Якое за вас пераламля́ецца; рабіце гэта на ўспамін пра Мяне.

25Таксама і чашу пасля вячэры, і сказаў: гэтая чаша — новы запавет у Маёй Крыві; рабіце гэта кожны раз, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне.

26Бо кожны раз, калі вы ясце́ хлеб гэты і п’яце́ чашу гэтую, вы смерць Госпада абвяшчаеце — да таго часу, як Ён прыйдзе.

27Дык вось, хто будзе есці хлеб гэты і піць чашу Гасподнюю недастойна, вінаваты будзе перад Целам і Крывёю Гасподнімі.

28Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек, і тады няхай есць ад хлеба гэтага і п’е з чашы гэтай.

29Бо хто есць і п’е недастойна, той есць і п’е асуджэ́нне сабе, не разважа́ючы пра Цела Гасподняе.

30З-за гэтага многа сярод вас нядужых і хворых, і памірае нямала.

31Бо калі б мы судзілі самі сябе, дык не падвярга́ліся б суду.

32Але калі падвярга́емся суду, то атрымліваем пакара́нне ад Госпада, каб не быць асу́джанымі са светам.

33Таму, браты мае́, збіраючыся разам, каб есці, адзін аднаго чакайце.

34Калі ж хто галодны, няхай есць дома, каб збірацца вам разам не на асуджэнне. Астатняе ж уладку́ю, калі прыйду.

 

Раздзел 12

1А што да духоўных дароў, браты, я не хачу, каб вы засталі́ся ў няве́данні.

2Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, то да ідалаў нямых хадзілі, быццам хто вёў вас.

3Таму даво́джу вам, што ніхто, у Духу Божым гаворачы, не прамаўляе ана́фемы на Іісуса, і ніхто не можа назваць Іісуса Госпадам, як толькі ў Духу Святым.

4Розныя ёсць дары́, а Дух — той самы;

5і розныя служэ́нні, а Гасподзь — той самы;

6і розныя дзе́янні, а Бог — той самы, Які здзяйсня́е ўсё ва ўсіх.

7Але кожнаму даецца праяўле́нне Духа на карысць:

8аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому — слова ведаў, тым самым Духам;

9іншаму — вера, тым самым Духам; іншаму — дары ацаленняў, тым самым Духам;

10іншаму — цудатварэ́нні, іншаму — прароцтва, іншаму — распазнаванне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэнне моў.

11Усё гэта здзяйсня́е адзін і той самы Дух, раздаючы́ кожнаму асобна, як Ён жадае.

12Бо як цела адно, але ма́е многа членаў, і ўсе члены аднаго цела, хоць іх і многа, з’яўляюцца адным целам, — так і Хрыстос.

13Бо ўсе мы адным Духам ахры́шчаны ў адно цела: ці то Іудзеі, ці Эліны, ці рабы, ці свабодныя, і ўсе адным Духам напо́ены.

14Цела ж не з аднаго члена, а з многіх.

15Калі нага скажа: “я не належу да цела, бо я не рука”, то няўжо яна з-за гэтага не належыць да цела?

16І калі вуха скажа: “я не належу да цела, бо я не вока”, то няўжо яно з-за гэтага не належыць да цела?

17Калі ўсё цела — вока, то дзе слых? Калі ўсё — слых, то дзе нюх?

18Але Бог змясціў члены, кожны з іх, у целе, як Ён пажадаў.

19А калі б усе былі адным членам, то дзе цела?

20Дык вось, членаў многа, а цела адно.

21Не можа вока сказаць руцэ: “ты мне не патрэбна”; альбо таксама галава нагам: “вы мне не патрэбны”.

22Наадварот, члены цела, якія здаюцца слабейшымі, значна больш патрэбныя,

23і тым, якія здаюцца нам менш пава́жнымі ў целе, мы ўдзяляем больш увагі;

24і непрыстойным нашым больш добрапрыстойны выгляд надаём, а добрапрыстойныя нашы не маюць у гэтым патрэбы. Але Бог так склаў цела, што менш дасканаламу надаў больш увагі,

25каб не было раздзялення ў целе, а члены аднолькава клапаціліся адзін пра аднаго.

26Таму, калі пакутуе адзін член, то з ім пакутуюць усе члены; і калі славіцца адзін член, то з ім радуюцца ўсе члены.

27І вы — цела Хрыстова, а паасобку — члены.

