Да Карынфян 2-е Пасланне святога Апостала Паўла

Да Карынфян 2-е Пасланне святога Апостала Паўла

Раздзел 1

1Павел, воляю Божаю Апостал Іісуса Хрыста, і Цімафей брат, — Царкве Божай, якая ў Карынфе, з усімі святымі па ўсёй Ахаіі:

2благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.

3Благаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог ўсякага суцяшэння,

4Які суцяшае нас ва ўсякім горы нашым, каб мы маглі суцяшаць іншых ва ўсякім горы тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх.

5Бо як памнажаюцца ў нас пакуты Хрыстовы, так праз Хрыста памнажаецца і суцяшэнне наша.

6І калі мы церпім гора, дык гэта дзеля суцяшэння вашага і спасення, якое здзяйсняецца праз трыванне тых самых пакут, што і мы церпім;

7і надзея наша адносна вас цвёрдая. І калі мы суцяшаемся, дык гэта дзеля вашага суцяшэння і спасення, паколькі ведаем, што вы супольнікі як пакут нашых, так і суцяшэння.

8Бо мы не хочам пакінуць вас, браты, у няведанні пра гора наша, якое здарылася з намі у Асіі: было нам надзвычай цяжка, звыш нашых сіл, так што не спадзяваліся мы застацца жывымі.

9Але самі ў сабе адчувалі прысу́д на смерць, каб спадзявацца нам не на саміх сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,

10Які ад такой смерці збавіў нас і збаўляе, на Якога спадзяёмся, што і яшчэ збавіць,

11пры садзейнічанні і вашай малітвы за нас, каб за дадзенае нам па просьбе многіх дзякавалі за нас многія.

12Бо ў тым пахвала наша, сведчанне сумлення нашага, што мы ў прастаце і шчырасці перад Божай, не па плоцкай мудрасці, а па благадаці Божай паводзілі сябе ў свеце, асабліва ж у дачыненні да вас.

13І мы пішам вам не іншае што, а тое, што вы чытаеце і разумееце; і спадзяюся, што да канца зразумееце,

14як вы часткова і зразумелі нас, што мы будзем вашаю пахвалою, як і вы — нашаю, у дзень Госпада нашага Іісуса Хрыста.

15І ў гэтай упэўненасці я хацеў прыйсці да вас раней, каб вы другі раз атрымалі благадаць,

16і ад вас перайсці ў Македонію, а з Македоніі зноў прыйсці да вас, і каб вы правялі мяне ў Іудзею.

17Маючы такое жаданне, хіба я зрабіў легкадумна́ Альбо тое, што я вырашаю, хіба па плоці вырашаю, так што ў мяне то “так, так”, то “не, не”?

18Верны ж Бог, што слова наша да вас не было то “так”, то “не”.

19Бо Сын Божы Іісус Хрыстос, прапаведаны сярод вас намі — мною, і Сілуанам, і Цімафеем, — не быў то “так”, то “не”, а ў Ім было “так”,

20бо ўсе абяцанні Божыя ў Ім — “так” і ў Ім — “амінь” Богу на славу праз нас.

21А Той, Хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысце і Хто памазаў нас, — Бог,

22Які і паклаў на нас пячаць, і даў залог Духа ў сэрцы нашы.

23Бога заклікаю як сведку душы́ маёй, што, шкадуючы вас, я больш не прыходзіў у Карынф;

24гэта не значыць, што мы ўладарым над вераю вашаю, а мы садзейнічаем радасці вашай; бо ў веры вы цвёрдыя.

 

Раздзел 2

1Дык вось, я разва́жыў сам у сабе не прыходзіць зноў да вас у смутку.

2Бо калі я засмуча́ю вас, то хто пара́дуе мяне, як не той, хто засму́чаны мною́

3Гэта самае я і пісаў вам, каб, прыйшоўшы, не мець мне засмучэння ад тых, за каго належала мне радавацца, бо я ўпэўнены ва ўсіх вас, што мая радасць — гэта радасць для ўсіх вас.

4З вялікага гора і тугі сэрца я пісаў вам, абліваючыся слязьмі, не дзеля таго, каб засмуці́ць вас, а каб вы адчулі тую бязмерную любоў, якую я ма́ю да вас.

5Калі ж хто засмуці́ў, то не мяне засмуці́ў, а часткова — каб не перабольшыць — усіх вас.

6Такому дастаткова гэтага пакарання ад большасці,

7так што вам лепш, наадварот, прабачыць і суце́шыць яго, каб не быў ён апанава́ны празмерным смуткам;

8і таму прашу вас вы́казаць да яго любоў.

9Бо я дзеля таго і пісаў, каб вы́прабаваць вас, ці ва ўсім вы паслухмяныя.

