Саборнае Пасланне святога апостала Іакава

Саборнае Пасланне святога апостала Іакава

Раздзел 1

1Іакаў, раб Бога і Госпада Іісуса Хрыста, – двана́ццаці кале́нам, якія ў рассе́янні: ра́давацца*.

2За вялікую радасць прыма́йце, браты мае́, калі трапля́еце ў розныя спаку́сы,

3ве́даючы, што выпрабава́нне вашай веры ўтвара́е цярплівасць;

4цярплівасць жа павінна мець вынік даскана́лы, каб вы былі́ даскана́лымі і беззага́ннымі, не ма́ючы ні ў чым недахопу.

5Калі ж каму з вас не хапа́е мудрасці, няхай про́сіць у Бога, Які дае ўсім шчодра і без папрокаў, – і будзе да́дзена яму́.

6Але няхай просіць з вераю, ніколькі чым не сумнява́ючыся, бо хто сумнява́ецца, той падобны да марской хва́лі, якую вецер гоніць і шпурля́е;

7няхай жа не спадзяе́цца такі чалавек атрыма́ць нешта ад Госпада.

8Чалавек з раздво́енай душою – няўсто́йлівы на ўсіх шляха́х сваіх.

9Няхай жа ганары́цца брат прыні́жаны ўзвы́шанасцю сваёю,

10а багаты – прыні́жанасцю сваёю, бо ён знікне, як кве́цень на траве;

11узышло́ спякотнае сонца і ссушы́ла траву, і кве́цень яе апа́ла, і хараство́ вы́гляду яе знікла; так і багаты на шляха́х сваіх звя́не.

12Блажэ́нны чалавек, які вы́трывае спакусу, бо, прайшоўшы выпрабава́нне, ён атрыма́е вянец жыцця́, які паабяца́ў Гасподзь тым, хто лю́біць Яго.

13Пры спакушэ́нні няхай ніхто не кажа: "Бог мяне спакуша́е"; таму што Бог не можа быць спаку́шаны злом, і Сам не спакуша́е нікога,

14а кожны спакуша́ецца сваёю пажа́днасцю, якая яго прыва́блівае і зама́ньвае;

15потым пажа́днасць, зача́ўшы, нараджа́е грэх, а ўчы́нены грэх нараджа́е смерць.

16Не абма́нвайцеся, браты́ мае́ ўзлю́бленыя:

17усякае добрае дая́нне і ўсякі даскана́лы дар сыходзіць звыш, ад Айца свяці́лаў, у Якога няма змяне́ння і нават це́ню пераме́нлівасці.

18Ён пажада́ў і нарадзі́ў нас сло́вам ісціны, каб мы сталі нейкім пача́ткам Яго стварэ́нняў.

19Дык вось, браты мае́ ўзлю́бленыя, няхай кожны чалавек будзе хуткі да слу́хання, няспе́шны да гаварэ́ння, няспе́шны да гневу,

20бо гнеў чалавека не робіць яго праведным перад Богам.

21Таму, адкла́ўшы ўсякую нечыстату́ і празме́рную зло́бу, лагодна прымі́це пасе́янае слова, якое можа спасці́ ду́шы вашы.

22Будзьце ж выкана́ўцамі слова, а не толькі слухача́мі, якія ашу́кваюць саміх сябе.

23Бо хто слу́хае слова і не выко́нвае, той падобны да чалавека, што разгляда́е ў люстэ́рку свой твар, які ма́е ад нараджэ́ння:

24ён паглядзе́ў на сябе і адышо́ў – і адразу забыў, які ён.

25Але хто спасці́гне закон даскана́лы – закон свабоды – і застане́цца ў ім, той, стаўшы не слухачо́м забы́ўлівым, а выкана́ўцам справы, блажэ́нны будзе ў дзе́йнасці сваёй.

26Калі хто з вас думае, што ён набо́жны, і не стры́млівае свайго языка, а падма́нвае сэ́рца сваё, то набо́жнасць яго ма́рная.

27Набо́жнасць чы́стая і беззага́нная перад Богам і Айцом – у тым, каб дагляда́ць сірот і ўдоў у го́ры іх і захо́ўваць сябе неапага́неным ад свету.

 

 

Раздзел 2

1Браты мае́! ма́йце веру ў Іісуса Хрыста́, нашага Госпада сла́вы, не зважа́ючы на асо́бы.