28І адных Бог паставіў у Царкве, па-першае, Апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэцяе, настаўнікамі; затым, іншым даў сілы цудатварэння, затым, дары ацаленняў, дапамогі, кіравання, розныя мовы.

29Хіба ўсе Апосталы? хіба ўсе прарокі? хіба ўсе цудатворцы?

30хіба ўсе маюць дары ацаленняў? хіба ўсе гавораць мовамі́ хіба ўсе могуць тлумачыць іх?

31Імкні́цеся да дароў бо́льшых, і я пакажу вам шлях яшчэ даскана́лейшы.

 

Раздзел 13

1Калі я размяўляю мовамі чалавечымі і а́нгельскімі, а любові не ма́ю, то я — медзь, якая звініць, альбо кімвал, які гудзе.

2Калі я маю дар прароцтва, і валодаю усімі тайнамі і ўсімі ведамі, і ма́ю ўсю веру, так што магу і горы перастаўляць, а любові не ма́ю, то я — нішто.

3І калі я раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спале́нне, а любові не ма́ю, то няма мне ніякай карысці.

4Любоў доўгацярплівая, міласэрная, любоў не зайздросціць, любоў не ўзвышае сябе, не ганарыцца,

5не бясчынствуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не па́мятае зла,

6не радуецца няпраўдзе, а радуецца ісціне;

7ўсё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, ўсё пераносіць.

8Любоў ніколі не перастае́, хоць і прароцтвы знікнуць, і мовы змоўкнуць, і веды зні́кнуць.

9Бо мы часткова ведаем і часткова прарочым;

10а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, знікне.

11Калі я быў дзіцём, то размаўляў па-дзіцячаму, думаў па-дзіцячаму, разважаў па-дзіцячаму; а калі стаў мужчынам, то пазбыўся дзіцячага.

12Цяпер мы бачым у адлюстраванні, невыразна, а тады — твар у твар; цяпер я ведаю часткова, а тады спазна́ю так, як і я спазна́ны.

13Цяпер жа застаюцца вера, надзея, любоў — гэтыя тры; але найбольшая з іх — любоў.

 

Раздзел 14

1Дасягайце любові; імкніцеся да дароў духоўных, асабліва ж да таго, каб прарочыць.

2Бо хто гаворыць мовамі, той гаворыць не людзям, а Богу; бо ніхто не разумее: ён у ду́ху гаворыць тайны;

3а хто прарочыць, той лю́дзям гаворыць для ўмацава́ння, і падтрымкі, і суцяшэ́ння.

4Хто гаворыць мовамі, той настаўляе сябе; а хто прарочыць, той настаўляе царкву.

5Я хачу, каб усе вы гаварылі мовамі; аднак лепш, каб вы прарочылі; бо той, хто прарочыць, большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба што ён і тлумачыць будзе, каб царква атрымала настаўле́нне.

6Цяпер жа, калі я прыйду да вас, браты, і буду гаварыць мовамі, то якую карысць прынясу вам, калі не прамоўлю вам або адкраве́ння, або ведаў, або прароцтва, або павучэ́ння?

7Нават бяздушныя рэчы, якія маюць гуча́нне, — ці жалейка, ці гуслі — калі не пададу́ць выразных гукаў, то як даведацца, што́ іграюць на жалейцы ці на гуслях?

8І калі труба падасць няя́сны гук, то хто стане рыхтавацца да бітвы?

9Таксама і вы, калі языком будзеце прамаўляць незразумелыя словы, то як даведацца, што́ вы кажаце? Вы будзеце гаварыць на вецер.

10Колькі ёсць розных гаворак на свеце, і ніводнай з іх няма без значэння;

11але калі я не разумею гаворкі, то для таго, хто гаворыць, я — чужаземец, і той, хто гаворыць, — чужаземец для мяне.

12Так і вы, імкну́чыся да духоўнага, намагайцеся ўзбагаціцца ім дзеля ўмацавання царквы.

13А таму той, хто гаворыць мовамі, няхай моліцца, каб мог тлумачыць.

14Бо калі я малюся мовамі, то дух мой моліцца, але розум мой застаецца без плоду.

15Што ж рабіць? Буду маліцца духам, буду маліцца і розумам; буду спяваць духам, буду спяваць і розумам.