10А каму вы нешта прабача́еце, таму і я прабача́ю; бо і я, калі нешта прабачыў каму, то прабачыў для вас перад абліччам Хрыста,

11каб не ашукаў нас сатана, бо нам добра вядомы яго заду́мы.

12Прыйшоўшы ж у Трааду дабраве́сціць Хрыста, хоць мне і адчынены былі дзверы Госпадам,

13я не меў спакою духу майму, бо не знайшоў там брата майго Ціта, так што, развітаўшыся з імі, я пайшоў у Македонію.

14Але падзяку ўзносім Богу, Які заўжды пераможна вядзе нас у Хрысце і пах ведаў пра Сябе пашырае праз нас у кожным месцы.

15Бо мы — Хрыстова духмянасць Богу ў тых, хто спасаецца, і ў тых, хто гіне:

16для адных — пах смерці на смерць, а для другіх — пах жыцця на жыццё. І хто здольны да гэтага́

17Бо мы не падрабляем, як многія, слова Божага, а прапаведуем шчыра, як ад Бога, перад Богам, у Хрысце.

 

Раздзел 3

1Хіба мы зноў пачынаем прадстаўляць сябе́ Няўжо патрэбны нам, як некаторым, рэкамендацыйныя пасланні да вас ці ад вас?

2Вы — наша пасланне, якое напісана ў сэрцах нашых, якое пазнаю́ць і чытаюць усе людзі;

3вы паказваеце сабою, што вы — пасланне Хрыстова, якое з’явілася плёнам служэння нашага і напісана не чарнілам, а Духам Бога Жывога, не на скрыжалях каменных, а на плоцевых скрыжалях сэрца.

4Такую ўпэўненасць мы маем перад Богам праз Хрыста,

5не таму, што мы здольны самі па сабе падумаць нешта, нібы́та самі ад сябе, але здольнасць наша ад Бога,

6Які і зрабіў нас здольнымі быць служыцелямі Новага Запавету, не літары, а духу, бо літара забівае, а дух ажыўляе.

7Калі ж служэнне смерці, літарамі высечанае на камянях, было такім слаўным, што сыны Ізраілевы не маглі глядзець на твар Маісея з-за славы твару яго мінучай,

8то наколькі больш слаўным будзе служэнне духу?

9Бо калі служэнне асуджэння слаўнае, то намнога больш напоўнена славаю служэнне апраўдання.

10І вось, праслаўленае не з’яўляецца слаўным па гэтай прычыне, з-за славы, якая перавышае.

11Бо калі мінучае ма́е славу, то тым большую славу ма́е тое, што застае́цца.

12Маючы такую надзею, мы дзейнічаем з вялікай адвагай,

13а не так, як Маісей, які накладаў покрыва на твар свой, каб сыны Ізраілевы не глядзелі на заканчэнне мінучага.

14Але розум ў іх закамянеў: бо тое самае покрыва дагэтуль застаецца нязнятым пры чытанні Старога Запавету, паколькі яно здымаецца Хрыстом.

15Дагэтуль, калі яны чытаюць Маісея, покрыва ляжыць на сэрцы іх;

16але калі хто звяртаецца да Госпада, то покрыва здымаецца.

17Гасподзь — гэта Дух, а дзе Дух Гасподні, там свабода.

18Мы ж усе, з адкрытым тварам сузіраючы, як у люстэрку, славу Гасподнюю, перамяняемся ў той самы вобраз ад славы ў славу, паводле Гасподняга Духа.

 

Раздзел 4

1І таму, маючы такое служэнне па ака́занай нам міласці, мы не па́даем духам;

2але, адмовіўшыся ад тайных гане́бных спраў, не ўжыва́ючы хітрасці і не скажа́ючы слова Божага, а выяўля́ючы адкрыта ісціну, прадстаўляем сябе сумленню кожнага чалавека перад Богам.

3Калі ж і закрыта дабравесце наша, то закрыта для тых, хто гіне,

4для няверуючых, у якіх бог веку гэтага асляпіў розум, каб для іх не заззяла святло дабравесця славы Хрыста, Які з’яўляецца вобразам Бога нябачнага.

5Бо мы не сябе саміх прапаведуем, а Хрыста Іісуса, Госпада; самі ж мы — рабы вашы дзеля Іісуса,

6таму што Бог, Які загадаў, каб з цемры заззяла святло, Сам заззяў у сэ́рцах нашых для прасвятлення нашага праз пазнанне славы Божай у асобе Іісуса Хрыста.