2Бо калі на сход ваш пры́йдзе чалавек з залатым пе́рсценем, у бліску́чым адзе́нні, і пры́йдзе бедны ў бру́дным адзе́нні,

3і вы, пагледзіце́ на таго, што ў бліску́чым адзе́нні, і ска́жаце яму: "ты сядай сюды, на добрае месца", а беднаму ска́жаце: "ты стань там" альбо: "сядай тут, каля ног маіх",

4то хіба́ вы не правялі́ падзе́лу паміж сабою і не сталі су́ддзямі з ліхі́мі думкамі́

5Паслу́хайце, браты мае́ ўзлю́бленыя, хіба́ не бедных свету гэтага вы́браў Бог, каб былі́ яны бага́тымі вераю і насле́днікамі Царства, якое Ён паабяца́ў тым, хто лю́біць Яго́

6а вы знява́жылі беднага. Хіба́ не бага́тыя чы́няць вам уці́ск, і ці не яны ця́гнуць вас у суды́?

7хіба́ не яны знеслаўля́юць добрае імя́, якім вы называ́ецеся?

8Дык вось, калі выко́нваеце вы закон царскі паводле Пісання: "узлюбі́ бліжняга твайго, як само́га сябе", то добра ро́біце;

9а калі зважа́еце на асобы, то грэх чы́ніце і перад законам ака́зваецеся злачы́нцамі.

10Хто вы́канае ўвесь закон, ды асту́піцца ў не́чым адным, той ста́не вінава́тым ва ўсім.

11Бо Той, Хто сказаў: "не пралюбадзе́йнічай", сказаў таксама: "не забіва́й"; таму, калі ты не пралюбадзе́йнічаеш, але заб'еш, то станеш паруша́льнікам закону.

12Так гавары́це і так рабіце, як тыя, каго будуць судзі́ць па закону свабоды.

13Бо суд без мі́ласці над тым, хто не аказа́ў мі́ласці; мі́ласць вышэ́йшая за суд.

14Якая кары́сць, браты мае́, калі хтосьці будзе каза́ць, што ма́е веру, а спраў не будзе мець? хіба́ можа гэтая вера спасці́ яго́

15Калі брат ці сястра будуць без адзе́жы і не будуць мець е́жы на штодзе́нь,

16а хто-небудзь з вас скажа: "ідзі́це з мі́рам, грэ́йцеся і наяда́йцеся", але не дасць ім неабхо́днага для це́ла, то якая кары́сць?

17Так і вера, калі не будзе мець спраў, то яна мёртвая сама па сабе.

18Але нехта скажа: ты веру маеш, а я справы ма́ю, пакажы́ мне веру тваю без спраў тваіх, а я пакажу́ табе веру маю́ ў справах маіх.

19Ты веруеш, што Бог адзіны, – добра робіш; і дэ́маны веруюць і трымця́ць.

20Дык хочаш ве́даць ты, чалавек бязду́мны, што вера без спраў мёртвая?

21Хіба́ Аўраам, айцец наш, не спра́вамі апраўда́ны быў, калі паклаў сына свайго Ісаака на ахвя́рнік?

22Ба́чыш, што вера садзе́йнічала спра́вам яго, і праз спра́вы вера стала даскана́лаю?

23І здзе́йснілася Пісанне, у якім ска́зана: "вераваў Аўраам Богу, і гэта было́ залі́чана яму як пра́веднасць, і ён быў назва́ны дру́гам Божым".

24Бачыце, што справамі апра́ўдваецца чалавек, а не толькі вераю?

25Так і Раа́ў блудніца хіба́ не справамі апраўда́лася, прыня́ўшы вестуно́ў і адпра́віўшы іх іншым шля́хам?

26Бо як це́ла без ду́ха мёртвае, так і вера без спраў мёртвая.

 

Раздзел 3

1Браты мае́! не многія станаві́цеся вучы́целямі, ве́даючы, што мы атрыма́ем бо́льшае асуджэ́нне,

2бо ўсе мы многа грашы́м. Хто не грашы́ць словам, той даскана́лы чалавек, здольны ўтаймава́ць і ўсё цела.