16Бо калі ты будзеш благаслаўляць духам, то я́к той, хто займае месца недасведчанага, скажа “амінь” на тваю падзяку́ Ён жа не разумее, што́ ты гаворыш.

17Ты добра ўзносіш падзяку, але іншы не атрымлівае настаўлення.

18Дзякую Богу майму: я больш за ўсіх вас гавару мовамі;

19але ў царкве хачу лепш пяць слоў сказаць розумам маім, каб і іншых наставіць, чым дзесяткі тысяч слоў мовамі.

20Браты! не будзьце дзе́цьмі розумам: на злое будзьце дзе́цьмі, а розумам будзьце сталымі.

21У законе напісана: “іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць народу гэтаму, але і тады не паслухаюць Мяне, кажа Гасподзь”.

22Дык вось, мовы — гэта знаме́нне не для веруючых, а для няверуючых; а прароцтва не для няверуючых, а для веруючых.

23Калі ўся Царква збярэцца разам і ўсе будуць гаварыць мовамі, а ўвойдуць недасве́дчаныя альбо няверуючыя, то ці не скажуць, што вы звар’яцелі́

24Калі ж усе прарочаць, а ўвойдзе нехта няверуючы альбо недасве́дчаны, то яго ўсе выкрыва́юць, усе су́дзяць,

25і гэтак тайны сэрца яго выяўля́юцца, і ён, упаўшы ніц, паклоніцца Богу і ўсклікне: “сапраўды, з вамі Бог”.

26Дык што ж, браты́ Калі вы збіра́ецеся разам, і ў кожнага з вас ёсць псалом, ёсць павучэнне, ёсць мова, ёсць адкравенне, ёсць тлумачэнне, — усё няхай будзе дзеля ўмацавання.

27Калі хто гаворыць мовамі, то няхай гавораць двое ці, самае большае, трое, і то па чарзе, а адзін няхай тлумачыць.

28Калі ж не будзе тлумачальніка, то маўчы ў царкве, а гавары сабе і Богу.

29І прарокі няхай гавораць двое ці трое, а іншыя няхай разважа́юць;

30калі ж другому, які сядзіць, будзе адкравенне, то першы няхай замаўчыць.

31Бо ўсе можаце адзін за адным прарочыць, каб усе навучаліся і ўсе атрымлівалі суцяшэнне.

32І духі прарочыя падпарадкоўваюцца прарокам,

33таму што Бог — не бязладдзя Бог, а міру. Так адбываецца ва ўсіх цэрквах у святых.

34Жанчыны вашы ў цэрквах няхай маўчаць, бо не дазволена ім прамаўляць, а належыць падпарадкоўвацца, як і закон кажа.

35Калі ж яны хочуць чаму навучы́цца, то няхай пытаюцца дома ў сваіх мужоў; бо непрыстойна жанчыне прамаўляць у царкве.

36Хіба ад вас выйшла слова Божае? Ці да вас адных яно дайшло?

37Калі хто лі́чыць сябе прарокам альбо духоўным, няхай зразумее: тое, што́ я пішу вам, — гэта запаведзі Гасподнія;

38а хто не прызнае́, няхай не прызнае́.

39Дык вось, браты мае́, дбайце пра тое, каб прарочыць, але не забараняйце і гаварыць мовамі;

40толькі ўсё павінна адбывацца добрапрыстойна і ў належным парадку.

 

Раздзел 15

1Напамінаю вам, браты, тое Евангелле, якое я дабраве́сціў вам, якое і прынялі́ вы, у якім і ўмацаваліся,

2праз якое і спаса́ецеся, калі трыма́ецеся таго, што я дабраве́сціў вам, калі толькі не марна ўверавалі.

3Бо я найперш перадаў вам тое, што і сам прыня́ў: што Хрыстос памёр за грахі нашы, паводле Пісанняў,

4і што Ён пахаваны быў, і што ўваскрэс на трэці дзень, паводле Пісанняў,

5і што Ён явіўся Кіфе, потым — дванаццаці;

6затым явіўся больш як пяцістам братам адначасова, многія з якіх жывыя дагэтуль, а некаторыя спачы́лі;

7затым явіўся Іакаву, потым — усім Апосталам;

8а пасля ўсіх явіўся і мне, як нейкаму неданоску.

9Бо я найменшы з Апосталаў, і не варты называцца Апосталам, бо я гнаў Царкву Божую.