7Скарб жа гэты мы носім у гліня́ных сасудах, каб было бачна, што веліч сілы нале́жыць Богу, а не нам;

8нас усюды ўціскаюць, але мы не прыгне́чаныя; мы ў роспачных абставінах, але не ўпада́ем у роспач;

9нас пераследуюць, але мы не пакінутыя; нас збіваюць з ног, але мы не гінем;

10мы заўсёды носім у целе мёртвасць Госпада Іісуса, каб і жыццё Іісуса адкрылася ў целе нашым.

11Бо мы, жывыя, заўсёды аддаём сябе на смерць дзеля Іісуса, каб і жыццё Іісуса адкрылася ў смяротнай плоці нашай,

12так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.

13Але, маючы той самы дух веры, пра які напі́сана: “я вераваў і таму гаварыў”, і мы веруем, таму і гаворым,

14ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Іісуса, уваскрасі́ць і нас праз Іісуса і паставіць перад Сабою з вамі.

15Бо ўсё дзеля вас, каб шчодра я́ўленая благадаць у многіх памнажала ўдзячнасць на славу Божую.

16Таму мы не па́даем духам; а калі вонкавы наш чалавек і тле́е, то ўну́траны з дня ў дзень абнаўля́ецца.

17Бо кароткачасовая лёгкая горасць наша стварае для нас звыш усякай меры вечнае багацце славы,

18калі мы глядзім не на бачнае, а на нябачнае: таму што бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае.

 

Раздзел 5

1Бо ведаем, што калі зямны наш дом, гэтая хаці́на, разбу́рыцца, то мы маем жыллё ад Бога: дом нерукатворны, вечны, на нябёсах.

2І таму тут мы стогнем, жада́ючы апрану́цца ў нябеснае наша жыллё;

3толькі б нам і апра́нутым не апынуцца голымі.

4Бо мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, стогнем ад цяжа́ру, бо не хочам распрану́цца, а хочам апрану́цца, каб смяротнае было́ паглыну́та жыццём.

5На гэта ж і стварыў нас Бог, і даў нам залог Духа.

6Дык вось, мы заўсёды маем пэўнасць; і паколькі ведаем, што, жывучы ў целе, мы адда́лены ад Госпада, —

7бо мы жывём вераю, а не ба́чаннем, —

8то маем пэўнасць і жадаем лепш вы́селіцца з цела і пасяліцца ў Госпада,

9і таму старанна імкнёмся — ці пасяля́ючыся, ці высяля́ючыся — быць угоднымі Яму;

10бо ўсім нам належыць з’яві́цца на суд Хрыстоў, каб кожнаму атрымаць паводле таго, што ён рабіў, жывучы́ ў целе — ці добрае, ці дрэннае.

11Дык вось, ведаючы страх Гасподні, мы пераконваем людзей, для Бога ж мы адкрытыя; спадзяюся, што адкрытыя і вашаму сумленню.

12Бо мы не зноў прадстаўляем сябе вам, а даём вам нагоду хвалі́цца намі, каб мелі вы адказ для тых, якія хва́ляцца знешнім, а не тым, што ў сэрцы.

13Бо калі мы бываем не ў сабе, то дзеля Бога; калі ж мы ў здаровым розуме, то дзеля вас.

14Бо любоў Хрыстова прымушае нас разважа́ць так: калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі.

15А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, хто жыве, жылі́ ўжо не дзе́ля сябе, а дзе́ля Таго, Хто памёр за іх і ўваскрэс.

16Так што мы з гэтага часу нікога не знаем па плоці; калі ж і зналі мы Хрыста па плоці, то цяпер ужо не знаем.

17Дык вось, хто ў Хрысце, той — новае стварэнне; старое прайшло, цяпер настала ўсё новае.

18А ўсё гэта — ад Бога, Які праз Іісуса Хрыста прымірыў нас з Сабою і даў нам служэнне прымірэння,

19таму што Бог у Хрысце прымірыў з Сабою свет, не залічваючы лю́дзям правін іх, і даручыў нам слова прымірэння.

20Дык вось, мы — пасланнікі ад імя́ Хрыста, ні́бы Сам Бог просіць праз нас, ад імя́ Хрыста мы просім: прымірыцеся з Богам.

21Бо Таго, Хто не спазнаў граху, Ён дзеля нас зрабіўся грахом, каб мы сталі ў Ім праведнасцю Божай.

 

Раздзел 6

1Мы ж, як суработнікі Яго, просім вас, каб не марна прынялі́ вы благадаць Божую.

2Бо ска́зана: “у час спрыяльны Я пачуў цябе і ў дзень спасення дапамог табе”. Вось цяпер час добраспрыяльны, вось цяпер дзень спасення.

