Вялікая пятніца

У Вялікую пятніцу ўспамінаюцца Царквой святыя ратавальныя пакуты і смерць Госпада Іісуса Хрыста. Пакуты Хрыстовы непарыўна звязаны з грахамі кожнага чалавека.У Гефсіманскім садзе моцай спачувальнай любові Ён перажыў тугу ад усяго чалавечага грэху ў цяперашнім, мінулым і будучыні.

Евангелле малюе нам, з аднаго боку, тую карціну, якая мае да нас непасрэднае дачыненне, а з іншага боку, карціну вялікай сусветнай трагедыі, калі чалавецтва, якое так страсна жадала адшукаць Бога, сустрэўшыся з Ім, не пазнала Яго, выраклася Яго, паспрабавала забіць Яго. Народ, які больш за іншых ведаў Бога, які больш за іншых чакаў Бога, у абліччы далёка не горшых, а ў чымсьці найлепшых сваіх прадстаўнікаў, у абліччы тых, хто па праве лічыўся настаўнікамі, вучыцелямі народа, у абліччы нават аднаго з апосталаў выракаецца Хрыста: выракаецца па шчырым непрыняцці таго, што складае сутнасць Яго вучэння.
Евангелле адкрывае нам і трагедыю язычніцкага свету. Понцій Пілат у многім увасабляе язычніцкі свет. Ён мае шчырае жаданне быць справядлівым. Понцій Пілат сімвалізуе тут сабой той язычніцкі свет, які яшчэ да канца не разлажыўся, у якім ёсць справядлівасць, безумоўная і паслядоўная. Ён хоча быць справядлівым, ён шукае магчымасць захаваць жыццё гэтаму дзіўнаму прапаведніку.
Аднак іудзеі наносяць Понцію Пілату удар у самае паражальнае месца. Яны, па сутнасці, шантажуюць яго ўсім тым, што стварала Рымскую імперыю: калі ты не распнеш гэтага дзіўнага прапаведніка, ты вораг кесару, а мы – яго падданыя. Яны ілгуць, яны хітруюць, але для Понція Пілата гэта ўжо няважна. Ён гэтым увасабляе сабой той пачатак зямной, чалавечай гісторыі, які найвышэйшую каштоўнасць бачыць у дзяржаве. І страх перад дзяржавай, вера ў дзяржаву, перакананне ў тым, што няма нічога вышэй за дзяржаўныя інтарэсы, пабуджаюць Понція Пілата забіць Бога. Так нярэдка будзе адбывацца ў сусветнай гісторыі, у гісторыі ўжо хрысціянскай, калі ў імя інтарэсаў дзяржавы, нават дзяржавы ўжо хрысціянскай, будуць забіваць хрысціянаў, будуць гнаць Царкву. І гэта быў пралог новай гістарычнай трагедыі ўжо не іудзейскага народа, а хрысціянскіх народаў, якія так рэдка ў будучыні будуць захоўваць вернасць Хрысту менавіта тады, калі будуць ствараць хрысціянскія дзяржавы.
Паглядзіце на Пілата: чым ён адрозніваецца ад тых служыцеляў дзяржавы, Царквы, грамадскасці, якія больш за ўсё баяцца адказнасці і якія для таго, каб сябе застрахаваць, гатовыя загубіць чалавека? Пілат свабодна выбраў зло. Быў адзін момант, калі ўсё залежала ад яго, і ён гэта ведаў, і паступіў свядома супраць сумлення, супраць праўды…
А калі б цяпер на нашай зямлі явіўся Гасподзь – няўжо хто-небудзь з нас можа падумаць, што ён аказаўся б лепей за тых, якія тады Яго не пазналі, Яго не палюбілі, Яго выракліся? Мы тыя, хто лічыць сябе народам Богаабраным, сёння падобныя да іх нашай пасрэднасцю, нашым здрабненнем. Яны такія ж, як і мы: іх жыццё вельмі малое і нікчэмнае для таго, каб у яго ўсяліўся Бог.
Няма дня, калі не стаялі б мы перад выбарам, і па голасе сумлення, які ніколі не хлусіць, ведаць праўду – і ці выбіраць, ці выракацца яе. Гэта свабода, гэта магчымасць выбару робіць саму нашу веру судом над намі. Пілат вымыў рукі і сказаў іудзеям, што яны будуць адказваць.
