Нядзеля 8-я пасля Пяцідзесятніцы. Пра насычэнне пяццю хлябамі пяці тысяч чалавек у пустыні

Цуд памнажэння хлябоў, пра які мы сёння чулі ў евангельскім чытанні (Мк. VI, 34-44), навучае нас некалькім рэчам. Перш за ўсё таму, што Гасподзь можа забяспечыць, насыціць нас, нават калі па-чалавечы ў нас нічога – ці амаль нічога – няма. Наша жыццё і смерць у руках Божых, і наша ежа – тое, што мы называем хлебам надзённым, – таксама ў Яго руках.

Яно вучыць нас той ісціне, што Гасподзь Іісус Хрыстос ёсць Творцам усяго, Ён даў нам жыццё і Ён падтрымлівае Яго, Урач душэўны і цялесны, Ён стварыў і творыць шматлікія плады зямныя нам у ежу і ў асалоду.
Гасподзь заўсёды гатоў накарміць нас, у Яго заўсёды дастаткова шчодрасці, каб ніхто з нас не пайшоў галодным, каб кожны быў насычаны. Узнагароджваючы шчырасць народа, захопленага прагай слухаць Яго слова, Гасподзь цудоўным чынам памножыў прапанаваную ежу, так што “елі ўсе і насыціліся; і назбіралі кавалкаў хлеба дванаццаць поўных кашоў; было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч чалавек, акрамя жанчын і дзяцей”. Так споўнілася абяцанне Збавіцеля, сказанае Ім у Нагорнай пропаведзі: “Шукайце перш за ўсё Царства Божага і праўды Яго, і гэта ўсё (гэта значыць што есці і піць і ў што апрануцца) дадасца вам” (Мф. VI, 33). Спаўняецца яно і над кожным вернікам, што ўзлюбіў Царства Божае і прысвяціў усё жыццё яго дасягненню.
Вельмі часта чалавек збіраецца ў храм, але не ідзе, бо баіцца не паспець зрабіць важныя справы. Евангелле пераконвае нас, што калі чалавек следуе за Госпадам, пакідаючы ўсё, Гасподзь не пазбавіць яго сваёй апекі, і ўсе яго справы наладзяцца, часам нават цудоўным чынам. Такі давер да Бога ніколі не знеслаўляецца… Так было, калі Гасподзь накарміў у пустыні пяць тысяч чалавек, так здараецца і ў нашым жыцці, калі мы выбіраем не імгненныя справы, якія здаюцца нам важнымі, а служэнне Богу.
Гэта справядліва ў адносінах ежы не толькі цялеснай, але і духоўнай. Чалавеку недастаткова аднаго матэрыяльнага дабрабыту, каб быць шчаслівым, каб душа яго была напоўнена; яму неабходны Сам Бог. І Гасподзь стварыў чалавека такім, што душа яго заўсёды імкнецца да Яго. Толькі Бог можа душу чалавечую напоўніць і насыціць Сабою. І да тых пор, пакуль Гасподзь не прыйшоў да нас, не ўсяліўся ў нас, мы пакутуем ад голаду і смагі. Але калі Ён прыходзіць, мы адчуваем паўнату жыцця – тое, пра што Хрыстос сказаў: “Я прыйшоў для таго, каб жыццё мелі і ўдосталь мелі” (Ін. Х, 10). Жыццё ўдосталь магчымае толькі ў Хрысце і праз Хрыста.
Хлеб, якім корміць нас Гасподзь, – гэта не толькі хлеб зямны, які дае жыццё нашаму зямному целу, але гэта і Хлеб, які сыходзіць з нябёсаў, г. зн. Сам Гасподзь, Якога мы прычашчаемся ў таінстве Еўхарыстыі за Бажэственнай літургіяй.
Тут мы бачым правобраз Еўхарыстыі, Таінства Цела і Крыві Хрыстовых. Еўхарыстыя – гэта той самы цуд памнажэння хлябоў, які адбываецца кожны раз, калі мы збіраемся ў храме Божым на Літургію, усякі раз, калі мы прычашчаемся Святых Хрыстовых Тайнаў. У Прычасці Сам Гасподзь уваходзіць у нас, Ён становіцца адзіным целам, Яго Кроў – нашай крывёй. А таму ўсе мы павінны як можна часцей у сваім жыцці прыступаць да прычашчэння Святых Хрыстовых Тайнаў.
Недарэмна літургічны сход верных, якім мы з вамі зараз ёсць, называецца Трапезай Гасподняй. Недарэмна слова “абедня” азначае не проста працэс, калі мы ядзім тленную зямную ежу, але далучэнне да Хлеба жыцця, які сыходзіць з нябёсаў (Ін. VI, 48, 50), гэта значыць, да служэння Еўхарыстыі, да свяшчэннадзеяння, якое немагчыма ажыццявіць аднаму, але толькі сумесна з братамі ў Хрысце, толькі саборна.
Сумесная трапеза павінна аб’ядноўваць людзей, служыць таму, пра што пісаў у сваім пасланні ў Карынф, якое мы чыталі толькі што, апостал Павел: “Малю вас, браты, імем Госпада нашага Іісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно і не было паміж вамі падзелаў, але каб вы былі злучаны адным разуменнем і адною думкаю” (1 Кар. І, 10).