3Мы нікому ні ў чым не даём нагоды спатыкне́ння, каб не выкліка́ць нараканняў на служэнне,

4але ва ўсім праяўляем сябе як служыцелі Божыя: у вялікім цярпенні, у горасцях, у нястачах, у бедах,

5пад ударамі, у цямніцах, у сму́тах, у цяжкай працы, у няспа́нні, у паста́х,

6у чысціні, у разважлівасці, у доўгацярплівасці, у добрасці, у Духу Святым, у любові некрывадушнай,

7у слове ісціны, у сіле Божай, са зброяю праведнасці ў правай і ў левай руцэ,

8у славе і ганьбе, пры знявагах і пахвала́х; нас лі́чаць ашуканцамі — а мы праўдзівыя,

9лічаць невядомымі — а нас ведаюць, лічаць памерлымі — а мы, вось, жывыя; нас караюць — а мы не паміраем;

10нас засмуча́юць — а мы заўсёды радуемся, мы бедныя — а многіх узбагача́ем; мы нічога не маем — а ўсім валодаем.

11Вусны нашы адкрыты да вас, Кары́нфяне, сэрца наша расшы́рана.

12Вам не цесна ў нас, а цесна вам унутры вас.

13Адкажыце нам узаемнасцю, — як дзецям кажу, — шырока адкрыйцеся і вы.

14Не ўпрагайцеся ў чужое ярмо разам з нявернымі. Бо што супольнага ў праведнасці з беззаконнем? Або што агульнага ў святла з цемраю?

15І якая згода паміж Хрыстом і Веліярам? Або які саўдзел вернага з няверным?

16Якая сумяшчальнасць храма Божага з ідалам? Бо вы — храм Бога Жывога, як сказаў Бог: “усялюся і буду жыць у іх; і буду іх Богам, і яны будуць Маім народам.

17Таму выйдзіце з асяроддзя іх і аддзяліцеся, кажа Гасподзь, і не дакранайцеся да нечыстаты́, і Я прыму вас;

18і буду вам Айцом, і вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Гасподзь Уседзяржыцель”.

 

Раздзел 7

1Дык вось, узлю́бленыя, маючы такія абяца́нні, давайце ачысцім сябе ад усялякай нечыстаты́ плоці і духу, удаскана́льваючыся ў святасці са страхам Божым.

2Умясціце нас: мы нікога не пакрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, ні ад каго не шукалі карысці.

3Я не ў асуджэнне гавару; бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб і памерці разам, і жыць разам.

4Вялікае ў мяне спадзява́нне на вас, вялікі ў мяне гонар за вас; я напоўнены суцяшэннем, перапоўнены радасцю пры ўсёй горасці нашай.

5Бо калі мы прыйшлі ў Македонію, плоць наша не мела ніякага спакою, мы цярпелі ўціск з усіх бакоў: звонку — напа́ды, унутры — стра́хі.

6Але Бог, Які суцяшае пакорлівых, суцешыў нас прыбыццём Ціта,

7і не толькі прыбыццём яго, але і суцяшэннем, якім ён быў суце́шаны за вас, расказваючы нам пра вашу тугу́, пра вашы слёзы, пра вашу адданасць мне, так што я яшчэ больш узрадаваўся.

8Таму, калі я і засмуціў вас пасланнем, то не шкадую, а калі і шкадаваў, — бо я бачу, што пасланне тое, хоць і часова, засмуціла вас, —

9то цяпер радуюся: не таму, што вы былі засму́чаны, а таму, што засму́чаны былі вы для пакая́ння, бо вы былі засму́чаны дзеля Бога, так што вы ні ў чым не зазна́лі шкоды ад нас.

10Бо смутак дзеля Бога вядзе да неадме́ннага пакая́ння дзеля спасення, а смутак свету гэтага вядзе да смерці.

11Бо якраз тое, што вы былі засму́чаны дзеля Бога, такую ў вас руплівасць абудзіла, а якое апраўданне, а якое абурэнне, а які страх, а якую тугу́, а якую стараннасць, а якое спагна́нне! Ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.

12Дык вось, калі я і напісаў вам, то не дзеля крыўдзіцеля і не дзеля пакрыўджанага, а дзеля таго, каб вам адкрылася наша рупнасць дзеля вас перад Богам.

13Таму мы суце́шыліся суцяшэ́ннем вашым; а яшчэ больш мы ўзрадаваліся радасці Ціта, таму што вы ўсе супакоілі дух яго;

14бо калі я ў чым-небудзь перад ім і пахваліўся вамі, то не аказаўся пасаромленым; але як усё ска́занае намі вам было ісцінаю, так і пахвала́ наша перад Цітам аказалася ісцінаю;

15і сэрца яго вельмі прыхільнае да вас, калі ён успамінае паслухмянасць усіх вас і тое, як са страхам і трымце́ннем вы прынялі́ яго.

16Таму я радуюся, што ва ўсім магу быць упэўненым у вас.