10Але па благадаці Божай я ёсць тое, што ёсць; і благадаць Яго ўва мне не была ма́рнаю, яж болей за ўсіх іх папрацаваў; не я, аднак, а благадаць Божая, якая са мною.

11Дык вось, ці я, ці яны, — та́к мы прапаведуем, і та́к вы ўверавалі.

12Калі ж пра Хрыста прапаведуецца, што Ён уваскрэс з мёртвых, то як жа некаторыя з вас кажуць, што няма ўваскрасення мёртвых?

13Бо калі няма ўваскрасення мёртвых, то і Хрыстос не ўваскрэс;

14а калі Хрыстос не ўваскрэс, то ма́рная і пропаведзь наша, ма́рная і вера ваша.

15Прытым мы аказваемся лжывымі сведкамі пра Бога, бо сведчылі пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, Якога Ён не ўваскрашаў, калі б было праўдай, што мёртвыя не ўваскрасаюць;

16бо калі мёртвыя не ўваскрасаюць, то і Хрыстос не ўваскрэс;

17а калі Хрыстос не ўваскрэс, то ма́рная вера ваша: вы яшчэ ў грахах вашых;

18тады і памерлыя ў Хрысце загінулі.

19Калі мы ў гэтым толькі жыцці спадзяёмся на Хрыста, то мы самыя няшчасныя з усіх людзей.

20Але Хрыстос уваскрэс з мёртвых, пе́ршынец з паме́рлых.

21Бо паколькі праз чалавека смерць, то праз чалавека і ўваскрасенне мёртвых.

22Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажыву́ць,

23але кожны сваёю чаргою: пе́ршынец Хрыстос, затым Хрыстовы,у прышэсце Яго.

24А потым канец: калі Ён перадасць Царства Богу і Айцу, калі скасуе ўсякае начальства і ўсякую ўладу і сілу;

25бо Яму належыць царстваваць, пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае.

26І апошні вораг будзе знішчаны — смерць,

27таму што Ён усё пакары́ў пад ногі Яго; калі ж скажа, што ўсё пако́рана Яму, то ясна, што акрамя Таго, Хто пакары́ў Яму ўсё.

28Калі ж Яму будзе пако́рана ўсё, тады і Сам Сын пако́рыцца Таму, Хто пакары́ў Яму ўсё, каб быў Бог усё ва ўсім.

29Бо, інакш, што будуць рабіць тыя, хто прымае хрышчэнне дзеля мёртвых? Калі мёртвыя зусім не ўваскрасаюць, то навошта прымаюць хрышчэнне дзеля мёртвых?

30Чаму і мы ўвесь час падвярга́ем сябе небяспе́цы?

31Я кожны дзень паміраю: прысяга́ю ў гэтым, браты, пахвало́ю вашаю, якую ма́ю ў Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым.

32Калі я з чалавечыхпамкненняў змагаўся са звярамі ў Эфесе, то якая мне карысць, калі мёртвыя не ўваскрасаюць? Давайце будзем есці і піць, бо заўтра памром!

33Не ашуквайце сябе: кепскае асяроддзе псуе́ добрыя звы́чаі.

34Ацверазіцеся як нале́жыць і не грашыце; бо некаторыя з вас не знаюць Бога,— на сорам вам кажу.

35Але нехта скажа: як уваскрэснуць мёртвыя́ і ў якім целе прыйдуць?

36Неразумны! тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ;

37і калі ты сееш, то сееш не цела будучае, а голае зерне, будзь гэта пшанічнае ці якое іншае;

38Бог жа дае яму цела, як Ён хоча, і кожнаму насенню — сваё цела.

39Не кожная плоць — такая самая плоць; але адна плоць у людзей, другая плоць у скаціны, іншая — у рыб, іншая — у птушак.

40Ёсць целы нябесныя і целы зямныя; але інакшая слава нябесных, інакшая — зямных;

41адна слава сонца, а другая слава месяца, а іншая слава зорак; і зорка ад зоркіадрозніваецца славаю.

42Так і пры ўваскрасенні мёртвых: сеецца ў тленні — паўстае́ ў нятленні;

43сеецца ў бясчэсці — паўстае́ ў славе; сеецца ў слабасці — паўстае́ ў сіле;

44сеецца цела душэўнае — паўстае́ цела духоўнае. Ёсць цела душэўнае і ёсць целадухоўнае.

45Так і напісана: “першы чалавек Адам стаў душою жывою”, а апошні Адам — духам жыватворчым.