Ранейшыя богазабойцы і багахульнікі нашых пакаленняў аддзеленыя адзін ад аднаго толькі ў часе. Калі б разбуральнікі храмаў Божых і апаганшчыкі хрысціянскіх святынь жылі ў часы Хрыста Збаўцы, яны пранялі б самы непасрэдны і найактыўнейшы ўдзел у Яго распяцці. А тыя натоўпы, якія ў 30-я і 60-я гады абыякава назіралі, як разбураюцца храмы, – чым яны адрозніваюцца ад натоўпаў іудзеяў, якія крычалі: “Распні, распні Яго!”
А аддаў Хрыста на распяцце хто? Ці асаблівыя зладзеі? Не – людзі, якія не хацелі рызыкаваць нічым, для якіх зямное будаўніцтва аказалася важнейшае за сумленне, праўду, важнейшае за ўсё – толькі б не пахіснулася хісткая раўнавага іх рабскага дабрабыту. А хто з нас гэтага не ведае па сваім жыцці?
Можна было б усіх так перабраць, але хіба не відаць з таго, што людзі, якія забілі Хрыста, – такія ж, як і мы? Што імі кіравалі тыя самыя страхі, пажаданні, тая самая дробязь, у палоне якой мы знаходзімся?
Усіх удзельнікаў трагедыі можна зразумець. Ніхто не хоча ўзяць на сябе адказнасць за ўчынак, кожны вінаваціць іншага. Пілат “умывае рукі”, воіны выканалі загад, абясшкодзілі валацугу, які ўчыняў беспарадкі. Натоўп крычыць: распні Яго паводле паслухмянасці архіерэям. Кожны меў апраўданне, а ўсе разам распялі Хрыста. Усіх удзельнікаў распяцця яднае грэх. Гэта неграмадскі грэх. Грэх заўсёды бывае асабістым. Віна заўсёды асабістая і адказнасць за яе таксама асабістая. Усе стаялі ў тую ноч перад выбарам: Пілат, воіны, архіерэі і кожны чалавек у натоўпе. Кожны выбірае сам. Кожны свабодны і можа паступіць не як усе.
Тыповая гісторыя паўтараецца ад Адама да нашых дзён. Па-ранейшаму, “пілаты” ўмываюць рукі, чыноўнікі паступаюць “згодна з законам”, “маленькія людзі” паступаюць паводле паслухмянасці, воіны трымаюцца дысцыпліны, выконваючы загад у імя парадку на дабро ўсім, а мноства людзей лісліва ўлюлюкаюць ці моўчкі глядзяць на перамогу зла.
Гэтыя ўспаміны невыпадковыя. Мы павінны выразна ўсвядоміць, што тыя падзеі, якія адбыліся дзве тысячы год таму ў старажытным Іерусаліме не сышлі ў мінулае, а адбываюцца і па сённяшні дзень у духоўным жыцці кожнага хрысціяніна. Таму невыпадкова Святая Царква з году ў год вяртае нас у гэтыя падзеі, каб мы былі няпроста іх староннімі назіральнікамі, а каб усе мы былі саўдзельнікамі іх. І тут вельмі важна вызначыцца, з кім жа мы ўсё-такі: ці з тымі, хто крычыць “Распні Яго!”, ці з тымі, хто да канца пранясе з Хрыстом Яго Крыж, хто будзе спачуваць у часе Яго распяцця і не пакіне Яго тады, калі ад Яго адвернецца ўвесь свет, хто застанецца разам з ім. З кім мы ў гэтым жыцці? Вельмі важна кожнаму чалавеку адказаць на гэта пытанне.
Цяпер, пакуль яшчэ доўжыцца зямное жыццё кожнага з нас, ёсць яшчэ час і магчымасць выправіць любую памылку, амыць слязамі раскаяння любое маральнае падзенне, любую нашу здраду Хрысту.
У цяперашні час, прыступаючы да Святой Плашчаніцы і цалуючы выяўленага на ёй памерлага Хрыста, задумаемся аб нашым жыцці і пакаемся ў грахах. Любоў Божая бясконцая і ўсемагутная і, падобна да агню, спальвае ўсю нашу нечысціню. Прыпадзем са страхам і трымценнем да Хрыста Жыццядаўцы, што ляжыць у гробе, і заплачам і ўсклікнем: “О Уладыка, паўстань, Той, Хто паўшым падае Уваскрасенне”. Амінь.

Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)