 

Раздзел 8

1Паведамляем вам, браты, пра благадаць Божую, да́дзеную цэрквам Македонскім;

2пра тое, што ў ця́жкім выпрабава́нні бе́дамі яны маюць вялікую радасць, і пры крайняй беднасці сваёй вы́явілі багацце сваёй шчырасці;

3бо яны па сілах, — сведчу я, — ды і звыш сіл, былі́ шчодрымі:

4яны вельмі прасілі нас прыня́ць дар і дазволіць іх удзел у служэнні святым;

5і нават не так было, як мы спадзяваліся, але яны саміх сябе аддалі́ найперш Госпаду, а потым і нам, па волі Божай;

6таму мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і завяршы́ў у вас дабрадзе́янне гэтае.

7А паколькі вы ўсім багатыя: вераю, і словам, і ведамі, і ўсёю руплі́васцю, і вашаю да нас любоўю, — то ўзбагача́йце сябе і гэтым дабрадзе́яннем.

8Кажу гэта не як загад, але праз руплі́васць іншых выпрабоўваю шчырасць і вашай любові.

9Бо вы ведаеце благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста, што Ён, будучы багатым, зрабіўся бедным дзеля вас, каб вы праз Яго беднасць ўзбагаціліся.

10І я выказваю меркаванне пра гэта, бо гэта на карысць вам, якія не толькі пачалі рабіць, але і жадалі гэтага яшчэ з мінулага года.

11А цяпер завяршы́це справу, каб тое, чаго вы шчыра жадалі, і заве́ршана было зыходзячы з таго, што вы маеце.

12Бо калі ёсць шчыры намер, то ён прымаецца паводле таго, што нехта ма́е, а не паводле таго, чаго не ма́е.

13Ды не так, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб было́ пароўну.

14У цяперашні час ваш дастатак пакрывае іх нястачу, каб потым і іх дастатак пакрыў вашу нястачу, каб было́ пароўну,

15як напісана: “у каго было многа, той не меў лішняга, і ў каго мала, той не меў нястачы”.

16Дзякуем Богу, Які ўклаў такі руплі́васць у адносінах да вас у сэрца Ціта;

17бо ён і просьбу нашу прыняў, і, будучы вельмі руплівым, па сваёй волі адправіўся да вас.

18Разам з ім мы паслалі таксама брата, якога ва ўсіх цэрквах хваляць за дабравесце,

19які, акрамя таго, і быў упаўнаважаны цэрквамі спадарожнічаць нам дзеля справы дабрачыннасці гэтай, якой мы служым на славу Самога Госпада і дзякуючы шчырасці вашай;

20зрабілі мы гэта, каб ніхто не нарака́ў на нас пры такім мностве ахвяраванняў, даве́раных нам;

21бо мы дбаем пра добрае не толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.

22Мы паслалі разам з імі таксама брата нашага, руплівасць якога мы шмат разоў вы́прабавалі ў многім, а цяпер ён яшчэ больш руплівы з-за вялікай упэўненасці ў вас.

23Што датычыць Ціта, то ён — мой таварыш, і для вас — супрацоўнік, а што да братоў нашых, то яны — пасланцы́ цэркваў, слава Хрыстова.

24Дык вось, перад абліччам цэркваў дайце ім доказ любові вашай і таго, што мы справядліва хва́лімся вамі.

 

Раздзел 9

1А пра служэнне святым няма мне патрэбы пісаць вам,

2бо ведаю шчыры намер ваш і таму хвалюся вамі перад Македонцамі, што Ахаія была гатова з мінулага года, і ваш запа́л натхніў многіх.

3Братоў жа я паслаў для таго, каб наша пахвала вамі ў гэтай справе не аказалася марнай, а, як я казаў, каб вы былі гатовы,

4і калі прыйдуць са мною Македонцы і знойдуць вас негатовымі, каб не былі пасаромлены мы — не кажу “вы”, — пахваліўшыся з такой упэўненасцю.

5Таму я палічыў неабходным упрасіць братоў прыйсці да вас раней і за́гадзя паклапаціцца, каб абяца́нае ўжо авяраванне ваша было гатова як ахвяраванне, а не як пабо́р.

6Але вось што: хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.

7Кожны няхай робіць, як падказвае сэ́рца, не з жалем ці па прыму́су, бо хто з радасцю дае, таго лю́біць Бог.

8А Бог мае сілу ўзбагаціць вас усялякай благадаццю, каб вы, заўсёды ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатымі на ўсякую добрую справу,

9як напісана: “шчодра раздаў, надзяліў бедных; праведнасць яго застаецца давеку”.

10А Хто дае насенне сейбіту і хлеб на ежу, Той дасць багаты плён пасе́янаму вамі і ўзросціць плады праведнасці вашай,

11каб вы ўсім багатыя былі на ўсялякую шчодрасць, якая праз нас учыня́е падзяку Богу.