46Але не духоўнае спачатку, а душэўнае, потым духоўнае.

47Першы чалавек — з зямлі, зямны; другі чалавек — Гасподзь з неба.

48Які зямны, такія і зямныя; і які нябесны, такія і нябесныя;

49і я́к мы насілі вобраз зямнога, будзем насіць вобраз і нябеснага.

50Але тое скажу, браты, што плоць і кроў не могуць унаследаваць Царства Божага, і тленне не наследуе нятлення.

51Кажу вам тайну: не ўсе мы памром, але ўсе пераменімся

52раптам, у імгненне вока, пры гуку апошняй трубы: бо затру́біць, і мёртвыя ўваскрэснуць нятленнымі, а мы пераменімся;

53бо тленнаму гэтаму належыць апрану́цца ў нятленне, і смяротнаму гэтаму — апрану́цца ў бессмяротнасць.

54Калі ж тленнае гэтае апра́нецца ў нятленне і смяротнае гэтае апра́нецца ў бессмяротнасць, тады здзейсніцца слова напісанае: “паглыну́та смерць перамогаю”.

55“Смерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?”

56Джала смерці — грэх; а сіла граху — закон.

57Але дзякуем Богу, Які даў нам перамогу праз Госпада нашага Іісуса Хрыста!

58Дык вось, браты мае́ ўзлю́бленыя, будзьце цвёрдымі, непахіснымі, цалкам адданымі справе Гасподняй заўсёды, ведаючы, што праца ваша не ма́рная перад Госпадам.

 

Раздзел 16

1А што датычыць збору ахвяраванняў для святых, рабіце так, як устанавіў я ў Цэрквах Галатыйскіх:

2у першы дзень тыдня кожны з вас няхай адкладае і зберагае столькі, колькі дазволіць яго дастатак, каб не збіраць ахвяраванняў тады, калі я прыйду.

3Калі ж прыбуду, то тых, каго вы палі́чыце годнымі, я з пісьмамі адпраўлю, каб занесці ваш дар у Іерусалім.

4А калі варта будзе і мне пайсці, то яны пойдуць са мною.

5Я прыйду да вас, калі прайду Македонію; бо я іду праз Македонію.

6У вас жа, магчыма, затрымаюся, а то і перазімую, каб вы правялі мяне туды, куды я пайду.

7Бо я не хачу з вамі цяпер бачыцца мімаходзь, а спадзяюся застацца ў вас на нейкі час, калі Гасподзь дазволіць.

8У Эфесе ж я застану́ся да Пяцідзесятніцы;

9бо перада мною адчынены вялікія дзверы для дзейнасці, ды праціўнікаў многа.

10Калі ж прыйдзе Цімафей, глядзіце, каб у бяспецы быў ён у вас, таму што ён робіць cправу Гасподнюю, як і я;

11дык няхай ніхто не пагарджае ім, а правядзіце яго з мірам, каб ён прыйшоў да мяне, бо я чакаю яго з братамі.

12А што датычыць брата Апалоса, то я вельмі прасіў яго, каб ён з братамі пайшоў да вас; але ён ніяк не жадаў ісці цяпер, а прыйдзе, калі будзе мець нагоду.

13Трывайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі, мацуйцеся;

14усё ў вас няхай будзе з любоўю.

15Прашу вас, браты, — вы ведаеце сямейства Сцяфана, што яно стала пе́ршынцам Ахаіі і яны прысвяцілі сябе служэнню святым, —

16каб і вы падпарадкоўваліся такім, і кожнаму, хто дапамагае і працуе.

17Я рады прыбыццю́ Сцяфана, Фартуната і Ахаіка: таму што яны замянілі для мяне вашу адсутнасць,

18бо яны супакоілі мой і ваш дух. Дык шануйце такіх.

19Вітаюць вас Цэрквы Асійскія; вітаюць вас у Госпадзе шчыра Акіла і Прыскіла з іх дамашняю Царквою.

20Вітаюць вас усе браты. Вітайце адзін аднаго святым пацалункам.

21Вітанне рукою маёю, Паўлаваю.

22Хто не лю́біць Госпада Іісуса Хрыста, ана́фема, мара́н-афа́.

23Благадаць Госпада Іісуса Хрыста з усімі вамі,

24і любоў мая́ з усімі вамі ў Хрысце Іісусе. Амінь.