3Вось, мы ўклада́ем цу́глі ко́ням у рот, каб яны падпарадко́ўваліся нам, і ўсім це́лам іх кіру́ем;

4вось, і караблі, хоць яны такія вялікія і такімі моцнымі вятра́мі гна́ныя, а невялікім рулём накіро́ўваюцца, куды рулявы́ хоча;

5так і язык – мала́я частка це́ла, а на вялікае адва́жваецца; вось, невялікі агонь, а які вялікі лес падпа́львае;

6і язык – агонь, свет няпра́веднасці. Язык, знахо́дзячыся паміж часткамі це́ла нашага, апага́ньвае ўсё цела і запа́львае кругаваро́т жыцця́, бу́дучы сам запа́леным ад гее́ны;

7і ўсякая прырода звяроў і птушак, паўзуно́ў і марскіх жывёлін утаймо́ўваецца і ўтаймава́на прыро́дай чалаве́чай,

8язык жа ніхто з людзей утаймава́ць не можа: гэта нястры́мнае зло, поўнае атру́ты смертано́снай.

9Ім благаслаўля́ем Бога і Айца, і ім пракліна́ем людзе́й, ство́раных па падабе́нству Божаму:

10з тых са́мых ву́снаў выхо́дзіць благаславе́нне і пракля́цце. Не павінна, браты́ мае́, каб так было́.

11Ці дае́ крыніца з аднаго жарала́ ваду салодкую і горкую?

12Хіба́ можа, браты мае́, смако́ўніца радзі́ць маслі́ны альбо вінагра́дная лаза́ – смоквы? Так і адна крыніца не можа даваць салёную і салодкую ваду́.

13Хто мудры і разу́мны сярод вас? – няхай пака́жа до́брымі паво́дзінамі спра́вы свае ў лаго́днай му́драсці.

14А калі за́йздрасць горкую і зва́длівасць ма́еце вы ў сэ́рцы сваім, то не хвалі́цеся і не хлусі́це су́праць ісціны:

15гэта не тая мудрасць, што сыхо́дзіць звыш, а зямна́я, душэ́ўная, дэ́манская;

16бо дзе за́йздрасць і зва́длівасць, там разла́д і ўсяля́кае лі́ха.

17А тая му́драсць, што сыходзіць звыш, найпе́рш чы́стая, заты́м мірная, лаго́дная, пако́рная, поўная мі́ласці і добрых пладо́ў, непрадузя́тая і некрываду́шная.

18Плод жа пра́веднасці се́ецца з мірам у тых, якія тво́раць мір.

 

Раздзел 4

1Адкуль спрэ́чкі і сва́ркі паміж вамі́ ці не адсюль, з пажа́днасцей вашых, якія ваю́юць у чле́нах вашых?

2Жада́еце – і не ма́еце; забіва́еце і зайздро́сціце – і не мо́жаце дасягну́ць; сва́рыцеся і варагу́еце – і не ма́еце, таму што не про́сіце сабе;

3про́сіце – і не атры́мліваеце, таму што не на дабро про́сіце сабе, а каб у пажа́днасцях сваіх растра́ціць.

4Пралюбадзе́і і пралюбадзе́йкі! хіба́ не ве́даеце вы, што дружба са светам ёсць варо́жасць су́праць Бога́ Дык вось, хто хоча быць дру́гам свету, той стано́віцца во́рагам Богу.

5Хіба́ вы думаеце, што ма́рна гаворыць Пісанне: "раўні́ва Ён лю́біць дух, які ўсялі́ўся ў нас"?

6І бо́льшую дае́ благадаць; таму ска́зана: "Бог ганарлі́вым праці́віцца, а пако́рлівым дае́ благада́ць".

7Дык пакары́цеся Богу; супрацьста́ньце дыявалу, і ўцячэ́ ад вас;

8наблі́зьцеся да Бога, і Ён наблі́зіцца да вас; абмы́йце ру́кі, грэшнікі, ачы́сціце сэрцы, двуду́шнікі;

9бяду́йце, смутку́йце і пла́чце: смех ваш у сму́так няхай ператво́рыцца, і ра́дасць – у сум;

10скары́цеся перад Госпадам, і Ён узвы́сіць вас.

11Не зласло́ўце адзін на аднаго, браты́: хто зласло́віць на брата ці су́дзіць брата свайго, той зласло́віць на закон і су́дзіць закон; а калі ты су́дзіш закон, то ты не выкана́ўца закону, а суддзя́.

12Адзін ёсць Заканада́вец і Суддзя́, Які можа спасці́ і загубі́ць: а ты хто такі, што су́дзіш іншага?