12Бо справа служэння гэтага не толькі пакрыва́е няста́чу, якая ёсць у святых, але і выкліка́е ў многіх вялікую падзяку Богу;

13у выніку служэння гэтага яны праслаўляюць Бога за вашу пакорнасць ў вызна́нні Евангелля Хрыстовага і за шчырае ядна́нне з імі і з усімі,

14і ў сваёй малітве за вас яны зычлівыя да вас за шчодрую благадаць Божую ў вас.

15Дзякуем Богу за невымоўны дар Яго.

 

Раздзел 10

1Сам жа я, Павел, малю́ вас дзеля лагоднасці і спага́длівасці Хрыстовай, — я сціплы, калі знаходжуся сярод вас, і рашу́чы ў адносінах да вас, калі адсу́тнічаю.

2Прашу, каб мне, прыйшоўшы, не давялося праявіць рашучасць з той упэўненасцю, з якой я збіраюся смела выступіць супраць некаторых, што лічаць, нібы́та мы жывём паводле плоці.

3Бо хоць мы жывём у плоці, але не паводле плоці ваюем;

4зброя змагання нашага не плоцкая, а ма́е сілу ад Бога на руйнаванне цвярдынь: ёю мы разбураем на́мыслы

5і ўсялякае высакамер’е, якое паўстае супраць пазнання Божага, і бяром у палон усякую думку на паслушэнства Хрысту,

6і гатовы пакараць усякае непаслушэнства, калі стане поўным ваша паслушэнства.

7На аблічча зважа́еце́ Калі нехта ўпэўнены ў сабе, што ён Хрыстоў, то няхай зноў жа па сабе мяркуе, што, як ён Хрыстоў, так і мы Хрыстовы.

8Бо калі б я і больш стаў хвалі́цца ўладаю нашаю, якую Гасподзь даў нам на ўмацаванне ваша, а не на разбурэнне, то не быў бы пасаромлены.

9Няхай не здаецца, быццам я палохаю вас у пасланнях.

10Бо нехта кажа: “пасланні ва́жкія і моцныя, а пры асабістай прысутнасці ён сла́бы і слова яго нязначнае”;

11няхай той мае на ўвазе, што якія мы ў словах пасланняў, калі адсутнічаем, такія і ў справах, калі прысутнічаем.

12Мы ж не смеем станавіцца ўпоравень ці параўноўваць сябе з тымі, якія саміх сябе выстаўляюць; яны, ме́раючы сябе самімі сабою і параўноўваючы сябе з сабою, робяць неразумна.

13Мы ж не праз меру будзем хвалі́цца, а па меры ўдзелу, які вы́значыў для нас Бог такою мераю, каб дайсці і да вас.

14Бо мы не перавыша́ем вы́значанага нам, як было б, калі б мы не дайшлі да вас, таму што і да вас мы дайшлі з дабравесцем Хрыстовым;

15мы не праз меру хва́лімся, не чужою працаю, а спадзяёмся з узрастаннем веры вашай значна павялічыць сярод вас удзел наш,

16каб і па-за вашым краем прапаведаваць Евангелле, не хва́лячыся тым, што ўжо здзе́йснена пры чужым удзеле.

17Хто хва́ліцца, няхай Госпадам хва́ліцца.

18Бо не той годны, хто сам сябе выстаўля́е, а той, каго Гасподзь вылуча́е.

 

Раздзел 11

1О, калі б вы маглі сцярпець хоць трохі маю неразумнасць! Але вы і церпіце́ мяне.

2Бо я раўную вас Божай раўнівасцю, таму што я заручы́ў вас адзінаму Мужу, каб паставіць перад Хрыстом як дзеву чыстую.

3Але баюся, каб, як Еву ашукаў змей хітрасцю сваёю, так і розум ваш не быў спаку́шаны, адхілі́ўшыся ад прастаты́ ў Хрысце.

4Бо калі б нехта прыйшоў і прапаведаваў іншага Іісуса, якога мы не прапаведавалі, альбо вы атрымалі іншага духа, якога не атрымлівалі, альбо іншае дабравесце, якога не прымалі, — то вы б гэта цярпліва зносілі.

5Але я лічу, што ні ў чым не маю недахопу ў параўнанні з тымі вышэйшымі Апосталамі:

6хоць я і няўмелы ў слове, але не ў пазнанні; зрэшты, мы ва ўсім цалкам вядомы вам.