Вядомая рэч, што і цяпер людзі з недаверлівым сумленнем, з празмернай руплівасцю да веравучэння і да абраду выстаўляюць сябе як бы асаблівымі пасланнікамі-вучнямі Хрыстовымі, вылучаюцца з натоўпу і з ганарлівасцю і зласлівасцю глядзяць на іншых. Гасподзь Уладыка адзін – аднаго духу павінны быць і Яго вернікі, і Яму аднаму трэба і служыць; нічога добрага няма ў тым, каб абіраць сабе якога-небудзь з людзей у правадыры, прыніжаючы Хрыста; непахвальна прывязвацца да чалавека ажно да забыцця пра Бога.
Хрыстос аднойчы і назаўсёды ў цяжкую хвіліну расстання з вучнямі, пераконваючы іх быць адзінадумнымі з ім, вучыў іх, што пакуль яны будуць адно з Ім, да тых пор у хрысціянскім грамадстве будзе жыццёвасць і моц.
Вялікая і свяшчэнная запаведзь аб узаемным міры і адзінадушшы ў хрысціянскім грамадстве… Як дамагчыся такога стану духу? Галоўная крыніца ўсіх нязгод і спрэчак – самалюбства і ганарлівасць… Уяўляй сябе найгоршым за ўсіх перад Богам, самым грэшным з людзей. І ўбачыш, ці будзе тады месца сваркам і разладам.
Рыхтуючыся да прычашчэння, мы павінны “выпрабоўваць сябе”, каб Прычасце не было для нас “на суд або на асуджэнне”, каб не атрымалася, як кажа апостал Павел, што мы целы нашы, якія “з’яўляюцца членамі Хрыстовымі”, аднімаем у Хрыста, “каб зрабіць іх членамі распусніцы” (1 Кар. VI, 15). А гэта адбываецца, калі чалавек, які прычашчаецца Святых Хрыстовых Тайнаў, вядзе жыццё не евангельскае, жыве не па запаведзях Божых. Калі мы прычашчаемся, мы прымаем у сябе не толькі Хрыста пад выглядам хлеба і віна, але ўвесь евангельскі закон, усе маральныя, духоўныя і іншыя нормы, якія ўтрымліваюцца ў Евангеллі.
Няхай кожны з нас выпрабоўвае сябе, каб паўстаць перад страшным судом уласнага сумлення яшчэ да таго, як наступіць апошні Страшны суд. Няхай кожны нядзельны і святочны дзень дасць нам магчымасць праверыць сваё жыццё на адпаведнасць евангельскаму ідэалу, ачысціцца ад грахоў у таінстве споведзі, у малітве пакаяння і ўдзячнасці Богу за тое, што Ён удастойвае нас гэтага таінства. Няхай прычашчэнне Святых Хрыстовых Тайнаў дапаможа нам, аднавіўшыся духоўна і цялесна, злучыцца з Богам, бо толькі жыццё ў Богу можа нас насыціць і напоўніць. Няма іншага хлеба і іншай рыбы, якая магла б жывіць нас, акрамя Самога Хрыста. І да тых пор, пакуль мы не злучыліся з Ім, душа наша працягвае мучыцца ад голаду і смагі. Але пасля гэтага злучэння душа далучаецца да таго блажэннага спакою, да таго ўнутранага міру, якім ёсць Царства Нябеснае. І да гэтага Царства мы далучаемся перш за ўсё праз прычашчэнне Святых Хрыстовых Тайнаў. Будзем як можна часцей прыходзіць да Прычасця з думкай і малітвай пра тое, каб Ён дапамог нам жыць па Евангелі і дасягнуць таго духоўнага стану, пра які апостал Павел кажа: “Ужо не я жыву, але жыве ў мне Хрыстос” (Гал. ІІ, 20).
У Евангельскім апавяданні пра цудоўнае насычэнне Хрыстом многіх тысяч даецца нам вобраз Царквы. Тут Глава Царквы – Хрыстос, Яе Творца, тут і Апосталы – Хрыстом пастаўленыя пастыры, тут і народ. І дарэчна падкрэсліць словы Евангелля: сказаўшы апосталам: “вы дайце ім есці” – “Іісус, узяўшы хлябы… раздаў вучням, а вучні – тым, хто там былі”, і ўспомніць словы Хрыстовыя, сказаныя тым самым Апосталам на Тайнай Вячэры: “рабіце гэта на успамін пра Мяне”. У абодвух выпадках Хрыстос як бы падкрэслівае, што Ім ствараемая Царква ёсць і павінна быць Апостальскай. З дня Святой Троіцы, з дня Сашэсця Святога Духа, Апосталы і ўся Хрыстова Апостальская Царква выконваюць наказ Збавіцеля: духоўна жывяць увесь свет, жывяць усіх, хто шукае Бога і праўды Яго тымі дарамі, якія даў Хрыстос Царкве: словам Божым, святымі Тайнамі, малітвай за ўсё чалавецтва. Да гэтай Апостальскай Царквы належым і мы з вамі, як жывыя клеткі Хрыстовага Цела. Няхай дапаможа кожнаму з нас Пастыраначальнік Хрыстос не толькі фізічна належаць Яго Целу – Яго Царкве, але душою у ёй жыць. Амінь.

Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)