13Цяпер паслу́хайце вы, якія гаво́рыце: "сёння ці заўтра адпра́вімся ў такі і такі горад, і пражывём там адзін год, і будзем гандлява́ць і атры́мліваць прыбы́так";

14вы, якія не ве́даеце, што будзе заўтра; бо што такое жыццё ваша́ – па́ра, што з'я́ўля́ецца на кароткі час, а потым зніка́е.

15Заме́ст таго, каб каза́ць: "калі ўгодна будзе Госпаду і жывы́я будзем, то зробім тое ці іншае", –

16вы, пахваля́ецеся з-за ганарлі́васці сваёй; а ўсякая такая пахвальба́ – зло.

17Дык вось, хто ўмее рабі́ць дабро, і не ро́біць, грэх яму́.

 

Раздзел 5

1Цяпер паслу́хайце вы, багатыя, пла́чце і галасі́це з-за няшча́сцяў вашых, якія надыхо́дзяць.

2Бага́цце ваша згніло́, і адзе́нне ваша мо́ллю з'е́дзена.

3Зо́лата ваша і серабро́ заржаве́ла, і ржа іх будзе све́дчаннем су́праць вас і з'е́сць це́лы вашы, як агонь: вы сабра́лі ска́рбы на апо́шнія дні.

4Вось, пла́та, не вы́дадзеная вамі рабо́тнікам, якія жа́лі пале́ткі вашы, крычы́ць, і крыкі жняцо́ў дайшлі да слы́ху Госпада Савао́фа.

5Вы жылі́ ў раско́шы на зямлі і це́шыліся асало́дамі, вы адкармі́лі сэ́рцы вашы як бы́ццам на дзень забо́ю.

6Вы асудзі́лі, забі́лі пра́ведніка; ён не праці́віцца вам.

7Дык вось, браты, будзьце доўгацярплі́вымі да прышэ́сця Гасподняга. Вось, земляро́б чакае кашто́ўнага пло́ду зямлі і доўга це́рпіць дзе́ля яго, паку́ль дачака́ецца дажджу́ ра́нняга і по́зняга;

8будзьце доўгацярплі́вымі і вы, умацу́йце сэ́рцы ва́шы, таму што прышэ́сце Гасподняе наблі́зілася.

9Не нарака́йце, браты́, адзін на аднаго́, каб не быць вам асу́джанымі: вось, Суддзя́ стаі́ць перад дзвяры́ма.

10За пры́клад, браты́ мае́, вазьміце паку́тніцтва і доўгацярпе́нне прарокаў, якія прамаўля́лі ў імя́ Гасподняе.

11Вось, мы ўслаўля́ем як блажэ́нных тых, што цярпе́лі. Вы чу́лі пра цярпе́нне І́ава і ба́чылі здзе́йсненае Госпадам, бо Гасподзь мнагамі́ласцівы і спага́длівы.

12Перш за ўсё, браты мае́, не кляні́цеся ні небам, ні зямлёю, і нія́каю іншаю кля́тваю, а няхай будзе ў вас "так – так" і "не – не", каб вам не падпа́сці пад асуджэ́нне.

13Паку́туе нехта з вас? – няха́й мо́ліцца. Ра́дуецца нехта́ – няха́й спява́е псалмы́.

14Хварэ́е нехта з вас? – няха́й паклі́ча прасві́тараў Царквы́, і няха́й памо́ляцца над ім, пама́заўшы яго але́ем у імя́ Гасподняе,

15і малітва веры ўрату́е хворага, і пады́ме яго Гасподзь; і калі ён учыні́ў грахі, то бу́дуць праба́чаны яму́.

16Прызнава́йцеся адзін аднаму ў праві́ннасцях і малі́цеся адзін за аднаго, каб вам ацалі́цца: многае можа моцная малітва пра́веднага.

17Ілія́ быў чалаве́кам падо́бным да нас і малітваю памалі́ўся ён, каб не было́ дажджу́: і не было́ дажджу́ на зямлі тры гады і шэсць месяцаў;

18і зноў памаліўся: і неба дало́ дождж, і зямля ўрадзі́ла плод свой.

19Браты! калі хто з вас ухі́ліцца ад ісціны, і наве́рне яго хто,

20то няха́й ве́дае: хто навярну́ў грэ́шніка з аблу́днага шля́ху яго, той спасе́ душу́ ад смерці і пакры́е мноства грахоў.