7Ці саграшы́ў я тым, што прыніжа́ў сябе, каб узвы́сіць вас, бо я да́рам прапаведаваў вам Евангелле Божае́

8Іншыя Цэрквы я абабра́ў, прымаючы ад іх плату для служэння вам; і калі быў у вас, хоць і цярпеў нястачу, але нікому не дакучаў,

9бо нястачу маю́ пакрылі браты, якія прыйшлі з Македоніі; ды і ва ўсім я стараўся і буду стара́цца не абцяжарваць вас.

10Ісцінай Хрыстовай, якая ўва мне, скажу, што пахвала́ гэтая не адымецца ў мяне ў землях Ахаіі.

11Чаму я так раблю́ Ці таму, што не люблю вас? Богу вядома! Але як раблю, так і буду рабіць,

12каб не даць нагоды тым, хто шукае нагоды, каб у тым, чым яны хва́ляцца, яны аказаліся такімі, як і мы.

13Бо такія лжэапосталы, дзеячы хітрыя, прымаюць выгляд Апосталаў Хрыстовых.

14І не дзіўна: таму што сам сатана прымае выгляд Ангела святла,

15а таму няма нічога надзвыча́йнага, калі і служыцелі яго прымаюць выгляд служыцеляў праведнасці; канец іх будзе паводле спраў іх.

16Зноў кажу: няхай не палі́чыць нехта мяне неразумным; а калі і палі́чыце, то хоць як неразумнага прымі́це мяне, каб і я крыху́ чым-небудзь пахвалі́ўся.

17Што скажу, тое не ў Госпадзе скажу, а ні́бы ў неразумнасці, з такою адвагаю на пахвалу́;

18паколькі многія хва́ляцца паводле плоці, то і я буду хвалі́цца.

19Бо вы ахвотна церпіце́ неразумных, будучы разумнымі:

20вы церпіце́, калі вас хто заняво́львае, калі хто аб’яда́е, калі хто абіра́е, калі хто ўзвышаецца, калі хто б’е вас па твары.

21На сорам кажу, што мы аказаліся сла́бымі. А калі хтосьці на нешта адва́жваецца, то — скажу па неразумнасці — адва́жваюся і я.

22Яны Яўрэі́ і я. Яны Ізраільцяне́ і я. Яны семя Аўраамава́ і я.

23Яны служыцелі Хрыста́ у безразважнасці кажу: я тым больш. У працы — значна больш, у ранах — намнога больш, у турмах — значна больш, у смяротнай небяспецы — шматразова.

24Ад Іудзеяў атрымаў я пяць разоў па сорак удараў без аднаго;

25тройчы мяне білі кія́мі, адзін раз білі камяня́мі, тройчы я цярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень прабыў у адкрытым моры;

26шмат разоў быў у падарожжах, у небяспецы на рэках, у небяспецы ад разбойнікаў, у небяспецы ад супляменнікаў, у небяспецы ад язычнікаў, у небяспецы ў горадзе, у небяспецы ў пустыні, у небяспецы на моры, у небяспецы сярод ілжэбратоў,

27у працы і знясіленасці, часта без сну, у голадзе і сма́зе, часта у по́сце, у холадзе і галечы.

28Акрамя ўсяго іншага, у мяне штодзень сходы, клопат пра ўсе цэрквы.

29Хто́ знемага́е, з кім бы я не знемага́ў? Хто́ спакуша́ецца, за каго б я не згара́ў?

30Калі трэба хвалі́цца, то буду хвалі́цца слабасцю сваёю.

31Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста, благаславёны навекі, ведае, што я не лгу.

32У Дамаску намеснік цара Арэты ахоўваў горад Дамаскійцаў, каб схапіць мяне;

33і я ў кашы́ быў спу́шчаны праз акно па сцяне і пазбег рук яго.

 

Раздзел 12

1Не карысна хвалі́цца мне; бо я перайду да відзе́нняў і адкравенняў Гасподніх.

2Ведаю чалавека ў Хрысце, што чатырна́ццаць гадоў назад — ці ў целе, не ведаю, ці не ў целе, не ведаю, Бог ведае, — узя́ты быў да трэцяга неба.

3І ведаю пра гэтага чалавека — ці ў целе, ці не ў целе, не ведаю, Бог ведае, —

4што ён быў узяты ў рай і чуў невымоўныя словы, якія чалавеку немагчыма выказаць.

5Такім чалавекам буду хвалі́цца; сабою ж не буду хваліцца, хіба́ толькі немачамі маімі.

6Калі ж захачу пахваліцца, то не буду неразумным, бо скажу ісціну; але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне звыш таго, што бачыць ува мне ці чуе ад мяне.

7І каб я не ўзвыша́ў сябе з-за велічы адкравенняў, да́дзена мне джала ў плоць, ангел сатаны, каб мучыць мяне, каб я не ўзвыша́ў сябе.

8Тройчы прасіў я Госпада пра тое, каб забраў яго ад мяне,

9але Ён сказаў мне: “дастаткова табе благадаці Маёй, бо сіла Мая ў немачы здзяйсняецца”. Дык вось, я больш ахвотна буду хвалі́цца сваімі немачамі, каб жыла́ ўва мне сіла Хрыстова.

10Таму я знаходжу задавальне́нне, будучы ў немачах, у крыўдах, у няста́чах, у гане́ннях, ва ўціску дзеля Хрыста, бо калі я нямоглы, тады я моцны.

11Я дайшоў да неразумнасці, хва́лячыся, — вы мяне прыму́сілі. Бо вам нале́жала хвалі́ць мяне, таму што я ні ў чым не маю недахопу ў параўнанні з тымі вышэйшымі Апосталамі, хоць я і нішто:

12уласцівасці ж Апостала былі́ вы́яўлены перад вамі ва ўсёй цярплівасці, у знаме́ннях, і цудах, і сілах.

13Дык чаго вам не хапа́ла ў параўнанні з астатнімі цэрквамі, хіба толькі таго, што сам я не стаў цяжа́рам для вас? Прабачце мне гэтую віну.

14Вось, трэці раз я гатовы прыйсці да вас, і не буду цяжа́рам для вас, бо я шукаю не вашага, а вас. Таму што не дзеці павінны назапа́шваць маёмасць для бацькоў, а бацькі для дзяцей.

15Я ж вельмі ахвотна буду траціць і буду сябе растра́чваць дзеля душ вашых, нягледзячы на тое, што, вельмі любячы вас, я менш любімы.

16Дапусцім, было так: я не абцяжарваў вас, але, будучы хітрым, я падманам браў з вас.

17Хіба праз каго-небудзь з тых, каго я пасылаў да вас, я нечым карыстаўся ад вас?

18Я папрасіў Ціта і паслаў разам з ім брата: ці ж скарыстаўся чым ад вас Ціт? хіба не ў адным духу мы дзейнічалі́ хіба не аднымі шляхамі хадзілі?

19Зноў думаеце, што мы перад вамі апраўдваемся́ Мы перад Богам, у Хрысце гаворым, а ўсё, узлю́бленыя, дзеля вашага настаўлення.

20Таму што баюся, каб, прыйшоўшы да вас, я не знайшоў вас такімі, якімі не хачу, таксама каб і вы не знайшлі мяне такім, якім не хочаце: каб не было спрэчак, зайздрасці, гневу, сварак, паклёпаў, нагавораў, пыхі, бязладдзяў,

21каб зноў, калі прыйду, не прынізіў мяне Бог мой у вас і каб не аплакваць мне многіх, якія саграшылі раней і не пакаяліся ў нечыстаце, і блудзе, і распусце, што яны ўчынілі.

 

Раздзел 13

1Вось ужо трэці раз я іду да вас: вуснамі двух ці трох сведкаў пацве́рдзіцца кожнае слова.

2Я раней гаварыў і кажу на будучае, — як тады, калі быў прысутны другі раз, так і цяпер, будучы адсутным, — пішу тым, якія раней саграшылі, і астатнім усім, што, як зноў прыйду, то не дам літасці,

3паколькі вы шукаеце доказу, што ўва мне гаворыць Хрыстос, Які не бяссільны ў адносінах да вас, а ма́е сілу ў вас.

4Бо хоць Ён і быў распяты ў немачы, але жывы́ сілаю Божаю; таксама і мы, хоць і немачныя ў Ім, але будзем жывы́я з Ім сілаю Божаю ў вас.

5Правярайце саміх сябе, ці ў веры вы; саміх сябе выпрабоўвайце. Няўжо вы не ведаеце саміх сябе, што Іісус Хрыстос — у вас? Хіба толькі вы — нявартыя.

6Пра нас жа, спадзяюся, даведаецеся, што мы не нявартыя.

7Молім Бога, каб вы не рабілі ніякага зла, не дзеля таго, каб нам паказацца вартымі, але каб вы рабілі дабро, а мы як нявартыя былі.

8Бо мы не маем сілы супраць ісціны, а толькі за ісціну.

9Мы радуемся, калі мы немачныя, а вы моцныя; за гэта і молімся, за ваша ўдасканаленне.

10Дзеля таго я і пішу гэта, будучы адсутным, каб, прысутнічаючы, не дзейнічаць сурова сілаю ўлады, якую Гасподзь даў мне на стварэнне, а не на разбурэнне.

11Дык вось, браты, радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайцеся, будзьце аднадумнымі, захоўвайце мір, — і Бог любові і міру будзе з вамі.

12Вітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе святыя.

13Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста, і любоў Бога Айца, і супольнасць Святога Духа з усімі вамі. Амінь.